Марка 9 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Божага Валадарства, якое прыйдзе ў магуцці».
 
І казаў ім: Сапраўды кажу вам, што ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць каралеўства Божага, прыходзячага ў моцы.

Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі.
 
І пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, і Якуба, і Яна і завёў іх адных на высокую гару асобна. І перамяніўся перад імі.

Адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць.
 
І зрабілася адзежа ягоная ясная і вельмі белая, як сьнег, якое бялільнік на зямлі ня можа выбяліць.

І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і размаўлялі з Езусам.
 
І зьявіўся ім Гальяш з Майсеем, і гаварылі з Езусам.

Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі».
 
І азваўшыся Пётр сказаў Езусу: Вучыцель, добра нам тут быць, і зрабем тры палаткі: табе адну, і Майсею адну, і Гальяшу адну.

Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся.
 
Бо ён ня ведаў, што гаварыў, таму што былі перапужаўшыся са страху.

І з’явілася воблака, якое закрыла іх, а з воблака пачуўся голас: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце».
 
І паўстаў воблак, каторы іх ахінуў, і выйшаў голас з воблака, кажучы: Гэта Сын мой наймілейшы, яго слухайце.

Адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса.
 
І зараз, аглянуўшыся кругом, нікога больш ня ўбачылі, апроч толькі Езуса з сабою.

Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне.
 
І калі яны зыходзілі з гары, загадаў ім, каб нікому не расказвалі, што яны бачылі, аж пакуль Сын чалавечы не ўваскрэсьне з умерлых.

Яны захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».
 
І затрымалі слова пры сабе, пытаючыся паміж сабою, што значыць: «Калі ўваскрэсьне з умерлых».

І пыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці першым?»
 
І пыталіся ў яго, кажучы: Дык што-ж фарызэі і кніжнікі кажуць, што перш павінен прыйсьці Гальяш?

Ён сказаў ім: «Ілля сапраўды прыйдзе першым і адновіць усё; як і напісана пра Сына Чалавечага, што будзе Ён шмат цярпець і будзе прыніжаны.
 
Ён адказваючы, сказаў ім: Гальяш, прыйшоўшы перш, наладзіць усё; а як-жа напісана ёсьць аб Сыне чалавечым, каб многа перацярпеў і быў узгарджаны?

Але кажу вам, што Ілля прыйшоў і зрабілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго».
 
Але кажу вам, што прыйшоў і Гальяш, і зрабілі яму, што хацелі, так як напісана аб ім.

Калі Езус прыйшоў да вучняў, Ён убачыў каля іх вялікі натоўп і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі.
 
І прыйшоўшы да вучняў сваіх, убачыў вялікую грамаду каля іх і кніжнікаў, спорачых з імі.

Адразу ўсе людзі, калі ўбачылі Яго, спалохаліся і, падбягаючы, віталі Яго.
 
І зараз увесь народ, угледзеўшы Езуса, зьдзівіўся, і спужаліся, і прыбегшы, віталі яго.

Ён спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся з імі?»
 
І спытаўся ў іх: Аб чым вы паміж сабою спорыце?

Адзін з натоўпу адказаў Яму: «Настаўнік, я прывёў да Цябе свайго сына, які мае духа нематы.
 
І адказваючы адзін з грамады сказаў: Вучыцель, я прывёў да цябе майго сына, які мае нямога духа,

Дзе ні схопіць яго, кідае, і той пускае пену, скрыгоча зубамі і дранцвее. Я сказаў тваім вучням, каб выгналі яго, але яны не змаглі».
 
каторы дзе ня схопіць яго, б’е яго аб зямлю, і пеніцца, і скрыгоча зубамі, і сохне. І я казаў тваім вучням, каб выгналі яго, і не маглі.

Адказваючы, Езус сказаў ім: «О пакаленне нявернае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне».
 
Ён, адказваючы ім, сказаў: О народзе няверны, дакуль-жа я буду ў вас? Дакуль буду вас цярпець? Прывядзеце яго да мяне.

Тады прывялі яго да Езуса. А калі дух убачыў Яго, адразу скалануў хлопца, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.
 
І прывялі яго. І калі ўбачыў яго, зараз-жа дух затрос яго і ўпаўшы на зямлю, качаўся, панячыся.

Езус спытаўся ў ягонага бацькі: «Як даўно гэта здараецца з ім?» Той адказаў: «З дзяцінства.
 
І спытаўся ў ягонага бацькі: Сколькі часу, як гэта з ім здарылася? А ён сказаў: Ад дзяцінства,

Дух часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго. Але калі Ты што можаш, змілуйся над намі і дапамажы нам».
 
і часта кідаў яго ў вагонь і ў ваду, каб яго загубіць; але калі што можаш, памажы нам, зжаліўшыся над намі.

