Марка 6 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад В. Гадлеўскага
І адыйшоўшы адтуль, падаўся ў сваю радзіму, а за ім ішлі ягоныя вучні.
І выйшаўшы адтуль, пайшоў у сваю бацькаўшчыну, і ішлі за ім ягоныя вучні.
І калі настаў шабат, пачаў навучаць у бажніцы, многія-ж, слухаючы, дзівіліся з ягонай навукі, кажучы: Адкуль у яго ўсё гэта? Ды што гэта за мудрасьць, катора яму дадзена, й гэткія цуды дзеюцца ягонымі рукамі?
І калі настала субота, пачаў вучыць у бажніцы, многія-ж, слухаючы, дзівіліся з ягонай навкі, кажучы: Адкуль у яго ўсё гэтае? І што гэта за мудрасьць, якая яму дадзена, і такія цуды, якія дзеюцца праз ягоны рукі?
Або-ж ён не цесляр, сын Марыі, брат Якуба, й Язэпа, й Юды, й Сымона? Ці-ж ня тут між намі й сёстры ягоныя? І горшыліся з яго.
Ціж ён не рамесьнік, сын Марыі, брат Якуба, і Язэпа, і Юды, і Сымона? Ці-ж ня тут між намі і сёстры ягоныя? І горшыліся з яго.
Езус-жа казаў ім: Прарок ня бывае без пашаны, апрача ў сваёй бацькаўшчыне, ці ў доме сваім, ці ў радні сваёй.
І казаў ім Езус: Што прарок ня бывае без пашаны, апрача ў бацькаўшчыне сваей, і ўдоме сваім, і ў радні сваей.
І ня мог тамака здзеець аніводнага цуду, толькі аздаравіў хворых некулькіх, узлажыўшы рукі.
І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі аздаравіў некалькіх хворых, узлажыўшы рукі.
І дзівіўся з іхняга недаверства, ды хадзіў па сёлах навакольных, навучаючы.
І дзівіўся з недаверства іх. І хадзіў навакол па сёлах, навучаючы.
І паклікаў дванаццацёх ды пачаў іх рассылаць па двух і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
І паклікаў дванаццацёх і пачаў іх разсылаць па двух і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
Ды загадаў ім, каб нічога ня бралі ў дарогу, апрача кія толькі: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у капшуку,
І загадаў ім, каб нічога не бралі ў дарогу, апрача толькі кія: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у паясе,
а каб абуўшыся былі ў сандалы, ды каб не адзяваліся ў дзве вопраткі.
але каб былі абуўшыся ў сандалы, і каб не адзяваліся ў дзьве вопраткі.
І казаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся там, дакуль ня выйдзеце стуль.
І казаў ім: Дзе-колечы ўвойдзеце ў дом, там аставайцеся, пакуль ня выйдзяце адтуль.
А хто-б вас ня прыняў, ды ня слухаў-бы вас, абтрасеце, выйходзячы адтуль, пыл з ног вашых на пасветчанне ім.
І каторыя-б вас не прынялі, і ня слухалі вас, вы, выходзячы адтуль, абтрасеце пыл з вашых ног на пасьведчаньне ім.
І выйшаўшы апавяшчалі, каб каяліся;
І выйшаўшы, абвяшчалі, каб пакутавалі;
і шмат дэманаў выганялі, а многіх немачных намашчвалі алеем і адужвалі.
і выганялі многа д’яблаў, і многіх хворых памазвалі аліваю і аздараўлялі.
І пачуў кароль Гэрад — імя бо яго сталася ведамым — і казаў: Што Ян Хрысьціцель згробуўстаў і дзеля гэтага дзеюцца праз яго цуды.
І пачуў кароль Гэрад — бо імя ягонае сталася ведамае — і казаў: Што Ян Хрысьціцель устаў з умерлых і дзеля гэтага ў ім дзеюцца цуды.
Другія-ж гаварылі: Гэта Гальяш. А іншыя казалі: Гэта прарок, ці адзін з прарокаў.
Другія-ж казалі: Што гэта Гальяш. А іншыя казалі: Што гэта прарок, як-бы адзін з прарокаў.
Гэрад, дачуўшыся аб гэтым, сказаў: Гэта Ян, якому я сьцяў голаў, ён устаў з умерлых.
Гэрад, пачуўшы аб гэтым, сказаў: Гэта Ян, катораму я адсек галаву, ён устаў з умерлых.
Гэты бо Гэрад паслаў быў і ўзяў Яна ды звязаў яго ў вастрозе дзеля Гэрэдыяды, жонкі свайго брата Філіпа, што быў ажаніўся з ёю.
Бо гэты Гэрад паслаў і ўзяў Яна і зьвязаў яго ў вастрозе дзеля Гэрадыяды, жонкі свайго брата Філіпа, таму што быў узяўшы яе за жонку.
Бо Ян казаў Гэраду: Ня можна табе мець жонкі твайго брата.
