Марка 15 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

З самай раніцы першасвятары са старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь Сінэдрыён зрабілі нараду і, звязаўшы Езуса, павялі і аддалі Пілату.
 
І адразу раніцаю, зрабіўшы нараду, першасьвятары са старшынямі і кніжнікамі, і ўвесь сынэдрыён, зьвязаўшы Ісуса, павялі і выдалі Пілату.

Пілат спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Ён жа сказаў яму ў адказ: «Ты кажаш».
 
І спытаўся ў Яго Пілат: «Ты — Валадар Юдэйскі?» А Ён, адказваючы, гаворыць яму: «Ты кажаш».

І абвінавачвалі Яго першасвятары ў многім.
 
І вінавацілі Яго першасьвятары ў многім.

Пілат жа зноў спытаўся ў Яго: «Ты нічога не адказваеш? Паглядзі, колькі сведчыць супраць Цябе».
 
А Пілат зноў спытаўся ў Яго: «Нічога не адказваеш? Глядзі, як шмат сьведчаць супраць Цябе?»

Езус нічога больш не адказваў, таму дзівіўся Пілат.
 
Але Ісус больш нічога не адказваў, так што Пілат зьдзівіўся.

На свята ён адпускаў ім аднаго вязня, якога прасілі.
 
А на сьвята ён звальняў ім аднаго з вязьняў, за якога прасілі.

Быў жа нейкі Бараба, зняволены са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства.
 
Быў жа адзін, называны Барабба, увязьнены разам з супольнікамі, якія пад час паўстаньня ўчынілі забойства.

І, падышоўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што ён заўсёды рабіў ім.
 
І, закрычаўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што рабіў ім заўсёды.

Пілат жа сказаў ім у адказ: «Хочаце, адпушчу вам караля юдэйскага?»
 
А Пілат адказаў ім, кажучы: «Хочаце, адпушчу вам Валадара Юдэйскага?»

Бо ведаў, што першасвятары выдалі Яго ад зайздрасці.
 
Бо ведаў, што першасьвятары праз зайздрасьць выдалі Яго.

Але першасвятары падбухторылі народ, каб лепш адпусціў ім Барабу.
 
Але першасьвятары падбухторылі натоўп, каб лепш адпусьціў ім Бараббу.

Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што хочаце, каб я зрабіў з тым, каго вы называеце каралём юдэйскім?»
 
Дык Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што вы хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго называеце Валадаром Юдэйскім?»

Яны закрычалі зноў: «Укрыжуй Яго!»
 
Але яны зноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!»

Пілат сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней закрычалі: «Укрыжуй Яго!»
 
Пілат жа сказаў ім: «Што ліхога ўчыніў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Укрыжуй Яго!»

Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.
 
Дык Пілат, хочучы дагадзіць натоўпу, адпусьціў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў на ўкрыжаваньне.

Жаўнеры адвялі Яго ў сярэдзіну дзядзінца, гэта значыць, у прэторыю, і сабралі цэлую кагорту.
 
І жаўнеры завялі Яго на панадворак, што завецца прэторыя, і склікаюць усю кагорту.

Апранулі Яго ў пурпур і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго.
 
І апранаюць Яго ў пурпур, і, сплёўшы вянок з церняў, ускладаюць на Яго.

І пачалі вітаць Яго: «Вітай, кароль юдэйскі!»
 
І пачалі вітаць Яго: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!»

Білі Яго па галаве трысцінай і плявалі на Яго, і, згінаючы калені, кланяліся Яму.
 
І білі Яго трысьцінай па галаве, і плявалі на Яго, і, кленчучы, пакланяліся Яму.

А калі насмяяліся з Яго, знялі пурпур і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі Яго, каб укрыжаваць.
 
І калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго пурпур, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае. І вядуць Яго, каб Яго ўкрыжаваць.

І прымусілі нейкага Сымона Кірэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля, несці Ягоны крыж.
 
І прымушаюць нейкага Сымона Кірэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, каб узяў крыж Ягоны.

Прывялі Езуса на месца званае Галгота, што азначае: «Месца Чэрапа».
 
І прыводзяць Яго на Галгофу, месца, што перакладаецца Месца Чэрапа.

І давалі Яму піць віно са смірнаю, але Ён не ўзяў.
 
І далі Яму піць віно, зьмяшанае са сьмірнай, але Ён не прыняў.

