Марка 12 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І пачаў Ён казаць ім у прыпавесцях: Пасадзіў чалавек вінаграднік і абнёс агароджаю, і выкапаў выцікальню, і пабудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.
 
І пачаў ім гаварыць у прыповесьцях: Чалавек засадзіў вінаграднік, і абгарадзіў плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і аддаў яго ў арэнду земляробам і выехаў.

І ў пэўны час паслаў да вінаградараў слугу, каб ён узяў у вінаградараў ад пладоў вінаградніка;
 
І ў час паслаў да земляробаў слугу, каб узяць ад земляробаў з плоду вінаградніка.

а тыя, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.
 
Яны, схапіўшы яго, збілі і адаслалі бяз нічога.

І ён зноў паслаў да іх другога слугу і таго ранілі ў галаву і зняважылі30.
 
І зноў паслаў да іх другога слугу, і таго ранілі ў галаву і зьняважылі.

І паслаў іншага; і таго забілі, і многіх іншых — каго збілі, каго забілі.
 
І ізноў паслаў другога, а таго забілі; і шмат іншых, адных б’ючы, а другіх забіваючы.

У яго быў яшчэ адзін — улюбёны сын; ён паслаў яго апошнім да іх, кажучы: Пасаромеюцца майго сына.
 
Дык яшчэ маючы аднаго сына найдаражэйшага, і таго паслаў уканцы да іх, кажучы: Што ўшануюць сына майго.

А тыя вінаградары сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемец; хадзем заб’ём яго, і спадчына будзе наша.
 
Але земляробы сказалі паміж сабою: Гэта насьледнік; пойдзем, заб’ём яго, і наша будзе спадчына.

І, схапіўшы, яны забілі яго і выкінулі яго за вінаграднік.
 
І схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.

[Дык] што зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і знішчыць вінаградараў і аддасць вінаграднік іншым.
 
Дык што зробіць гаспадар вінагардніка?Прыйдзе і выгубіць земляробаў, а вінаграднік аддасьць іншым.

Няўжо вы і гэтага ў Пісанні не чыталі: «Камень, які адкінулі будаўнікі, — ён зрабіўся галавою вугла;
 
І ці вы ня чыталі гэтага пісаньня: «Той камень, каторы адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла.

ад Госпада зрабілася гэта, і яно дзіўнае ў нашых вачах»?
 
Ад Пана гэта сталася і ёсьць дзіўным у вачох нашых?» (Пс. 117,:22).

І стараліся Яго схапіць, ды баяліся натоўпу, бо зразумелі, што, маючы іх на ўвазе, сказаў Ён прыпавесць. І, пакінуўшы Яго, адышлі.
 
І стараліся яго ўзяць, ды баяліся грамады, бо зразумелі, што да іх сказаў гэтую прыповесьць. І пакінуўшы яго, адыйшлі.

І пасылаюць да Яго некаторых з фарысеяў і з ірадыян, каб прылавіць Яго на слове.
 
І паслалі да яго некаторых з фарызэяў і гэрадыянаў, каб злавіць яго на слове.

І тыя, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і ні на кога не зважаеш: бо не глядзіш на аблічча людзей, а па праўдзе вучыш Божай дарозе; ці дазваляецца даваць падаткі кесару ці не? Даваць нам ці не даваць?
 
Яны прыйшоўшы сказалі яму: Вучыцель, мы ведаем, што ты праўдамоўны і не зважаеш на нікога, бо не глядзіш на асобу людзкую, але папраўдзе навучаеш дарогі Божай. Ці можна даваць падатак цэзару, ці не даваць?

Ён жа, ведаючы іх крывадушнасць, казаў ім: Што вы Мяне спакушаеце? Нясіце Мне дынарый, каб я паглядзеў.
 
Ён, ведаючы іхную хітрасьць, сказаў ім: Што вы мяне спакушаеце? Прынясеце мне дынар, каб я пабачыў.

Яны і прынеслі. І Ён кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? — І яны сказалі Яму: Кесаравы.
 
