Марка 3 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І ўвайшоў зноў у бажніцу, а быў там чалавек, які меў сухую руку.
І Ён зноў увайшоў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў ссохлую руку.
І наглядалі за ім, ці будзе аздараўляць у шабат, каб абвінаваціць яго.
І сачылі за Ім, ці будзе аздараўляць у суботу, каб Яго абвінаваціць.
І загадаў сухарукаму чалавеку стаць пасярэдзіне.
І кажа сухарукаму чалавеку: «Стань пасярэдзіне!»
Ды сказаў ім: Ці належыцца ў шабат рабіць добрае, ці благое? Ратаваць жыцьцё, ці загубляць? Яны-ж маўчалі.
Да іх жа кажа: «Ці ў суботу трэба добра рабіць, ці мо блага? Жыццё выратаваць ці загубіць?» Але яны маўчалі.
І зірнуўшы на іх гнеўна, сумуючы над сьляпатою сэрца іхняга, сказаў сухарукаму: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і была вернена рука яму.
Дык азіраючы іх з гневам, засмучаны асляпёнасцю іх сэрцаў, кажа чалавеку: «Выцягні руку тваю!» І выцягнуў руку, і рука яго ажыла, як другая.
Фарызэі, выйшаўшы, зараз-жа зрабілі нараду з гэрэдыянамі супроць яго, як-бы яго забіць.
Фарысеі ж, выйшаўшы, зрабілі адразу нараду з ірадыянамі супраць Яго, як бы Яго загубіць.
Езус-жа з сваімі вучнямі адыйшоў к узмор’ю, а за ім пайшла вялікая грамада з Юдэі й Галілеі,
Затым Ісус разам з вучнямі Сваімі адышоў да мора. І вялікі натоўп з Галілеі ішоў за Ім, і з Юдэі,
і з Ерузаліму, і з Ідумэі, і з-за Ярдану, і тыя, што ля Тыру і Сыдону, вялікае мноства, пачуўшы, што дзееў, прыйшло к яму.
і з Ерузаліма, з Ідумеі; і тыя, што з-за Ярдана, ды з ваколіц Тыра і Сідона велізарны натоўп, пачуўшы, што Ісус чыніў, сабраўся да Яго.
І загадаў вучням сваім нарыхтаваць яму лодку, дзеля натоўпу, каб ня ціснуліся да яго.
Дык сказаў Ён вучням Сваім, каб парупіліся пра лодку, каб вялікае мноства людзей не заціснула Яго.
Многіх бо аздаравіў, так што напіралі на яго, хто-толькі меў хваробу, каб да яго дакрануцца.
Бо многіх аздараўляў, таму кідаліся да Яго ўсе, што хварэлі, каб дакрануцца да Яго.
А духі нячыстыя, бачачы яго, падалі перад ім і крычалі, кажучы: Ты Сын Божы!
І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім, крычучы: «Ты — Сын Божы!»
І моцна гразіў ім, каб ня выяўлялі яго.
Ён жа строга забараняў ім выяўляць Яго.
А ўзыходзячы на гору, паклікаў да сябе каго сам хацеў і прыйшлі к яму.
І ўзыходзіць на гару, і кліча да Сябе тых, каго Сам хацеў, і прыйшлі да Яго.
І пастанавіў, каб дванаццацёх былі з ім, ды, каб іх пасылаць на навучанне.
І вызначыў дванаццаць, каб яны былі пры Ім і каб пасылаць іх прапаведаваць,
І даў ім уладу аздараўляць немачы ды выганяць дэманаў.
і каб яны мелі ўладу аздараўляць хваробы і выганяць дэманаў;
І даў Сымону імя Пётр;
Сімона, якому даў імя Пётра,
і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якубавага, ды даў ім імёны Боанэргэс, гэта значыць: сын грому;
і Якуба Зебядзеева, і Яна, брата Якуба, і надаў ім імя Боанэргес, што значыць сыны громавы,
І Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матауша, і Тамаша, і Якуба Альфэевага, і Тадэву, і Сымона Кананэйца,
і Андрэя, і Піліпа, і Баўтрамея, і Мацвея, і Тамаша, і Якуба Алфеева, і Тадэя, ды Сімона Кананіта,
і Юдаша Іскарыёта, які і выдаў яго.
