Марка 14 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Міхася Міцкевіча
Была-ж за два дні Пасха й Праснакі. І шукалі першасьвятары й кніжнікі, як узяць яго подступам ды забіць.
Было два дні да Пасхі і сьвята Прэсьнікаў; архісьвятары і кніжнікі сачылі, каб схапіць Яго тайком і усьмерціць.
Але казалі: Ня ў сьвята, каб часам не паўстала забурэнне ў народзе.
Але гаварылі — толькі ня ў сьвята, каб часам не паўстала забурэньне ў народзе.
І калі быў у Бэтаніі ў доме Сымона запаветранага й сядзеў за сталом, прыйшла жанчына з алябастравай судзінай дарагога шпіканардовага алейку і разбіўшы алябастар, выліла на галаву ягону.
Калі ж Ён быў у Віфаніі, у доме Сымана запракажанага, і супачываў за сталом, прыйшла жанчына і прынесла ў алябастравым слоіку чыстае дарагое нардовае міра, і разьбіўшы пасудзіну, узьліла Яму на галаву.
Былі-ж некаторыя, што гневаліся ў сабе й гаварылі: Нашто было глуміць гэты алеек?
Некаторыя-ж абураліся ў думках і гаварылі між сабою: — нашто гэткі глум міра?
Бо можна-ж было прадаць яго больш, як за трыста дэнараў ды раздаць убогім. І вайцялі ёй.
Можна-ж было-б прадаць яго больш як за трыста дынараў і раздаць убогім, і дакаралі ёй.
Адыж Езус сказаў: Пакіньце. Нашто робіце ёй прыкрасць? Яна зрабіла добры ўчынак адносна мяне.
Але Ісус сказаў: — ня турбуйце яе, нашто спрычыняеце ёй прыкрасьць? яна добры ўчынак зрабіла для Мяне.
Убогіх бо вы заўсёды маеце з сабою, і можаце ім рабіць дабро, калі захочаце; адыж мя-не не заўсёды маеце.
Убогіх заўсёды маеце каля сябе, і можаце рабіць ім дабро, колькі захочаце; Мяне-ж не заўсёды маеце.
Яна што мела, зрабіла: загадзя намасьціла маё цела к паховінам.
Яна зрабіла, што магла: намасьціла цела Маё да пахаваньня.
Сапраўды кажу вам, дзе толькі будзе абвяшчацца гэтая эванэлія па ўсім сьвеце, казацімецца й пра тое, што яна зрабіла, на памяць аб ёй.
Папраўдзе кажу вам: усюды, дзе толькі будзе абвешчана Евангельле гэтае, сказана будзе пра ўчынак яе, на ўспамін пра яе.
А Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятараў, каб ім яго выдаць.
Юда-ж Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятароў, каб прадаць Яго ім.
Тыя пачуўшы ўсьцешыліся й абяцалі даць яму грошай. І шукаў, як-бы зручною часінай выдаць яго.
Яны, пачуўшы гэтае, усьцешыліся і абяцалі даць яму срэбранікаў; і ён шукау зручнага моманту, каб прадаць Яго.
А на першы дзень Праснакоў, як ахвяроўвалі Пасху, сказалі яму вучні: Куды хочаш, каб мы пайшлі й прырыхтавалі табе спажываці Пасху?
А ў першы дзень Прэсьнікаў, калі прыносілі пасхальную ахвяру, кажуць Яму вучні Ягоныя: — дзе хочаш спажываць Пасху? мы пойдзем і прыгатуем.
І паслаў двух із вучняў сваіх, кажучы ім: Ідзеце ў горад, і спаткае вас чалавек, нясучы збан вады. За ім ідзеце;
І Ён паслаў двух вучняу Сваіх і сказаў ім: — ідзеце да места, і сустрэнецца вам чалавек, нясучы збан вады; за ім ідзеце.
і куды ўвойдзе, скажэце гаспадару дому, што Вучыцель пытаецца: дзе мая гаспода, ў якой спажываціму Пасху з вучнямі маімі?
І куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дому таго: — Вучыцель пытаецца, дзе пакой, у якім-бы Мне спажываць Пасху з вучнямі Маімі.
І ён вам пакажа вяліку сьвятліцу заслану, вось там прыгатуйце нам.
I ён пакажа вам сьвятліцу, вялікую, прыбраную, гатовую, — там прыгатуйце нам.
І пайшлі вучні ягоныя, й прыйшлі ў горад, знайшлі там як ім сказаў, ды прыгатавалі Пасху.
I вучні Яго пайшлі, і прышлі да места, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі Пасху.
Калі-ж настаў вечар, прыйшоў з дванаццацьма.
I калі настаў вечар, Ён прыйшоў з дванаццацьма.
