Марка 5 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад П. Татарыновіча
І яны прыбылі на другі бок мора, у краіну герасінаў10.
І прыбылі на другі бок мора ў краіну Гэразэнаў.
І калі Ён выйшаў з лодкі, адразу Яго сустрэў, выйшаўшы з магільняў, чалавек, апантаны нячыстым духам,
І калі ён выйходзіў з лодкі, зараз-жа выбег з грабовішчаў на сустрэч яму чалавек, што меў нячыстага духа.
што меў прыстанішча ў магільнях, і нават ланцугамі ніхто ўжо не мог звязаць яго,
Ён меў прыстанішча ў магілах і ўжо ані ланцугамі ніхто ня мог яго звязаць,
бо шмат разоў яго звязвалі кайданамі і ланцугамі, ды ён разрываў ланцугі і раструшчваў кайданы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць;
часта бо, звязаны путамі й ланцугамі, рваў іх ды разбіваў путы й ніхто ня мог яго ўгамаваць.
і заўсёды, уночы і ўдзень, ён у магільнях і ў гарах крычаў і біўся аб каменне.
Дзень і ноч прабываў ён у грабох і горах, крычучы й бючы сябе каменнямі.
І, убачыўшы Ісуса здалёку, ён пабег і ўпаў ніцма перад Ім,
Угледзеўшы-ж Езуса здалёк, прыбег, пакланіўся яму,
і, закрычаўшы гучным голасам, кажа: Што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Усявышняга Бога? Богам Цябе заклінаю, не муч мяне!
і крычучы на ўвесь голас, казаў: Што табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Заклінаю цябе Богам, ня муч мяне!
Бо Ён казаў яму: Выйдзі, нячысты дух, з гэтага чалавека!
Ён бо казаў: Выйдзі, дух нячысты, з чалавека.
І спытаўся ў яго: Як тваё імя? — І той кажа Яму: Легіён мне імя, бо шмат нас.
Ды пытаўся яго: Як тваё ймя? Й адказаў яму: Маё імя Легіён, бо нас многа.
І вельмі прасіў Яго, каб не высылаў іх з тае зямлі.
І вельмі прасіў, каб ня высяляў іх з тае ваколіцы.
А быў там пад гарою вялікі гурт свіней на пашы;
А было там ля гары вялікае стада сьвіней на пасьвішчы.
і папрасілі Яго [ўсе дэманы], кажучы: Пашлі нас у свіней, каб мы ўвайшлі ў іх.
І прасілі яго нячысьцікі, кажучы: Пусьці, нас, каб мы ўвайшлі ў сьвінне.
І Ён дазволіў ім. І выйшаўшы, нячыстыя духі ўвайшлі ў свіней, і гурт рынуўся са стромы ў мора — тысяч з дзве — і патапіліся яны ў моры.
Езус зараз-жа дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя, ўвайшлі ў сьвінне, і табун да дзвёх тысяч шыбануў з вялікім разгонам з крутога берагу ў мора ды захлынуўся ў моры.
А іх пастухі ўцяклі і расказалі ў горадзе і ў вёсках; і людзі прыйшлі паглядзець, што здарылася.
А тыя, што пасьвілі іх, уцяклі й далі знаць у горад ды па палёх. І павыходзілі паглядзець што сталася;
І прыходзяць да Ісуса і бачаць, што апантаны дэманамі сядзіць [і] апрануты і ў здаровым розуме, — той, у якім быў легіён, — і спалохаліся.
ды прыйходзяць да Езуса й бачаць таго, што быў апанаваны дэманам, адзетага й пры сваім розуме, — дык спалохаліся.
І відавочцы расказалі ім, як было з апантаным дэманамі, і пра свіней.
А бачыўшыя расказалі ім, як сталася з абянтэжаным дэманамі ды аб сьвіннях.
І яны пачалі прасіць Яго, каб Ён адышоў з іх ваколіц.
І давай прасіць яго адыйсьці ад іхніх рубяжоў.
І калі Ён уваходзіў у лодку, той, што быў апантаны, прасіў Яго, каб быць з Ім.
Калі-ж уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны дэманамі, каб з ім быць.
Ды Ён не дазволіў яму, а кажа яму: Ідзі ў свой дом, да сваіх, і раскажы ім, як шмат зрабіў для цябе Госпад і як злітаваўся над табою.
І не дапусьціў яго, але загадаў яму: Ідзі дамоў да сваіх ды паведам іх, якія вялікія рэчы ўчыніў табе Госпад і як зжаліўся над табою.
І той пайшоў і пачаў абвяшчаць у Дзесяцігораддзі, як шмат зрабіў для яго Ісус, і ўсе здзіўляліся.
І пайшоў ды пачаў разглашаць у Дэкаполі, што зрабіў яму Езус; і ўсе дзівіліся.
І калі Ісус пераправіўся [ў лодцы] зноў на другі бок, да Яго сабраўся вялікі натоўп, а быў Ён ля мора.
А калі Езус пераправіўся на лодцы зноў на другі бераг, зыйшлася к яму вялікая грамада; і быў ён ля мора.
І прыходзіць адзін з начальнікаў сінагогі імем Іяір, і, убачыўшы Яго, падае да Яго ног
І вось прыйходзіць адзін із старшых над бажніцаю, на ймя Яір, і ўгледзеўшы яго, падае да ног яму,
і вельмі просіць Яго, кажучы: Мая дачушка пры смерці; прыйдзі, ускладзі рукі на яе, каб яна была ўратавана і выжыла.
