Марка 4 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага
І Ён зноў пачаў вучыць каля мора; і сабраўся да Яго вялізны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў лодку на моры, сядзеў, а ўвесь натоўп быў на зямлі пры моры.
Ізноў пачаў навучаць каля мора. І сабралася да яго вялікая грамада, так што ўвайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўся грамада была на зямлі каля мора.
І Ён вучыў іх многаму ў прыпавесцях і казаў ім у Сваёй навуцы:
І навучаў іх многа ў прыповесьцях і казаў ім у сваей навуцы:
Слухайце! Вось выйшаў сейбіт сеяць.
Слухайце! Вось выйшаў сяйбіт сеяць.
І сталася, калі ён сеяў, адно зерне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі яго.
І калі ён сеяў, адно ўпала каля дарогі і прыляцелі птушкі нябесныя і зьелі яго.
А другое ўпала на скалісты грунт, дзе няшмат было зямлі, і адразу ўзышло, бо зямля была не глыбокая;
А другое ўпала на месца камяністае, дзе ня мела многа зямлі, і зараз узыйшло, бо зямля была няглыбокая;
і калі ўзышло сонца — прыпаліла яго і, таму што не мела кораня, засохла.
і калі ўзыйшло сонца, завяла, і дзеля таго што ня мела кораня, зсохла.
А іншае ўпала ў церні, і ўзняліся церні і заглушылі яго, і плоду яно не дало.
А іншае ўпала ў церні, і ўзыйшлі церні і заглушылі яго і не дало плоду.
А іншыя ўпалі ў добрую зямлю і давалі плод, уздымаючыся і ўзрастаючы, і прыносіла адно — у трыццаць, і адно — у шэсцьдзесят, і адно — у сто разоў.
А іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод, каторы ўзыйшоў і рос — і адно прынясло трыццаць, другое шэсьцьдзесят, а іншае сто
І казаў ім: Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
І казаў: Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.
І калі Ён застаўся адзін, тыя, што былі вакол Яго разам з дванаццаццю, пыталіся ў Яго аб прыпавесцях.
І калі быў адзін, спыталіся ў яго тыя дванаццацёх, ўто з ім былі, аб прыповесьці.
І казаў ім: Вам дадзена таямніца Царства Божага; тым жа, па-за вамі, усё паўстае ў прыпавесцях,
І казаў ім: Вам дадзена пазнаць тайніцу каралеўства Божага, а для тых, каторыя ўвонках, усё адбываецца ў прыповесьцях,
каб яны, гледзячы, бачылі і не ўгледзелі, і, слухаючы, чулі і не разумелі, каб не далучыліся яны, і было даравана ім9.
каб «гледзячы глядзелі і ня бачылі, слухаючы слухалі і не разумелі; каб часам не навярнуліся і ня былі ім адпушчаны грахі» (Із. 6:9-10).
І кажа ім: Не разумееце гэтай прыпавесці, а як зразумееце ўсе прыпавесці?
І сказаў ім: Не разумееце гэтай прыповесьці? А якжа-ж вы зразумееце ўсе прыповесьці?
Сейбіт сее слова.
Той, хто сее, слова сее.
А вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова; і калі яны пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх [сэрцах].
А тыя, што каля дарогі, дзе сеецца слова, гэта тыя, да каторых, як прачуюць, зараз прыходзіць д’ябал і забірае слова, якое было пасеена ў сэрцах іх.
І гэтак жа тыя, што сеюцца на скалістым грунце, — яны, калі пачуюць слова, адразу з радасцю прымаюць яго,
І таксама і тыя, каторыя на месцы камяністым, яны як пачуюць слова, зараз-жа з радасьцяй прыймаюць яго,
ды не маюць кораня ў сабе і дачасныя; пасля, калі падыходзіць уціск або ганенне за слова, адразу разуверваюцца.
але, ня маючы кораня ў сабе, яны ёсьць часовыя, потым, як падымецца ўцісьненьне і прасьлед дзеля слова, зараз горшацца.
А іншыя — гэта тыя, што сеюцца ў церні, гэта тыя, хто пачуў слова,
І іншыя ёсьць, каторыя сеюцца ў цернях, гэта тыя, каторыя слухаюць слова,
ды турботы веку і зман багацця ды жаданні чаго-небудзь іншага, уваходзячы, зусім заглушаюць слова, і яно робіцца бясплодным.
але турботы сьвету і мана багацьця і іншыя пажаданьні, увайшоўшы, глушаць слова і стаецца бяз плоду.
А вось тыя, пасеяныя на добрую зямлю: гэта тыя, што чуюць слова і прымаюць і даюць плод: адно — у трыццаць, і адно — у шэсцьдзесят, і адно — у сто разоў.
А каторыя на добрай зямлі пасеяны, гэта тыя, каторыя слухаюць слова, і прыймаюць, і прыносяць плод, адно трыццаць, другое шэсьцьдзесят, а іншае сто.