І як сядзелі яны й елі, сказаў Езус: Па-праўдзе гавару вам, адзін з вас, што есьць са мною, выдасьць мяне.
Калі-ж яны сядзелі за сталом і елі, Ісус сказаў: — папраўдзе кажу вам, адзін з вас, хто есьць са Мною, прадасьць Мяне.
Яны-ж пачалі сумаваць і казаць яму паасобку: Ці не я гэта?
Яны-ж засмуціліся ды адзін па адным пачалі гаварыць Яму: — ці ня я? — i іншы — ці ня я?
А ён кажа ім: Адзін з дванаццацёх, што мачае са мною ў місцы.
Ён-жа ў адказ сказаў ім: — адзін з дванаццацёх, які макае са Мною ў місу.
Праўда. Сын чалавечы йдзе, як аб ім напісана, адыж гора таму чалавеку, праз якога Сын чалавечы будзе выданы; лепш было б не радзіцца чалавеку тому.
Але Сын Чалавечы йдзе, як напісана пра Яго; гора-ж таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы прадаецца, лепш было-б чалавеку таму не раджацца.
І калі яны елі, ўзяў Езус хлеб і, багаславячы, ламаў ды даваў ім, кажучы: Прыймеце, гэта ёсьць цела маё.
I калі яны елі, Ісус узяў хлеб, дабраславіў, пераламаў і даў ім, сказаушы: — вазьмеце і спажывайце — гэта Цела Маё.
І ўзяўшы кіліх ды, ўзнёшшы падзяку, даў ім і пілі з яго ўсе.
I ўзьняўшы чашу, узьнёс падзяку і падаў ім, і пілі з яе ўсе.
І сказаў ім: Гэта кроў мая новага закону, што за многіх будзе праліта.
I сказаў ім: — гэта кроў Мая Новага Запавету, праліваная за многіх.
Сапраўды кажу вам, што ўжо ня піціму з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі буду яго піць новы ў валадарсьцьве Божым.
Папраўдзе кажу вам: Я ўжо ня буду піць ад плёну вінаграднага аж да дня, калі буду піць віно новае у Ўладарстве Божым.
І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную.
I прапяяўшы, адыйшлі на гару Аліўную.
І гавора ім Езус: Усе вы з мяне згоршыцеся ў гэту ноч, бо ёсьць напісана: Удэру пастыра й рассыплюцца авечкі (Зах. 13:7).
I кажа ім Ісус: — усе вы адступецеся ад Мяне ў гэтую ноч, як напісана пра гэта: «зьвераджу пастыра, і разьбягуцца авечкі».
Адыж потым, як згробуўстану, пайду перад вамі ў Галілею.
Але па ўваскрасеньні Маім апярэджу вас у Галілеі.
Пётр-жа яму кажа: Усе згоршацца з цябе, толькі не я.
Пётра-ж сказаў Яму: — хоць-бы і ўсе адступіліся, але ня я.
І сказаў яму Езус: Сапраўды гавару табе, што шчэ сяння ў гэту самую ноч, перш чым двойчы запяе певень, ты тры разы адрачэшся ад мяне.
I сказаў яму Ісус: — праўду кажу табе, што сёньня, у гэтую ноч, перш чым двойчы прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
Адыж ён шчэ болей запэўняў: І хоць-бы мне давялося і ўмерці разам з табою, не адракуся ад цябе. Гэтаксама і ўсе казалі.
Але ён яшчэ мацней запэўняў: — а хоць-бы мне давялося і ўмерці разам з Табою, не адракуся ад Цябе; гэтак гаварылі і ўсе.
І прыйшлі ў сялібу, званую Гэтсэмані. І кажа вучням сваім: Пасядзеце тутака. пакуль я памалюся.
I прыйшлі ў паселішча, званае Гефсыманія; і кажа вучням Сваім: — пасядзеце тут, пакуль Я пайду памалюся.
І бярэ з сабою Пятра, і Якуба, і Яна, ды пачаў жахацца і тужыць.
I ўзяў з сабою Пятра, Якуба і Яна, і ўпаў у жах і тугу.
І гавора ім: Сумная душа мая аж да сьмерці, пабудзце гэтта, а ня сьпеце.
I кажа ім: — тужыць душа Мая да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце.
І адыйшоўшыся крыху, прыпаў да зямлі й маліўся, каб калі магчыма, адыйшла ад яго часіна.
I адыйшоўшы крыху, прыпаў да зямлі і маліўся, каб, калі магчыма, амінула Яго гадзіна гэтая.
Й гаварыў: Абба, Ойча! Для цябе ўсё магчымае, аддалі ад мяне гэты кіліх; адыж ня тое, што я хачу, але што ты.