Бо Ян казаў Гэраду: Ня можна табе мець жонку брата твайго.
Гэрэдыяда-ж рабіла подступы супроць яго й хацела яго забіць, але не магла,
А Гэрадыяда рабіла подступы проціў яго і хацела яго забіць, але не магла,
бо Гэрад баяўся Яна, знаючы яго, як чалавека справядлівага й сьвятога, і сьцярог яго, дый шмат рабіў слухаючы яго, а слухаў яго ахвотна.
бо Гэрад баяўся Яна, знаючы яго, як чалавека справядлівага і сьвятога, і сьцярог яго, дый слухаючы яго, шмат рабіў, і ахвотна слухаў яго.
І, як надарыўся прынагодны дзень, Гэрад з прычыны сваіх нарадзін справіў банкет вяльможам, тысячнікам і важнейшым Галілейскім.
І калі надарыўся адпаведны дзень, Гэрад з прычыны сваіх нарадзін справіў банкет вяльможам, тысячнікам і паном Галілеі.
І калі ўвайшла дачка гэнай Гэрэдыяды і танцавала, і спадабалася Гэраду, ды тым, што разам сядзелі, кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне чаго хочаш, а дам табе.
І калі ўвайшла дачка гэнай Гэрадыяды і танцавала, і спадабалася Гэраду і тым, што разам сядзелі, кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне чаго хочаш, і дам табе.
І прысягнуў ёй: Чаго-б ты не зажадала, дам табе, хоць-бы й палавіну майго каралеўства.
І прысягнуў ей: Што чаго-толькі папросіш, дам табе, хоць-бы палавіну каралеўства майго.
Яна-ж, выйшаўшы, пытае маці свае: Чаго мне прасіць? Тая кажа: Галаву Яна Хрысьціцеля.
Тая, выйшаўшы, сказала матцы сваей: Чаго мне прасіць? А яна сказала: Галаву Яна Хрысьціцеля.
І зараз-жа ўвайшоўшы да караля борзда, прасіла, кажучы: Хачу, каб ты цяпер вось даў мне на тацы галаву Яна Хрысьціцеля.
І калі зараз-жа ўвайшла з пасьпехам да караля, прасіла, кажучы: Хачу, каб ты мне зараз даў на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля.
І зажурыўся кароль; адыж дзеля прысягі й дзеля банкетнікаў не хацеў яе засмучаць,
І засмуціўся кароль; дзеля прысягі і дзеля тых, што разам сядзелі, не хацеў яе засмуціць,
і паслаўшы ката, загадаў прынесьці галаву яго на тацы.
але паслаўшы ката, загадаў прынясьці галаву яго на талерцы.
І сьцяў яго ў вастрозе й прынёс галаву Яго на тацы ды аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваёй матцы.
І сьцяў яго ў вастрозе, і прынёс галаву яго на талерцы, і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваей матцы.
Пачуўшы аб гэтым вучні ягоны, прыйшлі й забралі цела ягона ды палажылі яго ў гробе.
Пачуўшы аб гэтым, вучні ягоны прыйшлі і ўзялі цела ягона і палажылі яго ў гробе.
І пасходзіліся апосталы да Езуса й расказалі яму ўсё, што рабілі й чаго навучалі.
І апосталы, зыйшоўшыся да Езуса, расказалі яму ўсё, што яны рабілі і чаго навучалі.
І сказаў ім: Пайдзеце самы на адзіноце ў бязлюднае месца ды супачыньце крыху. Так бо шмат прыходзіла й адыходзіла, што ня мелі часу й перакусіць.
І сказаў ім: ідзеце асобна ў пустыннае месца і адпачыньце крыху. Бо многа было, што прыходзілі і адыходзілі, і ня мелі часу зьесьці.
Увайшоўшы вось-жа ў лодку, адплылі на бязлюдздзе.
І ўвайшоўшы ў лодку, адплылі асобна ў пустыннае месца.
Адыж бачылі іх адплываючых і шмат хто пазнаў іх, дык збегліся пехатою туды з усіх местаў, выпераджаючы іх.
І бачылі іх адплываючых і пазналі многія, і зьбегліся туды пехатою з усіх гарадоў і апярэдзілі іх.
І выйшаўшы, пабачыў Езус грамаду вялізную, ды зжаліўся над імі, былі бо як авечкі, ня маючыя пастыра. І шмат чаго пачаў іх навучач.
І выйшаўшы, Езус убачыў вялікую грамаду і зжаліўся над імі, бо былі як авечкі, ня маючыя пастыра. І пачаў іх навучаць многага.
А калі была ўжо позная гадзіна, падышлі вучні ягоныя, кажучы: Бязлюдздзе гэтта дый пара ўжо позная,
І калі была ўжо позная гадзіна, падыйшлі вучні ягоны, кажучы: Пустыннае гэта месца і час ужо сходзіць,
пусьці іх, хай пойдуць у ваколічныя сялібы й вёскі ды купяць сабе еміны з’есьці.
