Марка 9 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І сказаў ім: «Запраўды кажу вам: ё некатрыя із стаячых гэтта, што ніяк не паспытаюцца сьмерці, пакуль не абачаць гаспадарства Божага, у магутнасьці прыходзячага.
І казаў ім: «Сапраўды кажу вам: некаторыя, што стаяць тут, не пакаштуюць смерці, перш чым не ўбачаць, як Валадарства Божае прыйшло ў магутнасці».
Дзён за шэсьць узяў Ісус Пётру, Якава а Яана, і ўзьвёў іх на гару высокую асобна адных, і адмяніўся перад імі.
І праз шэсць дзён Ісус бярэ Пётру, і Якуба, і Яна і вядзе іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.
І адзецьці Ягоныя сталі бліскучыя, вельмі белыя, як сьнег, як на зямлі ніякі бяленьнік ня можа выбяліць іх.
Адзенне Яго заззяла і стала белым, як снег, як на зямлі бялільшчык выбеліць не зможа.
І зьявіўся да іх Ільля з Масеям, і яны мужавалі зь Ісусам.
І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і гаварылі з Ісусам.
І, адказуючы, Пётра сказаў Ісусу: «Раббі! добра нам тут быць; разапніма тры буданы: Табе адзін, Масею адзін і адзін Ільлі».
І, кажучы, гаворыць Пётра Ісусу: «Рабі, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і Іллі адну».
Бо ня ведаў, што адказаць, бо яны вельмі спалохаліся.
Бо сам не ведаў, што гаворыць, бо надта былі спалоханы.
І зьявіўся булак, ахінаючы іх, і з булаку вышаў голас, кажучы: «Гэта Сын Мой любовы; Яго слухайце!»
І з’явілася воблака, засланяючае іх, ды голас выйшаў з воблака: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!»
І якга, глянуўшы навокал, нікога балей ня бачылі, апрача Ісуса аднаго із сабою.
І яны, зараз жа паглядзеўшы навокал, апрача Ісуса, нікога больш не ўбачылі каля сябе.
І як яны зыходзілі з гары, Ён расказаў ім, каб яны нікому не казалі праз тое, што бачылі, пакуль Сын Людзкі ня ўскрэсьне зь мертвых.
І, калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім Ён, каб нікому не расказвалі, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
І гэтае слова дзяржалі ў сябе, сьперачаючыся адзін із адным, што знача: «ускрэсьці зь мертвых».
І яны стрымалі слова, толькі між сабой разважалі, што гэта значыць: «уваскрэснуць з мёртвых».
І пыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ільля мае пярвей прысьці?»
Дык пыталі Ісуса: «Чаму гэта кніжнікі кажуць, што трэба, каб перш прыйшоў Ілля?»
І Ён, адказуючы, сказаў ім: «Ільля запраўды прыйдзе пярвей і аднове ўсе; і як напісана праз Сына Людзкога, што мае шмат цярпець, і замеюць Яго за нішто.
А Ён гаворыць ім: «Ілля, калі прыйдзе перш, направіць усё; і, як напісана аб Сыне Чалавечым, будзе шмат цярпець, і будзе пагарджаны.
Але кажу вам, што й Ільля прышоў, і зрабілі яму, што хацелі, як напісана празь яго».
Але Я вам кажу: і Ілля прыйшоў, і з ім зрабілі, як хацелі, як аб ім напісана».
І, прышоўшы да вучанікаў, абачылі вялікі груд навокал іх і кніжнікаў, што сьперачаліся зь імі.
І, вяртаючыся да вучняў, убачыў вакол іх вялікі натоўп кніжнікаў, што спрачаліся з імі.
І зараз, абачыўшы Яго, увесь груд зумеўся, і, падбягаючы, віталі Яго.
І адразу, ўбачыўшы Ісуса, увесь народ здзівіўся і, падбягаючы, вітаў Яго.
Ён папытаўся ў кніжнікаў: «Праз што сьперачаецеся зь імі?»
І спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся між сабой?»
І адзін із груду, адказуючы, сказаў: «Вучыцелю, я прывёў да Цябе сына свайго, у каторага дух нямоты.
