Марка 3 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І ўвайшоў зноў у бажніцу, а быў там чалавек, які меў сухую руку.
Езус зноў увайшоў у сінагогу. А быў там чалавек з усохлай рукой.
І наглядалі за ім, ці будзе аздараўляць у шабат, каб абвінаваціць яго.
І сачылі за Езусам, ці вылечыць Ён у шабат, каб абвінаваціць Яго.
І загадаў сухарукаму чалавеку стаць пасярэдзіне.
І сказаў Ён чалавеку з усохлай рукою: «Стань пасярэдзіне».
Ды сказаў ім: Ці належыцца ў шабат рабіць добрае, ці благое? Ратаваць жыцьцё, ці загубляць? Яны-ж маўчалі.
А ў іх запытаўся: «У шабат дазволена рабіць дабро ці зло, душу ўратаваць ці загубіць?» Але яны маўчалі.
І зірнуўшы на іх гнеўна, сумуючы над сьляпатою сэрца іхняга, сказаў сухарукаму: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і была вернена рука яму.
Гнеўна паглядзеўшы на іх, засмучаны жорсткасцю іх сэрцаў, сказаў таму чалавеку: «Працягні руку». Той працягнуў — і стала здаровай рука ягоная.
Фарызэі, выйшаўшы, зараз-жа зрабілі нараду з гэрэдыянамі супроць яго, як-бы яго забіць.
Тады фарысеі выйшлі, адразу сабралі з прыхільнікамі Ірада нараду супраць Езуса, каб загубіць Яго.
Езус-жа з сваімі вучнямі адыйшоў к узмор’ю, а за ім пайшла вялікая грамада з Юдэі й Галілеі,
Езус адышоў з вучнямі сваімі да мора. А за Ім ішоў вялікі натоўп з Галілеі, з Юдэі,
і з Ерузаліму, і з Ідумэі, і з-за Ярдану, і тыя, што ля Тыру і Сыдону, вялікае мноства, пачуўшы, што дзееў, прыйшло к яму.
з Ерузалема, з Ідумеі; з-за Ярдана і з ваколіц Тыра і Сідона прыйшло да Яго вялікае мноства людзей, якія пачулі, што Ён рабіў.
І загадаў вучням сваім нарыхтаваць яму лодку, дзеля натоўпу, каб ня ціснуліся да яго.
Тады сказаў Ён сваім вучням падрыхтаваць Яму човен, каб натоўп не заціснуў Яго.
Многіх бо аздаравіў, так што напіралі на яго, хто-толькі меў хваробу, каб да яго дакрануцца.
Многіх Ён аздаравіў, таму тыя, хто меў якую-небудзь хваробу, ціснуліся, каб дакрануцца да Яго.
А духі нячыстыя, бачачы яго, падалі перад ім і крычалі, кажучы: Ты Сын Божы!
Нячыстыя духі, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі: «Ты — Сын Божы!»
І моцна гразіў ім, каб ня выяўлялі яго.
Але Ён строга забараняў ім, каб не выкрывалі Яго.
А ўзыходзячы на гору, паклікаў да сябе каго сам хацеў і прыйшлі к яму.
Пасля ўзышоў на гару і паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў, і яны прыйшлі да Яго.
І пастанавіў, каб дванаццацёх былі з ім, ды, каб іх пасылаць на навучанне.
І ўстанавіў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць
І даў ім уладу аздараўляць немачы ды выганяць дэманаў.
і каб яны мелі ўладу выганяць злых духаў.
І даў Сымону імя Пётр;
Устанавіў гэтых Дванаццаць: Сымона, якому даў імя Пётр,
і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якубавага, ды даў ім імёны Боанэргэс, гэта значыць: сын грому;
Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата Якуба, і даў ім імёны Баанэргес, што азначае «сыны грому»;
І Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матауша, і Тамаша, і Якуба Альфэевага, і Тадэву, і Сымона Кананэйца,
Андрэя, Філіпа, Барталамея, Мацвея, Тамаша, Якуба Алфеевага, Тадэвуша, Сымона Кананэйца
і Юдаша Іскарыёта, які і выдаў яго.
і Юду Іскарыёта, які і выдаў Яго.
І прыйшлі ў дом. Ды зноў збегся народ, так што не маглі й перакусіць хлеба.
І прыйшоў Езус з вучнямі ў дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават паесці хлеба.
А прачуўшы гэта сваякі, выйшлі, каб узяць яго, казалі бо, што ён ня пры сабе.
Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум.
І кніжнікі, прыйшоўшыя з Ерузаліму, казалі, што ён мае Бэльзэбуба ды што ўладаю князя дэманаўскага выганяе дэманаў.
А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбула і князем злых духаў Ён выганяе злых духаў.
І клікнуўшы іх, гаварыў ім прыповесьцямі: Як-жа можа шатан шатана выганяць?
А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: «Як можа сатана выганяць сатану?
Калі гаспадарства само ў сабе падзеліцца, ня можа ўстаяць тое гаспадарства.
Калі валадарства падзеліцца знутры, не можа выстаяць такое валадарства.
І калі дом раздзеліцца супроць сябе, ня можа ўстаяць той дом.
І калі дом падзеліцца знутры, не можа выстаяць такі дом.
А калі шатан паўстане сам супроць сябе, дык ён падзяліўся й ня зможа ўстаяць, канец яму.
І калі сатана паўстаў супраць сябе і падзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму.
Ніхто ня можа, ўвайшоўшы ў дом магута, разграбіць рэчы яго, калі перш магута ня звяжа, і тады аграбіць дом ягоны.
Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка. Тады толькі абрабуе дом ягоны.
Сапраўды кажу вам, усе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым, і блюзнерствы, якімі-б яны блюзнілі,
Сапраўды кажу вам, што сынам чалавечым будуць адпушчаны ўсе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі.
але хто блюзніў-бы проці Духа Святога, ня меціме адпушчэння навекі, а будзе вінаваты граху вечнага.
Але той, хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, ніколі не атрымае адпушчэння, а будзе асуджаны навекі».
Бо казалі, ён мае духа нячыстага.
Так сказаў, бо гаварылі: «Ён мае нячыстага духа».
І прыйшлі матка ягона й браты ды, стоячы на дварэ, паслалі к яму паклікаць яго.
Тады прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго.
А грамада сядзела ля яго. І сказалі яму: Вось маці твая й браты твае на дварэ цябе шукаюць.
Натоўп, які сядзеў каля Яго, казаў Яму: «Вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе».
А ён у адказ гавора ім: Хто-ж мая маці й браты мае?
Але Ён сказаў ім у адказ: «Хто маці Мая і браты Мае?»
І акінуўшы вокам тых, што кругом яго сядзелі, сказаў: Во матка мая й браты мае.
І, паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае.
Бо хто-б спаўняў волю Божу, той брат мой, і сястра мая, і матка мая.
Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці».