Марка 9 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Божага Валадарства, якое прыйдзе ў магуцці».
 
І сказаў ім: праўду кажу вам, ёсць сярод тых, што стаяць тут, некато́рыя, хто не зазна́е смерці, пакуль не ўбачыць Царства Божага, якое пры́йдзе ў сіле.

Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі.
 
І праз шэсць дзён узяў Іісус Пятра, Іакава ды Іаана і ўзвёў іх на гару́ высокую адных асобна, і перамянíўся перад імі.

Адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць.
 
І ўбра́нне Яго стала бліску́чым і надзвы́чай белым, як снег, такім, як бялíльшчык на зямлі не можа вы́беліць.

І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і размаўлялі з Езусам.
 
І явіўся ім Ілія́ з Маісе́ем; і размаўлялі з Іісусам.

Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі».
 
І, азва́ўшыся, Пётр сказаў Іісусу: Раввí ! добра нам тут быць, зробім тры шатры́, Табе адзін, Маісе́ю адзін і адзін Іліí.

Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся.
 
Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны былí перапало́ханы.

І з’явілася воблака, якое закрыла іх, а з воблака пачуўся голас: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце».
 
І ўзнíкла во́блака, ахіна́ючы іх, і з во́блака пачуўся голас: гэта Сын Мой Узлю́блены; Яго слухайце.

Адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса.
 
І нечакана, агле́дзеўшыся наво́кал, нікога больш не ўбачылі, толькі Іісуса аднаго каля сябе.

Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне.
 
І калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім нікому не казаць, што́ бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.

Яны захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».
 
І захава́лі ў сабе гэтае сло́ва, разважа́ючы між сабой: што значыць «уваскрэ́снуць» з мёртвых?

І пыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці першым?»
 
І пыталіся ў Яго, ка́жучы: як гэта кніжнікі гавораць, што Ілія́ павінен прыйсцí ране́й?

Ён сказаў ім: «Ілля сапраўды прыйдзе першым і адновіць усё; як і напісана пра Сына Чалавечага, што будзе Ён шмат цярпець і будзе прыніжаны.
 
А Ён сказаў ім у адказ: Ілія́ сапраўды́, прыйшоўшы ране́й, узно́віць усё; а як жа напíсана пра Сына Чалавечага, — што многа адпаку́туе і знява́жаны будзе?

Але кажу вам, што Ілля прыйшоў і зрабілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго».
 
Але кажу вам, што і Ілія́ прыйшоў, і ўчынíлі з ім, што хацелі, як напíсана пра яго.

Калі Езус прыйшоў да вучняў, Ён убачыў каля іх вялікі натоўп і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі.
 
І, прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат народу вакол іх і кніжнікаў, што спрача́ліся з імі.

Адразу ўсе людзі, калі ўбачылі Яго, спалохаліся і, падбягаючы, віталі Яго.
 
І адразу ўвесь народ, убачыўшы Яго, ура́зіўся і, падбягаючы, віталі Яго.

Ён спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся з імі?»
 
І спытаўся Ён у кніжнікаў: пра што спрача́ецеся з імі?

Адзін з натоўпу адказаў Яму: «Настаўнік, я прывёў да Цябе свайго сына, які мае духа нематы.
 
Адзін з натоўпу сказаў у адказ: Настаўнік! я прывёў да Цябе сы́на майго, які ма́е ў сабе духа нямога;

Дзе ні схопіць яго, кідае, і той пускае пену, скрыгоча зубамі і дранцвее. Я сказаў тваім вучням, каб выгналі яго, але яны не змаглі».
 
і дзе ні схо́піць яго, кíдае яго, і ён пену пускае і скрыго́ча зубамі і дранцве́е; і прасіў я вучняў Тваіх, каб вы́гналі яго, ды яны не змаглі.

Адказваючы, Езус сказаў ім: «О пакаленне нявернае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне».
 
Адказваючы яму, Іісус кажа: о, родзе бязве́рны! даку́ль буду з вамі? даку́ль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне.

Тады прывялі яго да Езуса. А калі дух убачыў Яго, адразу скалануў хлопца, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.
 
І прывялі таго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу затрос таго, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пуска́ючы пену.

Езус спытаўся ў ягонага бацькі: «Як даўно гэта здараецца з ім?» Той адказаў: «З дзяцінства.
 
І запытаўся Іісус у ба́цькі яго: як даўно гэта зда́рылася з ім. Той жа сказаў: з дзяцінства;

Дух часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго. Але калі Ты што можаш, змілуйся над намі і дапамажы нам».
 
і часта дух і ў агонь кíдаў яго, і ў ваду, каб загубíць яго; але, як што можаш, дапамажы́ нам, зжа́ліўшыся над намі.

Езус сказаў яму: «”Калі можаш!” Усё магчыма для таго, хто верыць».
 
А Іісус сказаў яму: калі можаш ве́раваць, усё магчыма для таго, хто веруе.

Бацька хлопца адразу ўсклікнуў, кажучы: «Веру, памажы майму бязвер’ю».
 