Езус сказаў яму: «”Калі можаш!” Усё магчыма для таго, хто верыць».
 
Езус-жа сказаў яму: Калі можаш верыць усё магчыма для веручага.

Бацька хлопца адразу ўсклікнуў, кажучы: «Веру, памажы майму бязвер’ю».
 
І зараз ускрыкнуўшы бацька хлопца сказаў са слязьмі: Веру, Пане, памажы маей няверы!

Убачыўшы, што збягаюцца людзі, Езус прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: «Нямы і глухі дух, Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».
 
І калі ўбачыў Езус грамаду, што зьбяглася, прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: Глухі і нямы духу, я загадываю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!

І той, закрычаўшы, моцна скалануў хлопца і выйшаў. А хлопец зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: «Ён памёр!»
 
І закрычаўшы і моцна яго страсануўшы, выйшаў з яго; і зрабіўся як нежывы, так што многія гаварылі: Што памёр.

Але Езус узяў яго за руку, падняў, і ён устаў.
 
Езус-жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

Калі Езус увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго сам-насам: «Чаму мы не змаглі выгнаць яго?»
 
І калі ўвайшоў у дом, вучні ягоны пыталіся ў яго асобна: Чаму мы не маглі выгнаць яго?

А Ён сказаў ім: «Такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай».
 
І сказаў ім: Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост.

Выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею, але Езус не хацеў, каб нехта ведаў.
 
І выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і не хацеў, каб хто ведаў.

Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, што Яго заб’юць, і што забіты ўваскрэсне праз тры дні.
 
А навучаў вучняў сваіх і казаў ім: Што Сын чалавечы будзе выданы ў рукі людзей, і заб’юць яго, і забіты на трэці дзень уваскрэсьне.

Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.
 
Але яны не разумелі слова і баяліся ў яго пытацца.

Калі прыйшлі ў Кафарнаум і былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што вы разважалі па дарозе?»
 
І прыйшлі ў Капарнаум. Калі яны былі ў доме, спытаўся ў іх: Аб чым вы ў дарозе гаварылі?

Яны маўчалі, бо ў дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.
 
Але яны маўчалі, бо ў дарозе яны паміж сабою спрачаліся, хто з іх большы?

Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх».
 
І сеўшы паклікаў дванаццацёх і сказаў ім: Калі хто хочы быць першым, будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх.

Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:
 
І ўзяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх і абняўшы яго, сказаў ім:

«Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне».
 
Хто прыйме аднаго з гэтакіх дзяцей у імя маё, не мяне прыймае, але таго, хто паслаў мяне.

Ян сказаў Яму: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі».
 
Адказаў яму Ян, кажучы: Вучыцель, мы бачылі нейкага, што ў імя тваё выгяняў д’яблаў, ён ня ходзіць за намі і мы яму забаранілі.

А Езус сказаў: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу зласловіць на Мяне.
 
Езус-жа сказаў: Не забараняйце яму; бо няма нікога, хто-б чыніў у імя маё цуды і мог-бы зараз дрэнна аба мне гаврыць.

Бо хто не супраць нас, той за нас.
 
Бо хто ня проціў вас, той за вас.

А хто напоіць вас кубкам вады дзеля таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды.
 
Бо хто-б даў вам напіцца кубак вады ў імя маё, затым што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць сваей нагароды.

Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора.
 
А хто-б згоршыў аднаго з гэтых малых, якія вераць у мяне, лепш яму было-б, каб прывязалі млынавы камень за шыю яго і кінулі ў мора.

Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны.
 
І калі горшыць цябе рука твая, адсячы яе; лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім, чым маючы дзьве рукі ісьці ў пекла, у вагонь неўгасаючы,

[отсутсвует]
 
дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае.

І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену.
 
І калі нага твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе кульгаваму ўвайсьці ў жыцьцё вечнае, чым маючы дзьве нагі быць укінутым у пекла няўгаснага агню,

[отсутсвует]
 
дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае.

І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе аднавокім увайсці ў Божае Валадарства, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену,
 
Калі-ж вока тваё горшыць цябе, вырві яго; лепш табе аднавокім увайсьці ў каралеўства Божае, чым маючы двое вачэй быць кінутым у пекла вагню,

дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне.
 
дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае.

Бо кожны будзе пасолены агнём.
 
Бо кожны будзе агнём пасолены, кожная ахвяра будзе сольлю пасолена.

Соль — добрая рэч, але калі соль стане несалёнай, чым прыправіце яе? Майце ў сабе соль і жывіце між сабою ў спакоі».
 
Соль добрая рэч; але калі соль будзе несалёная, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль і супакой мейце паміж сабою.