Марка 6 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І адыйшоўшы адтуль, падаўся ў сваю радзіму, а за ім ішлі ягоныя вучні.
Выйшаўшы адтуль, Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні.
І калі настаў шабат, пачаў навучаць у бажніцы, многія-ж, слухаючы, дзівіліся з ягонай навукі, кажучы: Адкуль у яго ўсё гэта? Ды што гэта за мудрасьць, катора яму дадзена, й гэткія цуды дзеюцца ягонымі рукамі?
Калі надышоў шабат, Ён пачаў навучаць у сінагозе. Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: «Адкуль у Яго гэта і што за мудрасць дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі?
Або-ж ён не цесляр, сын Марыі, брат Якуба, й Язэпа, й Юды, й Сымона? Ці-ж ня тут між намі й сёстры ягоныя? І горшыліся з яго.
Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры?» І абураліся на Яго.
Езус-жа казаў ім: Прарок ня бывае без пашаны, апрача ў сваёй бацькаўшчыне, ці ў доме сваім, ці ў радні сваёй.
А Езус казаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне яго, сярод родных яго і ў доме яго».
І ня мог тамака здзеець аніводнага цуду, толькі аздаравіў хворых некулькіх, узлажыўшы рукі.
Таму Ён не мог учыніць там ніякага цуду, толькі на некалькіх хворых усклаў рукі і аздаравіў іх.
І дзівіўся з іхняга недаверства, ды хадзіў па сёлах навакольных, навучаючы.
І дзівіўся іх бязвер’ю. Хадзіў па навакольных вёсках і навучаў.
І паклікаў дванаццацёх ды пачаў іх рассылаць па двух і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
Пасля паклікаў Дванаццаць, і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
Ды загадаў ім, каб нічога ня бралі ў дарогу, апрача кія толькі: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у капшуку,
Наказаў ім не браць у дарогу нічога, акрамя аднаго кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе,
а каб абуўшыся былі ў сандалы, ды каб не адзяваліся ў дзве вопраткі.
але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак.
І казаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся там, дакуль ня выйдзеце стуль.
Ён сказаў ім: «Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль.
А хто-б вас ня прыняў, ды ня слухаў-бы вас, абтрасеце, выйходзячы адтуль, пыл з ног вашых на пасветчанне ім.
Калі ў якім-небудзь месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне ім».
І выйшаўшы апавяшчалі, каб каяліся;
Пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне,
і шмат дэманаў выганялі, а многіх немачных намашчвалі алеем і адужвалі.
выганялі шмат злых духаў і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі.
І пачуў кароль Гэрад — імя бо яго сталася ведамым — і казаў: Што Ян Хрысьціцель згробуўстаў і дзеля гэтага дзеюцца праз яго цуды.
Пачуў таксама кароль Ірад пра Езуса, бо імя Ягонае стала вядомым, і сказаў: «Гэта Ян Хрысціцель устаў з памерлых, і таму цуды здзяйсняюцца ім».
Другія-ж гаварылі: Гэта Гальяш. А іншыя казалі: Гэта прарок, ці адзін з прарокаў.
Іншыя казалі: «Гэта Ілля». А яшчэ іншыя казалі: «Гэта прарок або як адзін з прарокаў».
Гэрад, дачуўшыся аб гэтым, сказаў: Гэта Ян, якому я сьцяў голаў, ён устаў з умерлых.
Калі Ірад пачуў гэта, ён сказаў: «Гэта Ян, якому я адсек галаву, ажыў!»
Гэты бо Гэрад паслаў быў і ўзяў Яна ды звязаў яго ў вастрозе дзеля Гэрэдыяды, жонкі свайго брата Філіпа, што быў ажаніўся з ёю.
Бо сам Ірад паслаў схапіць Яна і закаваў яго ў вязніцы з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Філіпа, таму што ён ажаніўся з ёй.
Бо Ян казаў Гэраду: Ня можна табе мець жонкі твайго брата.
Бо Ян казаў Іраду: «Недазволена табе мець жонку брата твайго».
Гэрэдыяда-ж рабіла подступы супроць яго й хацела яго забіць, але не магла,
Таму Ірадыяда злавалася на яго і хацела забіць, але не магла,
бо Гэрад баяўся Яна, знаючы яго, як чалавека справядлівага й сьвятога, і сьцярог яго, дый шмат рабіў слухаючы яго, а слухаў яго ахвотна.
бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і аберагаў яго. Шмат разоў чуў яго і непакоіўся, але слухаў яго з ахвотай.
І, як надарыўся прынагодны дзень, Гэрад з прычыны сваіх нарадзін справіў банкет вяльможам, тысячнікам і важнейшым Галілейскім.
І настаў зручны дзень, калі Ірад прыгатаваў вячэру сваім вяльможам, тысячнікам і старэйшынам галілейскім у дзень сваіх народзін.
І калі ўвайшла дачка гэнай Гэрэдыяды і танцавала, і спадабалася Гэраду, ды тым, што разам сядзелі, кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне чаго хочаш, а дам табе.
Калі ўвайшла дачка Ірадыяды і танцавала, яна спадабалася Іраду і яго гасцям. Кароль сказаў дзяўчыне: «Прасі ў мяне, чаго хочаш, і я дам табе».
І прысягнуў ёй: Чаго-б ты не зажадала, дам табе, хоць-бы й палавіну майго каралеўства.
І шмат у чым пакляўся ёй: «Чаго ні папросіш, дам табе, нават палову майго каралеўства».
Яна-ж, выйшаўшы, пытае маці свае: Чаго мне прасіць? Тая кажа: Галаву Яна Хрысьціцеля.
Яна выйшла і сказала маці сваёй: «Чаго мне папрасіць?» Тая адказала: «Галаву Яна Хрысціцеля».
І зараз-жа ўвайшоўшы да караля борзда, прасіла, кажучы: Хачу, каб ты цяпер вось даў мне на тацы галаву Яна Хрысьціцеля.
Яна адразу хутка ўвайшла да караля і папрасіла, кажучы: «Хачу, каб ты зараз жа даў мне на місе галаву Яна Хрысціцеля».
І зажурыўся кароль; адыж дзеля прысягі й дзеля банкетнікаў не хацеў яе засмучаць,
Кароль засмуціўся, але дзеля клятвы і тых, хто быў за сталом, не захацеў ёй адмовіць.
і паслаўшы ката, загадаў прынесьці галаву яго на тацы.
Таму адразу кароль паслаў ката і загадаў прынесці галаву Яна. Той пайшоў у вязніцу і адсек яму галаву.
І сьцяў яго ў вастрозе й прынёс галаву Яго на тацы ды аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваёй матцы.
Затым прынёс на місе ягоную галаву і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе сваёй маці.
Пачуўшы аб гэтым вучні ягоны, прыйшлі й забралі цела ягона ды палажылі яго ў гробе.
Калі пра гэта даведаліся вучні Яна, яны прыйшлі, забралі ягонае цела і паклалі яго ў магілу.
І пасходзіліся апосталы да Езуса й расказалі яму ўсё, што рабілі й чаго навучалі.
Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі.
І сказаў ім: Пайдзеце самы на адзіноце ў бязлюднае месца ды супачыньце крыху. Так бо шмат прыходзіла й адыходзіла, што ня мелі часу й перакусіць.
А Ён сказаў ім: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце». Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што ім не было нават калі паесці.
Увайшоўшы вось-жа ў лодку, адплылі на бязлюдздзе.
Таму адплылі яны ў пустыннае месца на чоўне адны.
Адыж бачылі іх адплываючых і шмат хто пазнаў іх, дык збегліся пехатою туды з усіх местаў, выпераджаючы іх.
Калі ўбачылі, што яны адплылі, шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх.
І выйшаўшы, пабачыў Езус грамаду вялізную, ды зжаліўся над імі, былі бо як авечкі, ня маючыя пастыра. І шмат чаго пачаў іх навучач.
Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра, і пачаў іх многаму вучыць.
А калі была ўжо позная гадзіна, падышлі вучні ягоныя, кажучы: Бязлюдздзе гэтта дый пара ўжо позная,
Калі мінула ўжо шмат часу, вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, сказалі: «Месца гэта пустыннае, і гадзіна ўжо позняя;
пусьці іх, хай пойдуць у ваколічныя сялібы й вёскі ды купяць сабе еміны з’есьці.
адпусці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і паселішчы і купілі сабе чаго-небудзь з’есці».
Ён-жа ў адказ гавора ім: Вы ім дайце есці. Кажуць яму: Хіба пойдземо й купімо за дзвесьце дэнараў хлеба ды дамо ім есьці.
