Марка 13 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Калі Езус выходзіў са святыні, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Настаўнік, паглядзі, якія камні і якія будынкі».
 
І, калі Ён выходзіў са святыні, гаворыць Яму адзін з вучняў Яго: «Настаўнік, глянь, што за камяні ды якія пабудовы!»

А Езус сказаў яму: «Бачыш гэтыя вялікія будынкі? Не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
 
А Ісус гаворыць яму: «Бачыш усе гэтыя велізарныя будоўлі? Не застанецца з іх каменя на камені, які б не быў развалены».

І калі Ён сядзеў на Аліўнай гары насупраць святыні, пыталіся ў Яго сам-насам Пётр, Якуб, Ян і Андрэй:
 
І, калі Ісус сядзеў на гары Аліўнай насупраць святыні, пыталіся Яго асобна Пётра, і Якуб, і Ян, і Андрэй:

«Скажы нам, калі гэта будзе і які будзе знак, калі павінна ўсё гэта споўніцца?»
 
«Скажы нам, калі гэта станецца, і што за знак будзе, калі ўсё гэта пачне збывацца?»

І Езус пачаў казаць ім: «Глядзіце, каб ніхто не звёў вас.
 
І Ісус пачаў ім казаць: «Глядзіце, каб вас хто не звёў.

Многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і многіх звядуць.
 
Бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: “Гэта я”, і яны многіх звядуць.

Калі ж пачуеце пра войны і весткі з войнаў, не дазваляйце сябе запалохаць. Так павінна адбыцца, але гэта яшчэ не канец.
 
А калі пачуеце вы пра войны і чуткі пра войны, не трывожцеся, бо так павінна быць, але гэта яшчэ не канец.

Бо паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; і будуць землятрусы месцамі, будзе голад. Гэта пачатак пакут.
 
Бо падымецца народ на народ ды царства на царства, ды будуць месцамі землятрусы і голад. Гэта пачатак пакут.

Сцеражыцеся. Вас будуць аддаваць у суды і ў сінагогах будуць біць, і паставяць вас перад намеснікамі і каралямі за Мяне на сведчанне ім.
 
Глядзіце самі сябе. Будуць вас аддаваць у суды і біць у сінагогах, і будзеце стаяць перад намеснікамі і царамі на сведчанне ім дзеля Мяне.

Але найперш Евангелле павінна быць абвешчана ўсім народам.
 
І трэба, каб перш было абвешчана Евангелле ўсім народам.

І калі павядуць, каб выдаць вас, не турбуйцеся загадзя, што сказаць, а кажыце тое, што будзе дадзена вам у тую гадзіну, бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Святы.
 
І, калі павядуць вас выдаваць, не думайце, што вам гаварыць, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое скажаце, бо не вы будзеце гаварыць, але Дух Святы.

Тады брат выдасць брата на смерць, і бацька дзіця; паўстануць дзеці супраць бацькоў і заб’юць іх;
 
І будзе выдаваць на смерць брат брата і бацька сына; і паўстануць сыны супраць бацькоў ды будуць забіваць іх.

і зненавідзяць вас усе за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
 
І будзеце вы ў нянавісці ад усіх за імя Маё; але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.

А калі ўбачыце, што агіда спусташэння паўстала там, дзе не павінна быць (хто чытае, няхай зразумее), тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;
 
Дык калі ўбачыце агіду спусташэння [, пра што казаў прарок Даніэль], якая паўстала там, дзе не мела быць, — хто чытае, хай разумее, — тады тыя, якія ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,

хто будзе на даху, няхай не спускаецца ў дом узяць нешта з дому свайго;
 
а хто на даху, хай не сыходзіць у дом ды хай не ідзе, каб што ўзяць з дома свайго,

хто будзе на полі, няхай не вяртаецца забраць вопратку сваю.
 
і хто на полі, хай не вяртаецца, каб узяць вопратку сваю.

Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!
 
Гора будзе цяжарным ды карміцелькам у тыя дні.

Маліцеся, каб не здарылася гэта зімой.
 
Дзеля таго маліцеся, каб не сталася гэта зімою.

Бо гэта будуць дні такой тугі, якой не было аж дагэтуль ад пачатку стварэння, якое стварыў Бог, і не будзе.
 
Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт, якога не было ад заснавання свету, які Бог стварыў, аж дасюль, і не будзе.

Калі б Пан не скараціў гэтых дзён, не ўратавалася б ніякае цела. Але дзеля выбраных, якіх абраў, скараціў дні.
 
І, калі б Госпад не скараціў тых дзён, не ўратавалася б аніякае цела; але скараціў дні дзеля абраных, якіх Ён абраў.

І тады, калі хтосьці скажа вам: “Вось, тут Хрыстус, вось, там”, — не верце.
 
І, калі б хто вам тады сказаў: “Вось тут Хрыстос, або там”, — не верце.

Бо паўстануць фальшывыя месіі і фальшывыя прарокі і будуць чыніць знакі і цуды, каб увесці ў зман, калі ўдасца, выбраных.
 
Бо з’явяцца фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і будуць даваць знакі ды цуды, каб звесці, калі гэта магчыма, нават абраных.

А вы сцеражыцеся. Я прадказаў вам усё.
 
Дык сцеражыцеся: на тое Я вам усё прадказаў.

Але ў тыя дні пасля тугі такой зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго.
 
А ў тыя дні, па тузе той зацемрыцца сонца, ды месяц не дасць святла свайго,

І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.
 
і зоркі нябесныяпадаць будуць, ды сілы, што на небе, пахіснуцца.

Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе.
 
І тады ўбачаць Сына Чалавечага, што прыходзіць на аблоках з вялікай магутнасцю і славаю.

Ён пашле тады анёлаў і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
 
І тады пашле анёлаў Сваіх, і збярэ з чатырох бакоў ад краю да краю света абраных Сваіх.

Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета.
 
З фігавага дрэва бярыце прыклад. Калі яго галінка лагаднее і пускае лісты, вы ведаеце, што ўжо блізка лета.

Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
 
Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што і гэта блізка, пры дзвярах.

Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё гэта адбудзецца.
 
Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленне гэтае, аж гэта ўсё станецца.

Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.
 
Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.

А пра дзень той або гадзіну ні анёлы ў небе, ні Сын, ніхто не ведае, а толькі Айцец.
 
А дня таго і хвіліны ніхто не ведае; ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.

Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане той час.
 
Глядзіце, чувайце [і маліцеся], бо не ведаеце, калі гэты час надыдзе.

Падобна гэта да чалавека, які, сабраўшыся ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу і кожнаму сваю працу і загадаў брамніку чуваць.
 
Будзе, як з чалавекам, які выехаў у дарогу і пакінуў свой дом, і даў уладу сваім паслугачам, кожнаму свой абавязак, а прыдзвернаму, каб той чуваў.

Таму чувайце і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай,
 
Дык чувайце, бо не ведаеце, калі гаспадар дома вернецца: вечарам, ці апоўначы, ці калі певень запяе, ці раніцай,

каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана.
 
каб, калі вернецца неспадзявана, не застаў вас спячымі.

А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце!»
 
А што вам кажу, усім кажу: чувайце!»