Марка 5 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І прыбылі на другі бок мора ў краіну Гэразэнаў.
 
І прыбылі на другі бераг мора ў край геразенаў.

І калі ён выйходзіў з лодкі, зараз-жа выбег з грабовішчаў на сустрэч яму чалавек, што меў нячыстага духа.
 
А калі Езус выйшаў з чоўна, Яму адразу насустрач выйшаў чалавек з магільных пячор, апанаваны нячыстым духам,

Ён меў прыстанішча ў магілах і ўжо ані ланцугамі ніхто ня мог яго звязаць,
 
які жыў у магільных пячорах. Ніхто не мог звязаць яго нават ланцугом,

часта бо, звязаны путамі й ланцугамі, рваў іх ды разбіваў путы й ніхто ня мог яго ўгамаваць.
 
бо часта яго звязвалі кайданамі і ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разбіваў кайданы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць.

Дзень і ноч прабываў ён у грабох і горах, крычучы й бючы сябе каменнямі.
 
Увесь дзень і ўсю ноч, будучы ў магільных пячорах і ў гарах, ён крычаў і біў самога сябе камянямі.

Угледзеўшы-ж Езуса здалёк, прыбег, пакланіўся яму,
 
Калі ён здалёк убачыў Езуса, падбег, пакланіўся Яму

і крычучы на ўвесь голас, казаў: Што табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Заклінаю цябе Богам, ня муч мяне!
 
і закрычаў моцным голасам, кажучы: «Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Богам заклінаю Цябе, не муч мяне».

Ён бо казаў: Выйдзі, дух нячысты, з чалавека.
 
Бо Езус сказаў яму: «Выйдзі, нячысты дух, з гэтага чалавека».

Ды пытаўся яго: Як тваё ймя? Й адказаў яму: Маё імя Легіён, бо нас многа.
 
Тады Езус спытаўся ў яго: «Як тваё імя?» Той адказаў: «Маё імя легіён, бо нас шмат».

І вельмі прасіў, каб ня высяляў іх з тае ваколіцы.
 
І ён моцна прасіў Яго не выганяць іх з гэтай краіны.

А было там ля гары вялікае стада сьвіней на пасьвішчы.
 
Пасвіўся там каля гары вялікі статак свіней.

І прасілі яго нячысьцікі, кажучы: Пусьці, нас, каб мы ўвайшлі ў сьвінне.
 
І прасілі Яго нячыстыя духі, кажучы: «Пашлі нас у свіней, каб мы ўвайшлі ў іх».

Езус зараз-жа дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя, ўвайшлі ў сьвінне, і табун да дзвёх тысяч шыбануў з вялікім разгонам з крутога берагу ў мора ды захлынуўся ў моры.
 
І Ён дазволіў ім. Выйшаўшы, увайшлі гэтыя нячыстыя духі ў свіней, і кінуўся статак каля дзвюх тысяч з кручы ў мора, і патанулі яны ў моры.

А тыя, што пасьвілі іх, уцяклі й далі знаць у горад ды па палёх. І павыходзілі паглядзець што сталася;
 
А свінапасы паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках, і людзі выйшлі паглядзець, што сталася.

ды прыйходзяць да Езуса й бачаць таго, што быў апанаваны дэманам, адзетага й пры сваім розуме, — дык спалохаліся.
 
Прыйшоўшы да Езуса, яны ўбачылі, што той апанаваны злым духам, у якім быў легіён, сядзіць апрануты і пры здаровым розуме, і спалохаліся.

А бачыўшыя расказалі ім, як сталася з абянтэжаным дэманамі ды аб сьвіннях.
 
А тыя, хто бачыў, расказалі ім, што сталася з апанаваным злым духам, і пра свіней.

І давай прасіць яго адыйсьці ад іхніх рубяжоў.
 
Тады пачалі прасіць Езуса, каб адышоў з іхніх межаў.

Калі-ж уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны дэманамі, каб з ім быць.
 
Калі Ён сядаў у човен, апанаваны злым духам прасіўся ў Яго застацца з Ім.

І не дапусьціў яго, але загадаў яму: Ідзі дамоў да сваіх ды паведам іх, якія вялікія рэчы ўчыніў табе Госпад і як зжаліўся над табою.
 
Але Ён не дазволіў яму і сказаў: «Вярніся да свайго дому і да сваіх і раскажы ім усё, што Пан учыніў табе і як змілаваўся над табою».

І пайшоў ды пачаў разглашаць у Дэкаполі, што зрабіў яму Езус; і ўсе дзівіліся.
 
Той адышоў і пачаў абвяшчаць у Дэкаполісе ўсё, што ўчыніў яму Езус, і ўсе здзіўляліся.

А калі Езус пераправіўся на лодцы зноў на другі бераг, зыйшлася к яму вялікая грамада; і быў ён ля мора.
 
Калі Езус ізноў пераправіўся ў чоўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора.