Ён жа сказаў ім у адказ: «Вы дайце ім есці». Яны сказалі Яму: «Ці мы павінны пайсці і за дзвесце дынараў купіць хлеба, і даць ім есці?»
А ён кажа ім: Колькі маеце хлябоў? Ідзеце паглядзеце. Яны, даведаўшыся, кажуць: Пяць, і дзве рыбы.
А Ён спытаўся ў іх: «Колькі ў вас хлябоў? Ідзіце, паглядзіце». Даведаўшыся, яны сказалі: «Пяць хлябоў і дзве рыбіны».
І загадаў ім каб рассадзілі ўсіх на зялёнай траве грамадамі.
Тады загадаў ім пасадзіць усіх групамі на зялёнай траве.
І паселі радамі па сто й па пяцьдзесят.
І паселі групамі па сто і па пяцьдзясят.
І ўзяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы ды ўзглянуўшы ў неба, багаславіў і ламаў хлябы ды даваў сваім вучням, каб клалі перад імі; і дзве рыбы падзяліў усім.
Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і разламаў хлябы, і даў вучням сваім, каб яны раздалі ім; і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.
І елі ўсе й наеліся.
Усе елі і насыціліся.
Ды назбіралі што асталося ад кускоў і ад рыбаў дванаццаць поўных кашоў.
І сабралі дванаццаць поўных кашоў кавалкаў і рэшты ад рыбы.
А тых, што елі, было пяць тысяць мужчын.
А тых, хто еў хлябы, было каля пяці тысяч мужчын.
І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў лодку, каб паплыць перад ім на той бераг да Бэтсаіды, пакуль ён сам распусьціць гарод.
І адразу загадаў вучням сваім увайсці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг да Бэтсаіды, пакуль Ён адпусціць людзей.
І адправіўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
Развітаўшыся з імі, Ён пайшоў на гару памаліцца.
А як ужо павячарэла, лодка была пасярэдзіне мора, ён-жа сам адзін на сушы.
Калі настаў вечар, човен быў на сярэдзіне мора, а Ён адзін на беразе.
І відзячы іх, як мучыліся пры вёслах (быў бо супраціўны вецер), каля чацьвёртае начное варты прыйшоў да іх, ідучы па моры — і хацеў іх мінуць.
Убачыўшы іх знясіленых ад веславання, бо ім дзьмуў сустрэчны вецер, каля чацвёртай варты ночы Ён прыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў прайсці міма.
Яны-ж, убачыўшы яго ступаючага па моры, думалі, гэта здань і закрычалі.
Калі ж яны ўбачылі, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, таму закрычалі.
Усе бо бачылі яго і стрывожыліся. Дык зараз-жа прагаварыў да іх і сказаў ім: Схамянецеся, гэта я, ня бойцеся.
Бо ўсе, убачыўшы Яго, спалохаліся. Але Ён адразу загаварыў з імі і сказаў ім: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!»
Ды ўвайшоў к ім у лодку і вецер аціх. І шчэ болей дзівіліся ўсабешне,
І ўвайшоў да іх у човен, а вецер сціх. Яны вельмі здзіўляліся,
бо не зразумелі аб хлябох, затым, што сэрца іх было закамянелае.
бо не разумелі цуду з хлебам, таму што сэрца іхняе было скамянелае.
І, пераплыўшы, прыбылі ў зямлю Гэназарэцкую ды прысталі да берагу.
Пераправіўшыся, яны прыбылі ў зямлю Генэзарэт і прысталі да берага.
Калі-ж выйшлі з лодкі, якбач пазналі яго;
Калі яны выйшлі з чоўна, людзі, адразу пазнаўшы Яго,
і абягаючы ўсю тую краіну, пачалі зносіць на ношах тых, што дрэнна меліся, дзе чулі, ён ёсьць.
аббеглі ўсё наваколле і пачалі прыносіць на насілках хворых туды, дзе, як чулі, Ён знаходзіўся.
І куды-б ён не ўвайходзіў, у сёлы, ці ў мястэцкі, ці ў гарады, клалі хворых на вуліцах і малілі яго, каб дакрануцца хоць краю адзеньня ягонага. І хто толькі дакрануўся, аздараўляўся.
І куды б Ён ні прыходзіў, у паселішчы, гарады ці ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго дазволіць ім дакрануцца хоць да краю вопраткі Ягонай. І тыя, што дакраналіся да Яго, выздараўлівалі.