Марка 7 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад П. Татарыновіча
І збіраюцца да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Іерусаліма.
І зыйшліся к яму фарызэі ды некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Ерузаліму.
І, убачыўшы, што некаторыя з Яго вучняў ядуць хлеб нячыстымі, гэта значыць, нямытымі рукамі, [папракнулі],
І калі ўгледзелі, што некаторыя з ягоных вучняў ядуць хлеб абыднымі, гэта знача нямытымі, рукамі, зганілі.
бо фарысеі і ўсе іудзеі, калі не вымыюць старанна рук, не ядуць, пільнуючыся падання старэйшых,
Фарызэі бо ды ўсе жыды, пакуль чыста не памыюць рук, не ядуць, прыдзержваючыся ўстановы старшых.
і, вярнуўшыся з рынку, калі не абмыюцца, не ядуць і ёсць шмат іншага, чаго яны прынялі пільнавацца: мыцця чашаў, і кубкаў, і меднага посуду, [і лавак] —
І што з рынку, калі не пакропяцца, не ядуць; ды шмат чаго іншага, што ім перададзена трымацца: абмыванне кубкаў і збанкоў, і медзяное пасуды, і ўслонаў.
і пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: Чаму Твае вучні не жывуць паводле падання старэйшых, а нячыстымі рукамі ядуць хлеб?
І пыталіся ў яго кніжнікі й фарызэі: Чаму вучні твае не паступаюць паводле ўстановы старшых, але нямытымі рукамі хлеб ядуць?
Ён жа сказаў ім: Добра прарочыў Ісаія пра вас, крывадушных, як напісана: «Гэты народ вуснамі шануе Мяне, сэрца ж іх далёка адстаіць ад Мяне;
Ён-жа ў адказ гавора ім: Добра прарочыў аб вас, крывадушніках, Ізай (29,13) як напісана: «Народ гэты паважае мяне вуснамі, адыж сэрца іх ад мяне далёка;
але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэнням чалавечым запаведзям.
дарма-ж яны славяць мяне, вучачы навук і прыказанняў людзкіх».
Пакінуўшы запаведзь Божую, вы трымаецеся чалавечага падання [абмывання кубкаў і чашаў і шмат іншага, падобнага да такога, робіце вы].
Заняхаўшы бо прыказанне Божае, трымаецеся ўстановы людзкое, абмывання збанкоў і кубкаў, ды робіце шмат чаго іншага, гэтаму падобнага.
І казаў ім: Вы спрытна адхіляеце запаведзь Божую, каб ваша паданне захоўваць.
І казаў ім: Добра вы касуеце прыказанне Божае, абы толькі датрымаць установу сваю!
Бо Маісей казаў: «Шануй свайго бацьку і сваю маці» і: «Хто ліхасловіць бацьку ці маці, няхай смерцю памрэ».
Адыж Майзей сказаў: «Паважай бацьку твайго й матку тваю» і «Хто-б зняважыў бацьку або матку, сьмерцю хай умрэ» (Выйсь. 20:12; 21:16).
Вы ж кажаце: «Калі чалавек скажа бацьку ці маці: Карван (гэта значыць дар Богу) тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся», —
А вы кажаце: Калі-б чалавек сказаў бацьку ці матцы: «Корбан» (гэта знача Ахвяра) ёсьць тое, што табе, ад мяне належыцца» —
вы ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі ці маці,
і таму дапускаеце нічога ўжо больш не рабіць для бацькі свайго ці маці,
адмяняючы слова Божае вашым паданнем, якое вы перадаяце; і шмат падобнага да гэтага вы робіце.
касуючы слова Божае сваёю ўстановаю, што вы ўвялі; і шмат гэтаму падобнага вы робіце.
І, паклікаўшы зноў натоўп, Ён казаў ім: Пачуйце Мяне ўсе і зразумейце!
Ды паклікаўшы зноў грамаду, казаў ім: Паслухайце мяне ўсе й зразумейце.
Няма нічога звонку чалавека, што, уваходзячы ў яго, можа апаганіць яго, але што з чалавека выходзіць, тое апаганьвае чалавека.
Няма звонку чалавека нічога, што-б уваходзячы ў яго, магло яго апаганіць, але што з чалавека выйходзіць, гэна ёсьць, што чалавека апаганьвае.
[Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе]17.
Калі хто мае вушы слухаць, хай слухае.
І калі ад нотоўпу Ён увайшоў у дом, Яго вучні спыталіся ў Яго аб прыпавесці.
І як увайшоў ад грамады ў дом, пыталіся ў яго вучні ягоны аб прыповесьці.
