Марка 15 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Міхася Міцкевіча
І зранку зараз першасьвятары і кніжнікі й старшыны з цэлым Сынгэдрынам, зрабіўшы нараду, звязалі Езуса й павялі перадаць Пілату.
Назаўтра, адразу зрана, першасьвятары разам з кніжнікамі і старшынямі, і ўвесь сынедрыён — зрабілі нараду, і зьвязаўшы Ісуса, павялі і перадалі Яго Пілату.
І спытаўся ў яго Пілат: Ты кароль Юдэйскі? Ён-жа ў адказ гавора яму: Ты кажаш.
I спытаўся ў Яго Пілат: — ці Ты Кароль Юдэйскі? Ён-жа ў адказ сказаў яму — ты кажаш!
І многа ў чым першасьвятары вінавацілі яго.
I шмат у чым архісьвятары абвінавачвалі Яго.
Пілат-жа йзноў гаворыць яму, пытаючы: Не адказваеш нічога? Бач, колькі цябе вінавацяць!
Пілат-жа зноў спытаўся ў Яго, кажучы: — ты нічога не адказваеш? глядзі, колькі абвінавачаньняў падаюць на Цябе.
Езус-жа болей нічога не адказваў, так што Пілат дзівіўся.
Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, аж Пілат дзівіўся.
А к сьвяту меў звычай выпушчаць аднаго з вязняў, каго-б зажадалі.
Пад усякае-ж сьвята меўся ён адпусчаць аднаго з вязьняў, за якога прасілі.
Быў-жа ў вязніцы нейкі Барабба разам з бунтаўнікамі, што падчас бунту зрабіў забойства.
Быў у вязьніцы нейкі Вараўва, адзін з бунтаўнікоў, якія ў часе бунту ўчыніў забойства.
І натаўп збегшыся, пачаў дамагацца, каб зрабіў ім, як заўсёды.
I народ, сабраўшыся, голасна пачаў прасіць Пілата, каб выканаў для іх, як і заўсёды рабіў гэта.
Пілат-жа ў адказ сказаў ім: Жадаеце, выпусьціць вам караля Юдэйскага?
І Пілат, адазваўшыся да іх, сказаў: — калі хочаце, адпушчу вам караля Юдэйскага.
Ведаў бо, што першасьвятары выдалі яго дзеля завісьці.
Ведаў-жа ён, што першасьвятары выдалі Яго праз зайздрасьць.
Адыж першасьвятары падбурылі натаўп, каб лепш пусьціў ім Бараббу.
Але першасьвятары падбурылі народ, каб прасілі адпусьціць замест Яго Вараўву.
Пілат-жа азваўшыся зноў сказаў ім: Што-ж хочаце, каб я зрабіў каралю Юдэйскаму?
Пілат-жа ў адказ зноў сказаў ім: — што-ж хочаце, каб я зрабіў з Тым, каго завяце Каралём Юдэйскім?
А яны зноў закрычалі: Укрыжуй яго!
І яны зноў загаласілі: — укрыжуй Яго!
Пілат гавора ім: Што-ж ён зрабіў благое? Яны-ж яшчэ мацней крычалі: Укрыжуй яго!
Пілат сказаў ім: — што-ж ліхое ўчыніў Ён? але яны яшчэ мацней крычалі: — укрыжуй Яго!
Тады Пілат, манючыся дагадзіць народу, выпусьціў ім Бараббу, а Езуса ўбічаванага аддаў на ўкрыжаванне.
Тады Пілат, дагаджаючы народу, адпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, зьбіванага, выдаў на ўкрыжаваньне.
І завялі яго ваяры на дворышча суду ды склікалі ўсю роту.
Воіны-ж завялі Яго на двор суду, званым Прэторыя, і склікалі цэлую кагорту войска.
Й апранулі яго ў пурпуру ды сплёўшы вянок цернявы, узлажылі на яго.
I адзелі Яго ў баграніцу, і сплёўшы з цярніны вянец, узлажылі на Яго.
І пачалі вітаць яго: Прывет табе, кароль Юдэйскі!
І пачалі вітаць Яго, кажучы: — радуйся, Кароль Юдэйскі.
Ды білі яго па галаве трысьцінаю й плявалі на яго, і становячыся на калені, кланяліся яму.
І білі Яго трысьцінаю па галаве, і плявалі на Яго, і становячыся на калены, пакланяліся Яму.
А калі наглуміліся з яго, знялі пурпуру ды апранулі ў ягонае адзеньне й павялі, каб укрыжаваць яго.
А калі назьдзекаваліся з Яго, зьнялі з Яго баграніцу і адзелі ў адзеньне ўласнае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне Яго.
І прымусілі нейкага праходзячага міма, Сымона Цырэнэйца, што йшоў з вёскі. бацьку Александра й Руфа, каб нёс крыж ягоны.
А сустрэўшы аднаго кірынейяніна, Сымона, бацьку Аляксандра і Руфа, — які йшоў з поля, таго прымусілі нясьці крыж Ягоны.
І прывялі яго на Гольготу, што знача: месца Трупнога Чэрапу.
I прывялі Яго на месца, званае Галгофа, што значыць Чараповішча.
І давалі яму піць віно змяшанае з мірраю, адыж ня прыняў.
I давалі Яму піць віно, зьмяшанае з мірраю, але Ён ня прыняў.
А крыжуючыя яго, падзялілі адзеньне ягонае, кідаючы варажбу, хто што меў узяць.
I калі ўкрыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы лёсы, каму што ўзяць.
Была-ж трэцяя гадзіна і ўкрыжавалі яго.
