Марка 14 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад В. Гадлеўскага
Была-ж за два дні Пасха й Праснакі. І шукалі першасьвятары й кніжнікі, як узяць яго подступам ды забіць.
Была-ж за два дні Пасха і Праснакі. І шукалі архісьвятары і кніжнікі, як узяць яго хітрасьцяй і забіць.
Але казалі: Ня ў сьвята, каб часам не паўстала забурэнне ў народзе.
Але казалі: Ня ў дзень сьвяточны, каб часам не паўстала забурэньне ў народзе.
І калі быў у Бэтаніі ў доме Сымона запаветранага й сядзеў за сталом, прыйшла жанчына з алябастравай судзінай дарагога шпіканардовага алейку і разбіўшы алябастар, выліла на галаву ягону.
І калі быў у Бэтаніі ў доме Сымона Пракажанага і сядзеў за сталом, прыйшла жанчына, маючы алябастар дарагога шпіканардовага алейку, і разьбіўшы алябастар, выліла на галаву яго.
Былі-ж некаторыя, што гневаліся ў сабе й гаварылі: Нашто было глуміць гэты алеек?
Былі-ж некаторыя, што гневаліся ў сабе і казалі: Нашто было рабіць гэтае марнатраўства алейку?
Бо можна-ж было прадаць яго больш, як за трыста дэнараў ды раздаць убогім. І вайцялі ёй.
Бо можна было гэты алеяк прадаць болей, як за трыста дынараў і раздаць убогім. І наракалі на яе.
Адыж Езус сказаў: Пакіньце. Нашто робіце ёй прыкрасць? Яна зрабіла добры ўчынак адносна мяне.
А Езус сказаў: Пакіньце яе. Нашто вы робіце ей прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла адносна мяне.
Убогіх бо вы заўсёды маеце з сабою, і можаце ім рабіць дабро, калі захочаце; адыж мя-не не заўсёды маеце.
Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою, і калі захочаце, можаце ім рабіць дабро; але мяне не заўсёды маеце.
Яна што мела, зрабіла: загадзя намасьціла маё цела к паховінам.
Яна, што мела, зрабіла: наперад намасьціла маё цела на пахаваньне.
Сапраўды кажу вам, дзе толькі будзе абвяшчацца гэтая эванэлія па ўсім сьвеце, казацімецца й пра тое, што яна зрабіла, на памяць аб ёй.
Сапраўды кажу вам, дзе- толькі будзе абвяшчацца гэта эванэлія па ўсім сьвеце, і што яна ўчыніла, будзе сказана на памяць аб ёй.
А Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятараў, каб ім яго выдаць.
А Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятараў, каб ім яго выдаць.
Тыя пачуўшы ўсьцешыліся й абяцалі даць яму грошай. І шукаў, як-бы зручною часінай выдаць яго.
Яны пачуўшы ўсьцешыліся і абяцалі даць яму грошай. І ён шукаў, як бы зручнай часінай яго выдаць.
А на першы дзень Праснакоў, як ахвяроўвалі Пасху, сказалі яму вучні: Куды хочаш, каб мы пайшлі й прырыхтавалі табе спажываці Пасху?
І на першы дзень Праснакоў, калі ахвяроўвалі Пасху, сказалі яму вучні: Куды хочаш, каб мы пайшлі і прыгатовілі табе есьці Пасху?
І паслаў двух із вучняў сваіх, кажучы ім: Ідзеце ў горад, і спаткае вас чалавек, нясучы збан вады. За ім ідзеце;
І паслаў двух з сваіх вучняў і сказаў ім: Ідзеце ў горад, і спаткае вас чалавек, нясучы збан вады. Ідзеце за ім;
і куды ўвойдзе, скажэце гаспадару дому, што Вучыцель пытаецца: дзе мая гаспода, ў якой спажываціму Пасху з вучнямі маімі?
і куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дому, што Вучыцель кажа: «Дзе ёсьць мая сьвятліца, дзе-б мне спажываць Пасху з вучнямі маімі?»
І ён вам пакажа вяліку сьвятліцу заслану, вось там прыгатуйце нам.
І ён вам пакажа вялікі пакой, засланы, і там прыгатуеце нам.
І пайшлі вучні ягоныя, й прыйшлі ў горад, знайшлі там як ім сказаў, ды прыгатавалі Пасху.
І пайшлі вучні ягоны, і прыйшлі ў горад, і знайшлі так як ім сказаў, і прыгатовілі Пасху.
Калі-ж настаў вечар, прыйшоў з дванаццацьма.
Калі-ж настаў вечар, прыйшоў з дванаццацьма.