I гаварыў: — Аўва, Войча! усё магчыма для Цябе, пранясі чашу гэтую міма Мяне, але ня так, як Я хачу, а як Ты.
І прыйшоў ды знайшоў іх сплючых. І кажа Пятру: Сымоне, ты сьпіш? Ня мог ты й адненькай гадзіны вытрываць?
І вярнуўшыся, знайходзіць іх соннымі, і кажа Пятру: — Сымоне! ты сьпіш? ня мог ты патрываць адну гадзіну?
Чуняйце й малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. Дух-то бадзёры, але цела немачнае.
Чувайце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу: бо дух бадзёры, цела-ж немачнае.
Дый зноў адыйшоўшы маліўся тымі самымі славамі.
І зноў, адыйшоўшыся, маліўся тымі-ж словамі.
А вярнуўшыся, знайшоў іх зноў сплючых, вочы бо іх абцяжэлі, й ня ведалі, што яму сказаць.
А вярнуўшыся, зноў застаў іх соннымі, бо вочы іх былі ацяжалымі, і ня ведалі, што адказаць Яму.
І прыйходзіць трэці раз ды кажа ім: Вы ўсё йшчэ сьпіце? Годзі! Прыйшла часіна. вось Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.
I прыходзіць трэйці раз і кажа ім: — вы ўсё яшчэ сьпіцё і спачываеце? досыць! настала гадзіна; вось прадаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікаў.
Уставайце, пойдзем! Блізка вось той, што мяне выдасьць.
Устаньце, пойдзем, вось збліжаецца той, хто прадае Мяне.
І калі ён яшчэ гавырыў, прыйходзе Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, а з ім грамада вялікая з мячамі й кіямі ад архісьвятараў і кніжнікаў ды старшын.
I ў той момант, калі Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, а з ім вялікая грамада з мячамі і кіямі, ад архісьвятароў, і кніжнікаў, і старшыняў.
А здраднік ягоны даў быў ім знак, кажучы: Каго я пацалую, той і ёсьць, бярэце яго й вядзеце асьцярожна.
А прадажнік Ягоны даў ім знак, сказаўшы: — каго я пацалую, гэта Ён; бярэце Яго і вядзеце асьцярожна.
І прыйшоўшы зараз-жа прыступіўся к яму ды кажа: Вітаю, Раббі! І пацалаваў яго.
I, прыйшоўшы, памкнуўся да Яго і сказаў: — Раўві, Раўві, — пацалаваў Яго.
Яны-ж налажылі на яго рукі ды ўзялі яго.
Яны-ж налажылі на Яго рукі свае і ўзялі Яго.
Адзін-жа нехта з тых, што там стаялі, выняўшы меч, ударыў слугу архісьвятаравага й адцяў яму вуха.
Адзін-жа, хтось з тых, якія стаялі там, выняўшы меч, ударыў архісьвятаровага слугу і адсек яму вуха.
Езус, азваўшыся, гавора ім: Так як на разбойніка выйшлі вы з мячамі й кіямі ўзяць мя-не?
Тады Ісус, азваўшыся, сказаў ім: — нібы на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб Мяне ўзяць.
Штодня бываў я ў вас у сьвятыні навучаючы, і вы не ўзялі мяне.
Кажны дзень бываў Я з вамі ў храме, навучаючы, і вы ня бралі Мяне; але — няхай збудзецца Пісаньне.
Тады вучні ягоны, пакінуўшы яго, ўсе паўцякалі.
І пакінуўшы Яго, усе разьбегліся.
Нейкі-ж юнак ішоў за ім, накінуўшы акрыцьцё панагаму; й таго схапілі,
Толькі адзін юнак ішоў за Ім, у палатнянай накідцы на голым целе; і воіны схапілі яго.
але ён, пакінуўшы акрыцьцё, голы ўцёк ад іх.
Але ён, вывернуўшыся з накідкі, уцёк ад іх голы.
І прывялі Езуса к архісьвятару і зыйшліся ўсе першасьвятары і кніжнікі й старшыны.
I прывялі Ісуса да архісьвятара, туды-ж зыйшліся ўсе вышэйшыя сьвятары, і кніжнікі, і старшыні.
Пётр-жа здалёк ішоў за ім аж ў сярэдзіну дворышча архісвятара й сядзеў із слугамі ля вагню грэючыся.
Пётра-ж здалёк ішоў за Ім аж у падворак архісьвятара, і сядзеў побач слугаў, грэючыся пры агні.
А першасьвятары ды ўся Рада шукалі проці Езуса свядоцтва, каб яго выдаць на сьмерць, і не знайходзілі.
Архісьвятары і ўвесь сынедрыён шукалі сьветчаньняў на Ісуса, каб выдаць Яго на сьмерць, і не знайходзілі.
