Марка 5 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

І прыбылі на другі бок мора ў краіну Гэразэнаў.
 
I прыплылі на другі бок мора ў краіну Гадарынскую.

І калі ён выйходзіў з лодкі, зараз-жа выбег з грабовішчаў на сустрэч яму чалавек, што меў нячыстага духа.
 
I калі Ён выйшаў з лодкі, зараз-жа сустрэў Яго чалавек, выбегшы з магільніку, які быў апанаваны духам нечысьці.

Ён меў прыстанішча ў магілах і ўжо ані ланцугамі ніхто ня мог яго звязаць,
 
Ён меў прыстанішча ў магілах, і ніхто нічым ня мог яго зьвязаць, нават ланцугамі.

часта бо, звязаны путамі й ланцугамі, рваў іх ды разбіваў путы й ніхто ня мог яго ўгамаваць.
 
Бо няраз скоўвалі яго кайданамі і ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог уціхамірыць яго.

Дзень і ноч прабываў ён у грабох і горах, крычучы й бючы сябе каменнямі.
 
Заўсёды, і дзень і ноч ён быў між гробаў і ў горах, і крычаў і біўся аб каменьні.

Угледзеўшы-ж Езуса здалёк, прыбег, пакланіўся яму,
 
Убачыўшы-ж Ісуса здалёк, прыбег і пакланіўся Яму.

і крычучы на ўвесь голас, казаў: Што табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Заклінаю цябе Богам, ня муч мяне!
 
І закрычаўшы моцным голасам, сказаў: — што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Найвышэйшага? заклікаю Цябе Богам, ня муч мяне.

Ён бо казаў: Выйдзі, дух нячысты, з чалавека.
 
Бо Iсус сказаў яму: — выйдзі, дух нячысты, з чалавека.

Ды пытаўся яго: Як тваё ймя? Й адказаў яму: Маё імя Легіён, бо нас многа.
 
I спытаў у яго: — як тваё імя? ён-жа сказаў у адказ: — маё імя — легіён, бо нас многа.

І вельмі прасіў, каб ня высяляў іх з тае ваколіцы.
 
I вельмі прасілі Яго злыдухі, каб ня высылаў іх вон з краіны тэй.

А было там ля гары вялікае стада сьвіней на пасьвішчы.
 
Пасьвіўся-ж там пры гары вялікі гурт сьвіней.

І прасілі яго нячысьцікі, кажучы: Пусьці, нас, каб мы ўвайшлі ў сьвінне.
 
I прасілі ў Яго ўсе злыдухі, кажучы: — пашлі нас у сьвіньні, каб мы маглі ўвайсьці ў іх.

Езус зараз-жа дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя, ўвайшлі ў сьвінне, і табун да дзвёх тысяч шыбануў з вялікім разгонам з крутога берагу ў мора ды захлынуўся ў моры.
 
Ісус ураз-жа дазволіў ім, і, выйшаўшы, злыдухі ўвайшлі ў сьвіньні, і памкнуў увесь гурт, і рынуўся з кручы ў мора, — а было-ж іх да дзьвёх тысячаў, — і затанулі ў моры.

А тыя, што пасьвілі іх, уцяклі й далі знаць у горад ды па палёх. І павыходзілі паглядзець што сталася;
 
Пастухі-ж сьвіней пабеглі і расказалі ў месьце і ў вёсках, і жыхары павыйходзілі паглядзець, што сталася

ды прыйходзяць да Езуса й бачаць таго, што быў апанаваны дэманам, адзетага й пры сваім розуме, — дык спалохаліся.
 
Прыходзяць да Iсуса і бачаць, што звар'яваны, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры добрым розуме, і абняў іх страх.

А бачыўшыя расказалі ім, як сталася з абянтэжаным дэманамі ды аб сьвіннях.
 
Тыя-ж, якія бачылі ўсё, расказалі ім, што усе адбылося з апанаваным злыдухам, а таксама і пра сьвіньні.

І давай прасіць яго адыйсьці ад іхніх рубяжоў.
 
І тыя пачалі прасіць Яго, каб адыйшоў з іхнае аколіцы.

Калі-ж уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны дэманамі, каб з ім быць.
 
Калі-ж Ісус увайшоў у лодку, чалавек, які меў злыдухаў, прасіўся, каб быць з Ім.

І не дапусьціў яго, але загадаў яму: Ідзі дамоў да сваіх ды паведам іх, якія вялікія рэчы ўчыніў табе Госпад і як зжаліўся над табою.
 
Але Ісус не дазволіў яму, а сказаў яму: — ідзі дадому да сваіх і раскажы ім усё, што зрабіў табе Госпад, і як памілаваў цябе.

І пайшоў ды пачаў разглашаць у Дэкаполі, што зрабіў яму Езус; і ўсе дзівіліся.
 
I ён пайшоў і пачаў абвяшчаць у Дзесяціградзьдзі, што стварыў над ім Ісус; і ўсе дзівіліся.

А калі Езус пераправіўся на лодцы зноў на другі бераг, зыйшлася к яму вялікая грамада; і быў ён ля мора.
 
Калі Iсус зноў пераплыў на лодцы на другі бераг, зыйшлося да Яго многа народу; і быў Ён пры моры.

І вось прыйходзіць адзін із старшых над бажніцаю, на ймя Яір, і ўгледзеўшы яго, падае да ног яму,
 
I вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на імя Іаір, і ўгледзеўшы Яго, прыпадае да ног Яго.