І вось прыйходзіць адзін із старшых над бажніцаю, на ймя Яір, і ўгледзеўшы яго, падае да ног яму,
 
Прыйшоў таксама адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Езуса, упаў да Ягоных ног і моцна прасіў, кажучы:

ды вельмі просіць, гаворачы: Дачка мая канае, прыйдзі, ўзлажы руку на яе, каб аздаравела й жыла.
 
«Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна ўратавалася і жыла».

І пайшоў з ім. А сьледам за ім пайшоў вялікі натаўп, ціснучыся да яго.
 
І Ён пайшоў з ім. А вялікі натоўп ішоў за Езусам і ціснуўся да Яго.

Жанчына-ж, праз дванаццаць год на крываток хварэўшая,
 
Таксама жанчына, якая хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў і шмат выцерпела ад многіх лекараў,

ад дахтароў шмат выцерпеўшая, выдаючы на іх усё сваё дабро, і замесь польгі, шчэ ёй пагоршвалася, —
 
патраціла на іх усю маёмасць сваю, аднак нішто не дапамагло, і ёй станавілася нават горш,

прачуўшы пра Езуса, даціснулася праз натоўп ззаду й дакранулася да ягонай адзежыны;
 
пачуўшы пра Езуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Ягонага плашча.

казала бо: як толькі да ягонага акрыцьця дакрануся, буду здарова.
 
Бо казала сама сабе: «Калі дакрануся хаця б да плашча Ягонага, выздаравею».

І якжа высах у яе выток і пачулася на целе аздаравелай ад хваробы.
 
І ў тую ж хвіліну спыніўся ў яе крывацёк, і яна адчула ў целе, што вызвалілася ад хваробы.

Езус у той момант, пазнаўшы ўсабешне выйшаўшую із сябе магату, абярнуўся да народу й кажа: Хто дакрануўся да мае адзежыны?
 
Езус, адразу адчуўшы, што моц выйшла з Яго, звярнуўся да народу і сказаў: «Хто дакрануўся да Майго плашча?»

Й казалі яму яго вучні: Бачыш як тоўпіцца да цябе грамада й кажаш: «Хто да мяне дакрануўся»?
 
А вучні Ягоныя сказалі Яму: «Ты бачыш, што народ ціснецца да Цябе, і пытаешся “хто дакрануўся да Мяне?”»

Ды зірнуў навокал, каб згледзець тую, што гэта зрабіла.
 
Але Ён аглядаўся, каб убачыць тую, якая гэта зрабіла.

Жанчына-ж, баючыся й дрыжачы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла, упала перад ім і сказала яму ўсю праўду.
 
А жанчына спалохалася і задрыжэла, бо ведала, што з ёй сталася. Яна падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.

Ён-жа сказаў ёй: Дачка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакоі ды будзь здарова ад твае немачы.
 
Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь вольная ад сваёй хваробы».

Калі шчэ ён гаварыў, прыйшлі ад старшага над бажніцай, кажучы: памярла дочанька твая, нашто шчэ турбуеш Вучыцеля?
 
Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад кіраўніка сінагогі і сказалі: «Дачка твая памерла, навошта ты яшчэ турбуеш Настаўніка?»

Езус-жа дачуўшы сказанае слова, гавора архібажнічніку: Ня бойся, толькі вер.
 
Але Езус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў кіраўніку сінагогі: «Не бойся, толькі вер!»

І не дапусьціў нікога йсьці з сабою, апроч Пятра, Якуба й Яна, брата Якубавага.
 
І не дазволіў нікому ісці за сабою, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба.

І прышлі ў дом старшыны бажніцы й бачыць трывогу, плачучых ды моцна галосячых.
 
Калі прыйшоў у дом кіраўніка сінагогі, убачыў мітусню і тых, хто плакаў і моцна галасіў.

І ўвайшоўшы кажа ім: Чаго плачаце й трывожыцеся? Ня ўмярла дзяўчына, але спіць.
 
Увайшоўшы, Ён сказаў ім: «Чаго мітусіцеся і плачаце? Дзіця не памерла, а спіць».

І насьмяхаліся з яго. А ён, выправіўшы ўсіх, узяў бацьку й матку дзяўчаці ды тых, што былі з ім, увайходзіць, дзе ляжала дзяўчына.
 
І насміхаліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, узяў з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з Ім, і ўвайшоў туды, дзе было дзіця.

І, ўзяўшы дзяўчо за руку, гавора ёй: Таліта кумі, што знача: Дзяўчынка, табе кажу — ўстань.
 
Узяўшы дзяўчынку за руку, сказаў ёй: «Таліта, кум!», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!»

І ў той момант паднялося дзяўчатко й хадзіла; бо было ёй дванаццаць год. І астаўпянелі ўсе ад вялікага дзіва.
 
Дзяўчынка адразу ўстала і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі яны ў вялікім здзіўленні.

І моцна прыказаў ім, каб ніхто ня ведаў аб гэтым; а ёй сказаў даць есьці.
 
А Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў даць ёй есці.