Марка 13 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад В. Гадлеўскага
І, як выходзіў Ён ізь сьвятыні, кажа Яму адзін із вучанікаў Ягоных: «Вучыцелю! глянь, што за вялікія камяні а што за вялікія хароміны!»
І калі выходзілі з сьвятыні, сказаў яму адзін з ягоных вучняў: Вучыцель, паглядзі, якія каменьні і якія будынкі!
І Ісус, адказуючы, сказаў яму: «Бачыш гэтыя вялікія хароміны? Ніякім парадкам не застанецца тут каменя на каменю, што ня будзе ськінены далоў».
І адказваючы Езус сказаў яму: Бачыш усе гэтыя вялікія будынкі? Не астанецца камень на камені, які-б ня быў збураны.
І, як Ён сядзеў на гары Аліўнай супроці сьвятыні, пыталіся ў Яго на адзіноце Пётра а Якаў а Яан а Андрэй:
І калі сядзеў на гарэ Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў яго асобна Пётр і Якуб, і Ян, і Андрэй:
«Скажы нам, калі гэта будзе, і якая пазнака, што неўзабаве ўсе гэта мае зьдзеяцца?»
Скажы нам, калі гэтае станецца, і які знак будзе, калі гэтае ўсё пачне спаўняцца?
І Ісус, адказуючы, пачаў казаць ім: «Глядзіце, каб ніхто вас ня ізьвёў.
І адказваючы Езус пачаў ім гаварыць: Глядзеце, каб вас хто ня зьвёў.
Шмат хто прыйдзе ў імя Мае, кажучы: "Гэта Я"; і ізьвядуць шмат.
Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы: «Што гэта я ёсьць», і многіх зьвядуць.
І як пачуеце праз войны а дзейкі праз войны, ня ўзрушайцеся, бо мусіць гэта быць; але яшчэ не канец.
Калі-ж пачуеце аб войнах і ваенных вестках, ня бойцеся, бо трэба, каб гэтае сталася, але яшчэ не канец.
Бо народ паўстане на народ, і гаспадарства на гаспадарства; і будуць трасеньні зямлі па розных месцах, і будуць галадові а замятні. Гэта пачатак трудненьняў.
Бо паўстане народ проціў народу і каралеўства на каралеўства; і будуць мясцамі зямлетрасеньні і галады. Гэта пачатак болю.
Але ўважайце на сябе, бо будуць выдаваць вас на рады, і будуць біць у бажніцах, і перад дзяржаўцамі а каралямі станеце за Мяне, на сьветчаньне ім.
А вы глядзеце самі сябе. Бо будуць вас аддаваць у суды, і біць па бажніцах, і будзеце станавіцца перад начальнікамі і каралямі дзеля мяне, на пасьведчаньне ім.
І ўсім народам уперад мае быць абешчана Евангеля.
І трэба, каб перш была абвяшчаная эванэлія усім народам.
І як прывядуць, выдаючы вас, не бядуйце загадзя, што вам казаць, ані разважайце, але што дана вам будзе тае гадзіны, тое кажыце, бо ня вы будзеце казаць, але Дух Сьвяты.
І калі вас будуць вадзіць выдаючы, ня думайце наперад, што маеце гаварыць; але што будзе вам дадзена ў гэную часіну, тое гаварэце. Бо ня вы тыя, што гаворыце, але Дух сьвяты.
І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзяцё; і дзеці паўстануць на бацькоў, і зьдзеюць ім сьмерць.
А выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў і сьмерць ім зробяць.
і будуць ненавідзіць вас усі за імя мае. Хто вытрывае аж да канца, будзе спасёны.
І будзеце ў ненавісьці ў усіх дзеля імені майго. Хто-ж вытрывае да канца, той будзе збаўлены.
Як жа абачыце агіду спусьценьня, менаваную Данелям прарокам, ідзе ня мае быць стаячую, (хто чытае, хай разумее), тады тыя, што ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;
А калі ўгледзіце агіду спусташэньня, стаячую там, дзе не павінна — хто чытае, няхай разумее — тады каторыя ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;
А хто на страсе, няхай ня зыходзе да дому ані ўходзе ўзяць штоколечы з дому свайго;
а каторы на даху, няхай ня зыходзіць у дом і няхай не ўваходзіць, каб узяць што з дому свайго;
І хто на полю, не зварачайся назад узяць адзецьце свае.
а каторы будзе на полі, няхай не варочаецца назад узяць адзежу сваю.
