Марка 6 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

І Ён выйшаў адтуль і прыходзіць на Сваю бацькаўшчыну, і ідуць услед за Ім Яго вучні.
 
І адыйшоўшы адтуль, падаўся ў сваю радзіму, а за ім ішлі ягоныя вучні.

І калі надышла субота, Ён пачаў вучыць у сінагозе, і многія, слухаючы, здзіўляліся, кажучы: Адкуль у Гэтага чалавека ўсё гэта? І што за мудрасць дадзена Яму? І такія цуды творацца Яго рукамі?
 
І калі настаў шабат, пачаў навучаць у бажніцы, многія-ж, слухаючы, дзівіліся з ягонай навукі, кажучы: Адкуль у яго ўсё гэта? Ды што гэта за мудрасьць, катора яму дадзена, й гэткія цуды дзеюцца ягонымі рукамі?

Ці гэта не цесля, сын Марыі і брат Іякава, і Іасіі, і Іуды, і Сімана? І ці не Яго сёстры тут у нас? — І яны зняверыліся ў Ім.
 
Або-ж ён не цесляр, сын Марыі, брат Якуба, й Язэпа, й Юды, й Сымона? Ці-ж ня тут між намі й сёстры ягоныя? І горшыліся з яго.

І казаў ім Ісус: Няма прарока без пашаны, акрамя як у сваёй бацькаўшчыне, і ў сваіх родных, і ў сваім доме.
 
Езус-жа казаў ім: Прарок ня бывае без пашаны, апрача ў сваёй бацькаўшчыне, ці ў доме сваім, ці ў радні сваёй.

І Ён не мог зрабіць там ніводнага цуду, толькі няшмат хворых вылечыў, усклаўшы на іх рукі.
 
І ня мог тамака здзеець аніводнага цуду, толькі аздаравіў хворых некулькіх, узлажыўшы рукі.

І здзіўляўся іх нявер’ю. І Ён абходзіў навакольныя сёлы і вучыў.
 
І дзівіўся з іхняга недаверства, ды хадзіў па сёлах навакольных, навучаючы.

І паклікаў да Сябе дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па два і даваў ім уладу над нячыстымі духамі,
 
І паклікаў дванаццацёх ды пачаў іх рассылаць па двух і даў ім уладу над нячыстымі духамі.

і загадаў ім, каб нічога не бралі ў дарогу, апроч аднаго посаха, — ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў пояс,
 
Ды загадаў ім, каб нічога ня бралі ў дарогу, апрача кія толькі: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у капшуку,

але каб былі абутыя ў сандалі і сказаў: Не надзявайце двух хітонаў.
 
а каб абуўшыся былі ў сандалы, ды каб не адзяваліся ў дзве вопраткі.

І казаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль не выйдзеце адтуль.
 
І казаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся там, дакуль ня выйдзеце стуль.

І калі якое месца не прыме вас, і не паслухаюць вас, — выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з-пад сваіх ног у сведчанне супроць іх. [Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе Садому ці Гаморы ў дзень суда, чым таму гораду].
 
А хто-б вас ня прыняў, ды ня слухаў-бы вас, абтрасеце, выйходзячы адтуль, пыл з ног вашых на пасветчанне ім.

І, выйшаўшы, яны прапаведавалі, каб каяліся,
 
І выйшаўшы апавяшчалі, каб каяліся;

і выганялі шмат дэманаў і шмат нямоглых мазалі алеем і вылечвалі.
 
і шмат дэманаў выганялі, а многіх немачных намашчвалі алеем і адужвалі.

І дачуўся цар Ірад, бо Яго імя зрабілася вядомым і казалі: Іаан Хрысціцель уваскрэс з мёртвых і таму цудатворныя сілы дзейнічаюць у ім.
 
І пачуў кароль Гэрад — імя бо яго сталася ведамым — і казаў: Што Ян Хрысьціцель згробуўстаў і дзеля гэтага дзеюцца праз яго цуды.

Другія ж казалі: Ён Ілія. — А іншыя казалі: Ён прарок, як12 адзін з прарокаў.
 
Другія-ж гаварылі: Гэта Гальяш. А іншыя казалі: Гэта прарок, ці адзін з прарокаў.

А Ірад, пачуўшы, казаў: Іаан, якога я абезгаловіў, гэты быў уваскрэшаны.
 
Гэрад, дачуўшыся аб гэтым, сказаў: Гэта Ян, якому я сьцяў голаў, ён устаў з умерлых.

Бо Ірад сам, паслаўшы людзей, схапіў Іаана і зняволіў яго ў турму з-за Ірадыяды, жонкі яго брата Філіпа, таму што ажаніўся з ёю;
 
Гэты бо Гэрад паслаў быў і ўзяў Яна ды звязаў яго ў вастрозе дзеля Гэрэдыяды, жонкі свайго брата Філіпа, што быў ажаніўся з ёю.

бо Іаан казаў Іраду: Не дазваляецца табе мець жонку свайго брата!
 
Бо Ян казаў Гэраду: Ня можна табе мець жонкі твайго брата.

