Марка 7 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Міхася Міцкевіча
І збіраюцца да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Іерусаліма.
I зыйшліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, прыйшоўшы з Ерусаліму.
І, убачыўшы, што некаторыя з Яго вучняў ядуць хлеб нячыстымі, гэта значыць, нямытымі рукамі, [папракнулі],
І ўгледзеўшы, што некаторыя з вучняў Ягоных бралі хлеб нячыстымі — гэта значыць, непамытымі перад ядой рукамі, зганілі гэта.
бо фарысеі і ўсе іудзеі, калі не вымыюць старанна рук, не ядуць, пільнуючыся падання старэйшых,
Бо фарысеі і ўсе юдэі, трымаючыся старых укладаў, не ядуць не памыўшы добра рук.
і, вярнуўшыся з рынку, калі не абмыюцца, не ядуць і ёсць шмат іншага, чаго яны прынялі пільнавацца: мыцця чашаў, і кубкаў, і меднага посуду, [і лавак] —
I калі прыходзяць з рынку, не ядуць, не памыўшыся перш, і шмат чаго іншага, перанятага з даўнасьці, трымаюцца: абмываньне кубкаў, чараў, катлоў, услонаў.
і пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: Чаму Твае вучні не жывуць паводле падання старэйшых, а нячыстымі рукамі ядуць хлеб?
І вось пытаюць у Яго фарысеі і кніжнікі: — чаму вучні Твае ня трымаюцца укладаў старэйшых, але бяруць хлеб непамытымі рукамі.
Ён жа сказаў ім: Добра прарочыў Ісаія пра вас, крывадушных, як напісана: «Гэты народ вуснамі шануе Мяне, сэрца ж іх далёка адстаіць ад Мяне;
Ён-жа ў адказ сказаў ім: — добра прарочыў Ісайя пра вас крывадушных, як гэта напісана: — «Людзі гэтыя паважаюць Мяне вуснамі, сэрца-ж іх далёка ад Мяне.
але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэнням чалавечым запаведзям.
Але дарма пакланяюцца Мне, падаючы навукі і прыказаньні людзкія».
Пакінуўшы запаведзь Божую, вы трымаецеся чалавечага падання [абмывання кубкаў і чашаў і шмат іншага, падобнага да такога, робіце вы].
I вось вы, пакідаючы запаветы Божыя, трымаецеся ўкладаў чалавечых: абмываньня збанкоў ды кубкаў, ды шмат чаго падобнага да гэтаму творыце.
І казаў ім: Вы спрытна адхіляеце запаведзь Божую, каб ваша паданне захоўваць.
I сказаў ім: — ці добра, што вы адкідаеце прыказаньне Божае, каб выконваць уклад ваш?
Бо Маісей казаў: «Шануй свайго бацьку і сваю маці» і: «Хто ліхасловіць бацьку ці маці, няхай смерцю памрэ».
Бо Майсей сказаў: — «паважай айца твайго і маці тваю», і «хто зьневажае айца ці маці, няхай сьмерцяй памрэ».
Вы ж кажаце: «Калі чалавек скажа бацьку ці маці: Карван (гэта значыць дар Богу) тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся», —
А вы кажаце: — хто скажа айцу ці маці — «корван» — гэта значыць дар Богу ўсё тое, што ад мяне належала-б.
вы ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі ці маці,
— Тады ўжо дазваляецца нічым не ўспамагаць ні айцу свайму, ні маці сваёй.
адмяняючы слова Божае вашым паданнем, якое вы перадаяце; і шмат падобнага да гэтага вы робіце.
Уневажняеце запавет Божы дзеля ўкладу вашага, ды робіце шмат што да гэтага падобнае.
І, паклікаўшы зноў натоўп, Ён казаў ім: Пачуйце Мяне ўсе і зразумейце!
I паклікаўшы увесь народ да Сябе, гаварыў ім: — слухайце Мяне і разумейце:
Няма нічога звонку чалавека, што, уваходзячы ў яго, можа апаганіць яго, але што з чалавека выходзіць, тое апаганьвае чалавека.
усё тое, што ўвайходзіць у чалавека звонку, ня можа апаганіць яго, але тое, што выходзіць з яго, тое апаганьвае чалавека.
[Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе]17.
Хто мае вушы слухаць, няхай пачуе.
І калі ад нотоўпу Ён увайшоў у дом, Яго вучні спыталіся ў Яго аб прыпавесці.
І калі увайшоў ад народу ў дом, вучні Ягоныя пыталі ў Яго пра прыпавесьць.
І Ён кажа ім: Няўжо і вы такія някемлівыя? Не разумееце, што ўсё тое, што ўваходзіць звонку ў чалавека, не можа апаганіць яго,
I сказаў ім: — няўжо і вы гэткія недагадлівыя? ці-ж не разумееце, што ўсё, прынятае чалавекам звонку, ня можа яго спаганіць.
