Марка 14 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

А за два дні надыходзіла Пасха і Свята Праснакоў. І першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы Яго схапіць хітрасцю і забіць;
 
Было два дні да Пасхі і сьвята Прэсьнікаў; архісьвятары і кніжнікі сачылі, каб схапіць Яго тайком і усьмерціць.

бо яны казалі: Толькі не ў свята, каб не было замяшання ў народае.
 
Але гаварылі — толькі ня ў сьвята, каб часам не паўстала забурэньне ў народзе.

І калі Ён быў у Віфаніі, у доме пракажонага Сімана і ўзлягаў, прыйшла жанчына з алябастравым флаконікам міра з чыстага, найкаштоўнейшага нарда; [і] разбіўшы флаконік, яна ўзліла Яму на галаву.
 
Калі ж Ён быў у Віфаніі, у доме Сымана запракажанага, і супачываў за сталом, прыйшла жанчына і прынесла ў алябастравым слоіку чыстае дарагое нардовае міра, і разьбіўшы пасудзіну, узьліла Яму на галаву.

А былі ж некаторыя, што абураліся між сабою, [кажучы]: Навошта рабіць гэткую трату міра?
 
Некаторыя-ж абураліся ў думках і гаварылі між сабою: — нашто гэткі глум міра?

Бо гэтае міро можна было б прадаць больш за трыста дынарыяў і раздаць убогім. — І сурова выгаворвалі ёй.
 
Можна-ж было-б прадаць яго больш як за трыста дынараў і раздаць убогім, і дакаралі ёй.

Ісус жа сказаў: Пакіньце яе; што вы робіце ёй прыкрасць. Добры ўчынак яна Мне зрабіла.
 
Але Ісус сказаў: — ня турбуйце яе, нашто спрычыняеце ёй прыкрасьць? яна добры ўчынак зрабіла для Мяне.

Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою і, калі хочаце, можаце ім зрабіць дабро, Мяне ж не заўсёды маеце.
 
Убогіх заўсёды маеце каля сябе, і можаце рабіць ім дабро, колькі захочаце; Мяне-ж не заўсёды маеце.

Што магла, яна зрабіла: загадзя памазала Маё цела для пахавання.
 
Яна зрабіла, што магла: намасьціла цела Маё да пахаваньня.

Праўду ж кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Евангелле ва ўсім свеце, дык і пра тое, што зрабіла яна, будзе сказана ў яе памяць.
 
Папраўдзе кажу вам: усюды, дзе толькі будзе абвешчана Евангельле гэтае, сказана будзе пра ўчынак яе, на ўспамін пра яе.

А Іуда Іскарыёт, адзін з дванаццаці, пайшоў да першасвятароў, каб выдаць Яго ім.
 
Юда-ж Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятароў, каб прадаць Яго ім.

Яны ж, пачуўшы, усцешыліся і абяцалі даць яму серабра. І ён шукаў, як бы ў зручны час выдаць Яго.
 
Яны, пачуўшы гэтае, усьцешыліся і абяцалі даць яму срэбранікаў; і ён шукау зручнага моманту, каб прадаць Яго.

І ў першы дзень Праснакоў, калі ў ахвяру прыносілі пасху35, Яго вучні кажуць Яму: Куды хочаш, каб мы пайшлі і падрыхтавалі Табе спажыць Пасху?
 
А ў першы дзень Прэсьнікаў, калі прыносілі пасхальную ахвяру, кажуць Яму вучні Ягоныя: — дзе хочаш спажываць Пасху? мы пойдзем і прыгатуем.

І Ён пасылае двух са Сваіх вучняў і кажа ім: Ідзіце ў горад і сустрэнецца вам чалавек, што будзе несці збанок вады; ідзіце ўслед за ім;
 
І Ён паслаў двух вучняу Сваіх і сказаў ім: — ідзеце да места, і сустрэнецца вам чалавек, нясучы збан вады; за ім ідзеце.

і куды ён увойдзе, скажыце гаспадару дома: «Настаўнік кажа: «Дзе мой пакой, у якім спажыў бы пасху з Маімі вучнямі?»
 
І куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дому таго: — Вучыцель пытаецца, дзе пакой, у якім-бы Мне спажываць Пасху з вучнямі Маімі.

І ён вам пакажа вялікі верхні пакой, усланы, гатовы: там і падрыхтуйце нам.
 
I ён пакажа вам сьвятліцу, вялікую, прыбраную, гатовую, — там прыгатуйце нам.

І пайшлі вучні і прыйшлі ў горад і знайшлі ўсё, як Ён казаў ім, і падрыхтавалі пасху.
 
I вучні Яго пайшлі, і прышлі да места, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі Пасху.

І калі настаў вечар, прыходзіць Ён з дванаццаццю.
 