У Ірадыяды ж была злосць на яго, і яна хацела яго забіць, ды не магла;
 
Гэрэдыяда-ж рабіла подступы супроць яго й хацела яго забіць, але не магла,

бо Ірад баяўся Іаана, ведаючы, што ён чалавек праведны і святы, і абараняў яго, і, слухаючы яго, моцна бянтэжыўся, але13 ахвотна слухаў яго.
 
бо Гэрад баяўся Яна, знаючы яго, як чалавека справядлівага й сьвятога, і сьцярог яго, дый шмат рабіў слухаючы яго, а слухаў яго ахвотна.

І надышоў зручны дзень, калі Ірад у дзень свайго нараджэння справіў банкет для сваіх вяльможаў і тысячаначальнікаў, і знатных людзей Галілеі,
 
І, як надарыўся прынагодны дзень, Гэрад з прычыны сваіх нарадзін справіў банкет вяльможам, тысячнікам і важнейшым Галілейскім.

і калі ўвайшла дачка тае Ірадыяды і станцавала, спадабалася яна Іраду і яго застольнікам. Цар сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне, што хочаш, і дам табе.
 
І калі ўвайшла дачка гэнай Гэрэдыяды і танцавала, і спадабалася Гэраду, ды тым, што разам сядзелі, кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне чаго хочаш, а дам табе.

І [моцна] пакляўся ёй: Чаго ў мяне ні папросіш, дам табе, аж да палавіны майго царства.
 
І прысягнуў ёй: Чаго-б ты не зажадала, дам табе, хоць-бы й палавіну майго каралеўства.

І, выйшаўшы, яна сказала сваёй маці: Што мне папрасіць? — І тая сказала: Галаву Іаана Хрысціцеля.
 
Яна-ж, выйшаўшы, пытае маці свае: Чаго мне прасіць? Тая кажа: Галаву Яна Хрысьціцеля.

І яна, увайшоўшы адразу з паспешлівасцю да цара, папрасіла, кажучы: Хачу, каб ты зараз жа даў мне на талерцы галаву Іаана Хрысціцеля.
 
І зараз-жа ўвайшоўшы да караля борзда, прасіла, кажучы: Хачу, каб ты цяпер вось даў мне на тацы галаву Яна Хрысьціцеля.

І вельмі засмуціўся цар, ды дзеля клятвы і застольнікаў не захацеў адмовіць ёй;
 
І зажурыўся кароль; адыж дзеля прысягі й дзеля банкетнікаў не хацеў яе засмучаць,

і, адразу паслаўшы ката, цар загадаў прынесці яго галаву. І той, пайшоўшы, абезгаловіў яго ў турме,
 
і паслаўшы ката, загадаў прынесьці галаву яго на тацы.

і прынёс яго галаву на талерцы і даў яе дзяўчыне, а дзяўчына дала яе сваёй маці.
 
І сьцяў яго ў вастрозе й прынёс галаву Яго на тацы ды аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваёй матцы.

І, пачуўшы пра гэта, яго вучні прыйшлі і ўзялі яго цела і паклалі яго ў магільню.
 
Пачуўшы аб гэтым вучні ягоны, прыйшлі й забралі цела ягона ды палажылі яго ў гробе.

І збіраюцца апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі.
 
І пасходзіліся апосталы да Езуса й расказалі яму ўсё, што рабілі й чаго навучалі.

І Ён кажа ім: Ідзіце вы самі асобна ў пустэльнае месца і трохі адпачніце. — Бо шмат народу прыходзіла і адыходзіла і нават паесці ім не было калі.
 
І сказаў ім: Пайдзеце самы на адзіноце ў бязлюднае месца ды супачыньце крыху. Так бо шмат прыходзіла й адыходзіла, што ня мелі часу й перакусіць.

І адышлі яны ў лодцы асобна ў пустэльнае месца.
 
Увайшоўшы вось-жа ў лодку, адплылі на бязлюдздзе.

І многія ўбачылі іх, калі яны адплывалі, і пазналі і збегліся туды па сушы14 з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, [і зышліся да Яго].
 
Адыж бачылі іх адплываючых і шмат хто пазнаў іх, дык збегліся пехатою туды з усіх местаў, выпераджаючы іх.

І Ён, выйшаўшы, убачыў вялікі натоўп і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі, у якіх няма пастуха, і пачаў іх шмат навучаць.
 
І выйшаўшы, пабачыў Езус грамаду вялізную, ды зжаліўся над імі, былі бо як авечкі, ня маючыя пастыра. І шмат чаго пачаў іх навучач.

І калі было позна ўжо, Яго вучні, падышоўшы да Яго, сказалі: Месца гэта пустэльнае, а ўжо час позні;
 
А калі была ўжо позная гадзіна, падышлі вучні ягоныя, кажучы: Бязлюдздзе гэтта дый пара ўжо позная,

адпусці іх, каб яны, пайшоўшы ў навакольныя вёскі і сёлы, купілі сабе што паесці15.
 
