Марка 11 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага
Калі наблізіліся да Ерузалема, да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары Аліўнай, Езус паслаў двух сваіх вучняў
І калі прыбліжаліся да Ерузаліму і Бэтаніі, каля Аліўнай гары, паслаў двух сваіх вучняў
і сказаў ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі, і адразу, як увойдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце.
і сказаў ім: Ідзеце ў сяло, што перад вамі, і зараз уваходзячы туды, знойдзеце прывязанае асьлянё, на каторым ніхто з людзей яшчэ не сядзеў: адвяжэце яго і прывядзеце.
А калі хтосьці вам скажа: “Навошта вы гэта робіце?”, скажыце: “Ён патрэбны Пану, і зараз жа адашле зноў яго сюды”».
А калі-б вам хто сказаў: Што робіце? — скажэце, што яно патрэбнае Пану, і зараз пусьціць яго сюды.
Яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае каля варот знадворку, на вуліцы, і адвязалі яго.
І пайшоўшы знайшлі асьлянё, прывязанае перад варотамі на вуліцы, пры скрыжаваньні дарог, і адвязалі яго.
Некаторыя з тых, хто стаяў там, казалі ім: «Што вы адвязваеце асляня?»
А некаторыя з стаячых тамака сказалі ім: Што вы робіце, адвязваючы асьлянё?
А яны адказалі ім, як наказаў Езус. І тыя адпусцілі іх.
Яны сказалі ім, як ім быў загадаў Езус, і пусьцілі ім.
Прывялі да Езуса асляня і паклалі на яго свае плашчы, а Ён сеў на яго.
І прывялі асьлянё да Езуса, і ўзлажылі на яго сваё адзеньне, і сеў на яго.
І многія слалі плашчы свае на дарозе, а іншыя — зялёныя галінкі, зрэзаныя на палях.
Многія-ж слалі сваё адзеньне на дарозе, а іншыя зрэзвалі галіны з дрэваў і слалі на дарозе.
І тыя, хто ішоў спераду і ззаду, усклікалі: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!
І каторыя ішлі наперадзе і каторыя ішлі ззаду, крычалі, кажучы: Госанна!
Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!»
Багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана! Багаслаўленае, што надыходзіць, каралеўства айца нашага Давіда! Госанна на вышынах!
Езус увайшоў у Ерузалем, у святыню і, агледзеўшы ўсё, адышоў з Дванаццаццю ў Бэтанію, таму што было ўжо позна.
І ўвайшоў у Ерузалім у сьвятыню, і агледзеўшы ўсё, калі ўжо была позная гадзіна, выйшаў у Бэтанію з дванаццацьма.
Назаўтра, калі яны выйшлі з Бэтаніі, Ён адчуў голад.
А на другі дзень, калі выйшлі з Бэтаніі, захацеў есьці.
Убачыўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лісцем, падышоў, спадзеючыся знайсці што-небудзь на ёй. Але, падышоўшы да яе, не знайшоў нічога, апроч лісця, бо яшчэ не настала пара на смоквы.
І калі ўгледзеў здалёк фігу, маючую лісьце, падыйшоў, мо часам што знойдзе на ей. І калі падыйшоў да яе, нічога не знайшоў, апроч лісьця, бо ня час быў на фігі.
Тады Езус сказаў ёй: «Няхай ніхто ніколі не есць з цябе плоду». І Ягоныя вучні чулі гэта.
І адазваўшыся сказаў ей: Няхай ужо болей ніхто ня есьць з цябе плоду навекі! І чулі вучні ягоны.
Потым прыйшлі ў Ерузалем. Увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць тых, хто гандляваў і купляў у святыні. Папераварочваў сталы мянялаў і лаўкі гандляроў галубамі
І прыйшлі ў Ерузалім. І калі ўвайшоў у сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у сьвятыні, і абярнуў сталы мяняльнікаў і столікі тых, што прадавалі галубы;
і не дазваляў нікому праносіць праз святыню якую-небудзь рэч.