і Юду Іскарыёта, які Яго выдаў.
І прыйшлі ў дом. Ды зноў збегся народ, так што не маглі й перакусіць хлеба.
І ўваходзяць у дом; і сышлося зноў мноства народа, так што не маглі нават хлеба з’есці.
А прачуўшы гэта сваякі, выйшлі, каб узяць яго, казалі бо, што ён ня пры сабе.
І калі пачулі гэта сваякі, выйшлі, каб узяць Яго, бо казалі яны: «Ашалеў».
І кніжнікі, прыйшоўшыя з Ерузаліму, казалі, што ён мае Бэльзэбуба ды што ўладаю князя дэманаўскага выганяе дэманаў.
І кніжнікі, што прыбылі з Ерузаліма, казалі: «Мае Бэльзебула» і «Моцай князя дэманскага выганяе дэманаў».
І клікнуўшы іх, гаварыў ім прыповесьцямі: Як-жа можа шатан шатана выганяць?
І Ісус, пазваўшы іх, гаварыў да іх у прыпавесцях: «Як шатан можа выганяць шатана?
Калі гаспадарства само ў сабе падзеліцца, ня можа ўстаяць тое гаспадарства.
Калі царства раздзеліцца ў сабе, не можа ўтрымацца такое царства.
І калі дом раздзеліцца супроць сябе, ня можа ўстаяць той дом.
І калі і дом падзелены ў сабе, не можа ўтрымацца дом такі.
А калі шатан паўстане сам супроць сябе, дык ён падзяліўся й ня зможа ўстаяць, канец яму.
І калі шатан паўстаў супраць сябе самога і раздзяліўся, не можа ўтрымацца, але прыйшоў яму канец.
Ніхто ня можа, ўвайшоўшы ў дом магута, разграбіць рэчы яго, калі перш магута ня звяжа, і тады аграбіць дом ягоны.
Ніхто, увайшоўшы ў дом асілка, не можа абрабаваць яго маёмасці, калі перш не звяжа асілка, і тады абрабуе дом яго.
Сапраўды кажу вам, усе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым, і блюзнерствы, якімі-б яны блюзнілі,
Сапраўды кажу вам: усе грахі будуць адпушчаны сынам чалавечым, нават блюзненні, якіх бы ні дапусціліся.
але хто блюзніў-бы проці Духа Святога, ня меціме адпушчэння навекі, а будзе вінаваты граху вечнага.
Калі б, аднак, хто блюзніў супраць Духа Святога, той не атрымае адпушчэння навек, але будзе мець вечнае асуджэнне».
Бо казалі, ён мае духа нячыстага.
Бо казалі яны, што Ён мае духа нячыстага.
І прыйшлі матка ягона й браты ды, стоячы на дварэ, паслалі к яму паклікаць яго.
І прыйшлі браты і Маці Яго, і, чакаючы перад домам, паслалі да Яго клікаць Яго.
А грамада сядзела ля яго. І сказалі яму: Вось маці твая й браты твае на дварэ цябе шукаюць.
Вакол Яго сядзеў народ, і казалі Яму: «Вось, Маці Твая, і браты Твае перад домам, шукаюць Цябе».
А ён у адказ гавора ім: Хто-ж мая маці й браты мае?
А Ён у адказ кажа ім: «Хто Маці Мая і браты Мае?»
І акінуўшы вокам тых, што кругом яго сядзелі, сказаў: Во матка мая й браты мае.
І, паглядзеўшы на тых, што вакол Яго сядзелі, кажа: «Вось Маці Мая і браты Мае!
Бо хто-б спаўняў волю Божу, той брат мой, і сястра мая, і матка мая.
Хто спаўняе волю Бога, той — брат Мой, і сястра Мая, і Маці».