Марка 1 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012
Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага.
Пачатак Евангелля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
Як напісана ў прарока Ісаі: «Вось пасылаю анёла Майго перад Табою,які падрыхтуе дарогу Табе.
Як напісана ў Ісаі прарока: «Вось жа, Я пасылаю Анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Табе.
Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму”».
Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму”».
З’явіўся Ян, хрысцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў.
З’явіўся Ян у пустыні, хрысцячы і абвяшчаючы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў.
Выходзілі да яго ўся краіна юдэйская і ўсе жыхары Ерузалема і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі.
І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе ерузалімцы, і, вызнаючы грахі свае, былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан.
Ян жа насіў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх і еў саранчу і дзікі мёд.
Ян жа быў апрануты ў вярблюджы волас ды падпяразаны скураной дзяжкай па сваіх сцёгнах і еў саранчу і дзікі мёд.
Ён прапаведаваў, кажучы: «Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Яго сандалях.
І навучаў ён, кажучы: «Ідзе за мной дужэйшы за мяне, Якому я не варты, схіліўшы галаву, развязаць рамень пасталоў Яго.
Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
У тыя дні прыйшоў Езус з Назарэта, што ў Галілеі, і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.
І сталася: у тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.
Адразу, калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя і Духа, што як голуб, сыходзіў на Яго.
І, як толькі выходзіў з вады, убачыў адкрытыя нябёсы ды Духа, як голуба, што сыходзіў на Яго.
І быў голас з нябёсаў: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».
І азваўся голас з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, упадабаў Я Цябе».
І адразу Дух павёў Яго ў пустыню.
І зараз вядзе Яго Дух у пустыню.
І быў Ён у пустыні сорак дзён, а сатана выпрабоўваў Яго; і быў Ён са звярамі, і анёлы служылі Яму.
І Ён прабыў у пустыні сорак дзён, і выпрабоўваўся шатанам; і жыў побач са звярамі, і анёлы паслугавалі Яму.
Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае
А пасля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Ісус у Галілею, прапаведуючы добрую вестку [Валадарства Божага]
і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле».
і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае. Навярніцеся і верце Евангеллю!»
Праходзячы каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі.
І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сімона і брата яго Андрэя, што закідалі сеткі ў мора; бо былі яны рыбаловамі.
Езус сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей».
І сказаў ім Ісус: «Хадзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей».
Яны, пакінуўшы сеткі, адразу пайшлі за Ім.
І адразу, пакінуўшы сеткі, яны пайшлі за Ім следам.
Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама былі ў чоўне і ладзілі сеткі.
І, адышоўшыся адтуль недалёка, убачыў Якуба Зебядзеева і Яна, брата яго, калі яны парадкавалі сеткі свае ў лодцы.
І адразу паклікаў іх. Яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чоўне з работнікамі, пайшлі за Ім.
І зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зебядзея з нанятымі работнікамі, пайшлі за Ім.
Калі прыйшлі ў Кафарнаум, Ён адразу ў шабат увайшоў у сінагогу і навучаў.
І ўваходзяць у Кафарнаўм. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сінагогу, стаў навучаць.
І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх як Той, Хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
Быў тады ў сінагозе чалавек, апанаваны нячыстым духам, які закрычаў:
І акурат у сінагозе быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і крычаў,
«Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Святы Божы».
кажучы: «Што Табе да нас, Ісус з Назарэта? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, Хто Ты: Святы Божы».
Але Езус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!»
Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з чалавека!»
Тады нячысты дух, скалануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
І нячысты дух, раздзіраючы яго і крычучы моцным голасам, выйшаў з яго.
І спужаліся ўсе так, што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: «Што гэта? Новае вучэнне з моцаю; Ён загадвае нават нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго».
І задзівіліся ўсе, ды пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Хто гэта такі? Ды што за навука гэта новая з уладаю, што загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?»
І хутка разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі.
І хутка разышлася чутка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне.
Выйшаўшы з сінагогі, адразу прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя.
І, выйшаўшы з сінагогі, прыбылі адразу ў дом Сімона і Андрэя разам з Якубам і Янам.
Цешча Сымона ляжала ў гарачцы, таму адразу сказалі Яму пра яе.
Цешча ж Сімона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І пакінула яе гарачка, і яна прыслужвала ім.
І, падышоўшы, Ісус падняў яе, узяўшы за руку, і [адразу] пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.
Калі настаў вечар і зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных злымі духамі.
А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных дэманамі;
А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма.
і так увесь горад сабраўся перад дзвярамі.
Ён аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; але не дазваляў злым духам казаць, што яны пазналі Яго.
І аздаравіў многіх, якіх розныя хваробы мучылі, і многіх дэманаў выгнаў, ды не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведалі Яго.
На досвітку, устаўшы вельмі рана, Ён выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся.
І досвіткам, вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і падаўся ў пустыннае месца і там маліўся.
Услед за Ім пайшоў Сымон і тыя, хто быў з ім.
Сімон жа ды тыя, што з Ім былі, пайшлі за Ім.
А калі знайшлі Яго, сказалі Яму: «Усе шукаюць Цябе!»
І, калі знайшлі Яго, кажуць Яму: «Усе Цябе шукаюць».
Ён адказаў ім: «Пойдзем куды-небудзь у блізкія паселішчы, каб Я і там прапаведаваў, бо дзеля гэтага Я прыйшоў».
А Ён кажа ім: «Пойдзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там вясціць; бо Я дзеля таго прыйшоў».
І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў.
Ды навучаў у сінагогах па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
Вось прыйшоў да Яго пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго, кажучы: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
І прыступіўся да Яго пракажоны, і маліў Яго, упаўшы на калені, кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
Злітаваўшыся над ім, Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: «Хачу, будзь ачышчаны!»
І Ісус пашкадаваў яго, і, працягнуўшы руку Сваю, дакрануўся да яго, і гаворыць яму: «Хачу, будзь ачышчаны».
І адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты.
І адразу сышла з яго праказа, і ён ачысціўся.
Езус сурова звярнуўся да Яго і зараз жа адправіў.
І, пагразіўшы яму, адправіў яго адразу,
І сказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і прынясі ахвяру за сваё ачышчэнне, як загадаў Майсей, на сведчанне ім».
кажучы: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і за ачышчэнне сваё складзі ахвяру, як загадаў Майсей на сведчанне ім».
Але той, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і расказваць пра здарэнне, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, а заставаўся звонку, у пустынных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.
Але ён, адышоўшы, пачаў шмат распавядаць ды шырыць слаўную чутку так, што ўжо Ён не мог адкрыта пайсці ў горад, але быў звонку ў бязлюдных мясцінах. І адусюль сыходзіліся да Яго.