Яны-ж прыняслі яму. І сказаў ім: Чый гэта воблік і надпіс? Кажуць яму: Цэзараў.

Ісус жа сказаў ім: Кесарава аддавайце кесару, а Божае — Богу. — І яны вельмі здзіўляліся Яму.
 
Езус-жа адказваючы сказаў ім: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. І дзівіліся з гэтага.

І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пытаюцца ў Яго, кажучы:
 
І прыйшлі да яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўкрасеньня, і пыталіся ў яго, кажучы:

Настаўніку, Маісей напісаў нам, што калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку і не пакіне дзіцяці, то няхай яго брат возьме жонку і ўзновіць патомства свайму брату.
 
Вучыцель, Майсей нам напісаў, што калі-б у каго памёр брат і пакінуў жонку ды не аставіў дзяцей, то няхай брат ягоны возьме ягону жонку і ўскрасіць патомства брату свайму.

Было сем братоў: і першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў патомства;
 
Было-ж сем братоў, і першы ўзяў жонку і памёр, не аставіўшы патомства.

і другі ўзяў яе і памёр, не пакінуўшы патомства; і трэці таксама;
 
І ўзяў яе другі, і памёр, і ані гэты не аставіў патомства. І трэці таксама.

і сем не пакінулі патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына.
 
І бралі яе гэтаксама сямёх, і не аставілі патомства. Апошняй з усіх памярла і жанчына.

[Дык] пры ўваскрэсенні, [калі яны ўваскрэснуць], каго з іх яна будзе жонкаю? Бо яна была ў сямі.
 
Дык ва ўскрасеньні, калі ўскрэснуць, каторага з іх яна будзе жаною? Бо сямёх мелі яе за жонку.

Ісус сказаў ім: Ці не таму вы памыляецеся, што не ведаеце ні Пісанняў, ані сілы Божай?
 
І адказваючы Езус сказаў ім: Ці ня дзеля таго вы мыляецеся, што ня ведаеце Пісаньняў ані моцы Божай?

Бо калі ўваскрэснуць з мёртвых, не жэняцца і не выходзяць замуж, а будуць, як Анёлы ў нябёсах.
 
Бо калі ўваскрэснуць з умерлых, ня будуць ані жаніцца, ані выхадзіць замуж, але будуць як анёлы ў небе.

Пра мёртвых жа, што яны ўваскрэснуць, хіба не чыталі вы ў Маісеевай кнізе, як Бог пры кусце прамовіў яму, кажучы: «Я Бог Аўраамаў, і Бог Ісаакаў, і Бог Іякаваў»?
 
А аб умерлых, што яны ўваскрэснуць, ці вы ня чыталі ў кнізе Майсея, як Бог ля куста сказаў яму, гаворачы: Я ёсьць Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба? (Вых. 3:6).

Ён Бог не мёртвых, а жывых; вы вельмі памыляецеся.
 
Ня ёсьць Бог умерлых, але жывых. Дык вы дужа мыляецеся.

І, падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, як яны спрачаюцца, і бачачы, што добра Ён адказаў ім, спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх?
 
І прыступіў адзін з кніжнікаў, каторы чуў, як яны спрачаліся і бачачы, што ім добра адказаў, спытаўся ў яго: Якое ёсьць першае з усіх прыказаньне?

Ісус адказаў: Першая [з усіх запаведзяў]: «Слухай, Ізраіле! Госпад, наш Бог, — Госпад адзіны;
 
Езус-жа адказаў яму: Што першае з усіх прыказаньне ёсьць: «Слухай, Ізраіль! Пан Бог твой ёсьць адзін Бог;

і любі Госпада, твайго Бога, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім тваім розумам, і ўсёю тваёю сілай», [— вось першая запаведзь].
 
і любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсею душою тваею, і ўсей думкай тваею, і ўсей сілай тваею» (Паўл. Пр. 6:45). Гэта ёсьць першае прыказаньне.

