Марка 7 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Тады зьберліся да Яго фарысэі й некатрыя з кніжнікаў, што прышлі зь Ерузаліму,
І сышліся да Яго фарысеі ды некаторыя кніжнікі, што прыбылі з Ерузаліма.
І, бачачы некатрых вучанікаў Ягоных, што нячыстымі рукамі, значыцца непамытымі, елі хлеб, упікалі.
І, калі заўважылі, што некаторыя з вучняў Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць нямытымі, рукамі, — дакаралі.
Бо фарысэі а ўсі Юдэі, дзержачы паданьне старцоў, не ядуць, не памыўшы ўважліва рук.
Бо фарысеі і ўсе юдэі не ядуць, калі не памыюць старанна рук, захоўваючы традыцыю дзядоў;
І, прышоўшы з торгу, не ядуць не памыўшыся. Ё й шмат чаго іншага, што яны прынялі дзяржаць: абмываньне чараў, судзьдзя, мядзяных рэчаў а сталоў.
таксама не ядуць, прыйшоўшы з рынку, пакуль не абмыюцца; па-за гэтым традыцыя іх загадвае трымацца многіх іншых рэчаў: мыць чары і збаны, і посуд медны, і лавы, —
Потым пытаюць у Яго фарысэі а кніжнікі: «Чаму вучанікі Твае ня робяць подле паданьня старцоў, але нячыстымі рукамі ядуць хлеб?»
то пыталіся Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцый старэйшын, але ядуць хлеб нямытымі рукамі?»
Ён, адказуючы, сказаў ім: «Добра праракаў праз вас двудушнікаў Ісая, як напісана: "Людзі гэтыя сьцяць Мяне вуснамі, сэрца ж іхнае далёка ад Мяне;
А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Добра пра вас, крывадушнікаў, праракаваў Ісая, як напісана: “Народ гэты славіць Мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад Мяне.
Але дарма сьцяць Мяне, вучачы навукаў, расказаньняў людзкіх";
Дарэмна, аднак, славяць Мяне, выкладаючы вучэнне пастаноў чалавечых”.
Бо вы, пакінуўшы расказаньне Божае, дзяржыце паданьне людзкое, абмываньне казаноў а чараў і шмат чаго іншага, падобнага да гэтага, робіце».
І, аставіўшы прыказанне Божае, захоўваеце традыцыі чалавечыя: мыццё чараў і кубкаў, ды робіце шмат іншага, падобнага да гэтага».
І сказаў Ён ім: «Ці добра, што адкладаеце расказаньне Божае, каб дзяржаць свае паданьне?
І гаварыў ім: «Ці добра, што вы касуеце прыказанне Божае і захоўваеце вашу традыцыю?
Бо Масей сказаў: "Сьці айца свайго й маці сва"; і: "Хто блага кажа праз айца альбо маці, няхай сьмерцю памрэць".
Майсей сказаў: “Шануй бацьку свайго і маці сваю”, ды: “Хто зняважыць бацьку або маці — хай будзе смерцю пакараны”.
Але вы кажаце: "Калі хто скажа айцу свайму альбо маці: «корбан» (значыцца дар), чым бы ты мог карыстацца ад мяне";
А вы кажаце: “Калі б чалавек сказаў бацьку або маці: “Корбан, значыць дар, тое, у чым табе ад мяне была б карысць”,
То балей вы не дазваляеце яму штоколечы рабіць дзеля айца альбо маці,
і ўжо дазваляеце нічога яму больш не рабіць для бацькі свайго або маці,
Аддаляючы слова Божае паданьням сваім, каторае вы адзяржалі; і робіце шмат чаго, падобнага да гэтага».
перакручваючы Слова Божае праз традыцыю вашу, якую перадаяце далей, ды многа падобнага робіце».
І прыгукаўшы йзноў груд, кажа ім: «Слухайце Мяне ўсі й разумейце.
І, паклікаўшы зноў людзей, казаў ім: «Слухайце Мяне ўсе і разумейце.
Няма нічога звонку людзіны, што, уходзячы ў яе, можа яе брудзяніць; але што зь людзіны выходзе, тое брудзяне людзіну.
Па-за чалавекам няма нічога, што, у яго ўваходзячы, магло б яго апаганіць, але ад чалавека выходзіць тое, што яго апаганьвае.
Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае!»
Калі хто мае вушы, каб пачуць, хай чуе!»
І як Ён ад гурбы ўвыйшоў у дом, вучанікі Ягоныя папыталіся ў Яго праз прыпавесьць.
І, калі Ісус увайшоў у дом ад народа, пыталіся вучні Яго пра сэнс гэтай прыпавесці.
І Ён сказаў ім: «Дык і вы няцямлівыя? нягож ня цяміце, што нішто, што звонку ўходзе ў людзіну, ня можа збрудзяніць яе?
