Марка 13 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага
Калі Езус выходзіў са святыні, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Настаўнік, паглядзі, якія камні і якія будынкі».
І калі выходзілі з сьвятыні, сказаў яму адзін з ягоных вучняў: Вучыцель, паглядзі, якія каменьні і якія будынкі!
А Езус сказаў яму: «Бачыш гэтыя вялікія будынкі? Не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
І адказваючы Езус сказаў яму: Бачыш усе гэтыя вялікія будынкі? Не астанецца камень на камені, які-б ня быў збураны.
І калі Ён сядзеў на Аліўнай гары насупраць святыні, пыталіся ў Яго сам-насам Пётр, Якуб, Ян і Андрэй:
І калі сядзеў на гарэ Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў яго асобна Пётр і Якуб, і Ян, і Андрэй:
«Скажы нам, калі гэта будзе і які будзе знак, калі павінна ўсё гэта споўніцца?»
Скажы нам, калі гэтае станецца, і які знак будзе, калі гэтае ўсё пачне спаўняцца?
І Езус пачаў казаць ім: «Глядзіце, каб ніхто не звёў вас.
І адказваючы Езус пачаў ім гаварыць: Глядзеце, каб вас хто ня зьвёў.
Многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і многіх звядуць.
Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы: «Што гэта я ёсьць», і многіх зьвядуць.
Калі ж пачуеце пра войны і весткі з войнаў, не дазваляйце сябе запалохаць. Так павінна адбыцца, але гэта яшчэ не канец.
Калі-ж пачуеце аб войнах і ваенных вестках, ня бойцеся, бо трэба, каб гэтае сталася, але яшчэ не канец.
Бо паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; і будуць землятрусы месцамі, будзе голад. Гэта пачатак пакут.
Бо паўстане народ проціў народу і каралеўства на каралеўства; і будуць мясцамі зямлетрасеньні і галады. Гэта пачатак болю.
Сцеражыцеся. Вас будуць аддаваць у суды і ў сінагогах будуць біць, і паставяць вас перад намеснікамі і каралямі за Мяне на сведчанне ім.
А вы глядзеце самі сябе. Бо будуць вас аддаваць у суды, і біць па бажніцах, і будзеце станавіцца перад начальнікамі і каралямі дзеля мяне, на пасьведчаньне ім.
Але найперш Евангелле павінна быць абвешчана ўсім народам.
І трэба, каб перш была абвяшчаная эванэлія усім народам.
І калі павядуць, каб выдаць вас, не турбуйцеся загадзя, што сказаць, а кажыце тое, што будзе дадзена вам у тую гадзіну, бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Святы.
І калі вас будуць вадзіць выдаючы, ня думайце наперад, што маеце гаварыць; але што будзе вам дадзена ў гэную часіну, тое гаварэце. Бо ня вы тыя, што гаворыце, але Дух сьвяты.
Тады брат выдасць брата на смерць, і бацька дзіця; паўстануць дзеці супраць бацькоў і заб’юць іх;
А выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў і сьмерць ім зробяць.
і зненавідзяць вас усе за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
І будзеце ў ненавісьці ў усіх дзеля імені майго. Хто-ж вытрывае да канца, той будзе збаўлены.
А калі ўбачыце, што агіда спусташэння паўстала там, дзе не павінна быць (хто чытае, няхай зразумее), тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;
А калі ўгледзіце агіду спусташэньня, стаячую там, дзе не павінна — хто чытае, няхай разумее — тады каторыя ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;
хто будзе на даху, няхай не спускаецца ў дом узяць нешта з дому свайго;
а каторы на даху, няхай ня зыходзіць у дом і няхай не ўваходзіць, каб узяць што з дому свайго;
хто будзе на полі, няхай не вяртаецца забраць вопратку сваю.
а каторы будзе на полі, няхай не варочаецца назад узяць адзежу сваю.
Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!
Гора-ж цяжарным і кормячым у гэтыя дні!
Маліцеся, каб не здарылася гэта зімой.
Малецеся-ж, каб ня сталася зімою.
Бо гэта будуць дні такой тугі, якой не было аж дагэтуль ад пачатку стварэння, якое стварыў Бог, і не будзе.
Бо тыя дні будуць такім уцісьненьнем, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.
Калі б Пан не скараціў гэтых дзён, не ўратавалася б ніякае цела. Але дзеля выбраных, якіх абраў, скараціў дні.
І калі-б Пан не скараціў дзён, ня збавілася-б ніводнае цела; але дзеля выбраных, каторых выбраў, скараціў дні.
І тады, калі хтосьці скажа вам: “Вось, тут Хрыстус, вось, там”, — не верце.
І тады калі-б вам хто сказаў: Вось тут ёсьць Хрыстус, вось там — ня верце.
Бо паўстануць фальшывыя месіі і фальшывыя прарокі і будуць чыніць знакі і цуды, каб увесці ў зман, калі ўдасца, выбраных.
Бо паўстануць фальшывыя хрыстусы і фальшывыя прарокі, і будуць паказваць знакі і дзівы, каб зьвясьці, калі магчыма, нават выбраных.
А вы сцеражыцеся. Я прадказаў вам усё.
Вы-ж глядзеце, вось я сказаў вам наперад усё.
Але ў тыя дні пасля тугі такой зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго.
Але ў тыя дні пасьля гэнага ўцісьненьня зацьміцца сонца, і месяц ня дасьць сваей яснасьці,
І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.
і зоры нябесныя будуць падаць, і сілы, каторыя ёсьць на небе, зрушацца.
Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе.
І тады ўгледзяць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаках, з сілай вялікай і славай.
Ён пашле тады анёлаў і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
І тады пашле анёлаў сваіх і зьбярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі аж да краю неба.
Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета.
А ад фіговага дрэва вучэцеся падабенства: калі ўжо галіна яго зробіцца мяккай і пускае лісьце, вы ведаеце, што блізка лета.
Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
Так і вы, калі ўгледзеце, што гэта дзеіцца, ведайце, што блізка ёсьць, у дзьвярах.
Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё гэта адбудзецца.
Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё гэтае станецца.
Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.
Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.
А пра дзень той або гадзіну ні анёлы ў небе, ні Сын, ніхто не ведае, а толькі Айцец.
Аб дні-ж тым або гадзіне ніхто ня ведае, ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.
Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане той час.
Глядзеце, чуйце і малецеся, бо ня ведаеце, калі час будзе.
Падобна гэта да чалавека, які, сабраўшыся ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу і кожнаму сваю працу і загадаў брамніку чуваць.
Як чалавек, што ад’яжджаючы, аставіў свой дом і даў слугам сваім уладу ў кожнай справе і загадаў прыдзьверніку, каб быў чуткім.
Таму чувайце і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай,
Дык чуйце, што ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: увечары, ці серад ночы, ці як пеўні запяюць, ці нараніцы:
каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана.
каб прыйшоўшы раптам, не застаў вас сплючых.
А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце!»
А што вам кажу, усім кажу: Чуйце.