І нехта з натоўпу адказаў: «Настаўнік, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.
І йдзелень імае яго, дзярэць яго, і ён пушчае пену, і скрыгоча зубамі сваімі, і сохне. І казаў я вучанікам Тваім, каб яны выгналі яго, і яны не маглі».
І ён, дзе толькі наваліцца на яго, кідае яго, так што пеніцца ён і скрыгоча зубамі свімі ды пруцянее. Дык прасіў я вучняў Тваіх, каб яго выгналі, але яны не змаглі».
Адказуючы яму, сказаў: «О родзе няверны! пакуль буду з вамі? пакуль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне».
Ён жа, адказваючы ім, кажа: «О род няверны, як доўга буду Я між вамі? Як доўга буду вас цярпець? Прывядзіце яго да Мяне».
І прывялі яго да Яго; і як ён абачыў Яго, якга дух турзаў яго; і ён паваліўся на зямлю, і качаўся, пушчаючы пену.
І прывялі яго да Яго. І калі ўбачыў Яго, зараз жа дух пачаў ім тузаць ды, кінуўшы на зямлю, качаў яго, выціскаючы пену.
І папытаўся ў вайца ягонага: «Як даўно гэта сталася зь ім?» Ён сказаў: «З маленства.
І запытаўся ў бацькі: «Як даўно яму гэта прычынілася?» А ён сказаў: «Ад дзяцінства;
І шмат разоў дух кідаў яго ў вагонь і ў ваду, каб загубіць яго; але, калі што можаш, памажы нам, зжалься над намі».
і часта кідаў яго нават у агонь і ў ваду, каб яго загубіць, але, калі што можаш, ратуй нас, злітуйся над намі».
Ісус сказаў яму: «Калі можаш верыць, усе магчыма верачаму».
А Ісус гаворыць яму: «Калі можаш верыць, усё магчыма таму, хто верыць».
І якга айцец дзяцюкоў гукнуў ізь сьлязьмі: «Веру, Спадару! памажы маёй няверы».
Адразу бацька хлопчыка, плачучы, гаварыў уголас: «Веру, Госпадзе, дапамажы майму недавер’ю».
Ісус, бачачы, што зьбягаецца гурба, зганіў духа нячыстага, кажучы яму: «Немы й глухі душа! Я расказую табе, выйдзі зь яго і наперад ня ўходзь у яго».
І, калі Ісус убачыў, што збягаецца натоўп людзей, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: «Дух глухі і нямы! Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».
І, крыкнуўшы а шмат разоў турзануўшы яго, вышаў; і ён быў, бы мертвы, так што шмат хто казаў: «Ён памер».
І той, крычучы і моцна тузаючы ім, выйшаў з яго; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі: «Ён памёр».
Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
Ісус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
І, як увыйшоў у дом, вучанікі Ягоныя асобна пыталіся ў Яго: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»
І, калі Ён увайшоў у дом, вучні Яго ўжо адзін на адзін пыталіся ў Яго: «Чаму мы не змаглі яго выгнаць?»
І сказаў ім: «Гэты род ня можа высьці ад нічога, адно ад малітвы а посту».
І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк не можа выйсці, акрамя як праз [пост і] малітву».
І, вышаўшы стуль, праходзілі пераз Ґалілею; і Ён не хацеў, каб хто ведаў.
І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб хто пра гэта ведаў.
Бо навучаў вучанікаў Сваіх і казаў ім, што Сын Людзкі будзе выданы ў рукі людзкія, і заб’юць Яго, і па забіцьцю на трэйці дзень ускрэсьне.
Бо навучаў вучняў Сваіх і казаў ім: «Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей, і яны заб’юць Яго, але, забіты, Ён на трэці дзень ўваскрэсне».
Але яны не разумелі гэтага слова і баяліся пытацца ў Яго.
Ды яны слоў гэтых не разумелі і баяліся Яго пытацца.
І прышлі да Капернауму; і, будучы ў доме, папытаўся ў іх: «Праз што вы сьперачаліся мяжсобку ў дарозе?»
І прыбылі ў Кафарнаўм. І, калі былі ў доме, спытаў Ён іх: «Аб чым вы ў дарозе разважалі між сабою?»