І казаў ім: Хіба лямпа прыносіцца на тое, каб паставілі яе пад пасудзіну ці пад ложак? А ці не на тое, каб паставілі яе на падстаўку?
І казаў ім: Ці-ж прыносяць сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці-ж не на тое, каб паставіць яе на ліхтар?
Бо няма нічога таемнага, каб не стала яўным, і нічога ўтоенага, каб не выйшла на яўнае.
Бо няма нічога скрытага, што-б ня выявілася, і нічога ня дзеецца тайнага, але каб выйшла наверх.
Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.
Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.
І Ён казаў ім: Зважайце, што чуеце. Якою мераю вы мерыце, такою будзе адмерана вам і будзе дададзена вам, [хто слухае].
І казаў ім: Глядзеце, чаго слухаеце! Якою меркаю вы адмерыце, такою і вам будзе адмерана і будзе вам дадзена.
Бо хто мае, таму будзе дададзена, а хто не мае, і тое, што мае, будзе ўзята ад яго.
Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, у таго будзе аднята і тое, што ён мае.
І Ён казаў: Так і Царства Божае: як чалавек, што кіне насенне ў зямлю,
І казаў: Гэтак ёсьць з каралеўствам Божым, як калі-б чалавек укінуў насеньне ў зямлю,
і спіць, і ўстае ўночы і ўдзень, а насенне прарастае і выцягваецца, як — ён не ведае.
ён і сьпіць і ўстае, уначы і ўдзень, а насеньне ўсходзіць і расьце, калі ён ня ведае.
[Бо] зямля сама сабою пладаносіць: спярша рунь, пасля колас, пасля поўнае зерне ў коласе.
Бо зямля сама з сябе прыносіць плод: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.
Калі ж плод даспее, ён адразу пасылае серп, бо надышло жніво.
А калі дасьпее плод, зараз пушчае серп, бо прыйшло жніво.
І Ён казаў: З чым параўнаем Царства Божае ці ў якім прыпадабненні выявім яго?
І казаў: Да чаго ўпадобнім каралеўства Божае, або да якое прыповесьці прыраўнаем яго?
Яно як гарчычнае зерне, што, калі пасеяна ў зямлю, найдрабнейшае з усяго насення на зямлі,
Як гарчычнае зерне, каторае, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншае за ўсякае насеньне, якое ёсьць на зямлі.
а калі пасеяна, узыходзіць і робіцца большым за ўсю агародніну і пускае вялікія галіны, так што пад яго ценем могуць гняздзіцца птушкі нябесныя.
А калі пасеецца, узрастае і робіцца большым за ўсе гародніны і пускае вялікія галіны, так што пад ценем яго могуць жыць птушкі нябесныя.
І такімі многімі прыпавесцямі казаў ім слова, наколькі яны маглі чуць;
І многімі такімі прыповесьцямі гаварыў да іх слова, наколькі яны маглі слухаць,
а без прыпавесці не казаў ім, а Сваім вучням асобна ўсё растлумачваў.
а бяз прыповесьці не гаварыў да іх. Асобна-ж вучням сваім выясьняў усё.
І ў той самы дзень з надыходам вечара кажа ім: Пераедзьма на той бок.
І ў той дзень, калі зрабілася позна, сказаў ім: Пераплывем на той бок.
І яны, пакінуўшы натоўп, бяруць Яго з сабою, як быў у лодцы; і іншыя лодкі былі з Ім.
І яны, адпрвіўшы народ узялі яго, так як быў, у лодцы; і былі з ім другія лодкі.
І ўзнімаецца моцны вецер-віхор, і хвалі білі ў лодку, так што ўжо напаўнялася лодка вадою.
І ўзьнялася вялікая бура ветру і гнала хвалі на лодку, так што напаўнялася лодка.
А Ён быў на карме і спаў на падушцы. І будзяць Яго і кажуць Яму: Настаўніку, няўжо не турбуе Цябе, што мы гінем?
А ён быў на задзе лодкі сплючы на падушцы. І збудзілі яго і кажуць яму: Вучыцель, ці-ж табе ня рупіць, што мы гінем?
І, разбуджаны, Ён забараніў ветру і сказаў мору: Маўчы, суцішся! — І суняўся вецер і настала вялікая ціша.
І ўстаўшы, прыгразіў ветру і сказаў мору: Маўчы, сьціхні! І перастаў вецер і зрабілася вялікая цішыня.
І Ён сказаў ім: Што вы такія баязлівыя? Хіба яшчэ няма ў вас веры?
І сказаў ім: Чаму вы баязьлівыя? І яшчэ ня маеце веры? І зьняў іх вялікі страх і гаварылі адзін да другога: Хто-ж гэта такі, што вецер і мора слухаюць яго?
І яны настрашыліся страхам вялікім і казалі адзін аднаму: Хто ж тады Ён, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?