I калі настаў вечар, Ён прыйшоў з дванаццацьма.

І калі яны ўзляглі і елі, Ісус сказаў: Сапраўды кажу вам: адзін з вас выдасць Мяне: ён есць са Мною.
 
Калі-ж яны сядзелі за сталом і елі, Ісус сказаў: — папраўдзе кажу вам, адзін з вас, хто есьць са Мною, прадасьць Мяне.

Яны зажурыліся і пачалі казаць Яму адзін за адным: Дык не я ж? [І другі: Дык не я]?
 
Яны-ж засмуціліся ды адзін па адным пачалі гаварыць Яму: — ці ня я? — i іншы — ці ня я?

Ён жа сказаў ім: Адзін з дванаццаці, што мачае са Мною ў міску.
 
Ён-жа ў адказ сказаў ім: — адзін з дванаццацёх, які макае са Мною ў місу.

Бо Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, ды бяда таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; лепш было б таму чалавеку, калі б ён не нарадзіўся.
 
Але Сын Чалавечы йдзе, як напісана пра Яго; гора-ж таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы прадаецца, лепш было-б чалавеку таму не раджацца.

І, калі яны елі, Ён, узяўшы хлеб, добраславіўшы, разламаў і даў ім і сказаў: Вазьміце, [ешце], гэта цела Маё.
 
I калі яны елі, Ісус узяў хлеб, дабраславіў, пераламаў і даў ім, сказаушы: — вазьмеце і спажывайце — гэта Цела Маё.

І, узяўшы чашу, падзякаваўшы, даў ім, і пілі з яе ўсе.
 
I ўзьняўшы чашу, узьнёс падзяку і падаў ім, і пілі з яе ўсе.

І Ён сказаў ім: Гэта Мая Кроў [Новага] Запавету, што праліваецца за многіх.
 
I сказаў ім: — гэта кроў Мая Новага Запавету, праліваная за многіх.

Сапраўды кажу вам, што ўжо ні ў якім разе не буду піць ад плоду вінаграднай лазы аж да таго дня, калі буду піць яго новым у Царстве Божым.
 
Папраўдзе кажу вам: Я ўжо ня буду піць ад плёну вінаграднага аж да дня, калі буду піць віно новае у Ўладарстве Божым.

І, праспяваўшы гімн, яны выйшлі на Аліўную гару.
 
I прапяяўшы, адыйшлі на гару Аліўную.

І Ісус кажам ім: Усе вы зняверыцеся [ўва Мне ў гэтую ноч], бо напісана: «Удару пастуха і рассеюцца авечкі».
 
I кажа ім Ісус: — усе вы адступецеся ад Мяне ў гэтую ноч, як напісана пра гэта: «зьвераджу пастыра, і разьбягуцца авечкі».

Але пасля таго, як Я буду ўваскрэшаны, Я апярэджу вас у Галілеі.
 
Але па ўваскрасеньні Маім апярэджу вас у Галілеі.

Пётр жа сказаў Яму: Калі і ўсе зняверацца, але не я.
 
Пётра-ж сказаў Яму: — хоць-бы і ўсе адступіліся, але ня я.

І кажа яму Ісус: Сапраўды кажу табе, што ты сёння, гэтай ночы, перш чым двойчы прапяе певень, тройчы ад Мяне адрачэшся.
 
I сказаў яму Ісус: — праўду кажу табе, што сёньня, у гэтую ноч, перш чым двойчы прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.

А ён з яшчэ большым націскам казаў: Нават калі б мне належала памерці з Табою, ні ў якім разе не адракуся ад Цябе! — Тое самае казалі і ўсе.
 
Але ён яшчэ мацней запэўняў: — а хоць-бы мне давялося і ўмерці разам з Табою, не адракуся ад Цябе; гэтак гаварылі і ўсе.

І прыходзяць яны ў мясцовасць пад назваю Гефсіманія, і Ён кажа Сваім вучням: Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся.
 
I прыйшлі ў паселішча, званае Гефсыманія; і кажа вучням Сваім: — пасядзеце тут, пакуль Я пайду памалюся.

І забірае з Сабою Пятра, Іякава і Іаана; і пачаў Ён жахацца і тужыць.
 
I ўзяў з сабою Пятра, Якуба і Яна, і ўпаў у жах і тугу.

І кажа ім: Вельмі журыцца Мая душа, да смерці; застаньцеся тут і не спіце.
 
I кажа ім: — тужыць душа Мая да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце.

І, прайшоўшы крыху ўперад, упаў на зямлю і маліўся, каб Яго, калі можна, абмінула гэтая гадзіна,
 
I адыйшоўшы крыху, прыпаў да зямлі і маліўся, каб, калі магчыма, амінула Яго гадзіна гэтая.

