Марка 8 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад П. Татарыновіча
У тыя дні, калі зноў быў вялікі натоўп і ў іх не было чаго есці, Ён, паклікаўшы вучняў, кажа ім:
У тыя дні, як шмат назбіралася народу, ды ня мелі чаго есьці, паклікаўшы сваіх вучняў, сказаў ім:
Шкада Мне народу, бо ўжо тры дні яны астаюцца пры Мне і ў іх няма чаго есці;
Шкада мне грамады, што ўжо вось тры дні пры мне трывае, ня маючы чаго есьці;
і, калі адпушчу іх галодных дадому, аслабеюць яны ў дарозе; а некаторыя з іх прыйшлі здалёку.
і калі пушчу іх галодных дамоў, паслабеюць у дарозе, некаторыя бо здалёку папрыходзілі.
І Яго вучні адказалі Яму: Адкуль хто зможа накарміць гэтых людзей хлябамі тут, у пустэльні?
Й адказалі яму ягоныя вучні: Скуль мог-бы хто накарміць іх тут хлебам у пустыні?
І Ён пытаўся ў іх: Колькі ў вас хлябоў? — Яны ж сказалі: Сем.
І спытаў іх: Колькі хлябоў маеце? Яны-ж адказваюць: Сем.
І Ён загадвае натоўпу ўзлегчы на зямлю; і, узяўшы сем хлябоў, уздаўшы падзяку, разламаў і даваў Сваім вучням, каб раздавалі, і яны раздалі натоўпу.
І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі. І, ўзяўшы сем хлябоў, ды ўчыніўшы падзяку, ламаў і даваў вучням сваім, каб раздавалі, і тыя грамадзе раздавалі.
І было ў іх трохі рыбак; і, добраславіўшы іх, Ён сказаў раздаць і гэтыя.
І мелі некулькі рыбак, ды іх пабагаславіўшы, загадаў раздаць.
І яны елі і наеліся, і назбіралі з пазасталых кавалкаў сем кашоў.
І елі і наеліся, і назбіралі астаўшыхся кавалкаў сем кашоў.
А было [едакоў] каля чатырох тысяч. І Ён адпусціў іх.
А тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.
І, адразу ўвайшоўшы ў лодку са Сваімі вучнямі, прыбыў у межы Далмануфскія.
І адразу ўвайшоўшы ў лодку із сваімі вучнямі, лучыў у межы Дальмануцкія.
І выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Ім, дамагаючыся ад Яго знака з неба, выпрабоўваючы Яго.
І выйшлі фррызэі ды пачалі з ім спрачацца, дамагаючыся ад яго знаку з неба, спакушаючы яго.
І Ён, цяжка ўздыхнуўшы ў Сваім духу, кажа: Навошта гэтае пакаленне дамагаецца знака? Сапраўды кажу вам, не будзе дадзена знака гэтаму пакаленню.
І ўздыхнуўшы ў душы, сказаў: Нашто гэты род дапамінаецца знаку? Сапраўды кажу вам, ня будзе дадзены знак роду гэтаму.
І, пакінуўшы іх, Ён зноў увайшоў у лодку і адплыў на той бок.
І адправіўшы іх, зноў увайшоў у лодку ды паплыў на другі бераг.
І забыліся яны ўзяць хлябы і апрача аднаго хлеба, больш у іх не было з сабою ў лодцы.
А забыліся ўзяць хлеба й ня мелі з сабою ў лодцы, апрача аднаго баханца.
І Ён загадаў ім, кажучы: Глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірадавай.
І загадваў ім, кажучы: Глядзеце, сьцеражэцеся закісьлі фарызэйскае, й закісьлі Гэрадавай.
І разважалі яны між сабою, [кажучы], што хлябоў у іх няма.
І разважалі міжсобку, гутарачы: Што хлеба ня маем.
І [Ісус], уведаўшы, кажа ім: Чаго разважаеце, што ў вас няма хлябоў? Ці яшчэ не цяміце і не разумееце? Ці ваша сэрца акамянелае?
Пазнаўшы гэта, Езус ім кажа: Чаго бядуеце, што хлеба ня маеце? Няўжэ яшчэ не разумееце? Няўжэ яшчэ маеце закамянелае сэрца?
Вочы маючы, не бачыце? І, вушы маючы, не чуеце? І не памятаеце?
Маючы вочы ня бачыце, й маючы вушы, ня чуеце? Ды ня помніце,
Калі пяць хлябоў Я разламаў на пяць тысяч — колькі кошыкаў, поўных кавалкаў, назбіралі? — Кажуць Яму: Дванаццаць.
як пяць хлябоў паламаў я на пяць тысяч, колькі вы поўных кашоў набралі кавалкаў? Гавораць яму: Дванаццаць.
Калі Я тыя сем — на чатыры тысячы, колькі кашоў, поўных кавалкаў, назбіралі? — І кажуць [Яму]: Сем.
І як сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі кошыкаў кускоў вы набралі? Кажуць яму: Сем.