ды вельмі просіць, гаворачы: Дачка мая канае, прыйдзі, ўзлажы руку на яе, каб аздаравела й жыла.
 
I моцна просіць Яго, кажучы: — дачка мая пры сьмерці, прыйдзі і ўзлажы рукі на яе, каб яна ачуняла і жыла.

І пайшоў з ім. А сьледам за ім пайшоў вялікі натаўп, ціснучыся да яго.
 
І Ісус пайшоў з ім. I за Ім ішло многа народу, і сьціскалі Яго.

Жанчына-ж, праз дванаццаць год на крываток хварэўшая,
 
Жанчына-ж адна, якая цярпела ад крывяцечы дванаццаць гадоў,

ад дахтароў шмат выцерпеўшая, выдаючы на іх усё сваё дабро, і замесь польгі, шчэ ёй пагоршвалася, —
 
— і шмат страты панесла на дактароў многіх, раздаўшы на іх ўсё, што мела, і не знайшла палёгкі, але яшчэ горш заняпала.

прачуўшы пра Езуса, даціснулася праз натоўп ззаду й дакранулася да ягонай адзежыны;
 
Дачуўшыся пра Ісуса, падыйшла ззаду між народу і дакранулася да адзеньня Ягонага.

казала бо: як толькі да ягонага акрыцьця дакрануся, буду здарова.
 
Бо яна казала: — калі хоць да адзеньня Яго дакрануся — ачуняю.

І якжа высах у яе выток і пачулася на целе аздаравелай ад хваробы.
 
I ўраз запынілася ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе сваім, што выбавілася ад нядугу.

Езус у той момант, пазнаўшы ўсабешне выйшаўшую із сябе магату, абярнуўся да народу й кажа: Хто дакрануўся да мае адзежыны?
 
У той-жа час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што зыйшла ад Яго сіла, абярнуўся да народу і сказаў: — хто дакрануўся да адзеньня Майго?

Й казалі яму яго вучні: Бачыш як тоўпіцца да цябе грамада й кажаш: «Хто да мяне дакрануўся»?
 
Вучні-ж Ягоныя сказалі Яму: — бачыш, як народ цісьнецца да Цябе, і кажаш, — хто дакрануўся да Мяне?

Ды зірнуў навокал, каб згледзець тую, што гэта зрабіла.
 
Але Ён глядзеў навокал, каб убачыць тую, якая ўчыніла гэта.

Жанчына-ж, баючыся й дрыжачы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла, упала перад ім і сказала яму ўсю праўду.
 
Жанчына-ж у страху і трывозе, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і пала прад Ім, і сказала Яму ўсю праўду.

Ён-жа сказаў ёй: Дачка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакоі ды будзь здарова ад твае немачы.
 
Ён-жа сказаў ей: — дачка! вера твая выбавіла цябе, ідзі ў супакоі і будзь ацаленая ад нядугу твайго.

Калі шчэ ён гаварыў, прыйшлі ад старшага над бажніцай, кажучы: памярла дочанька твая, нашто шчэ турбуеш Вучыцеля?
 
Калі Ён яшчэ гаварыў, і прыходзяць ад начальніка сынагогі і кажуць: — дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Вучыцеля?

Езус-жа дачуўшы сказанае слова, гавора архібажнічніку: Ня бойся, толькі вер.
 
Але Ісус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў начальніку: — ня бойся, толькі вер.

І не дапусьціў нікога йсьці з сабою, апроч Пятра, Якуба й Яна, брата Якубавага.
 
I не дазволіў нікому іці за Сабою, апрача Пятра, Якуба і Яна, брата Якубавага.

І прышлі ў дом старшыны бажніцы й бачыць трывогу, плачучых ды моцна галосячых.
 
I прыходзіць ў дом начальніка сынагогі, і Ён убачыў хваляваньне, і плач і лямэнт вялікі.

І ўвайшоўшы кажа ім: Чаго плачаце й трывожыцеся? Ня ўмярла дзяўчына, але спіць.
 
I, увайшоўшы, кажа ім: — чаго хвалюецеся і плачаце? дзяўчынка не памерла, але сьпіць.

І насьмяхаліся з яго. А ён, выправіўшы ўсіх, узяў бацьку й матку дзяўчаці ды тых, што былі з ім, увайходзіць, дзе ляжала дзяўчына.
 
Тыя-ж зьдзекліва кнілі з Яго, Ён-жа, выправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзяўчынкі і тых, якія прыйшлі з Ім, і уваходзіць туды, дзе дзяўчынка ляжала.

І, ўзяўшы дзяўчо за руку, гавора ёй: Таліта кумі, што знача: Дзяўчынка, табе кажу — ўстань.
 
I узяўшы дзяўчынку за руку, гаворыць да яе: — таліфа кумі! — гэта значыць: — дзяўчынка, табе кажу, устань!

І ў той момант паднялося дзяўчатко й хадзіла; бо было ёй дванаццаць год. І астаўпянелі ўсе ад вялікага дзіва.
 
I дзяўчынка ўраз устала і пачала хадзіць; было ёй гадоў дванаццаць, і жахнуліся ўсе ад вялікага дзіва.

І моцна прыказаў ім, каб ніхто ня ведаў аб гэтым; а ёй сказаў даць есьці.
 
І Ён цьвёрда заказаў, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і заказаў ім: — дайце ёй есьці.