Другая гэта31: «Любі твайго блізкага, як самога сябе». Няма іншай запаведзі большай за гэтыя.
 
А другое ёсьць падобнае да яго: «Любі бліжняга твайго як самога сябе» (Лев. 19:18). Іншага прыказаньня, большага за гэтыя, няма.

І кніжнік сказаў Яму: Добра, Настаўніку! Па праўдзе сказаў Ты, што ёсць Ён32 адзін і няма іншага, акрамя Яго;
 
І сказаў яму кніжнік: Добра, Вучыцель, ты праўду сказаў, што ёсьць адзін Бог і няма іншага апрача яго;

і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім разуменнем, і ўсёю сілаю, і любіць блізкага, як самога сябе, гэта больш за ўсе ўсёспаленні і ахвяры.
 
і каб любіць яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсею сілаю, і любіць бліжняга як самога сябе — гэты болей за ўсе жэртвы і ахвяры.

І Ісус, убачыўшы, што ён разумна адказаў, сказаў яму: Недалёка ты ад Царства Божага. — І ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.
 
Езус-жа, бачачы, што разумна адказаў, сказаў яму: Ты недалёка ад каралеўства Божага. І ніхто ўжо ня сьмеў пытаць у яго.

І, азваўшыся, Ісус казаў, навучаючы ў святыні: Як гэта кажуць кніжнікі, што Хрыстос — Давідаў сын?
 
І азваўшыся казаў Езус, навучаючы ў сьвятыні: Як-жа кажуць кніжнікі, што Хрыстус ёсьць Сын Давіда?

Сам Давід сказаў у Святым Духу: «Сказаў Госпад майму Госпаду: Сядзі праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў пад Твае ногі»33.
 
Бо сам Давід кажа ў Духу сьвятым: «Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч мяне, пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх» (Пс. 109:1).

Сам Давід называе Яго Госпадам: дык як жа Ён яго сын? — І вялікі натоўп з асалодаю слухаў Яго.
 
Дык сам Давід заве яго Панам, і скуль-жа ён сын ягоны? І вялікая грамада ахвотна яго слухала.

І ў Сваёй навуцы Ён казаў: Сцеражыцеся кніжнікаў, што любяць праходжвацца ў доўгіх шатах і каб віталі іх на рыначных плошчах,
 
І казаў ім у сваей навуцы: Сьцеражэцеся кніжнікаў, якія хочуць хадзіць у даўгіх вопратках, і быць вітанымі на рынку,

і любяць першыя лавы ў сінагогах і першыя месцы на банкетах,
 
і сядзець на першых лавах у бажніцах, і першыя месцы на вячэрах;

што праядаюць удовіны дамы і напаказ доўга моляцца; гэтыя атрымаюць большы прысуд.
 
якія аб’ядаюць дамы ўдоваў пад прыкрыўкай доўгай малітвы. Гэтыя атрымаюць цяжэйшы прысуд.

І, сеўшы насупроць скарбніцы, Ён глядзеў, як натоўп кладзе грошы ў скарбніцу. І многія багацеі шмат клалі.
 
І седзячы насупроць скарбоны, Езус глядзеў, як грамада кідала грошы ў скарбону; і многа багатых кідала шмат.

І прыйшла адна ўбогая і паклала дзве лепты, гэта значыць кадрант.
 
Калі-ж прыйшла адна бедная ўдава, яна палажыла дзьве манэткі, што выносіць грош.

І, паклікаўшы Сваіх вучняў, Ён сказаў ім: Сапраўды кажу вам: гэтая ўбогая ўдава паклала больш за ўсіх, што клалі ў скарбніцу;
 
І паклікаўшы сваіх вучняў, сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што гэта беданая ўдава палажыла болей за ўсіх, што клалі ў скарбону.

бо ўсе ад сваіх лішкаў клалі, яна ж ад сваёй нястачы, усё, што мела, паклала, увесь свой пражытак.
 
Бо ўсе клалі з таго, што для іх было лішнім, а гэтая палажыла з недастатку свайго ўсё, што мела, увесь свой пражытак.