пусьці іх, хай пойдуць у ваколічныя сялібы й вёскі ды купяць сабе еміны з’есьці.

Ён жа ў адказ ім сказаў: Вы дайце ім есці. — І яны кажуць Яму: Ці не пайсці нам купіць хлеба дынарыяў на дзвесце і даць ім есці?
 
Ён-жа ў адказ гавора ім: Вы ім дайце есці. Кажуць яму: Хіба пойдземо й купімо за дзвесьце дэнараў хлеба ды дамо ім есьці.

Ён жа кажа ім: Колькі ў вас хлябоў? Ідзіце, паглядзіце. — І яны, даведаўшыся, кажуць: Пяць і дзве рыбіны.
 
А ён кажа ім: Колькі маеце хлябоў? Ідзеце паглядзеце. Яны, даведаўшыся, кажуць: Пяць, і дзве рыбы.

І Ён загадаў ім размясціць усіх групамі на зялёнай траве.
 
І загадаў ім каб рассадзілі ўсіх на зялёнай траве грамадамі.

І ўзляглі яны радамі па сто і па пяцьдзясят.
 
І паселі радамі па сто й па пяцьдзесят.

І Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеўшы на неба, дабраславіў і разламаў хлябы і даваў [Сваім] вучням, каб яны падавалі ім, і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.
 
І ўзяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы ды ўзглянуўшы ў неба, багаславіў і ламаў хлябы ды даваў сваім вучням, каб клалі перад імі; і дзве рыбы падзяліў усім.

І елі ўсе і наеліся,
 
І елі ўсе й наеліся.

і назбіралі дванаццаць кошыкаў, поўных кавалкаў хлеба і рэшткаў ад рыбы.
 
Ды назбіралі што асталося ад кускоў і ад рыбаў дванаццаць поўных кашоў.

А было едакаў [хлеба]16 пяць тысяч мужчын.
 
А тых, што елі, было пяць тысяць мужчын.

І Ён адразу прымусіў Сваіх вучняў увайсці ў лодку і плысці ўперад на другі бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпускае натоўп.
 
І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў лодку, каб паплыць перад ім на той бераг да Бэтсаіды, пакуль ён сам распусьціць гарод.

І, развітаўшыся з імі, пайшоў на гару памаліцца.
 
І адправіўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.

І калі надышоў вечар, лодка была пасярэдзіне мора, а Ён адзін на беразе.
 
А як ужо павячарэла, лодка была пасярэдзіне мора, ён-жа сам адзін на сушы.

І, убачыўшы, як яны надрываюцца, вяслуючы, бо вецер быў супроць іх, каля чацвёртай варты ўночы прыходзіць Ён да іх, ідучы па моры; і хацеў абмінуць іх.
 
І відзячы іх, як мучыліся пры вёслах (быў бо супраціўны вецер), каля чацьвёртае начное варты прыйшоў да іх, ідучы па моры — і хацеў іх мінуць.

Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і ўскрыкнулі:
 
Яны-ж, убачыўшы яго ступаючага па моры, думалі, гэта здань і закрычалі.

бо ўсе ўбачылі Яго і ўразіліся. Ён жа адразу загаварыў да іх і кажа ім: Адважней, гэта я, не бойцеся.
 
Усе бо бачылі яго і стрывожыліся. Дык зараз-жа прагаварыў да іх і сказаў ім: Схамянецеся, гэта я, ня бойцеся.

І ўзышоў да іх у лодку, і вецер суняўся. І яны [надзвычайна] моцна самі ў сабе дзівіліся;
 
Ды ўвайшоў к ім у лодку і вецер аціх. І шчэ болей дзівіліся ўсабешне,

бо не ўразумелі яны цуду з хлябамі, сэрца ж іх было скамянелае.
 
бо не зразумелі аб хлябох, затым, што сэрца іх было закамянелае.

І, пераправіўшыся, прыплылі яны ў зямлю Геннісарэцкую і прычалілі.
 
І, пераплыўшы, прыбылі ў зямлю Гэназарэцкую ды прысталі да берагу.

І, калі яны выйшлі з лодкі, людзі, адразу пазнаўшы Яго,
 
Калі-ж выйшлі з лодкі, якбач пазналі яго;

аббеглі ўсю тую ваколіцу і пачалі на пасцелях прыносіць нямоглых туды, дзе, яны чулі, Ён знаходзіцца.
 
і абягаючы ўсю тую краіну, пачалі зносіць на ношах тых, што дрэнна меліся, дзе чулі, ён ёсьць.

І, дзе б Ён ні ўваходзіў у сёлы, ці ў гарады, ці ў вёскі, клалі хворых на рыначных плошчах і прасілі Яго, каб ім хоць бы да краю вопраткі Яго дакрануцца; і ўсе, хто дакрануўся да Яго, вылечваліся.
 
І куды-б ён не ўвайходзіў, у сёлы, ці ў мястэцкі, ці ў гарады, клалі хворых на вуліцах і малілі яго, каб дакрануцца хоць краю адзеньня ягонага. І хто толькі дакрануўся, аздараўляўся.