Марка 9 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Божага Валадарства, якое прыйдзе ў магуцці».
І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Божае, што прыходзіць у моцы».
Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі.
І праз шэсьць дзён бярэ Ісус Пятра, і Якуба, і Яна, і вядзе іх асобна адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.
Адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць.
І адзеньне Яго сталася бліскучым і такім белым, як сьнег, такім, што на зямлі бялільшчык выбеліць ня зможа.
І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і размаўлялі з Езусам.
І зьявіўся ім Ільля з Майсеем, і вялі гутарку з Ісусам.
Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі».
І, адказваючы, Пётар гаворыць Ісусу: «Раббі, добра нам тут быць, зробім тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і Ільлі адзін».
Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся.
Бо ня ведаў, што гаворыць, бо яны былі напалоханыя.
І з’явілася воблака, якое закрыла іх, а з воблака пачуўся голас: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце».
І сталася воблака, ахінуўшае іх, і голас выйшаў з воблака, які казаў: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!»
Адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса.
І раптам, разгледзеўшыся наўкола, нікога больш ня ўбачылі, апрача аднаго Ісуса.
Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне.
Калі ж яны зыходзілі з гары, Ён загадаў ім, каб нікому не расказвалі пра тое, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых.
Яны захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».
І яны прынялі гэтае слова, пытаючыся адзін аднаго: «Што гэта значыць: уваскрэснуць з мёртвых?».
І пыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці першым?»
І спыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што спачатку павінен прыйсьці Ільля?»
Ён сказаў ім: «Ілля сапраўды прыйдзе першым і адновіць усё; як і напісана пра Сына Чалавечага, што будзе Ён шмат цярпець і будзе прыніжаны.
А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Ільля, прыйшоўшы спачатку, направіць усё; і як напісана пра Сына Чалавечага, што шмат перацерпіць і будзе лічыцца за нішто.
Але кажу вам, што Ілля прыйшоў і зрабілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго».
Але кажу вам: і Ільля прыйшоў, і ўчынілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго».
Калі Езус прыйшоў да вучняў, Ён убачыў каля іх вялікі натоўп і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі.
І, прыйшоўшы да вучняў, убачыў вакол іх вялікі натоўп і кніжнікаў, што спрачаліся з імі.
Адразу ўсе людзі, калі ўбачылі Яго, спалохаліся і, падбягаючы, віталі Яго.
І адразу ўвесь натоўп, убачыўшы Яго, здумеўся, і, падбягаючы, вітаў Яго.
Ён спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся з імі?»
І Ён спытаўся ў кніжнікаў: «Пра што спрачаецеся з імі?»
Адзін з натоўпу адказаў Яму: «Настаўнік, я прывёў да Цябе свайго сына, які мае духа нематы.
І, адказваючы, адзін з натоўпу сказаў: «Настаўнік, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.
Дзе ні схопіць яго, кідае, і той пускае пену, скрыгоча зубамі і дранцвее. Я сказаў тваім вучням, каб выгналі яго, але яны не змаглі».
І ён, дзе схопіць яго, кідае яго на зямлю, і ён пеніцца, і скрыгоча зубамі ды пруцянее. І я казаў вучням Тваім, каб выгналі яго, і яны ня здолелі».
Адказваючы, Езус сказаў ім: «О пакаленне нявернае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне».
Ён жа, адказваючы яму, гаворыць: «О, пакаленьне бязьвернае! Як доўга буду з вамі? Як доўга буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне».
Тады прывялі яго да Езуса. А калі дух убачыў Яго, адразу скалануў хлопца, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.
І прывялі яго да Яго. І, убачыўшы Яго, адразу дух тузануў яго, і ён упаў на зямлю і качаўся, выпускаючы пену.
Езус спытаўся ў ягонага бацькі: «Як даўно гэта здараецца з ім?» Той адказаў: «З дзяцінства.
І спытаўся Ён у бацькі ягонага: «Як даўно гэта зрабілася з ім?» А ён сказаў: «Ад дзяцінства;
Дух часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго. Але калі Ты што можаш, змілуйся над намі і дапамажы нам».
