Марка 13 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Міхася Міцкевіча
І, калі Ён выходзіў са святыні, кажа Яму адзін з Яго вучняў: Настаўніку, паглядзі, якое каменне і якія будынкі!
I калі Ён выходзіў з храму, адзін з вучняў Ягоных кажа Яму: — Вучыцель! глянь, якія камяніцы і што за будыніны!
І Ісус сказаў яму: Бачыш гэтыя вялікія будынкі? Ні ў якім разе не астанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны.
Ісус у адказ сказаў яму: — заглядзіўся ты на гэтыя велічныя будыніны? не астанецца тут каменя на камені, якія-б ня былі разбураны.
І калі Ён сядзеў на Аліўнай гары насупроць святыні, пыталіся ў Яго на адзіноце Пётр, Іякаў, Іаан і Андрэй:
I калі Ён сядзеў на гары Аліўнай, насупраць храму, пыталіся ў Яго на самоце Пётра, Якуб, Ян і Андрэй:
Скажы нам, калі гэта будзе і які будзе знак, калі ўсё гэта пачне заканчвацца?
Скажы нам, калі гэта будзе, і якая азнака таго, калі гэта ўсё павінна стацца?
І Ісус пачаў казаць ім: Глядзіце, каб хто вас не звёў у зман:
І ў адказ Ісус пачаў гаварыць: — сьцеражэцеся, каб хто не спакусіў вас.
многія прыйдуць пад Маім імем, кажучы: «Гэта Я», і многіх звядуць у зман.
Бо многія прыйдуць пад імём Маім, і будуць гаварыць — гэта Я, — і многіх зьвядуць.
Калі ж пачуеце пра войны і ваенныя пагалоскі, не трывожцеся: гэта павінна адбыцца, але гэта яшчэ не канец.
Калі-ж пачуеце пра войны, ці пагалоскі пра войны, ня бойцеся — належыць гэтаму быць, але гэта яшчэ не канец.
Бо паўстане народ на народ і царства на царства, будуць землятрусы месцамі, будзе голад [і смуты]; гэта пачатак родавых боляў.
Бо паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства, і будуць землятрасеньні мясцамі, і будуць галадоўлі і завірухі, гэта будзе пачатак злыбедаў.
Глядзіце ж вы за сабою; будуць аддаваць вас у сінедрыёны і будуць біць у сінагогах і перад намеснікамі і царамі будуць вас ставіць з-за Мяне на сведчанне ім.
Трымайцеся-ж вы самі; бо выдаваць будуць вас у судзілішчы, і будзеце пабіваныя ў сынагогах, ды пастаўлены будзеце прад правіцелямі і ўладарамі за Мяне, на сьветчаньне ім.
Але ва ўсіх народах спярша павінна быць абвешчана Евангелле.
А перад гэтам народам усім мае быць абвешчана Евангельле.
І калі вас павядуць, выдаючы, не турбуйцеся загадзя, што вам сказаць, а што вам будзе дадзена ў тую гадзіну, тое кажыце: бо не вы будзеце казаць, а Святы Дух.
Калі-ж павядуць вас навыданьне, ня турбуйцеся наперад, што маеце гаварыць, але, што будзе вам дадзена ў тую часіну, тое гаварэце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.
І выдасць брат брата на смерць і бацька дзіця, і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх;
І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзіцей, і паўстануць дзеці на бацькоў і ўсьмерцяць іх.
і будуць усе вас ненавідзець з-за Майго імя. Але хто выстаіць да канца, будзе ўратаваны.
І будзеце зьненавіджаны ўсімі за Імя Маё; але хто выцерпіць да канца, збавёны будзе.
Калі ж убачыце брыдоту спусташэння, [пра якую сказана Даніілам прарокам і] якая стаіць там, дзе не павінна быць, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, хто ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы,
Калі-ж пабачыце агіду спусташэньня, пра што казаў прарок Даніель, якая паўстала ў месцы, дзе не павінна быць — хто чытае, няхай разумее — тады хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы.
хто [ж] на даху, няхай не спускаецца і не ўваходзіць узяць што са свайго дому,
А хто на страсе, няхай ня злазіць і не ўваходзіць у дом узяць чаго-небудзь з дому свайго.
і хто ў полі, няхай не вяртаецца назад узяць сваё адзенне.
А хто на полі, няхай не варачаецца ўзяць адзеньне сваё.