Была-ж трэйцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго.
І быў напіс віны ягонай напісаны: Кароль Юдэйскі.
I быў напіс віны Ягонае: «Кароль Юдэйскі».
А з ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч.
А з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, а другога з левага боку Яго.
І споўнілася Пісанне, каторае кажа: І да злыдняў залічаны (Із. 53:12).
I споўнілася Пісаньне, у якім напісана: «I да злачынцаў прылічаны».
А праходзячыя міма блюзнілі яму, ківаючы галавамі сваімі й кажучы: Эй, што развальваеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш!
I калі прайходзілі міма Яго, зьдзекліва дакаралі Яму, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: — ага, Той, Хто храмы руйнуе і ў тры дні адбудоўвае.
выратуй самога сябе, зыходзячы з крыжа!
Выбаві Сам Сябе, і сыйдзе з крыжа.
Гэтаксама й першасьвятары з кніжнікамі высьмейваліся, адзін да другога кажучы: Другіх ратаваў, а сябе самога ня можа выратаваць.
Таксама і архісьвятары з кніжнікамі насьміхаліся, гаворачы адзін аднаму: — іншых выбаўляў, а Сябе ня можа выбавіць.
Хай-жа цяперака Хрыстус, кароль Ізраэльскі, зыйдзе з крыжа, каб мы бачылі ды ўверылі. І тыя, што былі з ім укрыжаваныя, даракалі яму.
Няхай Хрыстос, Кароль Юдэйскі, зыйдзе з крыжа цяпер, каб мы пабачылі і ўверылі. І ўкрыжаваныя зь Ім дакаралі Яму.
А калі настала шостая гадзіна, зрабілася цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
А шостай гадзіне цемра агарнула ўсю зямлю да гадзіны дзявятай.
А ў дзявятай гадзіне адазваўся Езус вялікім голасам, кажучы: Элёй, Элёй, лямма сабахтані? што знача: Божа мой, Божа мой, чаму ж Ты мяне пакінуў?
А дзявятай гадзіне Ісус усклікнуў моцным голасам: — Элоі, Элоі, ліма савахфані! — гэта значыць: Божа Мой, Божа Мой, нашто Ты Мяне пакінуў?
А некаторыя з тых, што там стаялі, чуючы гэта, гаварылі: Во Гальяша кліча.
Некаторыя з тых, якія там стаялі, пачуўшы, гаварылі: — вось Ільлю кліча.
Адзін-жа пабегшы й насочыўшы губку воцтам ды насадзіўшы на трысьціну. даваў яму піць, кажучы: Пастойце, паглядзімо, ці прыйдзе Гальяш, каб зняць яго.
Адзін-жа пабег напаіў губку воцатам ды, насадзіўшы на трысьціну, даваў Яму піць, кажучы: — чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго.
Езус-жа, усклікнуўшы моцным голасам, сканаў.
Ісус-жа, загаласіўшы моцным голасам, сканаў.
І заслона святыні раздзерлася надвое ад верху да нізу.
І заслона ў храме разьдзерлася папалам, зьверху да нізу.
А сотнік, што стаяў насупроць, відзячы з якім голасам сканаў, сказаў: Сапраўды гэты чалавек быў Сынам Божым.
А сотнік, які стаяў насупраць Яго, бачачы скананьне з такім голасам, сказаў: — запраўды гэты Чалавек быў Сын Божы.
Былі-ж і жанчыны, здалёк углядаючыся, між якімі была Марыя Магдалена і Марыя, матка Якуба Малодшага й Язэпа, і Салёмэя;
Былі тут і жанчыны, якія наглядалі здалёк, між імі была і Марыя Магдалена, і Марыя маці Якуба меншага і Ёсіі, і Саламія.
што як быў у Галілеі, хадзілі за ім і служылі яму, ды шмат іншых, каторыя былі разам з ім прыйшоўшы ў Ерузалім.
Яны былі пры Ім і слугавалі Яму, калі Ён быў у Галілеі, ды многа іншых жанчын, якія прыйшлі, з Ім у Ерусалім.
І як настаў ужэ вечар (бо быў дзень Прыгатовы (параскева) знача перадсыботнік).
I вось надыйшоў вечар дня Прыгатовы, гэта вечар перадсыботні — Саббате.
прыйшоў Язэп з Арыматэі, выдатны раднік, што і сам чакаў валадарства Божага, і сьмела ўвайшоў да Пілата ды прасіў цела Езусавага.
Прыйшоў Язэп з Арымафеі, паважаны раднік, які і сам чакаў Уладарства Божага; ён сьмела увайшоў да Пілата, і прасіў цела Ісусавага.
А Пілат здзівіўся, што ўжо памёр. І клікнуўшы сотніка, упэўняўся, ці ўжо памёр.
Пілат-жа зьдзівіўся, што ўжо памёр і, паклікаўшы сотніка, пытаўся ў яго, ці ужо памёр.
А калі даведаўся ад сотніка, дараваў цела Язэпу.
А даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу.
Язэп-жа, купіўшы палатно (сіндон) ды зняўшы яго, абвіў у палатно ды палажыў яго ў гробе, што быў высечаны ў скале, прываліўшы камень да ўваходу ў гроб.
Язэп-жа, купіўшы плашчаніцу, і зьняўшы Яго, плашчаніцаю авінуў, і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале, і прываліў камень да дзьвярэй гробу.
Марыя-ж Магдалена й Марыя Язэпава глядзелі, дзе яго палажылі.
Марыя-ж Магдалена і Марыя Йосева глядзелі, дзе Яго палажылі.