і не пазваляў, каб хто насіў праз сьвятыню (якую) рэч.
Потым вучыў іх, кажучы: «Хіба не напісана: “Дом мой назавецца домам малітвы для ўсіх народаў”? А вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».
І навучаў, кажучы ім: Ці не напісана, што «дом мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў». А вы зрабілі яго пячэрай разбойнікаў.
Пачулі гэта першасвятары і кніжнікі і шукалі магчымасці, як бы загубіць Яго, бо яны баяліся Яго, таму што ўвесь народ дзівіўся вучэнню Ягонаму.
Пачуўшы гэтае, архісьвятары і кніжнікі шукалі, як-бы загубіць яго, бо яны баяліся яго, таму што ўся грамада дзівілася з навукі ягонай.
Калі настаў вечар, яны выйшлі з горада.
І калі настаў вечар, выходзіў з гораду.
А калі раніцай вярталіся, убачылі, што смакоўніца высахла аж да кораня.
І калі раніцай праходзілі міма, убачылі фігу зсохшую ад карэньня.
Тады Пётр, успомніўшы, сказаў Езусу: «Раббі, паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, высахла».
І ўспомніўшы Пётр сказаў яму: Вучыцель, вось фіга, каторую ты пракляў, зсохла.
Езус сказаў ім у адказ: «Майце веру ў Бога!
І адказваючы Езус сказаў яму: Мейце веру Божую.
Сапраўды кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: “Падыміся і кінься ў мора”, і не засумняваецца ў сэрцы сваім, але паверыць, што збудзецца сказанае, так яму і будзе.
Сапраўды кажу вам, што хто-б сказаў гэтай гарэ: «Узьніміся і кінься ў мора», і не сумневаўся-б у сэрцы сваім, але верыў, што станецца, што-толькі ён скажа, станецца яму.
Таму кажу вам: усё, чаго просіце ў малітве, верце, што атрымаеце і будзе вам.
Дзеля гэтага кажу вам: усё, чаго-толькі молячыся просіце, верце, што атрымаеце і збудзецца вам.
І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго-небудзь, каб і Айцец ваш, які ў нябёсах, дараваў вам правіны вашыя».
І калі станеце на малітву, адпусьцеце, калі што маеце проціў каго, каб і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, адпусьціў вам грахі вашы.
[отсутсвует]
Калі-ж вы не адпусьціце, і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, не адпусьціць вам грахоў вашых.
І зноў прыйшлі ў Ерузалем. А калі Ён хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, кніжнікі і старэйшыны
І прыйшлі ізноў у Ерузалім. І калі хадзіў у сьвятыні, прыступілі да яго архісьвятары і кніжнікі і старшыя,
і пыталіся ў Яго: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу, каб Ты рабіў гэта?»
і казалі яму: Якою ўладаю ты гэта робіш? І хто табе даў гэтую ўладу, каб ты рабіў гэтае?
Езус адказаў ім: «Спытаю ў вас і Я пра адно. Адкажаце Мне, тады і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.
Езус-жа адказваючы сказаў ім: Спытаю ў вас і я аднаго слова, і адкажэце мне, то і я вам скажу, якою ўладаю я гэта раблю.
Янаў хрост быў з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне».
Хрост Янаў з неба быў, ці з людзей? Адкажэце мне.
Яны разважалі паміж сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, то Ён скажа: “Чаму ж вы не паверылі яму?”»
Яны-ж разважалі ў сабе, кажучы: Калі скажам «з неба», то скажа: Дык чаму-ж вы яму не паверылі?
А сказаць: «Ад людзей», баяліся народу, бо ўсе лічылі Яна сапраўдным прарокам,
Калі скажам «з людзей», то баімся народу, бо ўсе лічылі Яна, што ён быў сапраўды прарок.
таму сказалі ў адказ Езусу: «Не ведаем». Тады Езус сказаў ім: «І Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».
І адказваючы сказалі Езусу: Ня ведаем. І Езус адказваючы сказаў ім: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэтае раблю.