Марка 12 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

І пачаў гаварыць ім у прыповесцях: Чалавек засадзіў вінаграднік, абгарадзіў плотам і выкапаў вінатоку ды збудаваў вежу й, аддаўшы яго ў арэнду земляробам, выехаў.
 
I пачаў гаварыць ім прыпавесьцямі. Чалавек некі насадзіў вінаграднік; абгарадзіў яго навокал, выкапаў вінацёл і збудаваў вежу і здаўшы яго вінаградарам, ад'ехаў.

І паслаў у свой час слугу к земляробам, каб атрымаць пладоў з вінаградніка.
 
У свой час ён паслаў слугу свайго узяць ад вінаградараў частку з плёну вінаграднага.

Яны, схапіўшы яго, збілі й адаслалі бяз нічога.
 
Яны-ж, схапіўшы яго, білі і адправілі ні з чым.

І зноў паслаў да іх другога слугу, і таму разбілі голаў ды зняважылі.
 
Зноў ён паслаў да іх другога слугу, і таму каменьнямі разьбілі галаву, і зьдекліва выгналі.

І яшчэ да іх паслаў іншага слугу, а таго забілі; ды шмат іншых — адных б’ючы, а другіх забіваючы.
 
I яшчэ паслаў іншага, таго-ж забілі; ды шмат іншых, — адных пабівалі, іншых забівалі.

Меў яшчэ аднаго сына найдаражэйшага, і таго ўканцы паслаў да іх, кажучы: Ўшануюць сына майго.
 
Яшчэ меў аднаго любага яму сына; паслаў нарэшце і таго да іх, кажучы: — пасаромеюцца сына майго.

Адыж земляробы сказалі адзін другому: Гэта-ж наследнік, пойдзем заб’ём яго, і спадчына будзе наша.
 
Яны-ж, вінаградары, сказалі адзін аднаму: — гэта спадкаемца, пойдзем заб'ем яго, і спадчына будзе нашая.

І схапіўшы яго, забілі й выкінулі з вінаградніку.
 
I схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.

Дык што зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе й выгубіць земляробаў, а вінаграднік аддасьць іншым.
 
Што-ж зробіць гаспадар вінаградніку? прыйдзе і аддасьць на сьмерць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым.

І ці вы ня чыталі гэтага пісання: «Той камень, што адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла.
 
Няўжо вы ня чыталі гэтага ў Пісаньні: «Камень, збракаваны будаўнічымі, той лёг у аснову вугла».

Ад Усеспадара гэта сталася і ёсьць дзіўным у вачох нашых?» (Пс. 117:22).
 
Гэта ад Госпада, і дзіўным становіцца ў вачох нашых.

І маніліся схапіць яго, ды баяліся грамады, зразумелі бо, што пра іх сказаў гэту прыповесьць. І пакінуўшы яго, адыйшлі.
 
І яны памыкаліся налажыць на Яго рукі, ды баяліся народу; а яны-ж зразумелі, што пра іх сказаў прыпавесьць гэтую; і, пакінуўшы Яго, адыйшлі.

І пасылаюць к яму некаторых з фарызэеў і гэрэдыянаў, каб падхапіць яго на слове.
 
I падсылаюць да Яго некаторых з фарысеяў ды ірадыянаў, каб падлавіць Яго ў мове.

Тыя прыйшоўшы сказалі яму: Вучыцелю, мы ведаем, што ты праўдамоўны й не зважаеш на нікога, бо ня ўзіраешся ў твар людзям, а папраўдзе на шлях Божы настаўляеш. Ці гожа даваць падатак цэзару, ці не даваць?
 
Тыя-ж, прыйшоўшы, кажуць Яму: — Вучыцель! мы ведаем, што Ты справядлівы, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо ня ўзіраешся на асобы, а папраўдзе на шлях Божы настаўляеш; ці абавязкова даваць падатак кесару ці не; мусім даваць, ці не?

Ён-жа, ведаючы іхнюю хітрасьць, сказаў ім: што вы мяне зводзіце? Прынясеце мне паглядзець дэнар.
 
Ён-жа, ведаючы іхны подступ, сказаў ім: — што вы Мяне выпрабоўваеце? прынясеце Мне дынар, каб пабачыць яго.