Бяда ж тым, хто мае ва ўлонні, і тым, што кормяць грудзьмі ў гэтыя дні!
Гора цяжарным і карміцелькам грудных немаўлят у дні тыя.
Маліцеся ж, каб не здарылася гэта34 зімою:
Малецеся-ж, каб ня сталася гэтае узімку.
бо тыя дні будуць такім горам, якога не было ад пачатку свету, што стварыў Бог, аж дагэтуль, і не будзе ніколі.
Бо ў дні тыя будзе такая скруха, якой ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.
І калі б не скараціў Госпад гэтых дзён, не ўратавалася б нішто жывое; але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, Ён скараціў гэтыя дні.
І калі-б Госпад не скараціў дзён тых, не ўхавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў дні тыя.
І тады, калі хто вам скажа: «Вось, тут Хрыстос», «Вось, там», — не верце;
Тады, калі хто вам скажа: — вось тут Хрыстос, ці — вось там, — ня верце.
бо паўстануць ілжэхрысты і лжэпрарокі і будуць рабіць знакі і цуды, каб звесці ў зман, калі можна, [і] выбраных.
Бо паўстануць ілжывыя Хрысты ды ілжывыя прарокі, ды пакажуць знаменьні і цуды, каб зьвясьці, калі змога, нават і выбраных.
Вы ж глядзіце: Я наперад сказаў вам усё.
Вы-ж сьцеражэцеся, вось Я наперад сказаў вам усё.
Але ў тыя дні пасля гора таго, сонца зацьміцца і месяц не дасць свайго святла,
Але ў тыя дні, пасьля скрухі тэй, сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго.
і зоркі будуць падаць з неба і сілы, што ў нябёсах, захістаюцца.
I зоры будуць падаць з неба, і сілы нябесныя зрушацца.
І тады ўбачаць Сына Чалавечага, што будзе ісці ў воблаках з вялікаю сілаю і славаю.
I тады убачаць Сына Чалавечага, які прыйходзіць на воблаках з сілаю вялікаю і славаю.
І тады пашле Ён Анёлаў і збярэ [Сваіх] выбраных ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
I тады пашле ангелаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх, ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
Ад фігавага ж дрэва вучыцеся праз прыпадабненне: калі яго галіна ўжо мякчэе і выпускае лісце, вы ведаеце, што блізка лета;
Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галінкі яе мякчэюць, і распускаецца лісьце, ведайце, што набліжаецца лета.
так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
Гэтак і вы: калі ўбачыце, што ўсё гэта збываецца, ведайце, што блізка ўжо, пры дзьвярох.
Сапраўды кажу вам, што ні ў якім разе не праміне гэтае пакаленне, як усё гэта спраўдзіцца.
Запраўды, кажу вам: не праміне род гэты, калі ўсё гэта станецца.
Неба і зямля мінуць, а Мае словы не мінуць.
Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
Але пра той дзень ці гадзіну не ведае ніхто, ні Анёлы ў небе, ні Сын, а толькі Бацька.
Дня-ж таго, ані часу, ніхто ня ведае: ані ангелы ў небе, ані Сын, а толькі Айцец.
Глядзіце, будзьце пільныя, [і маліцеся]: бо не ведаеце, калі надыдзе часіна.
Глядзеце-ж, чувайце і малецеся, бо ня ведаеце, калі настане час.
Гэта як чалавек, што выехаў з краю і пакінуў свой дом і даў сваім слугам уладу [і] кожнаму — сваю працу, а брамніку загадаў, каб быў чуйны.
Падобна, як чалавек, адыйходзячы ў падарож, пакідаючы дом свой, даверыў слугам сваім, што кажны павінен рабіць, і загадаў вартаўніку пры варотах быць чуйным.
Дык будзьце чуйныя: бо не ведаеце, калі прыходзіць гаспадар дома: увечары, ці апоўначы, ці ў пеўневыя галасы, ці раніцаю,
Дык чувайце і вы, бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: ці ўвечары, ці апоўначы, ці пры сьпеве пеўняў, ці нараніцы.
каб, прыйшоўшы неспадзявана, не заспеў вас у сне.
Каб, прыйшоўшы нечакана, не застаў вас заспанымі.
А што вам кажу, тое ўсім кажу: Будзьце чуйныя!
А што кажу вам — усім кажу: чувайце!