І гаворыць ім: «Няўжо і вы такія няцямкія? Не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, не можа яго апаганіць,
Бо ня ў сэрца ягонае ўходзе, але ў жывот, і выходзе вон, ачышчаючы ўсю ежу».
бо тое ўваходзіць не ў сэрца, але ў жывот і выкідаецца вон, ачышчаючы ўсякую ежу».
І сказаў Ён: «Што выходзе зь людзіны, тое брудзяне людзіну;
І казаў далей: «А што з чалавека выходзіць, тое апаганьвае чалавека.
Бо з нутра, із сэрца людзкога, выходзяць благія падумкі, чужалоствы, бязулства, убіўствы,
Бо з нутра, з сэрца чалавека выходзяць благія думкі, распуснасць, зладзействы, забойствы,
Зладзейства, прагавітасьць, нягоднасьць, ашука, бессарамяжнасьць, благое вока, блявузґаньне, пыха, дурнота.
чужаложства, хцівасць, нягоднасць, зайздрасць, бессаромнасць, ліхое вока, блюзненні, пыха, глупства.
Усе гэтае ліха з нутра выходзе й брудзяне людзіну».
Усё гэта ліха з нутра выходзіць ды паганіць чалавека».
І, устаўшы адгэнуль, адышоў да ўкраінаў Тырскіх а Сыдонскіх, і увыйшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто ведаў, але ня мог стаіцца.
І, устаўшы, выйшаў Ён адтуль у межы Тыра і Сідона. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто аб гэтым не ведаў, і схавацца не змог.
Бо зараз пачула празь Яго адна жонка, каторае маладая дачка мела нячыстага духа, і, прышоўшы, пала да ног Ягоных.
Бо адна жанчына, у якой дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб Ім, увайшла ў дом і пала Яму да ног.
Жонка тая была Грачыца, СыраФінічанка подле нацанальнасьці; і прасіла яго, каб выгнаў нячысьціка з дачкі ейнае.
А жанчына гэтая была з грэкаў, родам з Сірафэніцыі. Яна прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з дачкі яе.
Але Ісус сказаў ёй: «Дазволь уперад насыціцца дзяцём, бо ня гожа ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам».
Ісус казаў ёй: «Дазволь перш насыціцца сынам, бо нядобра забіраць хлеб ад сыноў і кідаць яго сабакам».
Але яна, адказуючы, сказала Яму: «Але, Спадару; адылі й шчаняты пад столам ядуць крошкі дзяціныя».
А яна адказвае Яму і кажа: «Так, Госпадзе, але ж і сабакі ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей».
І сказаў ёй: «За гэтае слова йдзі; вышаў нячысьцік із дачкі твае».
І сказаў ёй: «Дзеля такога адказу ідзі: дэман выйшаў з дачкі тваёй».
І, прышоўшы да дому свайго, яна засьпела дзяцё на ложку, а нячысьцік вышаў.
І, калі яна прыйшла дамоў, знайшла, што дачка ляжыць на ложку і дэман выйшаў.
І ўзноў, вышаўшы з аколіцаў тырскіх а сыдонскіх, прышоў да мора Ґалілейскага пераз граніцы Дзесяцімесьця.
І, зноў пакінуўшы межы Тыра і Сідона, пайшоў Ён да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкапаля.
І прывялі да Яго глухога загіклівага, і прасілі Яго, каб узлажыў руку сваю на яго.
І прыводзяць да Яго глухога і нямога, каб Ён усклаў на яго руку.
І, адвёўшы яго аднаго на бок ад гурбы, улажыў палцы Свае ў вушы яму і, плюнуўшы, даткнуўся да языка ягонага;
І, адвёўшы яго з Сабою ўбок, далей ад народа, уклаў Ісус пальцы Свае ў яго вушы ды Сваёй слінай дакрануўся да языка яго.
І, глянуўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Еффафа», значыцца «адчыніся».
І, глянуўшы ў неба, уздыхнуў і гаворыць: «Эфэта», што значыць: «Адкрыйся».
І адчыніліся вушы ягоныя, і якга разьвязаўся зьвязак языка ягонага, і ён гукаў добра.
І зараз жа адчыніліся вушы яго ды развязаліся путы языка яго, і пачаў добра гаварыць.
І заказаў ім казаць камулень; але чым балей Ён бараніў, тым балей яны надзвычайна разгалашалі.
І загадаў ім, каб нікому не казалі, але чым болей Ён забараняў, тым больш яны абвяшчалі.
І надзвычайна зумяваліся, кажучы: «Усе добра робе: і глухіх робе чуючымі, і немых — гукаючымі».
І тым больш яны дзівіліся, кажучы: «Усё добра робіць, і каб глухія чулі, робіць, і каб нямыя гаварылі».