бо ўваходзіць яму не ў сэрца, а ў жывот і ў адыходнае месца выходзіць, чым ачышчаецца ўсялякая ежа.
Бо ня ў сэрца яму ўваходзіць, але ў жывот, і выходзіць вон, гэтым ачышчаецца ўсё спажытае.
Ён жа казаў: Што з чалавека выходзіць, тое апаганьвае чалавека.
I сказаў яшчэ: — тое, што выходзіць з чалавека, тое апаганьвае чалавека.
Бо з сярэдзіны, з сэрца людзей, ліхія развагі выходзяць, распуста, крадзеж, забойствы,
Бо з нутра, з сэрца чалавека злыя памыслы: чужаманства, блуд, душагубства;
чужаложства, хцівасць, зласлівасць, подступ, распушчанасць, ліхое вока, блюзнерства, пыха, дурнота;
зладзейства, прагавітасьць, злаба, ашуканства, бессаромнасьць, зайздрасьць, блюзьнерства, пагарда, дурасьць.
усё гэтае ліха з сярэдзіны выходзіць і апаганьвае чалавека.
Усё тое злое з нутры выходзщь і апаганьвае чалавека.
І, устаўшы, Ён пайшоў адтуль у ваколіцы Тыра [і Сідона]. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не ўведаў, ды не змог утаіцца;
I, выйшаўшы адтуль, адыйшоў у землі Тырскія і Сыдонскія. А, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся, але ня ўтрымаўся ў тайніцы.
бо адразу пачула пра Яго жанчына, у чыёй дачкі быў нячысты дух, і, прыйшоўшы, прыпала да Яго ног;
Бо зараз-жа прачула пра Яго жанчына, у якое дачка была апанавана злыдухам, і прыйшоўшы, прыпала да ног Ягоных.
а была жанчына грачанка, сірафінікіянка родам; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з яе дачкі.
Жанчына-ж тая была эльлінская, сірафінікійка родам; i маліла Яго, каб выгнаў злыдуха з дачкі яе.
І Ён казаў ёй: Пусці спярша наесціся дзецям, бо нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.
Ісус-жа сказаў ёй: — дай перш задаволіцца дзецям: бо нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам.
Яна ў адказ Яму кажа: [Так], Госпадзе, [але] і шчаняты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
Яна-ж у адказ сказала: — так, Госпадзе, але і шчаняты пад сталом ядуць крошкі ад дзяцей.
І Ён сказаў ёй: За гэтае слова — ідзі, выйшаў дэман з твае дачкі.
I сказаў ёй: — за гэтае слова — ідзі! — выйшаў злыдух з дачкі твае.
І, пайшоўшы ў свой дом, яна знайшла, што дзіця ляжыць на ложку і дэман выйшаў.
I калі яна прыйшла дадому, знайшла дачку на пасьцелі, а дух нечысьці пакінуў яе.
І, зноў выйшаўшы з межаў Тыра, Ён прыйшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод межаў Дзесяцігораддзя.
І выйшаўшы з межаў Тырскіх, Ісус праз землі Сыдонскія зноў прыйшоў да мора Галілейскага, сярод Дзесяцігродзьдзя.
І прыводзяць да Яго глухога, які з цяжкасцю гаварыў, і просяць Яго, каб усклаў руку на яго.
I прывялі да Яго глухога і вугнівага, і малілі Яго каб узлажыў на яго руку.
І, адвёўшы яго асобна ад натоўпу, Ён уклаў Свае пальцы яму ў вушы і, плюнуўшы, дакрануўся да яго языка,
Адвёўшы яго ад народу аднаго, Ісус улажыў пальцы Свае ў вушы яго, і плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага.
і, узвёўшы вочы ў неба, Ён цяжка ўздыхнуў і кажа яму: «Эффафа», гэта значыць: «Расчыніся».
I, узглянуўшы ў неба, уздыхнуў і прамовіў: — Эффафа — гэта значыць — расчыніся.
І адразу адчыніліся яго вушы, і развязаліся путы яго языка, і ён пачаў гаварыць чыста.
I ураз расчыніліся вушы ягоныя і разьвязаўся язык яго, і ён стаў гаварыць добра.
І Ён загадаў ім, каб яны нікому не казалі; але чым больш загадваў, тым больш яны разносілі вестку.
Тады загадаў ім, каб нікому не гаварылі, але колькі Ён ні забараняў ім, яны яшчэ больш разгалошвалі.
І надзвычай дзівіліся, кажучы: Добра ўсё Ён робіць: і глухім дае слых, і нямым — мову.
I вельмі дзівіліся, кажучы: — добра ўсё робіць — і глухіх чуткімі, і нямых гаваркімі.