Бяда цяжарным а соячым тых дзён!
Гора-ж цяжарным і кормячым у гэтыя дні!
І маліцеся, каб уцекі вашы ня былі ўзімку.
Малецеся-ж, каб ня сталася зімою.
Бо тых дзён будзе такое няшчасьце, якога ня было ад пачатку стварэньня, каторае стварыў Бог, аж дагэтуль, і ніяк ня будзе.
Бо тыя дні будуць такім уцісьненьнем, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.
І калі б Спадар не скараціў тых дзён, то не ўратавалася б ніякае цела; але дзеля абраных, каторых Ён абраў, скараціў тыя дні.
І калі-б Пан не скараціў дзён, ня збавілася-б ніводнае цела; але дзеля выбраных, каторых выбраў, скараціў дні.
І тады, калі хто скажа вам: "Гля, тут Хрыстос" або: "Гля, там"; ня верце.
І тады калі-б вам хто сказаў: Вось тут ёсьць Хрыстус, вось там — ня верце.
Бо паўстануць хвальшывыя Хрысты а хвальшывыя прарокі, і пакажуць знакі а чудосы, каб спадмануць, калі льга, нават абраных.
Бо паўстануць фальшывыя хрыстусы і фальшывыя прарокі, і будуць паказваць знакі і дзівы, каб зьвясьці, калі магчыма, нават выбраных.
Але ўважайце. Вось, Я наперад сказаў вам усе.
Вы-ж глядзеце, вось я сказаў вам наперад усё.
Тых жа дзён, просьле гэтае атугі, сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятліні свае;
Але ў тыя дні пасьля гэнага ўцісьненьня зацьміцца сонца, і месяц ня дасьць сваей яснасьці,
І зоры нябёсныя будуць валіцца, і моцы нябёсныя захістаюцца.
і зоры нябесныя будуць падаць, і сілы, каторыя ёсьць на небе, зрушацца.
І тады абачаць Сына Людзкога, у булакох прыходзячага ізь вялікаю моцаю а славаю.
І тады ўгледзяць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаках, з сілай вялікай і славай.
І тады Ён пашлець ангілаў Сваіх, і зьбярэць абраных Сваіх із чатырох вятроў, ад найдальшае ўкраіны зямлі аж да найдальшае ўкраіны неба.
І тады пашле анёлаў сваіх і зьбярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі аж да краю неба.
Вучыцеся падобнасьці зь фіґі: калі гольле яе ўжо мякчэе й пушчае лісьцё, то ведаеце, што лета блізка.
А ад фіговага дрэва вучэцеся падабенства: калі ўжо галіна яго зробіцца мяккай і пускае лісьце, вы ведаеце, што блізка лета.
Дык таксама як абачыце, што гэта дзеецца, ведайце, што блізка, у дзьвярох.
Так і вы, калі ўгледзеце, што гэта дзеіцца, ведайце, што блізка ёсьць, у дзьвярах.
Запраўды кажу вам, што ніяк ня мінець род гэты, як усе гэта станецца.
Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё гэтае станецца.
Неба й зямля мінуць, але словы Мае ня мінуць.
Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.
Але дня таго а гадзіны ніхто ня ведае, ані ангілы нябёсныя, ані Сын, адно Айцец.
Аб дні-ж тым або гадзіне ніхто ня ведае, ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.
Уважайце, ня сьпіце й маліцеся, бо ня ведаеце, калі будзе той час.
Глядзеце, чуйце і малецеся, бо ня ведаеце, калі час будзе.
Як чалавек, што выходзе ў вялікую дарогу, каторы кідае дом свой, і даець уладу слугам сваім, і кажнаму работу ягоную і расказуе брамніку назіраць.
Як чалавек, што ад’яжджаючы, аставіў свой дом і даў слугам сваім уладу ў кожнай справе і загадаў прыдзьверніку, каб быў чуткім.
Дык будзьце чукавыя, бо ня ведаеце, калі прыйдзе дамовы гаспадар, увечары, ці а поўначы, ці пятухамі, ці нараніцы;
Дык чуйце, што ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: увечары, ці серад ночы, ці як пеўні запяюць, ці нараніцы:
Каб, прышоўшы зьнецікі, не засьпеў вас сьпячых.
каб прыйшоўшы раптам, не застаў вас сплючых.
А што вам кажу, кажу ўсім: будзьце чукавымі».
А што вам кажу, усім кажу: Чуйце.