Марка 2 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І ўзноў прышоў Ён да Капернауму за колькі дзён; і пачулі, што Ён у доме.
 
І па днях ён ізноў увайшоў у Капарнаум, і пачулі, што ён ёсьць у доме.

Зараз зьберлася шмат, ажно ўжо й ля дзьвярэй ня было месца; і Ён казаў ім слова.
 
І зыйшлося многа, так што не хватала месца нават каля дзьвярэй, і ён гаварыў да іх слова.

І прышлі да Яго, нясучы хворага на паляруш, каторага чатырох несьлі.
 
І прыйшлі да яго, нясучы спаралізаванага, якога нясьлі чатырох.

І, як не маглі прынесьці да Яго з прычыны груду, раскрылі страху, ідзе Ён быў, і, адкрыўшы, спусьцілі ложак, на каторым ляжаў паляржаваны.
 
І ня могучы яго палажыць перад ім дзеля грамады, разабралі дах, дзе ён быў і зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложа, на каторым ляжаў спаралізаваны.

Як Ісус абачыў веру іхную, Ён сказаў паляржаванаму: «Дзяцё, дараваны табе грахі твае».
 
Калі-ж Езус убачыў іх веру, сказаў спаралізаванаму: Сыне, адпушчаюцца табе грахі твае.

Тут сядзелі некатрыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх:
 
Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў, седзячы і думаючы ў сэрцах сваіх:

«Чаму Ён так гукае — блявузґае? хто можа дараваць грахі, толькі адзін Бог?»
 
Што гэта ён гаворыць? Ён блюзьніць. Хто можа адпусьціць грахі, апрача аднаго Бога?

Ісус, якга пазнаўшы ў Духу Сваім, што яны так разважаюць у сабе, сказаў ім: «Чаму гэтак разважаеце ў сэрцах сваіх?
 
Езус, зараз пазнаўшы гэтае духам сваім, што яны гэтак у сабе, сказаў ім: Нашто вы гэта думаеце ў сэрцах вашых?

Што лацьвей? ці сказаць паляржаванаму: "Даруюцца табе грахі"? ці сказаць: "Устань, вазьмі ложак свой і хадзі"?
 
Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: «Адпушчаюцца табе грахі», ці сказаць: «Устань, вазьмі ложа тваё і хадзі».

Але каб вы ведалі, што ўладу мае Сын Людзкі дараваць грахі на зямлі, (кажа паляржаванаму:)
 
Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі — сказаў спаралізаванаму:

Табе кажу: устань, вазьмі ложак свой і йдзі да дому свайго».
 
Табе кажу: Устань, вазьмі ложа тваё і ідзі ў дом твой.

І ўстаў, і, якга ўзяўшы ложак, вышаў перад усімі, так што ўсі зумяваліся й славілі Бога, кажучы: «Ніколі нічога такога мы ня бачылі».
 
І той зараз-жа ўстаў, і падняўшы ложа, пайшоў перад усімі, так што дзівіліся ўсе і славілі Бога, кажучы: Што ніколі мы гэтак ня бачылі.

І вышаў ізноў над мора; і ўвесь груд пайшоў да Яго, і Ён вучыў іх.
 
І выйшаў ізноў да мора, а ўся грамада прыходзіла да яго і ён вучыў іх.

Праходзячы, абачыў Ён Лева Алфеявага, што сядзеў ля збору мыта, і кажа яму: «Ідзі за Імною». І, устаўшы, пайшоў за Ім.
 
І праходзячы, угледзеў Левія Альфэявага, сядзячага пры мытніцы і сказаў яму: Ідзі за мною. І ён устаўшы, пайшоў за ім.

І сталася, як Ісус узьляжаў за сталом у доме ягоным, што й шмат якія мытнікі а грэшнікі ўзьляжалі разам ізь Ісусам а з вучанікамі Ягонымі, бо шмат было, і яны йшлі за ім.
 
