Марка 3 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І ўвыйшоў ізноў у бажніцу. Там быў чалавек із сухой рукою.
І Ён зноў увайшоў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў ссохлую руку.
І назіралі за Ім, ці не ўздарове яго ў сыботу, каб абвінаваць Яго.
І сачылі за Ім, ці будзе аздараўляць у суботу, каб Яго абвінаваціць.
Ён жа кажа сухарукаму: «Стань пасярэдзіне».
І кажа сухарукаму чалавеку: «Стань пасярэдзіне!»
А ім кажа: «Ці праўна ў сыботу добра ці блага рабіць? Душу спасьці, ці загубіць?» Але яны маўчэлі.
Да іх жа кажа: «Ці ў суботу трэба добра рабіць, ці мо блага? Жыццё выратаваць ці загубіць?» Але яны маўчалі.
І, глянуўшы на іх із гневам, зьнёмарасьціўшыся з калянасьці сэрцаў іхных, кажа таму чалавеку: «Выцягні руку сваю». Ён выцягнуў, і стала рука ягоная здаровая, як другая.
Дык азіраючы іх з гневам, засмучаны асляпёнасцю іх сэрцаў, кажа чалавеку: «Выцягні руку тваю!» І выцягнуў руку, і рука яго ажыла, як другая.
Фарысэі, вышаўшы, без адвалокі зрабілі зь гіродыянамі нараду супроці Яго, каб загубіць Яго.
Фарысеі ж, выйшаўшы, зрабілі адразу нараду з ірадыянамі супраць Яго, як бы Яго загубіць.
А Ісус із вучанікамі сваімі адышоў над мора; і вялікая множасьць ішла за Ім із Ґалілеі а зь Юдэі
Затым Ісус разам з вучнямі Сваімі адышоў да мора. І вялікі натоўп з Галілеі ішоў за Ім, і з Юдэі,
А зь Ерузаліму а з Ідумеі а зза Ёрдану. І з каля Тыру а Сыдону, пачуўшы, што Ён робе, вялікая множасьць прышла да Яго.
і з Ерузаліма, з Ідумеі; і тыя, што з-за Ярдана, ды з ваколіц Тыра і Сідона велізарны натоўп, пачуўшы, што Ісус чыніў, сабраўся да Яго.
І сказаў вучанікам Сваім, каб гатова была Яму лодка, з прычыны груду, каб ня сьціскалі Яго.
Дык сказаў Ён вучням Сваім, каб парупіліся пра лодку, каб вялікае мноства людзей не заціснула Яго.
Бо шмат каго Ён уздаравіў, так што ціснуліся да Яго, хто меў хваробу, каб даткнуцца да Яго.
Бо многіх аздараўляў, таму кідаліся да Яго ўсе, што хварэлі, каб дакрануцца да Яго.
І нячыстыя духі, як бачылі Яго, падалі перад Ім і крычэлі, кажучы: «Ты — Сын Божы!»
І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім, крычучы: «Ты — Сын Божы!»
Але Ён шмат перасьцерагаў іх, каб не выяўлялі Яго.
Ён жа строга забараняў ім выяўляць Яго.
Потым узышоў на гару і пагукаў да Сябе, каго Сам хацеў; і прышлі да Яго.
І ўзыходзіць на гару, і кліча да Сябе тых, каго Сам хацеў, і прыйшлі да Яго.
І прызначыў двананцацёх, каб маглі быць ізь Ім, і каб пасылаць іх на казань,
І вызначыў дванаццаць, каб яны былі пры Ім і каб пасылаць іх прапаведаваць,
І каб яны мелі ўладу ўздараўляць ад хваробаў і выганяць нячысьцікаў:
і каб яны мелі ўладу аздараўляць хваробы і выганяць дэманаў;
Сымона, дадаўшы яму імя Пётра,
Сімона, якому даў імя Пётра,
А Якава Зэведэявага а Яана, брата Якававага, дадаўшы ім мянушку Воанерґес, значыцца «Сыны громавы»,
і Якуба Зебядзеева, і Яна, брата Якуба, і надаў ім імя Боанэргес, што значыць сыны громавы,
Андрэя а Піліпа а Варфаломея а Мацьвея а Хаму а Якава Алфеевага а Хвадзея а Сымона Канояніна
і Андрэя, і Піліпа, і Баўтрамея, і Мацвея, і Тамаша, і Якуба Алфеева, і Тадэя, ды Сімона Кананіта,
А Юду Іскарыёта, каторы й ізрадзіў Яго. І прыходзяць да дому.
і Юду Іскарыёта, які Яго выдаў.
І ўзноў зыходзіцца люд, ажно нельга было ім хлеба ізьесьці.
І ўваходзяць у дом; і сышлося зноў мноства народа, так што не маглі нават хлеба з’есці.
І, пачуўшы, свае Ягоныя пайшлі няць Яго, бо дзейкалі, што Ён вонках сябе.
І калі пачулі гэта сваякі, выйшлі, каб узяць Яго, бо казалі яны: «Ашалеў».
А кніжнікі, што прышлі зь Ерузаліму, дзейкалі, што Ён мае веельзэвула, і што выганяе нячысьцікаў сілаю старшага нячысьцікаў.
І кніжнікі, што прыбылі з Ерузаліма, казалі: «Мае Бэльзебула» і «Моцай князя дэманскага выганяе дэманаў».
І прыгукаўшы іх, гутарыў ім прыпавесьцьмі: «Як можа шайтан выганяць шайтана?
І Ісус, пазваўшы іх, гаварыў да іх у прыпавесцях: «Як шатан можа выганяць шатана?
Калі гаспадарства падзеліцца само ў сабе, ня можа ўстоіць гаспадарства тое.
Калі царства раздзеліцца ў сабе, не можа ўтрымацца такое царства.
І, калі дом падзеліцца сам у сабе, ня можа ўстоіць дом тый.
І калі і дом падзелены ў сабе, не можа ўтрымацца дом такі.
І калі шайтан паўстаў на самога сябе й падзяліўся, ня можа ўстоіць, але канец яму.
І калі шатан паўстаў супраць сябе самога і раздзяліўся, не можа ўтрымацца, але прыйшоў яму канец.
«Бо ніхто, увыйшоўшы ў дом дужасіла, ня можа расхапаць маемасьці ягонае; хіба ўперад зьвяжа дужасіла, і тады аграбе дом ягоны.
Ніхто, увайшоўшы ў дом асілка, не можа абрабаваць яго маёмасці, калі перш не звяжа асілка, і тады абрабуе дом яго.
«Запраўды кажу вам: будуць дараваны сыном людзкім усі грахі а блявузґаньні, якімі б блявузґалі;
Сапраўды кажу вам: усе грахі будуць адпушчаны сынам чалавечым, нават блюзненні, якіх бы ні дапусціліся.
Але хто будзе блявузґаць на Духа Сьвятога, ніколі ня будзе мець дараваньня, але ён у небясьпечнасьці вечнага засуджэньня».
Калі б, аднак, хто блюзніў супраць Духа Святога, той не атрымае адпушчэння навек, але будзе мець вечнае асуджэнне».
Бо гукалі: «У Ім нячысты дух».
Бо казалі яны, што Ён мае духа нячыстага.
І прыйшлі Маці Ягоная а браты Ягоныя і, стоячы вонках, паслалі да Яго пагукаць Яго.
І прыйшлі браты і Маці Яго, і, чакаючы перад домам, паслалі да Яго клікаць Яго.
А навокал Яго сядзеў груд. І сказалі Яму: «Гля, а Маці Твая а браты Твае а сёстры Твае вонках, шукаюць Цябе».
Вакол Яго сядзеў народ, і казалі Яму: «Вось, Маці Твая, і браты Твае перад домам, шукаюць Цябе».
І, адказаўшы ім, сказаў: «Хто маці Мая або браты Мае?»
А Ён у адказ кажа ім: «Хто Маці Мая і браты Мае?»
І глянуўшы на тых, што сядзелі навокал Яго, кажа: «Во маці Мая а браты Мае!
І, паглядзеўшы на тых, што вакол Яго сядзелі, кажа: «Вось Маці Мая і браты Мае!
Бо хто будзе паўніць волю Божую, той Імне а брат а сястра а маці».
Хто спаўняе волю Бога, той — брат Мой, і сястра Мая, і Маці».