Марка 6 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

І Ён выйшаў адтуль і прыходзіць на Сваю бацькаўшчыну, і ідуць услед за Ім Яго вучні.
 
I выйшаў адтуль і прыйшоў на сваю радзіму; за Ім ішлі і вучні Ягоныя.

І калі надышла субота, Ён пачаў вучыць у сінагозе, і многія, слухаючы, здзіўляліся, кажучы: Адкуль у Гэтага чалавека ўсё гэта? І што за мудрасць дадзена Яму? І такія цуды творацца Яго рукамі?
 
Калі прыйшла сыбота, Ён пачаў навучаць у сынагозе; і многія, якія слухалі Яго навуку, з падзіўленьнем, гаварылі: — адкуль Ён бярэ ўсё гэта? і што за мудрасьць дадзена Яму, што і цуды гэткія ўчыняюцца рукамі Ягонымі?

Ці гэта не цесля, сын Марыі і брат Іякава, і Іасіі, і Іуды, і Сімана? І ці не Яго сёстры тут у нас? — І яны зняверыліся ў Ім.
 
Ці-ж ня цесьля гэта, сын Марыі, брат Якуба, Йосіі, Юды і Сымона, і ці-ж ня сёстры Ягоныя тут пасярод нас? і блазнавалі над Ім.

І казаў ім Ісус: Няма прарока без пашаны, акрамя як у сваёй бацькаўшчыне, і ў сваіх родных, і ў сваім доме.
 
Ісус-жа казаў ім: — ня бывае прарока без павагі, хіба толькі на радзіме сваёй, ці між радні, ці ў доме сваім.

І Ён не мог зрабіць там ніводнага цуду, толькі няшмат хворых вылечыў, усклаўшы на іх рукі.
 
I не стварыў там ніякага цуду, толькі аздаравіў некаторых нядужых, усклаўшы на іх рукі.

І здзіўляўся іх нявер’ю. І Ён абходзіў навакольныя сёлы і вучыў.
 
I дзівіўся з недаверства іхнага; і хадзіў па навакольных паселішчах, навучаючы.

І паклікаў да Сябе дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па два і даваў ім уладу над нячыстымі духамі,
 
Паклікаўшы-ж дванаццацёх, пачаў пасылаць іх па двух, і даў ім уладу над духамі нячыстымі.

і загадаў ім, каб нічога не бралі ў дарогу, апроч аднаго посаха, — ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў пояс,
 
I даў настаўленьні — у дарогу нічога ня браць, апрача падарожнага кія: ані торбы, ані хлеба, ані медзякоў у поясе.

але каб былі абутыя ў сандалі і сказаў: Не надзявайце двух хітонаў.
 
На абутак сандалі, а на адзеньне — адна адзежына.

І казаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль не выйдзеце адтуль.
 
I гаварыў ім: — калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце з таго места.

І калі якое месца не прыме вас, і не паслухаюць вас, — выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з-пад сваіх ног у сведчанне супроць іх. [Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе Садому ці Гаморы ў дзень суда, чым таму гораду].
 
Калі-ж хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць вас, адыходзячы адтуль, абтрасеце пыл з ног вашых, на сьвядоцтва супраць іх; папраўдзе кажу вам: лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень Судны, ніж месту таму.

І, выйшаўшы, яны прапаведавалі, каб каяліся,
 
Яны пайшлі, і абвяшчалі і клікалі да пакаяньня.

і выганялі шмат дэманаў і шмат нямоглых мазалі алеем і вылечвалі.
 
І выганялі шмат злыдухаў, і ацалялі многіх нядужых, памазваючы іх алеем.

І дачуўся цар Ірад, бо Яго імя зрабілася вядомым і казалі: Іаан Хрысціцель уваскрэс з мёртвых і таму цудатворныя сілы дзейнічаюць у ім.
 
Кароль Ірад, пачуўшы пра Ісуса, — бо Імя Яго было разгалошана, — гаварыў: — гэта Ян Хрысьціцель уваскрос з мёртвых, дзеля гэтага цуды праз яго дзеюцца.

Другія ж казалі: Ён Ілія. — А іншыя казалі: Ён прарок, як12 адзін з прарокаў.
 
Іншыя-ж гаварылі: — гэта Ільля, — а іншыя, што гэта прарок, ці адзін з прарокаў.

А Ірад, пачуўшы, казаў: Іаан, якога я абезгаловіў, гэты быў уваскрэшаны.
 
Ірад, пачуўшы, сказаў: — гэта Ян, якому я сьцяў галаву, ён паўстаў з мёртвых.

Бо Ірад сам, паслаўшы людзей, схапіў Іаана і зняволіў яго ў турму з-за Ірадыяды, жонкі яго брата Філіпа, таму што ажаніўся з ёю;
 
Бо той самы Ірад паслаў узяць Яна і, зьвязаўшы, ўкінуць яго ў цямніцу за Ірадыяду — жонку брата свайго Піліпа, — якую ўзяў сабе за жонку.

бо Іаан казаў Іраду: Не дазваляецца табе мець жонку свайго брата!
 