Многія бо выказвалі проці яго хвальшывае пасьветчанне, але ня былі згодныя тыя пасьветчанні.
Бо многія ілжыва сьветчылі на Яго, (але сьветчаньняў тых было недастаткова).
А некаторыя ўстаўшы крывасьветчылі проці яго, кажучы:
І некаторыя, устаючы, крывадушна сьветчылі супраць Яго, кажучы:
Мы чулі, як ён гаварыў: Я развалю гэтую сьвятыню, рукамі збудаваную, а за тры дні іншую, нярукатворную, пастаўлю.
— мы чулі, як Ён гаварыў — «Я зруйную храм гэты рукатворны, і ў тры дні збудую іншы, нерукатворны».
Але й іхнія сьвядоцтвы не падходзілі.
Але і гэтыя сьветчаньні ня былі адназгодныя.
Тады архісьвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся, ў Езуса, кажучы: Не адказваеш нічога на тое, што табе закідаюць?
Тады архісьвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: — нічога ня можаш адказаць на тое, што яны сьветчаць супраць Цябе?
Адыж ён маўчаў і нічога не адказваў. Дык ізноў спытаўся архісьвятар у яго і сказаў яму: Ці ты Хрыстус, Сын Бога багаслаўлёнага?
Але Ён маўчаў, і не адказваў нічога; і зноў архісьвятар спытаўся ў Яго, кажучы Яму: — ці Ты Хрыстос, Сын Сьвятаслаўденага?
Езус-жа яму адказвае: Я, і ўбачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч моцы Божае й прыходзячага ў ваблакох нябесных.
Ісус сказаў: — Я ёсьць; і вы ўбачыце Сына Чалавечага, седзячы праваруч Сілы, і прыходзячы на воблаках нябесных.
І архісьвятар, раздзіраючы адзеньне сваё, кажа: Навошта нам яшчэ патрэбны сьветкі?
Тады архісьвятар, разьдзёршы адзеньне сваё, сказаў: — нашто нам яшчэ сьветкі?
Вы чулі блюзнерства; як вам здаецца? Яны ўсе асудзілі, што варты сьмерці.
Вы чулі блюзьнерства? што вы думаеце? i тыя ўсе асудзілі, што Ён павінен на сьмерць.
Й пачалі некаторыя на яго пляваць і закрываць твар ягоны ды біць кулакамі, дражнячыся: Прароч! І слугі білі яго па шчоках.
I пачалі некаторыя пляваць на Яго, і, закрываючы Яму аблічча, білі Яго і гаварылі: — спрарачы; і слугі білі Яго па шчоках.
А калі Пётр быў на дварэ ўнізе, прышла адна з прыслужніц архісьвятарскіх,
А калі Пётра быў унізе, на падворку, падыйшла адна з прыслужніц архісьвятаровых.
і ўбачыўшы грэючагася Пятра, прыгледзялася яму й сказала: І ты-ж быў з Езусам Назарэнскім.
І убачыўшы Пётра пры агні, паўзіраўшыся на яго, сказала: — i ты быў з Ісусам Назаранінам.
Але ён выракся, кажучы: Ня ведаю й не разумею, што гаворыш. Ды выйшаў навонкі на прыдворышча, і засьпяваў певень.
Але ён адрокся, сказаўшы: — ня ведаю і не разумею, што ты гаворыш; і выйшаў стуль на прыдворышча... і прапяяў певень.
Дзяўчына-ж ізноў, як убачыла яго, пачала казаць стаяўшым навокал: Гэты із іх.
Служанка, убачыўшы яго зноў, пачала гаварыць іншым, якія стаялі там: — гэты з іх.
Адыж ён другі раз выракся. І крыху счакаўшы тыя, што там стаялі, зноў кажуць Пятру: Сапраўды ты із іх, бо ты й Галілеец.
Ён-жа зноў адрокся; а крыху счакаўшы, былыя там зноў пачалі гаварыць Пётру: — запраўды ты з іх, бо ты Галілеянін, і мова твая падобная.
І аж пачаў клясьціся й прысягацца: Ня знаю чалавека гэнага, аб якім гутарыце.
Ён-жа пачаў клясьціся і бажыцца: — ня ведаю чалавека гэтага, пра якога гаворыце.
Тады певень запяяў другі раз. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Езус: Перш, чым певень двойчы заспявае, ты тры разы ад мяне адрачэшся. Ды пачаў плакаць.
І ў той момант прапяяў певень другі раз; тады прыпомніў Пётра слова, якое сказаў яму Ісус: — перш чым двойчы прапяе певень,, тройча адрачэшся ад Мяне; і расплакаўся.