І адразу, усклíкнуўшы, хло́пцаў бацька са слязьмí сказаў: верую, Госпадзі! памажы́ майму няве́р’ю!

Убачыўшы, што збягаюцца людзі, Езус прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: «Нямы і глухі дух, Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».
 
Іісус, убачыўшы, што збягаецца народ, забаранíў духу нячыстаму, ка́жучы яму: дух нямы і глухі, Я зага́дваю табе, вы́йдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!

І той, закрычаўшы, моцна скалануў хлопца і выйшаў. А хлопец зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: «Ён памёр!»
 
І, ускры́кнуўшы і моцна скалану́ўшы яго, той выйшаў; а ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: ён памёр.

Але Езус узяў яго за руку, падняў, і ён устаў.
 
Але Іісус, узяўшы яго за руку́, падняў яго; і ён устаў.

Калі Езус увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго сам-насам: «Чаму мы не змаглі выгнаць яго?»
 
І калі ўвайшоў Іісус у дом, вучні Яго пыталіся ў Яго асобна: чаму мы не здо́лелі вы́гнаць яго?

А Ён сказаў ім: «Такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай».
 
І сказаў ім: гэты род ні ад чаго іншага не можа вы́йсці, толькі ад малітвы і по́сту.

Выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею, але Езус не хацеў, каб нехта ведаў.
 
І, вы́йшаўшы адтуль, прахо́дзілі праз Галіле́ю, і Ён не хацеў, каб хто даве́даўся.

Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, што Яго заб’юць, і што забіты ўваскрэсне праз тры дні.
 
Бо навуча́ў вучняў Сваіх і гаварыў ім, што Сын Чалавечы адда́дзены будзе ў ру́кі чалавечыя і заб’юць Яго, і, забіты, Ён на трэці дзень уваскрэ́сне.

Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.
 
Але яны не разумелі гэтага слова, і баяліся ў Яго спытацца.

Калі прыйшлі ў Кафарнаум і былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што вы разважалі па дарозе?»
 
І прыйшоў у Капернау́м; і калі ў доме быў, запытаўся ў іх: пра што дарогай вы разважа́лі між сабою?

Яны маўчалі, бо ў дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.
 
Яны ж маўчалі, бо ў дарозе спрача́ліся адзін з адным, хто бо́льшы.

Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх».
 
І, сеўшы, паклíкаў дванаццаць і сказаў ім: калі хто хоча першым быць, няхай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.

Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:
 
І, узяўшы дзіця́, паставіў яго пасярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:

«Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне».
 
хто пры́ме адно з такіх дзяце́й у імя́ Маё, той Мяне пры́ме, а хто Мяне пры́ме, той не Мяне прыма́е, але Таго, Хто паслаў Мяне.

Ян сказаў Яму: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі».
 
Азва́ўся да Яго Іаан, гаворачы: Настаўнік! мы бачылі чалавека, што íмем Тваім выганяе дэманаў, але не хо́дзіць за намі, і мы забаранíлі яму, бо не хо́дзіць за намі.

А Езус сказаў: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу зласловіць на Мяне.
 
Іісус жа сказаў: не забараня́йце яму, бо няма таго, хто стварыў бы цуд у імя́ Маё і мог бы неўзаба́ве знява́жыць Мяне.

Бо хто не супраць нас, той за нас.
 
Бо хто не су́праць вас, той за вас.

А хто напоіць вас кубкам вады дзеля таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды.
 
І хто напо́іць вас чашай вады ў імя́ таго, што вы Хрыстовы, праўду кажу вам, той не стра́ціць узнагароды сваёй.

Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора.
 
А хто спаку́сіць аднаго з малы́х гэтых, што ве́руюць у Мяне, таму ле́пей было́ б, калі б павесілі жарнавы́ ка́мень на шыю яго і ўкінулі яго ў мора.

Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны.
 
І калі спакуша́е цябе рука твая, адсячы́ яе: ле́пей табе кале́кам увайсці ў жыццё, чым, дзве рукí ма́ючы, пайсці ў гее́ну, у агонь незгаса́льны,

[отсутсвует]
 
дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е.

І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену.
 
І калі нага твая спакуша́е цябе, адсячы́ яе: ле́пей табе ўвайсці ў жыццё кульга́вым, чым, дзве нагі маючы, быць укінутым у гее́ну, у агонь незгаса́льны,

[отсутсвует]
 
дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е.

І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе аднавокім увайсці ў Божае Валадарства, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену,
 
І калі вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго: ле́пей табе аднавокім увайсці ў Царства Божае, чым, два во́кі маючы, быць укíнутым у гее́ну вогненную,

дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне.
 
дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е.

Бо кожны будзе пасолены агнём.
 
Бо кожны агнём асо́ліцца і кожная ахвяра соллю асо́ліцца.

Соль — добрая рэч, але калі соль стане несалёнай, чым прыправіце яе? Майце ў сабе соль і жывіце між сабою ў спакоі».
 
Добрая рэч — соль; але калі соль несалёнай стане, чым яе папра́віце? Ма́йце соль у сабе, і мір ма́йце між сабою.