Яны прынясьлі яму. І кажа ім: Чый гэта воблік і напіс? Кажуць яму: Цэзараў.
 
Яны прынясьлі; тады кажа ім: — чыё гэта аблічча адбіта тут, і чый напіс? яны сказалі — кесаравы.

Езус-жа ў адказ ім гавора: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. Й дзівіліся з яго.
 
Тады Ісус у адказ сказаў ім: — дык аддайце кесарава кесару, а Божае Богу; і дзівіліся з Яго.

І прыйшлі да яго садуцэі, якія кажуць, няня згробуўстання. ды пыталіся ў яго. кажучы:
 
Потым прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма уваскрасеньня мёртвых, і пыталіся ў Яго, кажучы:

Вучыцелю. Майзей напісаў нам, што калі-б у каго памёр брат і пакінуў жонку ды не аставіў дзяцей, то няхай брат ягоны возме ягону жонку й адродзіць патомства брату свайму.
 
— Вучыцель! Майсей напісаў нам: калі ў каго памрэ брат і пакіне жану, але не пакіне дзяцей, то брат ягоны няхай возьме жану яго, і адродзіць патомства брату свайму.

І вось было сем братоў, першы ўзяў жонку й памёр, не аставіўшы патомства.
 
І вось было сем братоў, першы ўзяў жану, і памершы, не пакінуў патомства.

І ўзяў яе другі й памёр, дый гэты не аставіў патомства. І трэці гэтаксама.
 
I другі ўзяў яе і памёр, не пакінуўшы патомства, таксама і трэйці.

І гэтак бралі яе сямёх, а не аставілі патомства. Апошняй з усіх памярла й жанчына.
 
Гэтак бралі яе сямёх, і не пакінулі патомства; пасьля ўсіх памерла і жана.

Дык пры згробуўстанні, калі з мяртвых устануць, каторага з іх яна будзе сужэнкай? Бо сямёх мелі яе за жонку.
 
Дык пры уваскрасеньні, калі ўваскроснуць, катораму з іх будзе жаною, бо сем мелі яе за жану.

І ў адказ Езус гавора ім: Ці ня дзеля таго вы мыляецеся, што ня ведаеце ні Пісанняў, ні моцы Божай?
 
І сказаў Ісус у адказ ім: — ці ня ў гэтым вы вы ўпадаеце ў блуд, што ня ведаеце Пісаньня, ані сілы Божае.

Бо калі згробуўстануць, ня будуць ані жаніцца, ані замуж выйходзіць, а будуць як анелы ў небе.
 
Бо калі з мёртвых уваскроснуць, тады ня будуць ні жанщца, ні замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў небе.

А пра ўмерлых, што паўстануць, ці вы ня чыталі ў кнізе Майзеевай, як Бог ля куста гаварыў яму, кажучы: Я Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба? (Выйсь. 3:6).
 
А пра памёршых, што яны ўстануць хіба ня чыталі вы ў кнізе Майсеевай, як Бог пры купіне гаварыў яму, кажучы: Я Бог Абрагама, і Бог Ісака, і Бог Якуба.

Ня ёсьць Бог умерлых, але жывых. Дык вы дужа мыляецеся.
 
Бог ня ёсьць мёртвых, але Бог жывых.

І прыступіў адзін з кніжнікаў, каторы чуў як яны спрачаліся ды бачачы, што ім добра адказаў, спытаўся яго: каторае прыказанне з’яўляецца першаважным?
 
I падыйшоў адзін з кніжнікаў, які чуў іхныя спрэчкі, ды пабачыўшы, як Ісус добра адказаў ім, папытаў у Яго: — які запавет найважнейшы?

Езус-жа адказаў яму: Што першае з усіх прыказанняў ёсьць: “Слухай Ізраэль! Госпад Бог твой ёсьць Бог адзіны”;
 
Ісус адказаў яму: — першы з усіх запаветаў — «Слухай Ізраэль! Госпад Бог наш — Госпад Адзіны.

і «любі Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю думкаю тваёю, і ўсёю сілаю тваёю» (Паўт. Пр. 6:45). Гэта вось першаважнае прыказанне.
 
I ўзьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім помыслам тваім, і ўсёю моцаю тваёю» — вось першы запавет.

А другое падобнае да яго: «Любі бліжняга твайго, як сябе самога» (Лев. 19:18). Іншага прыказання, большага за гэта, нямашака.
 
І другі падобны да яго: — любі бліжняга твайго, як самога сябе; іншага, большага за гэты, няма.

І сказаў яму кніжнік: Добра, Вучыцель, ты праўду сказаў, што ёсьць адзін Бог, і няма іншага апрача яго;
 
I сказаў Яму кніжнік: — добра, Вучыцель! праўду Ты сказаў, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага, апрача Яго.

ды каб любіць яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю сілаю, і любіць бліжняга як сябе самога — гэта болей за ўсе жэртвы й ахвяры.
 
I любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім помыслам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю, і любіць бліжняга, як самога сябе, — гэта ёсьць большае за ўсе ахвяры і усеспаленьні.

Езус-жа, бачачы, што разумна адказаў, гавора яму: Недалёка ты ад валадарства Божага. І ніхто больш ня важыўся пытаць яго.
 
Ісус, бачачы, што той разумна адказваў, сказаў яму: — недалёка ты ад Уладарства Божага; і ніхто больш не адважыўся пытацца Яго.

А Езус, адзываючыся ў набожні навучаў, кажучы: Як гэта гавораць кніжнікі, што Хрыстус ёсьць сынам Давіда?
 
Ісус-жа, працягваючы навучаньне ў храме, гаварыў: — як гэта кніжнікі гавораць, што Хрыстос — Сын Давыдаў?

Калі сам Давід кажа ў Духу сьвятым: «Сказаў Госпад майму Ўсеспадару: сядзь праваруч мяне, пакуль палажу тваіх ворагаў падножжам ног тваіх» (Пс. 109:1).
 
Калі-ж сам Давыд гаварыў у Духу Сьвятым: — «Сказау Госпад Госпаду Майму: сядзі праваруч Мяне, дакуль палажу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх».

Сам-жа Давід заве яго Ўсеспадарам, дык скуль-жа ён сын ягоны? І вялікая грамада ахвотна яго слухала.
 
Дык калі сам Давыд называе Яго Госпадам, то як-жа Ён сын яму? і мноства народу рады былі слухаць Яго.

І казаў ім у сваёй навуцы: Сцеражэцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у доўгіх вопратках ды быць вітанымі на рынку,
 
І прамаўляў да іх у навучаньні Сваім: — сьцеражэцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні ды прыймаць вітанькі на рынковых пляцох.

й сядзець на першых лавах у бажніцах ды першыя месцы на вячэрах;
 
I сядзяць наперадзе ў сынагогах, і займаць першыя месцы на банкетах.

якія аб’ядаюць дамы ўдоваў пад пакрывай доўгай малітвы. Тыя дастануць цяжэйшы прысуд.
 
Гэтыя, якія аб'ядаюць домы ўдовіц пад пакрывай доўгага маленьня, дастануць цяжэйшы прысуд.

І седзячы насупроць скарбоны, Езус глядзеў, як грамада кідала грошы ў скарбону; і многа багатых кідала шмат.
 
І сеўшы насупраць скарбонкі, Ісус назіраў, як народ кладзе грошы ў скарбонку; і многія багатыя клалі пашмат.

Калі-ж прыйшла адна бедная ўдава, ўкінула два шэлегі, што выносіць грош.
 
Адна-ж бедная ўдава, прыйшоўшы, палажыла дзьве лепты, што складае грош.

І паклікаўшы сваіх вучняў, гавора ім: Сапраўды кажу вам, гэта бедная ўдава палажыла болей за ўсех, што клалі ў скарбону.
 
І паклікаўшы вучняў Сваіх, Ісус сказаў ім: — папраўдзе кажу вам, што гэтая бедная ўдавіца палажыла больш за ўсіх, якія клалі ў скарбонку.

Бо ўсе клалі з таго, што для іх было лішнім, а гэтая палажыла з нястачы свае ўсё, што мела, ўвесь свой пражытак.
 
Бо ўсе клалі з лішкаў сваіх, а яна ў беднасьці сваей палажыла ўсё, што мела увесь пражытак свой.