І як сядзелі яны й елі, сказаў Езус: Па-праўдзе гавару вам, адзін з вас, што есьць са мною, выдасьць мяне.
І калі яны сядзелі і елі, сказаў Езус: Сапраўды кажу вам, што адзін з вас, каторы есьць са мною, выдасьць мяне.
Яны-ж пачалі сумаваць і казаць яму паасобку: Ці не я гэта?
Яны-ж пачалі смуціцца і казаць яму паасобку: Ці гэта я?
А ён кажа ім: Адзін з дванаццацёх, што мачае са мною ў місцы.
Ён сказаў ім: Адзін з дванаццацёх, што маеце са мною руку ў місе.
Праўда. Сын чалавечы йдзе, як аб ім напісана, адыж гора таму чалавеку, праз якога Сын чалавечы будзе выданы; лепш было б не радзіцца чалавеку тому.
І Сын чалавечы, праўда, ідзе, як аб ім напісана, але гора таму чалавеку, праз каторага Сын чалавечы будзе выданы. Лепш яму было-б, каб не нарадзіўся гэны чалавек.
І калі яны елі, ўзяў Езус хлеб і, багаславячы, ламаў ды даваў ім, кажучы: Прыймеце, гэта ёсьць цела маё.
І калі яны елі, узяў Езус хлеб, і багаславячы ламаў, і даў ім, і сказаў: Бярэце, гэтае ёсьць цела маё.
І ўзяўшы кіліх ды, ўзнёшшы падзяку, даў ім і пілі з яго ўсе.
І ўзяўшы келіх, учыніўшы падзяку, даў ім, і пілі з яго ўсе.
І сказаў ім: Гэта кроў мая новага закону, што за многіх будзе праліта.
І сказаў ім: Гэтая ёсьць кроў мая новага закону, каторая за многіх будзе праліта.
Сапраўды кажу вам, што ўжо ня піціму з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі буду яго піць новы ў валадарсьцьве Божым.
Сапраўды кажу вам што ўжо ня буду піць з гэтага вінаграднага плоду, аж да таго дня, калі буду яго піць новы ў каралеўстве Божым.
І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную.
І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную.
І гавора ім Езус: Усе вы з мяне згоршыцеся ў гэту ноч, бо ёсьць напісана: Удэру пастыра й рассыплюцца авечкі (Зах. 13:7).
І сказаў ім Езус: Усе вы згоршыцеся з мяне ў гэту ноч, бо ёсьць напісана: «Удэру пастыра і разсеюцца авечкі».
Адыж потым, як згробуўстану, пайду перад вамі ў Галілею.
Але потым, як уваскрэсну, пайду перад вамі ў Галілею.
Пётр-жа яму кажа: Усе згоршацца з цябе, толькі не я.
А Пётр сказаў яму: І калі-б усе згоршыліся з цябе, але ня я.
І сказаў яму Езус: Сапраўды гавару табе, што шчэ сяння ў гэту самую ноч, перш чым двойчы запяе певень, ты тры разы адрачэшся ад мяне.
І сказаў яму Езус: Сапраўды кажу табе, што ты сягоньня, у гэтую ноч, перш чым певень два разы падасьць голас, тры разы адрачэсься ад мяне.
Адыж ён шчэ болей запэўняў: І хоць-бы мне давялося і ўмерці разам з табою, не адракуся ад цябе. Гэтаксама і ўсе казалі.
Але ён яшчэ болей гаварыў: І калі-б мне трэба было разам умерці з табою, я не адракуся ад цябе. Гэтаксама-ж казалі і ўсе.
І прыйшлі ў сялібу, званую Гэтсэмані. І кажа вучням сваім: Пасядзеце тутака. пакуль я памалюся.
І прыйшлі да сялібы, якой імя Гэтсэмані. І сказаў сваім вучням: Сядзеце тут, пакуль я памалюся.
І бярэ з сабою Пятра, і Якуба, і Яна, ды пачаў жахацца і тужыць.
І ўзяў з сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў баяцца і тужыць.
І гавора ім: Сумная душа мая аж да сьмерці, пабудзце гэтта, а ня сьпеце.
І сказаў ім: Сумная душа мая аж да сьмерці; астаньцеся тут і чуйце.
І адыйшоўшыся крыху, прыпаў да зямлі й маліўся, каб калі магчыма, адыйшла ад яго часіна.
І адыйшоўшы трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, адыйшла ад яго часіна.
Й гаварыў: Абба, Ойча! Для цябе ўсё магчымае, аддалі ад мяне гэты кіліх; адыж ня тое, што я хачу, але што ты.