і шмат разоў кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб яго загубіць. Але, калі што можаш, дапамажы нам, зьлітаваўшыся над намі».
Езус сказаў яму: «”Калі можаш!” Усё магчыма для таго, хто верыць».
Ісус жа сказаў яму: «Калі можаш верыць, усё магчыма таму, хто верыць».
Бацька хлопца адразу ўсклікнуў, кажучы: «Веру, памажы майму бязвер’ю».
І адразу, загаласіўшы, бацька хлопца сказаў праз сьлёзы: «Веру, Госпадзе! Дапамажы майму недаверству».
Убачыўшы, што збягаюцца людзі, Езус прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: «Нямы і глухі дух, Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».
Ісус, убачыўшы, што зьбіраецца натоўп, забараніў духу нячыстаму, кажучы яму: «Духу нямы і глухі! Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!»
І той, закрычаўшы, моцна скалануў хлопца і выйшаў. А хлопец зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: «Ён памёр!»
І той, закрычаўшы і моцна тузануўшы яго, выйшаў; і ён зрабіўся, як мёртвы, так што многія гаварылі, што ён памёр.
Але Езус узяў яго за руку, падняў, і ён устаў.
Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
Калі Езус увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго сам-насам: «Чаму мы не змаглі выгнаць яго?»
І калі ўвайшоў у дом, вучні Ягоныя ўжо адны пыталіся ў Яго: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»
А Ён сказаў ім: «Такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай».
І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост».
Выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею, але Езус не хацеў, каб нехта ведаў.
І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся.
Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, што Яго заб’юць, і што забіты ўваскрэсне праз тры дні.
Бо навучаў вучняў Сваіх і гаварыў ім, што Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей і заб’юць Яго, але, забіты, праз тры дні ўваскрэсьне.
Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.
Але яны слова гэтага не разумелі, а спытацца ў Яго баяліся.
Калі прыйшлі ў Кафарнаум і былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што вы разважалі па дарозе?»
І прыйшоў у Капэрнаум, і калі яны былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што ў дарозе вы між сабою разважалі?»
Яны маўчалі, бо ў дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.
Але яны маўчалі, бо дарогаю вялі гутарку між сабою, хто большы.
Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх».
І, сеўшы, паклікаў Дванаццаць, і кажа ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і служыцелем для ўсіх».
Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:
І, узяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх, і, прытуліўшы яго, сказаў ім:
«Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне».
«Хто прыйме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыймае, а хто Мяне прыйме, той не Мяне прыймае, але Таго, Хто Мяне паслаў».
Ян сказаў Яму: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі».
І адказаў Яму Ян, кажучы: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяе дэманаў, але ня ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо ён ня ходзіць за намі».
А Езус сказаў: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу зласловіць на Мяне.
А Ісус сказаў: «Не забараняйце яму, бо няма нікога, хто, учыніўшы цуд у імя Маё, мог бы хутка праклінаць Мяне.
Бо хто не супраць нас, той за нас.
Бо хто ня супраць вас, той за вас.
А хто напоіць вас кубкам вады дзеля таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды.
Бо хто напоіць вас кубкам вады ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды сваёй.
Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора.
А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, такому лепш было б, каб прычапілі млынавы камень на шыю ягоную і кінулі яго ў мора.
Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны.
І калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе калекаю ўвайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве рукі, ісьці ў геенну, у агонь нязгасны,
[отсутсвует]
дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.
І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену.
І калі нага твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе кульгавым увайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве нагі, быць укінутым у геенну, у агонь нязгасны,
[отсутсвует]
дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.
І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе аднавокім увайсці ў Божае Валадарства, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену,
І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго; лепш табе з адным вокам увайсьці ў Валадарства Божае, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у геенну вогненную,
дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне.
дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.
Бо кожны будзе пасолены агнём.
Бо кожны агнём будзе пасолены, і ўсякая ахвяра сольлю будзе пасоленая.
Соль — добрая рэч, але калі соль стане несалёнай, чым прыправіце яе? Майце ў сабе соль і жывіце між сабою ў спакоі».
Соль добрая, але калі соль станецца несалёнай, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль і супакой мейце між сабою».