Але яны маўчэлі, бо ў дарозе сьперачаліся мяжсобку, хто найвялікшы.
Але яны маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся між сабой, хто з іх большы.
І, сеўшы, гукнуў двананцацёх, і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першы, няхай будзе з усіх апошні і ўсіх слугою».
І Ісус, сеўшы, паклікаў дванаццаць, і гаворыць ім: «Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім ды ўсіх паслугачом».
І, узяўшы дзецянё, пастанавіў яго сярод іх, і, абняўшы яго, сказаў ім:
І, узяўшы дзіця, паставіў яго між імі, і прытуліў яго, і сказаў ім:
«Хто прыйме адно з гэтых дзяцей у імя Мае, Мяне прыйме; а хто прыйме Мяне, не Мяне прыйме, але таго, хто паслаў Мяне».
«Калі хто ў імя Маё прыме адно з такіх дзяцей, Мяне прымае, а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, але Таго, Хто Мяне паслаў».
І Яан адказаў Яму, кажучы: «Вучыцелю! мы бачылі аднаго, каторы выганяе нячысьцікаў імям Тваім, а ён ня ходзе за намі; і забаранілі яму, бо ня ходзе за намі».
Сказаў Яму Ян: «Настаўнік, мы бачылі некага, які ў імя Тваё выганяў дэманаў, які не ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць за намі».
Ісус жа сказаў: «Не бараніце яму, бо ніхто, што ўчыне магучы ўчынак у імя Мае, ня можа ўборзьдзе гукаць блага на Мяне.
Ісус жа гаворыць: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто чыніць цуды ў імя Маё, не можа зараз жа блага гаварыць пра Мяне.
Бо хто ня супроці нас, тый з намі.
Бо хто не супраць вас, той за вас.
І хто дасьць вам піць коўню вады ў імя Мае, затым што вы Хрыстовы, запраўды кажу вам, ніяк ня страце заплаты свае.
Бо хто падасць вам кубак вады ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовы, сапраўды кажу вам: не страціць узнагароды сваёй.
А хто спадманець аднаго з малых гэтых, што вераць у Мяне, вале й было б таму, калі б павесілі яму жоран на шыю і кінулі яго ў мора.
А хто згоршыць аднаго з гэтых малых, што вераць у Мяне, такому лепш было б, каб прычапілі жоран млынавы на шыю яго і кінулі ў мора.
А калі спакушае цябе рука твая, адатні яе: валей табе калекаму ўвыйсьці ў жыцьцё, чымсязь дзьвюма рукамі ўвыйсьці ў Ґегенну, у вагонь няўгасны,
І, калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе. Бо лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве рукі, пайсці ў пекла, у агонь нязгасны,
Ідзе чарвяк іх ня здыхае, і агонь ня гасьне
дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.
І калі нага твая спакушае цябе, адатні яе: валей табе ўвыйсьці ў жыцьцё кульгаваму, чымся зь дзьвюма нагамі быць укіненым у пеклу, у вагонь няўгасны,
І калі нага твая згаршае цябе, адсячы яе. Лепш табе кульгаваму ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве нагі, быць укінутым у агонь незгасальны,
Ідзе чарвяк іх ня здыхае, і агонь ня гасьне.
дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.
І калі вока твае спакушае цябе, вырві яго: валей табе з адным вокам увыйсьці ў гаспадарства Божае, чымся з двума ачыма быць укіненым у пеклу агняную,
І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, бо лепш табе ўвайсці ў Валадарства Божае аднавокім, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у пекла,
Ідзе чарвяк іх ня здыхае, і агонь ня гасьне.
дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.
Бо кажны агнём пасоліцца, кажны аброк сольлю пасоліцца.
Бо кожны агнём будзе пасолены, і ўсякая ахвяра соллю пасоліцца.
Соль — добрая; але, калі соль не салоная стане, чым вы яе пасоліце? Майце ў сабе соль, і супакой майце мяжсобку».
Соль добрая, а калі соль звятрэе, дык чым яе прысаліць? Майце ў сабе соль і мірна жывіце між сабою».