І казаў: Абба, Ойча! Усё для цябе магчымае, аднясі ад мяне гэтую кару. Але ня што я хачу, але што ты.
І прыйшоў ды знайшоў іх сплючых. І кажа Пятру: Сымоне, ты сьпіш? Ня мог ты й адненькай гадзіны вытрываць?
І прыйшоў і знайшоў іх сплючых. І сказаў Пятру: Сымоне, ты сьпіш? Ты ня мог чуць аднэй гадзіны?
Чуняйце й малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. Дух-то бадзёры, але цела немачнае.
Чуйце і малецеся, каб ня ўпасьці ў пакусу. Дух-то ахвочы, але цела нядужае.
Дый зноў адыйшоўшы маліўся тымі самымі славамі.
І ізноў адыйшоўшы маліўся, кажучы тыя самыя словы.
А вярнуўшыся, знайшоў іх зноў сплючых, вочы бо іх абцяжэлі, й ня ведалі, што яму сказаць.
І вярнуўшыся, знайшоў іх ізноў сплючых, бо вочы іх былі абцяжэўшы, і ня ведалі, што яму адказаць.
І прыйходзіць трэці раз ды кажа ім: Вы ўсё йшчэ сьпіце? Годзі! Прыйшла часіна. вось Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.
І прыйшоў трэці раз і сказаў ім: Сьпеце ўжо і адпачываеце. Годзі. Прыйшла гадзіна, вось Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.
Уставайце, пойдзем! Блізка вось той, што мяне выдасьць.
Устаньце, пойдзем! Вось той, каторы мяне выдасьць, блізка ёсьць.
І калі ён яшчэ гавырыў, прыйходзе Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, а з ім грамада вялікая з мячамі й кіямі ад архісьвятараў і кніжнікаў ды старшын.
І калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, і з ім вялікая грамада з мячамі і кіямі, ад архісьвятараў і кніжнікаў і старшых.
А здраднік ягоны даў быў ім знак, кажучы: Каго я пацалую, той і ёсьць, бярэце яго й вядзеце асьцярожна.
Даў-жа быў здраднік ягоны ім знак, кажучы: Каго я пацалую, гэта ён, бярэце яго і вядзеце асьцярожна.
І прыйшоўшы зараз-жа прыступіўся к яму ды кажа: Вітаю, Раббі! І пацалаваў яго.
І калі прыйшоў, зараз прыступіўшы да яго, сказаў: Будзь прывітаны, Вучыцель! І пацалаваў яго.
Яны-ж налажылі на яго рукі ды ўзялі яго.
яны-ж налажылі на яго рукі і ўзялі яго.
Адзін-жа нехта з тых, што там стаялі, выняўшы меч, ударыў слугу архісьвятаравага й адцяў яму вуха.
Адзін-жа, нехта з тых, што там стаялі, выняўшы меч, ударыў слугу архісьвятаравага і адсек яму вуха.
Езус, азваўшыся, гавора ім: Так як на разбойніка выйшлі вы з мячамі й кіямі ўзяць мя-не?
І адказваючы Езус сказаў яму: Так як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кіямі злавіць мяне?
Штодня бываў я ў вас у сьвятыні навучаючы, і вы не ўзялі мяне.
Штодня быў я ў вас у сьвятыні вучачы, і вы ня ўзялі мяне. Але каб споўніліся Пісаньні.
Тады вучні ягоны, пакінуўшы яго, ўсе паўцякалі.
Тады вучні ягоны, пакінуўшы яго, усе паўцекалі.
Нейкі-ж юнак ішоў за ім, накінуўшы акрыцьцё панагаму; й таго схапілі,
Нейкі-ж дзяцюк ішоў за ім, накінуўшы пасьцілку на голае цела і ўзялі яго,
але ён, пакінуўшы акрыцьцё, голы ўцёк ад іх.
але ён, пакінуўшы пасьцілку, голы ўцёк ад іх.
І прывялі Езуса к архісьвятару і зыйшліся ўсе першасьвятары і кніжнікі й старшыны.
І прывялі Езуса да архісьвятара, і зыйшліся ўсе сьвятары і кніжнікі і старшыя.
Пётр-жа здалёк ішоў за ім аж ў сярэдзіну дворышча архісвятара й сядзеў із слугамі ля вагню грэючыся.
Пётр-жа здалёку ішоў за ім аж у сярэдзіну ў двор архісьвятара, і сядзеў з слугамі каля агню і грэўся.
А першасьвятары ды ўся Рада шукалі проці Езуса свядоцтва, каб яго выдаць на сьмерць, і не знайходзілі.
А архісьвятары і ўся Рада шукалі прціў Езуса пасьведчаньня, каб яго выдаць на сьмерць, і не знаходзілі.