Калі ўкрыжавалі Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы лёсы, каму што ўзяць.
 
І тыя, што крыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, хто мае яго ўзяць.

Была ж трэцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго.
 
А была гадзіна трэцяя, і ўкрыжавалі Яго.

І быў надпіс з віной Ягонай: «Кароль юдэйскі».
 
І быў надпіс віны Ягонай напісаны: «Валадар Юдэйскі».

Разам з Ім укрыжавалі двух злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку ад Яго.
 
І разам з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч Яго.

[отсутсвует]
 
І споўнілася Пісаньне: «І да беззаконьнікаў залічаны».

Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй! Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш,
 
І тыя, што праходзілі міма, блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй, Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш,

уратуй сябе самога, сышоўшы з крыжа!»
 
выратуй Сябе Самога і зыйдзі з крыжа».

Падобна і першасвятары з кніжнікамі, насміхаючыся, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць.
 
Падобна і першасьвятары, насьміхаючыся, гаварылі з кніжнікамі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а Сябе ўратаваць ня можа.

Хрыстус, кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». Таксама тыя, хто быў укрыжаваны разам з Ім, зневажалі Яго.
 
Хрыстос, Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». І тыя, што былі ўкрыжаваныя з Ім, зьневажалі Яго.

Калі надышла шостая гадзіна, цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай.
 
А калі настала гадзіна шостая, сталася цемра па ўсёй зямлі ажно да гадзіны дзявятай.

А каля дзевятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
 
І а дзявятай гадзіне Ісус загаласіў моцным голасам, кажучы: «Элёі, элёі, ламма сабахтані», што перакладаецца: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»

Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён кліча Іллю».
 
І некаторыя з тых, што вакол стаялі, пачуўшы, казалі: «Вось, Ільлю кліча».

А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы: «Чакайце, пабачым, ці прыйдзе Ілля зняць Яго».
 
А адзін, пабегшы і напоўніўшы губку воцатам ды ўсклаўшы яе на трысьціну, даваў Яму піць, гаворачы: «Пакіньце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго».

Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў.
 
Ісус жа, усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа.

І заслона ў святыні разарвалася надвое ад верху да нізу.
 
І заслона ў бажніцы была разьдзёртая надвое ад верху да нізу.

Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы, як Ён канаў: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым».
 
Сотнік жа, што стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што так закрычаўшы, аддаў духа, сказаў: «Праўда, Чалавек Гэты быў Сын Божы».

Былі таксама жанчыны, якія глядзелі здалёк. Сярод іх была Марыя Магдалена, Марыя, маці Якуба малодшага і Юзафа, і Саламея, якія тады,
 
Былі таксама жанчыны, што глядзелі здалёк, між імі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба меншага і Ёсіі, і Салямэя,

калі Ён быў у Галілеі, спадарожнічалі і служылі Яму, а таксама многія іншыя, якія разам з Ім прыйшлі ў Ерузалем.
 
якія, калі Ён быў у Галілеі, хадзілі за Ім і паслугавалі Яму, і шмат іншых, што прыйшлі з Ім у Ерусалім.

Калі звечарэла, і паколькі была пятніца, гэта значыць пярэдадзень шабату,
 
І калі ўжо настаў вечар, — а быў гэта дзень прыгатаваньня, які ёсьць перад суботаю, —

прыйшоў Юзаф з Арыматэі, дастойны дарадчык, які і сам чакаў Валадарства Божага, і адважыўся ўвайсці да Пілата, каб прасіць цела Езуса.
 
прыйшоў Язэп з Арыматэі, паважаны ратман, які сам чакаў Валадарства Божага. Адважыўшыся, ён увайшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса.

Пілат здзівіўся, што Ён ужо памёр, і, паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно сканаў.
 
А Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр, і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно памёр,

Даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Юзафу.
 
і, даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу.

Ён, купіўшы палатно і зняўшы цела, захінуў у палатно і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале, і прываліў камень да яе ўваходу.
 
І той, купіўшы палатніну і зьняўшы Яго [з крыжа], ахінуў палатнінаю і палажыў Яго ў магілу, якая была высечаная ў скале, і прываліў камень да ўваходу ў магілу.

А Марыя Магдалена і Марыя Юзафа глядзелі, дзе Яго паклалі.
 
А Марыя Магдалена і Марыя Ёсіева глядзелі, дзе палажылі Яго.