Марка 8 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага
У тыя дні, калі зноў быў вялікі натоўп і ў іх не было чаго есці, Ён, паклікаўшы вучняў, кажа ім:
У тыя дні ізноў, як была вялікая грамада, і ня мелі чаго есьці, паклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім:
Шкада Мне народу, бо ўжо тры дні яны астаюцца пры Мне і ў іх няма чаго есці;
Шкада мне грамады, бо вось ужо тры дні трываюць пры мне і не маюць чаго есьці.
і, калі адпушчу іх галодных дадому, аслабеюць яны ў дарозе; а некаторыя з іх прыйшлі здалёку.
І калі пушчу іх галодных дамоў, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх здалёку прыйшлі.
І Яго вучні адказалі Яму: Адкуль хто зможа накарміць гэтых людзей хлябамі тут, у пустэльні?
І адказалі яму ягоныя вучні: Скуль мог-бы хто накарміць іх хлебам тут у пустыні?
І Ён пытаўся ў іх: Колькі ў вас хлябоў? — Яны ж сказалі: Сем.
І спытаўся ў іх: Колькі хлябоў маеце? Яны сказалі: Сем.
І Ён загадвае натоўпу ўзлегчы на зямлю; і, узяўшы сем хлябоў, уздаўшы падзяку, разламаў і даваў Сваім вучням, каб раздавалі, і яны раздалі натоўпу.
І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі. І ўзяўшы сем хлябоў, учыніўшы падзяку, ламаў, і даваў вучням сваім, каб раздавалі, і раздавалі грамадзе.
І было ў іх трохі рыбак; і, добраславіўшы іх, Ён сказаў раздаць і гэтыя.
І мелі некалькі рыбак, і іх багаславіў і загадаў раздаць.
І яны елі і наеліся, і назбіралі з пазасталых кавалкаў сем кашоў.
І елі, і наеліся, і набралі, што асталося з кавалкаў, сем кашоў.
А было [едакоў] каля чатырох тысяч. І Ён адпусціў іх.
А тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.
І, адразу ўвайшоўшы ў лодку са Сваімі вучнямі, прыбыў у межы Далмануфскія.
І зараз увайшоўшы ў лодку са сваімі вучнямі, прыбыў у староны Дальмануцкія.
І выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Ім, дамагаючыся ад Яго знака з неба, выпрабоўваючы Яго.
І выйшлі фарызэі і пачалі з ім спрачацца, дамагаючыся ад яго знаку з неба, спакушаючы яго.
І Ён, цяжка ўздыхнуўшы ў Сваім духу, кажа: Навошта гэтае пакаленне дамагаецца знака? Сапраўды кажу вам, не будзе дадзена знака гэтаму пакаленню.
І ўздыхнуўшы ў душы, сказаў: Нашто гэты род дамагаецца знаку? Сапраўды кажу вам, ня будзе дадзены знак гэтаму роду.
І, пакінуўшы іх, Ён зноў увайшоў у лодку і адплыў на той бок.
І адправіўшы іх, увайшоў ізноў у лодку і палыў на другі бок.
І забыліся яны ўзяць хлябы і апрача аднаго хлеба, больш у іх не было з сабою ў лодцы.
І забыліся ўзяць хлеба, і ня мелі з сабой у лодцы, апрача аднэй булкі хлеба.
І Ён загадаў ім, кажучы: Глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірадавай.
І загадаў ім, кажучы: Глядзеце ды сьцеражэцеся кісьлі фарызэяў і кісьлі Гэрада.
І разважалі яны між сабою, [кажучы], што хлябоў у іх няма.
І разважалі паміж сабою, кажучы: Што ня маем хлеба.
І [Ісус], уведаўшы, кажа ім: Чаго разважаеце, што ў вас няма хлябоў? Ці яшчэ не цяміце і не разумееце? Ці ваша сэрца акамянелае?
Пазнаўшы гэтае, Езус сказаў ім: Што вы думаеце, што хлеба ня маеце? Ці-ж яшчэ ня ведаеце і не разумееце? Ці яшчэ маеце закамянелае сэрца вашае?
Вочы маючы, не бачыце? І, вушы маючы, не чуеце? І не памятаеце?
Маючы вочы, ня бачыце і маючы вушы, ня чуеце? І ня помнеце,
Калі пяць хлябоў Я разламаў на пяць тысяч — колькі кошыкаў, поўных кавалкаў, назбіралі? — Кажуць Яму: Дванаццаць.
калі я пяць хлябоў паламаў на пяць тысячаў, колькі вы поўных кашоў набралі кавалкаў? Кажуць яму: Дванаццаць.
Калі Я тыя сем — на чатыры тысячы, колькі кашоў, поўных кавалкаў, назбіралі? — І кажуць [Яму]: Сем.