ды вельмі просіць, гаворачы: Дачка мая канае, прыйдзі, ўзлажы руку на яе, каб аздаравела й жыла.
І Ён пайшоў з ім, і ўслед за Ім ішоў вялікі натоўп і напіраў на Яго.
І пайшоў з ім. А сьледам за ім пайшоў вялікі натаўп, ціснучыся да яго.
І была там жанчына, якая пакутавала на крывацёк дванаццаць гадоў,
Жанчына-ж, праз дванаццаць год на крываток хварэўшая,
якая шмат нацярпелася ад многіх дактароў і спусціла на іх усё, што яна мела, і нічым не ўспамаглася, а яшчэ больш заняпала,
ад дахтароў шмат выцерпеўшая, выдаючы на іх усё сваё дабро, і замесь польгі, шчэ ёй пагоршвалася, —
пачуўшы пра Ісуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Яго вопраткі;
прачуўшы пра Езуса, даціснулася праз натоўп ззаду й дакранулася да ягонай адзежыны;
бо яна казала: Калі дакрануся хоць бы да Яго вопраткі, буду ўратавана.
казала бо: як толькі да ягонага акрыцьця дакрануся, буду здарова.
І адразу высах выток яе крыві, і яна целам адчула, што вылечана ад хваробы.
І якжа высах у яе выток і пачулася на целе аздаравелай ад хваробы.
І адразу Ісус, адчуўшы ў Самім Сабе, што з Яго выйшла сіла, павярнуўся ў натоўпе і спытаўся: Хто дакрануўся да Маёй вопраткі?
Езус у той момант, пазнаўшы ўсабешне выйшаўшую із сябе магату, абярнуўся да народу й кажа: Хто дакрануўся да мае адзежыны?
І Яго вучні казалі Яму: Ты бачыш, што натоўп цісне на Цябе, і пытаешся: «Хто дакрануўся да Мяне?»
Й казалі яму яго вучні: Бачыш як тоўпіцца да цябе грамада й кажаш: «Хто да мяне дакрануўся»?
А Ён аглядваўся, каб убачыць тую, што гэта зрабіла.
Ды зірнуў навокал, каб згледзець тую, што гэта зрабіла.
Жанчына ж, з бояззю і трымценнем, ведаючы, што адбылося з ёю, падышла і ўпала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
Жанчына-ж, баючыся й дрыжачы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла, упала перад ім і сказала яму ўсю праўду.
Ён жа сказаў ёй: Дачка, твая вера ўратавала цябе; ідзі ў міры і будзь здаровая ад сваёй хваробы.
Ён-жа сказаў ёй: Дачка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакоі ды будзь здарова ад твае немачы.
Калі яшчэ Ён казаў, прыходзяць ад начальніка сінагогі і кажуць: Твая дачка памерла; што ты яшчэ турбуеш Настаўніка?
Калі шчэ ён гаварыў, прыйшлі ад старшага над бажніцай, кажучы: памярла дочанька твая, нашто шчэ турбуеш Вучыцеля?
Ісус жа, прачуўшы сказанае слова, кажа начальніку сінагогі: Не бойся, только веруй.
Езус-жа дачуўшы сказанае слова, гавора архібажнічніку: Ня бойся, толькі вер.
І не дазволіў нікому пайсці за Сабою, акрамя Пятра, Іякава і Іаана, Іякавага брата.
І не дапусьціў нікога йсьці з сабою, апроч Пятра, Якуба й Яна, брата Якубавага.
І яны прыходзяць у дом начальніка сінагогі, і Ён бачыць перапалох: людзей, што плачуць і моцна галосяць,
І прышлі ў дом старшыны бажніцы й бачыць трывогу, плачучых ды моцна галосячых.
і Ён, увайшоўшы, кажа ім: Што мітусіцеся і плачаце? Дзіця не памерла, а спіць.
І ўвайшоўшы кажа ім: Чаго плачаце й трывожыцеся? Ня ўмярла дзяўчына, але спіць.
І яны насміхаліся з Яго. Ён жа, выправадзіўшы ўсіх, забірае бацьку дзяўчынкі і маці і тых, што былі з Ім, і ўваходзіць туды, дзе была11 дзяўчынка.
І насьмяхаліся з яго. А ён, выправіўшы ўсіх, узяў бацьку й матку дзяўчаці ды тых, што былі з ім, увайходзіць, дзе ляжала дзяўчына.
І, узяўшы дзяўчынку за руку, Ён кажа ёй: Таліфа кум, што ў перакладзе значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, уставай!»
І, ўзяўшы дзяўчо за руку, гавора ёй: Таліта кумі, што знача: Дзяўчынка, табе кажу — ўстань.
І адразу дзяўчынка ўстала і хадзіла: бо было ёй дванаццаць гадоў. І яны [адразу] ўразіліся ўражаннем вялікім.
І ў той момант паднялося дзяўчатко й хадзіла; бо было ёй дванаццаць год. І астаўпянелі ўсе ад вялікага дзіва.
І Ён сурова загадаў ім, каб ніхто не ўведаў пра гэта, і сказаў, каб ёй далі есці.
І моцна прыказаў ім, каб ніхто ня ведаў аб гэтым; а ёй сказаў даць есьці.