І сталася, калі сядзеў за сталом у ягоным доме, многа мытнікаў і грэшнікаў сядзела разам з Езусам і вучнямі яго, бо іх многа было, што ішлі за ім.

Кніжнікі а фарысэі, абачыўшы, што Ён есьць із мытнікамі а грэшнікамі, гукалі вучанікам Ягоным: «Чаму Ён есьць а п’ець із мытнікамі а грэшнікамі?»
 
А кніжнікі і фарызэі, бачачы, што ён еў з мытнікамі і грэшнікамі, казалі ягоным вучням: Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есьць і п’е ваш вучыцель?

Пачуўшы, Ісус кажа ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. Я ня прышоў прыгукаць справядлівых, але грэшнікаў да каяты».
 
Езус, пачуўшы гэтае, сказаў ім: Здаровым ня трэба лекара, але хворым, бо я ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных.

Вучанікі Яанавы а фарысэйскія поставалі. Прыходзяць і кажуць Яму: «Чаму вучанікі Яанавы а фарысэйскія постуюць, а твае вучанікі ня постуюць?»
 
А вучні Яна і фарызэі пасьцілі. І прыйшлі і сказалі яму: Чаму вучні Янавы і фарызэявы посьцяць, а твае вучні ня посьцяць?

І сказаў ім Ісус: «Ці могуць поставаць сынове вясельнага палацу, як малады зь імі? Пакуль ізь імі малады, яны ня могуць поставаць.
 
І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць вясельныя госьці пасьціць, пакуль з імі ёсьць малады? Пакуль яны маюць з сабою маладога, ня могуць пасьціць.

Але настануць дні, калі адыймуць у іх маладога, і тады будуць поставаць таго дня.
 
Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога і тады будуць пасьціць у гэныя дні.

«Ніхто ня прышывае лапіка зь няваленага сукна да старога адзецьця, бо новапрышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ большая.
 
Ніхто не прышывае латы з сырога сукна да старое адзежы, бо інакш новая лата адрывае ад старога і робіцца большая дзіра.

Ніхто ня ільлець віна маладога ў скураныя мяхі старыя, бо маладое віно прарвець мяхі, і віно выцяча, і мяхі зглумяцца; але віно маладое надабе ліць у мяхі новыя».
 
І ніхто ня лье новага віна ў старыя мяхі, бо інакш віно разарве мяхі, і віно разальецца, і мяхі прападуць. Але новае віно трэба ліць у новыя мяхі.

І прылучылася Яму праходзіць у сыботу пераз засеяньні, і вучанікі Ягоныя дарогаю пачалі каласаваць.
 
І ізноў сталася, калі Пан праходзіў у суботу праз збожа і вучні ягоны пачалі ісьці і рваць каласы.

І фарысэі сказалі Яму: «Глянь, чаму яны робяць у сыботу, што бяспраўна?»
 
А фарызэі казалі яму: Вось што яны робяць у суботу, чаго ня можна.

Ён сказаў ім: «Няго ж вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, як меў патрэбу і быў выгаладніўшыся сам а бытыя зь ім?
 
І сказаў ім: Ці-ж вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і захацеў есьці сам і тыя, што з ім былі?

Як увыйшоў ён у дом Божы за найвышшага сьвятара Авафара, і еў букаткі пакладаныя, каторых ня меў права есьці ніхто, апрача сьвятароў, і даў таксама бытым ізь ім?»
 
Як ён увайшоў у дом Божы за Абіятара, архісьвятара і еў ахвярныя хлябы, якіх ня можна было есьці, як толькі сьвятарам, і даў тым, што з ім былі?

І сказаў ім: «Сыбота дзеля чалавека, а не чалавек дзеля сыботы.
 
І сказаў ім: Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы.

Затым Сын Людзкі ё Спадаром і сыботы».
 
І так Сын чалавечы ёсьць панам так-жа і суботы.