і казаў: Авва Татухна! Усё мажліва Табе; аднясі гэтую чашу ад Мяне; ды не чаго я хачу, але чаго Ты.
 
I гаварыў: — Аўва, Войча! усё магчыма для Цябе, пранясі чашу гэтую міма Мяне, але ня так, як Я хачу, а як Ты.

І прыходзіць і знаходзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: Сімане, ты спіш? Аднае гадзіны не змог не паспаць?
 
І вярнуўшыся, знайходзіць іх соннымі, і кажа Пятру: — Сымоне! ты сьпіш? ня мог ты патрываць адну гадзіну?

Не спіце і маліцеся, каб не трапіць у спакусу: дух дзейны, а цела нямоглае.
 
Чувайце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу: бо дух бадзёры, цела-ж немачнае.

І зноў, адышоўшы, Ён памаліўся, кажучы тое самае слова.
 
І зноў, адыйшоўшыся, маліўся тымі-ж словамі.

І зноў, прыйшоўшы, Ён знайшоў, што яны спяць, бо іх вочы ацяжэлі; і яны не ведалі, што Яму адказаць.
 
А вярнуўшыся, зноў застаў іх соннымі, бо вочы іх былі ацяжалымі, і ня ведалі, што адказаць Яму.

І прыходзіць трэці раз і кажа ім: Вы ўсё спіце і адпачываеце? Скончана! Надышла гадзіна: вось Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
 
I прыходзіць трэйці раз і кажа ім: — вы ўсё яшчэ сьпіцё і спачываеце? досыць! настала гадзіна; вось прадаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікаў.

Уставайце, хадзем, вось наблізіўся мой здраднік.
 
Устаньце, пойдзем, вось збліжаецца той, хто прадае Мяне.

І адразу, пакуль Ён яшчэ казаў, прыходзіць Іуда, адзін з дванаццаці, і з ім натоўп з мячамі і каламі — ад першасвятароў, кніжнікаў і старэйшын.
 
I ў той момант, калі Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, а з ім вялікая грамада з мячамі і кіямі, ад архісьвятароў, і кніжнікаў, і старшыняў.

А Яго здраднік даў ім умоўны знак, кажучы: «Каго пацалую, Ён і ёсць: схапіце Яго і вядзіце надзейна».
 
А прадажнік Ягоны даў ім знак, сказаўшы: — каго я пацалую, гэта Ён; бярэце Яго і вядзеце асьцярожна.

І, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Равві! [Равві!] — і пацалаваў Яго.
 
I, прыйшоўшы, памкнуўся да Яго і сказаў: — Раўві, Раўві, — пацалаваў Яго.

А яны наклалі рукі на Яго і схапілі Яго.
 
Яны-ж налажылі на Яго рукі свае і ўзялі Яго.

А адзін з тых, што стаялі побач, выхапіўшы меч, ударыў першасвятаровага слугу і адсек яму вуха.
 
Адзін-жа, хтось з тых, якія стаялі там, выняўшы меч, ударыў архісьвятаровага слугу і адсек яму вуха.

І, азваўшыся, Ісус сказаў ім: Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб узяць Мяне?
 
Тады Ісус, азваўшыся, сказаў ім: — нібы на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб Мяне ўзяць.

Штодня быў Я з вамі ў святыні, навучаючы, і вы не схапілі Мяне; але няхай спраўдзяцца Пісанні.
 
Кажны дзень бываў Я з вамі ў храме, навучаючы, і вы ня бралі Мяне; але — няхай збудзецца Пісаньне.

І ўсе, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
 
І пакінуўшы Яго, усе разьбегліся.

А адзін юнак ішоў далей за Ім, ахінуты пакрывалам на голае цела; і яны хапаюць яго.
 
Толькі адзін юнак ішоў за Ім, у палатнянай накідцы на голым целе; і воіны схапілі яго.

Ён жа, пакінуўшы пакрывала, уцёк голы [ад іх].
 
Але ён, вывернуўшыся з накідкі, уцёк ад іх голы.

І адвялі Ісуса да першасвятара; і сходзяцца [да яго] ўсе першасвятары, і старэйшыны, і кніжнікі.
 
I прывялі Ісуса да архісьвятара, туды-ж зыйшліся ўсе вышэйшыя сьвятары, і кніжнікі, і старшыні.

І Пётр здалёку ішоў услед за Ім аж у двор першасвятара; і сядзеў разам са слугамі і грэўся пры агні.
 
Пётра-ж здалёк ішоў за Ім аж у падворак архісьвятара, і сядзеў побач слугаў, грэючыся пры агні.