І Ён кажа ім: Няўжо і вы такія някемлівыя? Не разумееце, што ўсё тое, што ўваходзіць звонку ў чалавека, не можа апаганіць яго,
І сказаў ім: Няўжо й вы гэткія няцямкія? Ці-ж не разумееце, што ўсё ўваходзячае звонку, ня можа яго зрабіць нячыстым?
бо ўваходзіць яму не ў сэрца, а ў жывот і ў адыходнае месца выходзіць, чым ачышчаецца ўсялякая ежа.
Ня ў сэрца бо ягонае ўваходзіць, а ў жывот ды ў адыход, ачышчаючы ўсякую еміну.
Ён жа казаў: Што з чалавека выходзіць, тое апаганьвае чалавека.
Дый сказаў: тое, што выйходзіць з чалавека, гэна яго апаганьвае.
Бо з сярэдзіны, з сэрца людзей, ліхія развагі выходзяць, распуста, крадзеж, забойствы,
З нутра бо, з людзкога сэрца выйходзяць благія думкі, чужалоствы, распуста, забойствы,
чужаложства, хцівасць, зласлівасць, подступ, распушчанасць, ліхое вока, блюзнерства, пыха, дурнота;
зладзействы, прагавітасьць, злоба, здрада, бясстыдзтва, ліхое вока, блюзнерства, надутасьць дурнота.
усё гэтае ліха з сярэдзіны выходзіць і апаганьвае чалавека.
Усё гэта з нутра выйходзіць і робіць чалавека нячыстым.
І, устаўшы, Ён пайшоў адтуль у ваколіцы Тыра [і Сідона]. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не ўведаў, ды не змог утаіцца;
І, ўстаўшы, падаўся ў граніцы Тыру й Сыдону. А ўвайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не даведаўся, адыж ня мог утаіцца.
бо адразу пачула пра Яго жанчына, у чыёй дачкі быў нячысты дух, і, прыйшоўшы, прыпала да Яго ног;
Зараз бо жанчына, якое дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб ім, прыйшла і ўпала да ног ягоных,
а была жанчына грачанка, сірафінікіянка родам; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з яе дачкі.
а была яна паганка, родам Сырафэніцыянка, й прасіла яго, каб выгнаў нячыстага з ейнае дачкі.
І Ён казаў ёй: Пусці спярша наесціся дзецям, бо нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.
Ён-жа сказаў ёй: Дай перш насыціцца дзецям, не гадзіцца бо аднімаць хлеб ад дзяцей ды кідаць шчанятам.
Яна ў адказ Яму кажа: [Так], Госпадзе, [але] і шчаняты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
А яна ў адказ гавора яму: Так, Усеспадару, але-ж і шчанята ядуць пад сталом ад дзяцей крошкі.
І Ён сказаў ёй: За гэтае слова — ідзі, выйшаў дэман з твае дачкі.
І сказаў ёй: За гэтае слова ідзі, выйшаў злы дух з дачкі твае.
І, пайшоўшы ў свой дом, яна знайшла, што дзіця ляжыць на ложку і дэман выйшаў.
І калі прыйшла дадому, знайшла дзяўчыну на посьцелі, а нячысты выйшаў.
І, зноў выйшаўшы з межаў Тыра, Ён прыйшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод межаў Дзесяцігораддзя.
І аддаліўшыся йзноў з граніц Тыру, прыйшоў праз Сыдон да Галілейскага мора сярод граніц Дэкаполю.
І прыводзяць да Яго глухога, які з цяжкасцю гаварыў, і просяць Яго, каб усклаў руку на яго.
І прывялі к яму глухога й нямога ды прасілі, каб узлажыў на яго руку.
І, адвёўшы яго асобна ад натоўпу, Ён уклаў Свае пальцы яму ў вушы і, плюнуўшы, дакрануўся да яго языка,
І ўзяўшы яго на бок ад народу, ўлажыў пальцы свае ў ягоныя вушы і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага,
і, узвёўшы вочы ў неба, Ён цяжка ўздыхнуў і кажа яму: «Эффафа», гэта значыць: «Расчыніся».
ды ўзглянуўшы ў неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффэта, гэта знача: адчыніся.
І адразу адчыніліся яго вушы, і развязаліся путы яго языка, і ён пачаў гаварыць чыста.
І зараз-жа адчыніліся вушы ягоны, і развязалася завязка языка ягонага й загаварыў яксьлед.
І Ён загадаў ім, каб яны нікому не казалі; але чым больш загадваў, тым больш яны разносілі вестку.
І загадаў ім, каб нікому не казалі. Але чым болей ён ім прыказваў, тым болей расслаўлялі
І надзвычай дзівіліся, кажучы: Добра ўсё Ён робіць: і глухім дае слых, і нямым — мову.
ды тым болей дзівіліся, кажучы: Добра ўсё зрабіў: і глухім вярнуў слух, і нямым мову.