Бо Ян казаў Іраду: — ня можна табе мець жонку брата твайго.

У Ірадыяды ж была злосць на яго, і яна хацела яго забіць, ды не магла;
 
Ірадыяда-ж, узлаваўшыся на яго, шукала спосабу забіць яго, але не магла.

бо Ірад баяўся Іаана, ведаючы, што ён чалавек праведны і святы, і абараняў яго, і, слухаючы яго, моцна бянтэжыўся, але13 ахвотна слухаў яго.
 
Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы яго, як чалавека справядлівага і сьвятога, і сьцярог яго, і часта рабіў, слухаючы яго, і слухаў яго з павагай.

І надышоў зручны дзень, калі Ірад у дзень свайго нараджэння справіў банкет для сваіх вяльможаў і тысячаначальнікаў, і знатных людзей Галілеі,
 
І надыйшоў адпаведны дзень, калі Ірад у дзень сваіх народзін спраўляў банкет для вяльможаў сваіх, тысячнікаў і старшыняў Галілейскіх.

і калі ўвайшла дачка тае Ірадыяды і станцавала, спадабалася яна Іраду і яго застольнікам. Цар сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне, што хочаш, і дам табе.
 
I дачка тэй Ірадыяды, увайшоўшы, танцавала і ўзьвесяліла Ірада і гасьцей яго; тады сказаў кароль дзяўчыне: — прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе.

І [моцна] пакляўся ёй: Чаго ў мяне ні папросіш, дам табе, аж да палавіны майго царства.
 
І кляўся ёй: — чаго-б ні папросіла, дам табе, хоць бы палову каралеўства майго.

І, выйшаўшы, яна сказала сваёй маці: Што мне папрасіць? — І тая сказала: Галаву Іаана Хрысціцеля.
 
Яна-ж выйшла і папыталася ў маці свае, чаго прасіць, тая-ж адказала: — галаву Яна Хрысьціцеля.

І яна, увайшоўшы адразу з паспешлівасцю да цара, папрасіла, кажучы: Хачу, каб ты зараз жа даў мне на талерцы галаву Іаана Хрысціцеля.
 
І ўраз-жа, вярнуўшыся борзда да караля, папрасіла, кажучы: — хачу, каб ты даў мне цяпер-жа на падносе галаву Яна Хрысьціцеля.

І вельмі засмуціўся цар, ды дзеля клятвы і застольнікаў не захацеў адмовіць ёй;
 
Кароль засмуціўся, але з увагі на кляцьбу і на гасьцей сваіх, не захацеў адмовіць ёй.

і, адразу паслаўшы ката, цар загадаў прынесці яго галаву. І той, пайшоўшы, абезгаловіў яго ў турме,
 
І у той-жа час, паслаўшы ката, кароль загадаў прынесьці галаву яго; той пайшоў і сьцяў галаву яму ў цямніцы.

і прынёс яго галаву на талерцы і даў яе дзяўчыне, а дзяўчына дала яе сваёй маці.
 
I прынёс галаву на падносе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй.

І, пачуўшы пра гэта, яго вучні прыйшлі і ўзялі яго цела і паклалі яго ў магільню.
 
Вучні-ж ягоныя, дачуўшыся, прыйшлі і узялі цела яго і палажылі яго ў гробе.

І збіраюцца апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі.
 
Апосталы-ж, вярнуўшыся, зыйшліся ўсе да Ісуса, і расказалі Яму ўсё, што яны стварылі і чаго навучылі.

І Ён кажа ім: Ідзіце вы самі асобна ў пустэльнае месца і трохі адпачніце. — Бо шмат народу прыходзіла і адыходзіла і нават паесці ім не было калі.
 
I Ён сказаў ім: — пайдзеце вы самі адны ў месца зацішное і супачыньце крыху; бо так шмат да іх прыходзіла і адыходзіла, што і есьці ім было некалі.

І адышлі яны ў лодцы асобна ў пустэльнае месца.
 
І, увайшоўшы ў лодку, адплылі ў месца безьлюднае адны.

І многія ўбачылі іх, калі яны адплывалі, і пазналі і збегліся туды па сушы14 з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, [і зышліся да Яго].
 
Але многія бачылі, як адыходзілі і пазналі іх, і беглі туды пешша з усіх местаў і, апярэдзіўшы іх, зьбегліся да Яго.

І Ён, выйшаўшы, убачыў вялікі натоўп і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі, у якіх няма пастуха, і пачаў іх шмат навучаць.
 
Ісус, выйшаўшы, убачыў шмат людзей, і зьлітаваўся над імі, бо былі, як авечкі, без пастуха; і пачаў шмат чаго навучаць іх.

І калі было позна ўжо, Яго вучні, падышоўшы да Яго, сказалі: Месца гэта пустэльнае, а ўжо час позні;
 
І калі прайшло шмат часу, ужо на зыходзе дня падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: — месца тут пустыннае, а час ужо позьні.

адпусці іх, каб яны, пайшоўшы ў навакольныя вёскі і сёлы, купілі сабе што паесці15.
 
Адпусьці іх, каб маглі пайсьці ў акалічныя вёскі купіць сабе хлеба, бо ня маюць чаго есьці.