А першасвятары і ўвесь сінедрыён шукалі супроць Ісуса сведчання, каб аддаць Яго на смерць, і не знаходзілі,
 
Архісьвятары і ўвесь сынедрыён шукалі сьветчаньняў на Ісуса, каб выдаць Яго на сьмерць, і не знайходзілі.

бо многія лжыва сведчылі супроць Яго, але сведчанні не супадалі.
 
Бо многія ілжыва сьветчылі на Яго, (але сьветчаньняў тых было недастаткова).

І некаторыя, устаўшы, ілжыва сведчылі супроць Яго, кажучы:
 
І некаторыя, устаючы, крывадушна сьветчылі супраць Яго, кажучы:

Мы чулі, як Ён казаў: «Я зруйную гэты рукатворны храм і за тры дні збудую іншы, нерукатворны».
 
— мы чулі, як Ён гаварыў — «Я зруйную храм гэты рукатворны, і ў тры дні збудую іншы, нерукатворны».

Але і ў гэтым іх сведчанне не супала.
 
Але і гэтыя сьветчаньні ня былі адназгодныя.

І першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: Ты нічога не адказваеш, што сведчаць яны супроць Цябе?
 
Тады архісьвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: — нічога ня можаш адказаць на тое, што яны сьветчаць супраць Цябе?

Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар пытаўся ў Яго, і кажа Яму: Ці Ты Хрыстос, Сын Добраславёнага?
 
Але Ён маўчаў, і не адказваў нічога; і зноў архісьвятар спытаўся ў Яго, кажучы Яму: — ці Ты Хрыстос, Сын Сьвятаслаўденага?

І Ісус сказаў: Я; і вы ўбачыце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Божай Сілы і прыходзіць з нябеснямі воблакамі.
 
Ісус сказаў: — Я ёсьць; і вы ўбачыце Сына Чалавечага, седзячы праваруч Сілы, і прыходзячы на воблаках нябесных.

Першасвятар жа, разарваўшы свае шаты, кажа: Якую яшчэ патрэбу мы маем у сведках?
 
Тады архісьвятар, разьдзёршы адзеньне сваё, сказаў: — нашто нам яшчэ сьветкі?

Вы пачулі богазнявагу. Як вам здаецца? — І ўсе асудзілі Яго, што варты смерці.
 
Вы чулі блюзьнерства? што вы думаеце? i тыя ўсе асудзілі, што Ён павінен на сьмерць.

І некаторыя пачалі пляваць у Яго, і закрываць Яму твар, і біць па шчоках, і казаць Яму: Прароч! — І слугі, б’ючы ў твар, узялі Яго.
 
I пачалі некаторыя пляваць на Яго, і, закрываючы Яму аблічча, білі Яго і гаварылі: — спрарачы; і слугі білі Яго па шчоках.

І калі Пётр быў унізе на двары, прыходзіць адна з першасвятаровых служанак
 
А калі Пётра быў унізе, на падворку, падыйшла адна з прыслужніц архісьвятаровых.

і, убачыўшы, што Пётр грэецца, угледзелася ў яго і кажа: І ты быў з Назаранінам, Ісусам.
 
І убачыўшы Пётра пры агні, паўзіраўшыся на яго, сказала: — i ты быў з Ісусам Назаранінам.

Ён жа адрокся, кажучы: Я не ведаю і не разумею, што ты кажаш. — І выйшаў адтуль на пярэдні двор [і запяяў певень].
 
Але ён адрокся, сказаўшы: — ня ведаю і не разумею, што ты гаворыш; і выйшаў стуль на прыдворышча... і прапяяў певень.

І служанка, убачыўшы яго, зноў пачала казаць тым, што стаялі побач: Гэты — адзін з іх.
 
Служанка, убачыўшы яго зноў, пачала гаварыць іншым, якія стаялі там: — гэты з іх.

Ён жа зноў адрокся. І неўзабаве зноў тыя, што стаялі побач, казалі Пятру: Сапраўды ты з іх, бо і ты галілеец [і гаворка твая падобная].
 
Ён-жа зноў адрокся; а крыху счакаўшы, былыя там зноў пачалі гаварыць Пётру: — запраўды ты з іх, бо ты Галілеянін, і мова твая падобная.

Ён жа пачаў заракацца і клясціся: Не ведаю я Гэтага Чалавека, пра Якога вы кажаце.
 
Ён-жа пачаў клясьціся і бажыцца: — ня ведаю чалавека гэтага, пра якога гаворыце.

І адразу другі раз запяяў певень. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Ісус: «Перш, чым двойчы прапяе певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І выбухнуў плачам.
 
І ў той момант прапяяў певень другі раз; тады прыпомніў Пётра слова, якое сказаў яму Ісус: — перш чым двойчы прапяе певень,, тройча адрачэшся ад Мяне; і расплакаўся.