Многія бо выказвалі проці яго хвальшывае пасьветчанне, але ня былі згодныя тыя пасьветчанні.
Бо многія казалі фальшывае пасьведчаньне проціў яго, але ня былі згодныя пасьведчаньнямі
А некаторыя ўстаўшы крывасьветчылі проці яго, кажучы:
А некаторыя ўстаўшы, фальшыва сьведчылі проціў яго, кажучы:
Мы чулі, як ён гаварыў: Я развалю гэтую сьвятыню, рукамі збудаваную, а за тры дні іншую, нярукатворную, пастаўлю.
Што мы чулі, як ён казаў: «Я развалю гэтую сьвятыню, збудаваную рукою, і за тры дні іншую, незбудаваную рукою, пастаўлю».
Але й іхнія сьвядоцтвы не падходзілі.
І ня было згоднае іх пасьведчаньне.
Тады архісьвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся, ў Езуса, кажучы: Не адказваеш нічога на тое, што табе закідаюць?
І ўстаўшы архісьвятар пасярэдзіне, спытўся ў Езуса, кажучы: Не адказваеш нічога на тое, што табе гэтыя закідаюць?
Адыж ён маўчаў і нічога не адказваў. Дык ізноў спытаўся архісьвятар у яго і сказаў яму: Ці ты Хрыстус, Сын Бога багаслаўлёнага?
Але ён маўчаў і нічога не адказваў. Ізноў архісьвятар спытаўся ў яго і сказаў яму: Ці Ты ёсьць Хрыстус, Сын Бога багаслаўленага?
Езус-жа яму адказвае: Я, і ўбачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч моцы Божае й прыходзячага ў ваблакох нябесных.
Езус-жа сказаў яму: Я ёсьць, і ўбачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч моцы Божай і прыходзячага з воблакамі нябеснымі.
І архісьвятар, раздзіраючы адзеньне сваё, кажа: Навошта нам яшчэ патрэбны сьветкі?
А архісьвятар, разрываючы адзеньне сваё, сказаў: Што-ж, нам яшчэ патрэбны сьведкі?
Вы чулі блюзнерства; як вам здаецца? Яны ўсе асудзілі, што варты сьмерці.
Вы чулі блюзьнерства; што вам здаецца? Яны ўсе асудзілі, што ён падлеглы сьмерці.
Й пачалі некаторыя на яго пляваць і закрываць твар ягоны ды біць кулакамі, дражнячыся: Прароч! І слугі білі яго па шчоках.
І пачалі некаторыя пляваць на яго, і закрываць твар ягоны, і біць яго кулакамі, і казаць яму: Прароч! А слугі білі яго па шчоках.
А калі Пётр быў на дварэ ўнізе, прышла адна з прыслужніц архісьвятарскіх,
І калі Пётр быў унізе на дварэ, прыйшла адна з служак архісьвятара,
і ўбачыўшы грэючагася Пятра, прыгледзялася яму й сказала: І ты-ж быў з Езусам Назарэнскім.
і калі ўбачыла, што Пётр грэецца, глянуўшы на яго, сказала: І ты быў з Езусам Назарэнскім.
Але ён выракся, кажучы: Ня ведаю й не разумею, што гаворыш. Ды выйшаў навонкі на прыдворышча, і засьпяваў певень.
Але ён адрокся, кажучы: І ня ведаю, і не разумею, што ты гаворыш. І выйшаў вон прад сені, і запяяў певень.
Дзяўчына-ж ізноў, як убачыла яго, пачала казаць стаяўшым навокал: Гэты із іх.
Ізноў-жа як убачыла яго служка, пачала казаць тым, што навакол стаялі: Што гэты ёсьць з іх.
Адыж ён другі раз выракся. І крыху счакаўшы тыя, што там стаялі, зноў кажуць Пятру: Сапраўды ты із іх, бо ты й Галілеец.
Але ён другі раз адрокся. І крыху потым тыя, што там стаялі, ізноў сказалі Пятру: Сапраўды ты з іх, бо ты і Галілеец.
І аж пачаў клясьціся й прысягацца: Ня знаю чалавека гэнага, аб якім гутарыце.
Але ён пачаў клясьціся і прысягаць: Што ня знаю гэтага чалавека, аб каторым вы гаворыце.
Тады певень запяяў другі раз. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Езус: Перш, чым певень двойчы заспявае, ты тры разы ад мяне адрачэшся. Ды пачаў плакаць.
І зараз запяяў певень другі раз. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Езус: Перш чым певень два разы запяе, ты тры разы ад мяне адрачэсься. І пачаў плакаць.