пусьці іх, каб пайшоўшы ў найбліжэйшыя сялібы і вёскі, купілі сабе ежы, каб зьесьці.
Ён-жа ў адказ гавора ім: Вы ім дайце есці. Кажуць яму: Хіба пойдземо й купімо за дзвесьце дэнараў хлеба ды дамо ім есьці.
І адказваючы, сказаў ім: Дайце вы ім есьці. І сказалі яму: Пайшоўшы купім за дзьвесьце дынараў хлеба і дамо ім есьці.
А ён кажа ім: Колькі маеце хлябоў? Ідзеце паглядзеце. Яны, даведаўшыся, кажуць: Пяць, і дзве рыбы.
І сказаў ім: Сколькі маеце хлябоў? Ідзеце і паглядзеце. І калі даведаліся, сказалі: Пяць і дзьве рыбы.
І загадаў ім каб рассадзілі ўсіх на зялёнай траве грамадамі.
І загадаў ім, каб разсадзілі ўсіх грамадамі на зялёнай траве.
І паселі радамі па сто й па пяцьдзесят.
І паселі радамі па сто і па пяцьдзесят.
І ўзяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы ды ўзглянуўшы ў неба, багаславіў і ламаў хлябы ды даваў сваім вучням, каб клалі перад імі; і дзве рыбы падзяліў усім.
І ўзяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуўшы ў неба, багаславіў і ламаў хлябы і даваў вучням сваім, каб клалі перад імі; і дзьве рыбы падзяліў усім.
І елі ўсе й наеліся.
І елі ўсе і наеліся.
Ды назбіралі што асталося ад кускоў і ад рыбаў дванаццаць поўных кашоў.
І набралі, што асталося ад кускоў і ад рыб дванаццаць поўных кашоў.
А тых, што елі, было пяць тысяць мужчын.
А тых, што елі, было пяць тысяч мужчын.
І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў лодку, каб паплыць перад ім на той бераг да Бэтсаіды, пакуль ён сам распусьціць гарод.
І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў лодку, каб паплыць перад ім на той бераг да Бэтсайды, пакуль ён адправіць народ.
І адправіўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
І калі адправіў іх, пайшоў на гару маліцца.
А як ужо павячарэла, лодка была пасярэдзіне мора, ён-жа сам адзін на сушы.
І калі было позна, была лодка пасярэдзіне мора, а ён адзін на зямлі.
І відзячы іх, як мучыліся пры вёслах (быў бо супраціўны вецер), каля чацьвёртае начное варты прыйшоў да іх, ідучы па моры — і хацеў іх мінуць.
І бачачы іх, як яны працавалі вёсламі, (бо быў ім праціўны вецер), каля чацьвертай начной варты прыйшрў да іх, ідучы па моры — і хацеў іх мінуць.
Яны-ж, убачыўшы яго ступаючага па моры, думалі, гэта здань і закрычалі.
Яны-ж, як убачылі яго ідучага па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.
Усе бо бачылі яго і стрывожыліся. Дык зараз-жа прагаварыў да іх і сказаў ім: Схамянецеся, гэта я, ня бойцеся.
Бо ўсе бачылі яго і стрывожыліся. І зараз-жа загаварыў да іх і сказаў ім: Будзьце адважны, гэта я, ня бойцеся.
Ды ўвайшоў к ім у лодку і вецер аціх. І шчэ болей дзівіліся ўсабешне,
І ўвайшоў да іх у лодку, і перастаў вецер. І яшчэ болей дзівіліся ў сабе,
бо не зразумелі аб хлябох, затым, што сэрца іх было закамянелае.
бо не зарзумелі аб хлябох, затым што сэрца іх было закамянелае.
І, пераплыўшы, прыбылі ў зямлю Гэназарэцкую ды прысталі да берагу.
І калі пераплылі, прыбылі ў зямлю Гэнэзарэцкую і прысталі да берагу.
Калі-ж выйшлі з лодкі, якбач пазналі яго;
Калі-ж выйшлі з лодкі, зараз-жа пазналі яго;
і абягаючы ўсю тую краіну, пачалі зносіць на ношах тых, што дрэнна меліся, дзе чулі, ён ёсьць.
і абягаючы ўсю тую краіну, пачалі зносіць на ложах тых, што дрэнна меліся, туды, дзе чулі, што ён ёсьць.
І куды-б ён не ўвайходзіў, у сёлы, ці ў мястэцкі, ці ў гарады, клалі хворых на вуліцах і малілі яго, каб дакрануцца хоць краю адзеньня ягонага. І хто толькі дакрануўся, аздараўляўся.
І куды-толькі ўваходзіў, у сёлы, ці ў мястэчкі, ці ў гарады, клалі хворых на вуліцах і прасілі яго, каб дакрануцца хоць краю адзежы ягонай. І сколькі дакранулася да яго, былі здаровы.