Марка 2 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага
І праз некалькі дзён Ён зноў увайшоў у Капернаум, і пачулі, што Ён дома.
І па днях ён ізноў увайшоў у Капарнаум, і пачулі, што ён ёсьць у доме.
І сабраліся многія, так што нават пры дзвярах ужо не было месца, і Ён казаў ім слова.
І зыйшлося многа, так што не хватала месца нават каля дзьвярэй, і ён гаварыў да іх слова.
І прыходзяць, несучы да Яго спаралізаванага, якога трымалі чацвёра.
І прыйшлі да яго, нясучы спаралізаванага, якога нясьлі чатырох.
І не могучы данесці да Яго з-за натоўпу, яны раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, пракапаўшы, спускаюць пасцель, на якой ляжаў спаралізаваны.
І ня могучы яго палажыць перад ім дзеля грамады, разабралі дах, дзе ён быў і зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложа, на каторым ляжаў спаралізаваны.
І Ісус, убачыўшы іх веру, кажа спаралізаванаму: Дзіця, даруюцца твае грахі.
Калі-ж Езус убачыў іх веру, сказаў спаралізаванаму: Сыне, адпушчаюцца табе грахі твае.
Сядзелі ж там некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сваіх сэрцах:
Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў, седзячы і думаючы ў сэрцах сваіх:
Што Ён такое кажа? Ён блюзнерыць; хто можа дараваць грахі, акрамя аднаго Бога?
Што гэта ён гаворыць? Ён блюзьніць. Хто можа адпусьціць грахі, апрача аднаго Бога?
І Ісус, адразу ўведаўшы Сваім духам, што яны так разважаюць у сабе, кажа ім: Што гэта вы разважаеце ў вашых сэрцах?
Езус, зараз пазнаўшы гэтае духам сваім, што яны гэтак у сабе, сказаў ім: Нашто вы гэта думаеце ў сэрцах вашых?
Што лягчэй: сказаць спаралізаванаму: «Даруюцца твае грахі» ці сказаць: «Уставай і вазьмі сваю пасцель і хадзі»?
Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: «Адпушчаюцца табе грахі», ці сказаць: «Устань, вазьмі ложа тваё і хадзі».
Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу дараваць грахі на зямлі, — Ён кажа спаралізаванаму:
Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі — сказаў спаралізаванаму:
Табе кажу, уставай, вазьмі сваю пасцель і ідзі ў свой дом!
Табе кажу: Устань, вазьмі ложа тваё і ідзі ў дом твой.
І той падняўся і адразу4, узяўшы пасцель, выйшаў перад усімі, так што ўсе здзіўляліся і славілі Бога, кажучы: Такога мы ніколі не бачылі!
І той зараз-жа ўстаў, і падняўшы ложа, пайшоў перад усімі, так што дзівіліся ўсе і славілі Бога, кажучы: Што ніколі мы гэтак ня бачылі.
І Ён зноў выйшаў да мора; і ўвесь натоўп прыходзіў да Яго, і Ён вучыў іх.
І выйшаў ізноў да мора, а ўся грамада прыходзіла да яго і ён вучыў іх.
І, праходзячы, Ён убачыў Лявія Алфеевага, які сядзеў на месцы збору падаткаў, і кажа яму: Ідзі ўслед за Мною! — І той, устаўшы, пайшоў услед за Ім.
І праходзячы, угледзеў Левія Альфэявага, сядзячага пры мытніцы і сказаў яму: Ідзі за мною. І ён устаўшы, пайшоў за ім.
І сталася: калі Ісус узлягаў за сталом у яго дома, то многія зборшчыкі падаткаў і грэшнікі ўзлягалі з Ім і Яго вучнямі: бо было іх шмат, і яны ішлі ўслед за Ім.
І сталася, калі сядзеў за сталом у ягоным доме, многа мытнікаў і грэшнікаў сядзела разам з Езусам і вучнямі яго, бо іх многа было, што ішлі за ім.
І кніжнікі з фарысеяў5, убачыўшы, што Ён есць з грэшнікамі і зборшчыкамі падаткаў, казалі Яго вучням: Чаму Ён есць і [п’е] са зборшчыкамі падаткаў і грэшнікамі?
А кніжнікі і фарызэі, бачачы, што ён еў з мытнікамі і грэшнікамі, казалі ягоным вучням: Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есьць і п’е ваш вучыцель?
І, пачуўшы, Ісус кажа ім: Не здаровыя маюць патрэбу ў доктары, а хворыя. Я прыйшоў заклікаць не праведных, а грэшных [да пакаяння].
Езус, пачуўшы гэтае, сказаў ім: Здаровым ня трэба лекара, але хворым, бо я ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных.
А вучні Іаанавы і фарысеі6 пасцілі. І прыходзяць яны і кажуць Яму: Чаму Іаанавы вучні і вучні фарысеяў посцяць, а Твае вучні не посцяць?
А вучні Яна і фарызэі пасьцілі. І прыйшлі і сказалі яму: Чаму вучні Янавы і фарызэявы посьцяць, а твае вучні ня посьцяць?
І сказаў ім Ісус: Хіба могуць сыны шлюбнага пакоя пасціць, калі з імі малады? Увесь час пакуль малады з імі, яны не могуць пасціць.
І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць вясельныя госьці пасьціць, пакуль з імі ёсьць малады? Пакуль яны маюць з сабою маладога, ня могуць пасьціць.
Але прыйдуць дні, калі малады будзе ўзяты ад іх і тады, у той дзень7, яны будуць пасціць.
Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога і тады будуць пасьціць у гэныя дні.
Ніхто не прышывае латкі з суравой тканіны да старога адзення; калі ж не — прышытае ад яго адарвецца, новае ад старога, і дзірка будзе горшая.
Ніхто не прышывае латы з сырога сукна да старое адзежы, бо інакш новая лата адрывае ад старога і робіцца большая дзіра.
І ніхто не ўлівае маладога віна ў старыя бурдзюкі, калі ж не — прарве віно бурдзюкі, і віно прападзе, і бурдзюкі; а віно маладое ўліваюць у новыя бурдзюкі.
І ніхто ня лье новага віна ў старыя мяхі, бо інакш віно разарве мяхі, і віно разальецца, і мяхі прападуць. Але новае віно трэба ліць у новыя мяхі.
І надарылася Яму ў суботу праходзіць збажыною, і Яго вучні пачалі дарогаю зрываць калоссе.
І ізноў сталася, калі Пан праходзіў у суботу праз збожа і вучні ягоны пачалі ісьці і рваць каласы.
І фарысеі казалі Яму: Паглядзі, чаму яны ў суботу робяць тое, чаго не дазваляецца?
А фарызэі казалі яму: Вось што яны робяць у суботу, чаго ня можна.
І Ён кажа ім: Ці вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і быў сам галодны і тыя, што былі з ім,
І сказаў ім: Ці-ж вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і захацеў есьці сам і тыя, што з ім былі?
як ён увайшоў у Божы дом пры Афіяфары-першасвятары і з’еў хлябы прапановы, якіх не дазваляецца есці нікому, акрамя святароў, і даў таксама тым, што былі з ім?
Як ён увайшоў у дом Божы за Абіятара, архісьвятара і еў ахвярныя хлябы, якіх ня можна было есьці, як толькі сьвятарам, і даў тым, што з ім былі?
І Ён казаў ім: субота створана для чалавека, а не чалавек для суботы;
І сказаў ім: Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы.
так што Сын Чалавечы — гаспадар і суботы.
І так Сын чалавечы ёсьць панам так-жа і суботы.