А калі сем хлябоў на чатары тысячы, колькі кашоў кавалкаў вы набралі? І кажуць яму: Сем.
І Ён казаў ім: Вы яшчэ не разумееце?
І сказаў ім: Якжа-ж яшчэ не разумееце?
І прыходзяць яны ў Віфсаіду. І вядуць да Яго сляпога і просяць Яго, каб Ён да яго дакрануўся.
І прыйшлі ў Бэтсайду. І прывялі да яго сьляпога і прасілі яго, каб дакрануўся да яго.
І, узяўшы сляпога за руку, Ён вывеў яго з сяла і, плюнуўшы яму ў вочы, усклаў на яго рукі і спытаўся ў яго: Ці бачыш што?
І ўзяўшы за руку сьляпога, вывеў яго за сяло і, плюнуўшы на вочы ягоныя, узлажыўшы свае рукі, пытаўся ў яго, ці што бачыць?
І, той, пачуўшы бачыць, сказаў: Бачу людзей, што як дрэвы… заўважаю, што ходзяць.
А ён, гледзячы, сказаў: Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць.
Пасля Ён зноў усклаў рукі яму на вочы, і той угледзеўся і выздаравеў і стаў усё ясна бачыць.
Потым ізноў узлажыў рукі на вочы ягоны і ён пачаў відзець. І аздароўлены быў так, што бачыў усё ясна.
І паслаў яго дадому, кажучы: І ў сяло не заходзь [і нікому ў сяле не расказвай].
І паслаў яго ў ягоны дом, кажучы: Ідзі ў дом твой, і калі ўвойдзеш у сяло, нікому не кажы.
І пайшоў Ісус і Яго вучні ў сёлы Кесарыі Філіпавай: і ў дарозе Ён пытаўся ў Сваіх вучняў, кажучы ім: Што кажуць людзі: Хто Я?
І пайшоў Езус і вучні ягоны ў сёлы Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы ім: За каго мяне маюць людзі?
Яны ж сказалі Яму: Іаан Хрысціцель, а іншыя — Ілія, яшчэ іншыя — адзін з прарокаў.
Яны адказалі яму, кажучы: За Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, а іншыя як за аднаго з прарокаў.
І Ён спытаўся ў іх: А вы што кажаце: Хто Я? — Пётр у адказ Яму кажа: Ты — Хрыстос.
Тады сказаў ім: А вы за каго мяне маеце? Адказваючы Пётр сказаў яму: Ты ёсьць Хрыстус.
І Ён забараніў ім, каб яны нікому пра Яго не казалі.
І прыгразіў ім, каб нікому не казалі аб ім.
І Ён пачаў навучаць іх, што Сыну Чалавечаму належыць шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшынамі, і першасвятарамі, і кніжнікамі і быць забітым і праз тры дні ўваскрэснуць.
І пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын чалавечы многа цярпеў і быў адкінуты старшымі і кніжнікамі і архісьвятарамі і кніжнікамі і быў забіты і пасьля трох дзён уваскрэснуў.
І казаў Ён гэтае слова адкрыта. І, адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў пярэчыць Яму.
І гаварыў слова адкрыта. І ўзяўшы яго Пётр, пачаў дакараць яму.
Ён жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы Сваіх вучняў, забараніў Пятру і кажа: Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш ты не пра Божае, а пра чалавечае.
А ён абярнуўшыся і бачачы вучняў сваіх, прыгразіў Пятру, кажучы: Адыйдзі ад мяне, шатане, бо не разумееш, што ёсьць Божае, але што чалавечае.
І, паклікаўшы натоўп разам са Сваімі вучнямі, Ён сказаў ім: Калі хто хоча за Мною ісці ўслед, няхай адрачэцца самога сябе і хай возьме свой крыж і ідзе ўслед за Мною.
І паклікаўшы грамаду, разам з сваімі вучнямі, сказаў ім: Калі хто хоча ісьці за мною, няхай адрачэцц ад самога сябе, і няхай возьме крыж свой і ідзе за мною.
Бо хто хоча сваю душу18 ўратаваць, той загубіць яе; хто ж загубіць сваю душу дзеля Мяне і Дабравесця, уратуе яе.
Бо хто-б хацеў зьберагчы жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-ю загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне і эванэліі, зьберажэ яго.
Бо якая карысць чалавеку здабыць увесь свет, а сваёй душы пашкодзіць?
Бо якая карысьць чалавеку, калі-б ён увесь сьвет здабыў, а душы сваей пашкодзіў?
Бо што даў бы чалавек ў замен Свае душы?
Або што дасьць чалавек узамен за душу сваю?
Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў у гэтым пакаленні, чужым і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Свайго Бацькі са святымі Анёламі.
Бо хто-б паўстыдаўся і слоў маіх паміж гэтым распусным і грэшным народам, паўстыдаецца яго і Сын чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца свайго з анёламі сваімі.