Ён жа ў адказ ім сказаў: Вы дайце ім есці. — І яны кажуць Яму: Ці не пайсці нам купіць хлеба дынарыяў на дзвесце і даць ім есці?
 
Ён-жа ў адказ сказаў: ім: — вы дайце ім есьці, — яны-ж кажуць Яму: — можам пайсьці купіць за дзьвесьце дынараў хлеба і даць ім есьці.

Ён жа кажа ім: Колькі ў вас хлябоў? Ідзіце, паглядзіце. — І яны, даведаўшыся, кажуць: Пяць і дзве рыбіны.
 
Але Ён сказаў ім: — колькі хлябін вы маеце, пайдзеце паглядзеце; яны, даведаўшыся, сказалі — пяць хлябін і дзьве рыбы.

І Ён загадаў ім размясціць усіх групамі на зялёнай траве.
 
Тады загадаў ім рассадзіць усіх гурткамі на зялёнай траве.

І ўзляглі яны радамі па сто і па пяцьдзясят.
 
I паселі радамі па сто і па пяцьдзесят.

І Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеўшы на неба, дабраславіў і разламаў хлябы і даваў [Сваім] вучням, каб яны падавалі ім, і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.
 
I узяўшы пяць хлябін і дзьве рыбы, узглянуў у неба і, дабраславіўшы, разламаў хлябы і даў вучням сваім, каб разлажылі прад людзьмі; і дзьве рыбы разьдзяліў на ўсіх.

І елі ўсе і наеліся,
 
I елі ўсе і задаволіліся.

і назбіралі дванаццаць кошыкаў, поўных кавалкаў хлеба і рэшткаў ад рыбы.
 
I набралі кускоў хлеба і астаткаў ад рыб дванаццаць поўных карабоў.

А было едакаў [хлеба]16 пяць тысяч мужчын.
 
Было-ж усіх, хто спажываў яду, пяць тысяч мужоў.

І Ён адразу прымусіў Сваіх вучняў увайсці ў лодку і плысці ўперад на другі бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпускае натоўп.
 
I зараз-жа загадаў вучням Сваім увайсьці ў лодку ды плысьці перад Ім на другі бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць народ.

І, развітаўшыся з імі, пайшоў на гару памаліцца.
 
Адпусьціўшы-ж народ, пайшоу на гару памаліцца.

І калі надышоў вечар, лодка была пасярэдзіне мора, а Ён адзін на беразе.
 
Позным вечарам лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.

І, убачыўшы, як яны надрываюцца, вяслуючы, бо вецер быў супроць іх, каля чацвёртай варты ўночы прыходзіць Ён да іх, ідучы па моры; і хацеў абмінуць іх.
 
I ўбачыў іх у трывозе і турбоце, бо вецер быў супраціўны, а каля чацьвёртай старожы ночнай падыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў мінаць іх.

Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і ўскрыкнулі:
 
Яны-ж, убачыўшы Яго ідучы па моры, падумалі, што гэта здань, і закрычалі.

бо ўсе ўбачылі Яго і ўразіліся. Ён жа адразу загаварыў да іх і кажа ім: Адважней, гэта я, не бойцеся.
 
Бо ўсе бачылі Яго, і перапужаліся; тады ўраз-жа загаварыў да іх, прамовіўшы: — сьмелыя будзьце, гэта Я, ня бойцеся.

І ўзышоў да іх у лодку, і вецер суняўся. І яны [надзвычайна] моцна самі ў сабе дзівіліся;
 
I ўвайшоў да іх у лодку, і вецер улёгся, яны-ж моцна сумеліся ў сабе і дзівіліся.

бо не ўразумелі яны цуду з хлябамі, сэрца ж іх было скамянелае.
 
Бо яны ня ўсьведамілі цуда з хлебамі, бо сэрцы іхныя былі зацемленыя.

І, пераправіўшыся, прыплылі яны ў зямлю Геннісарэцкую і прычалілі.
 
I пераплыўшы прыбылі ў зямлю Гэнісарэцкую і прысталі да берагу.

І, калі яны выйшлі з лодкі, людзі, адразу пазнаўшы Яго,
 
Калі яны выйшлі з лодкі, людзі зараз-жа пазналі Яго.

аббеглі ўсю тую ваколіцу і пачалі на пасцелях прыносіць нямоглых туды, дзе, яны чулі, Ён знаходзіцца.
 
I, абегшы ўсю тую аколіцу, пачалі прыносіць хворых на ложах іхных, туды, дзе думалі Ён быў.

І, дзе б Ён ні ўваходзіў у сёлы, ці ў гарады, ці ў вёскі, клалі хворых на рыначных плошчах і прасілі Яго, каб ім хоць бы да краю вопраткі Яго дакрануцца; і ўсе, хто дакрануўся да Яго, вылечваліся.
 
I куды-б ні прыходзіў Ён — ці ў пасёлкі, ці ў вёскі, ці ў месты, — клалі хворых на плошчах, і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю адзеньня Ягонай; і хто дакранаўся да Яго, быў ацалены.