І Ён казаў ім: Вы яшчэ не разумееце?
І сказаў ім: Якжа-ж яшчэ не разумееце?
І прыходзяць яны ў Віфсаіду. І вядуць да Яго сляпога і просяць Яго, каб Ён да яго дакрануўся.
І прыйшлі ў Бэтсаіду. І прывялі к яму сьляпога ды прасілі яго, каб дакрануўся да яго.
І, узяўшы сляпога за руку, Ён вывеў яго з сяла і, плюнуўшы яму ў вочы, усклаў на яго рукі і спытаўся ў яго: Ці бачыш што?
І ўзяўшы за руку сьляпога, вывеў яго за вёску ды, плюнуўшы на вочы ягоныя і ўзлажыўшы свае рукі, пытаўся ў яго, ці што бачыць.
І, той, пачуўшы бачыць, сказаў: Бачу людзей, што як дрэвы… заўважаю, што ходзяць.
А ён гледзячы кажа: Бачу людзей, моў дрэвы хадзячых.
Пасля Ён зноў усклаў рукі яму на вочы, і той угледзеўся і выздаравеў і стаў усё ясна бачыць.
Потым ізноў узлажыў рукі на ягоныя вочы і ён пачаў відзець. І аздаравеў так, што бачылі ўсё ясна.
І паслаў яго дадому, кажучы: І ў сяло не заходзь [і нікому ў сяле не расказвай].
І адаслаў яго дадому, кажучы: Ідзі ў дом твой, і калі ўвойдзеш у сяло, нікому не расказвай.
І пайшоў Ісус і Яго вучні ў сёлы Кесарыі Філіпавай: і ў дарозе Ён пытаўся ў Сваіх вучняў, кажучы ім: Што кажуць людзі: Хто Я?
І выйшаў Езус і вучні ягоныя ў сялібы Цэзарэі Філіпавай. А ў дарозе пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы ім: За каго мяне маюць людзі?
Яны ж сказалі Яму: Іаан Хрысціцель, а іншыя — Ілія, яшчэ іншыя — адзін з прарокаў.
Яны ў адказ яму гаварылі: За Яна Хрысціцеля, другія за Гальяша, а іншыя як за аднаго з прарокаў.
І Ён спытаўся ў іх: А вы што кажаце: Хто Я? — Пётр у адказ Яму кажа: Ты — Хрыстос.
Тады сказаў ім: А вы-ж за каго мяне маеце? У вадказ яму Пётр сказаў: Ты ёсьць Хрыстус.
І Ён забараніў ім, каб яны нікому пра Яго не казалі.
І прыгразіў ім, каб нікому не казалі аб ім.
І Ён пачаў навучаць іх, што Сыну Чалавечаму належыць шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшынамі, і першасвятарамі, і кніжнікамі і быць забітым і праз тры дні ўваскрэснуць.
Ды пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын чалавечы шмат цярпеў і быў адкінуты старшымі й архісвятарамі й кніжнікамі ды быў забіты й пасьля трох дзён згробуўстаў.
І казаў Ён гэтае слова адкрыта. І, адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў пярэчыць Яму.
І гаварыў гэтыя словы адкрыта. А Пётр, узяўшы яго, пачаў яму дакараць.
Ён жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы Сваіх вучняў, забараніў Пятру і кажа: Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш ты не пра Божае, а пра чалавечае.
Ён-жа, абярнуўшыся й паглядзеўшы на вучняў сваіх, зганіў Пятра, кажучы: Адыйдзі ад мяне, шатан ты, бо думаеш не аб тым, што Божае, але што людзкое.
І, паклікаўшы натоўп разам са Сваімі вучнямі, Ён сказаў ім: Калі хто хоча за Мною ісці ўслед, няхай адрачэцца самога сябе і хай возьме свой крыж і ідзе ўслед за Мною.
І паклікаўшы грамаду разам із сваімі вучнямі, сказаў ім: Калі хто хоча йсьці за мною, хай адрачэцца самога сябе, й хай возме крыж свой ды йдзе за мною.
Бо хто хоча сваю душу18 ўратаваць, той загубіць яе; хто ж загубіць сваю душу дзеля Мяне і Дабравесця, уратуе яе.
Хто бо маніцца ўсьцерагчы жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне й эванэліі, ўхавае яго.
Бо якая карысць чалавеку здабыць увесь свет, а сваёй душы пашкодзіць?
Бо якая карысьць чалавеку, хоць-бы ён увесь сьвет здабыў, а душы сваёй пашкодзіў?
Бо што даў бы чалавек ў замен Свае душы?
Або што дасьць чалавек узамен за душу сваю?
Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў у гэтым пакаленні, чужым і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Свайго Бацькі са святымі Анёламі.
Бо хто пастыдаўся б мяне і слоў маіх паміж гэтым распусным і грэшным народам, пастыдаецца яго й Сын чалавечы, як прыйдзе ў хвале Айца свайго з анеламі сьвятымі.