Марка 12 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І пачаў Ён казаць ім у прыпавесцях: Пасадзіў чалавек вінаграднік і абнёс агароджаю, і выкапаў выцікальню, і пабудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.
І пачаў гаварыць ім прытчамі: пасадзíў чалавек вінаграднік і абнёс агаро́джаю, і вы́капаў выціска́льню, і збудаваў ве́жу, і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучы́ўся.
І ў пэўны час паслаў да вінаградараў слугу, каб ён узяў у вінаградараў ад пладоў вінаградніка;
І паслаў да вінагра́дараў у пэўны час раба́, каб узяць ад вінагра́дараў пладоў з вінаградніка.
а тыя, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.
А яны, схапіўшы яго, набілі і адасла́лі ні з чым.
І ён зноў паслаў да іх другога слугу і таго ранілі ў галаву і зняважылі30.
І зноў паслаў да іх іншага раба́, і таго каме́ннем пабілі, разбілі галаву і адпусцілі знява́жанага.
І паслаў іншага; і таго забілі, і многіх іншых — каго збілі, каго забілі.
І зноў іншага паслаў, і таго забілі; і многіх іншых каго білі, а каго забівалі.
У яго быў яшчэ адзін — улюбёны сын; ён паслаў яго апошнім да іх, кажучы: Пасаромеюцца майго сына.
Яшчэ аднаго меў ён, сына ўзлю́бленага свайго, паслаў і яго нарэшце да іх, ка́жучы: пасаро́меюцца сы́на майго.
А тыя вінаградары сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемец; хадзем заб’ём яго, і спадчына будзе наша.
Тыя ж вінагра́дары, сказалі адзін аднаму: гэта спадкае́мец; хадзе́м, заб’ём яго, і спа́дчына будзе наша.
І, схапіўшы, яны забілі яго і выкінулі яго за вінаграднік.
І, схапіўшы яго, забілі і вы́кінулі прэч з вінагра́дніка.
[Дык] што зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і знішчыць вінаградараў і аддасць вінаграднік іншым.
Што ж зробіць гаспадар вінагра́дніка? Пры́йдзе і знíшчыць вінагра́дараў, і аддасць вінагра́днік іншым.
Няўжо вы і гэтага ў Пісанні не чыталі: «Камень, які адкінулі будаўнікі, — ён зрабіўся галавою вугла;
Няўжо не чыталі вы гэтага Пісання: ка́мень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла́;
ад Госпада зрабілася гэта, і яно дзіўнае ў нашых вачах»?
ад Госпада ста́лася гэта, і яно дзіўнае ў вачах нашых.
І стараліся Яго схапіць, ды баяліся натоўпу, бо зразумелі, што, маючы іх на ўвазе, сказаў Ён прыпавесць. І, пакінуўшы Яго, адышлі.
І наме́рваліся схапіць Яго, ды пабаяліся народу; бо зразуме́лі, што пра іх сказаў прытчу; і, пакінуўшы Яго, адышлі.
І пасылаюць да Яго некаторых з фарысеяў і з ірадыян, каб прылавіць Яго на слове.
І пасыла́юць да Яго некато́рых з фарысеяў і ірадыя́н, каб злавíць Яго на слове.
І тыя, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і ні на кога не зважаеш: бо не глядзіш на аблічча людзей, а па праўдзе вучыш Божай дарозе; ці дазваляецца даваць падаткі кесару ці не? Даваць нам ці не даваць?
Яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: «Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзівы і нікому не дагаджа́еш, бо не глядзíш на аблічча людзей, а па праўдзе шля́ху Божаму вучыш. Дазволена даваць пада́так ке́сару ці не? даваць нам ці не даваць?
Ён жа, ведаючы іх крывадушнасць, казаў ім: Што вы Мяне спакушаеце? Нясіце Мне дынарый, каб я паглядзеў.
Ён жа, ве́даючы іх крываду́шнасць, сказаў ім: што́ Мяне спакуша́еце? прынясíце Мне дына́рый, каб Я пабачыў.
Яны і прынеслі. І Ён кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? — І яны сказалі Яму: Кесаравы.
Яны прыне́слі. І кажа ім: чыя́ гэта выя́ва і на́дпіс? Яны сказалі Яму: ке́саравы.
Ісус жа сказаў ім: Кесарава аддавайце кесару, а Божае — Богу. — І яны вельмі здзіўляліся Яму.
І сказаў ім Іісус у адказ: аддавайце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу. І дзівіліся Яму.
І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пытаюцца ў Яго, кажучы:
І прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасе́ння, і спыталіся ў Яго, ка́жучы:
Настаўніку, Маісей напісаў нам, што калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку і не пакіне дзіцяці, то няхай яго брат возьме жонку і ўзновіць патомства свайму брату.
Настаўнік! Маісей напісаў нам: «калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, то няхай брат яго возьме жонку яго і адро́дзіць се́мя брату свайму».
Было сем братоў: і першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў патомства;
Было́ сем братоў; і першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў се́мені.
і другі ўзяў яе і памёр, не пакінуўшы патомства; і трэці таксама;
І другі ўзяў яе, і памёр, і ён не пакінуў се́мені; і трэці таксама.
і сем не пакінулі патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына.
І бра́лі яе сямёра, і не пакінулі се́мені. Пасля ўсіх паме́рла і жонка.
[Дык] пры ўваскрэсенні, [калі яны ўваскрэснуць], каго з іх яна будзе жонкаю? Бо яна была ў сямі.
Дык вось, ва ўваскрасе́нні, калі яны ўваскрэ́снуць, катораму з іх будзе яна жонкаю? бо сямёра мелі яе жонкаю.
Ісус сказаў ім: Ці не таму вы памыляецеся, што не ведаеце ні Пісанняў, ані сілы Божай?
І сказаў ім Іісус у адказ: ці не таму вы памыля́ецеся, што не ведаеце ні Пісанняў, ні сілы Божае?
Бо калі ўваскрэснуць з мёртвых, не жэняцца і не выходзяць замуж, а будуць, як Анёлы ў нябёсах.
Бо калі з мёртвых уваскрэ́снуць, не будуць ні жаніцца, ні замуж выходзіць, а будуць, як Ангелы на нябёсах.
Пра мёртвых жа, што яны ўваскрэснуць, хіба не чыталі вы ў Маісеевай кнізе, як Бог пры кусце прамовіў яму, кажучы: «Я Бог Аўраамаў, і Бог Ісаакаў, і Бог Іякаваў»?
Пра мёртвых жа, што яны ўваскрэ́снуць, хіба́ не чыталі вы ў кнізе Маісея пра купіну́, як Бог гаварыў яму, ка́жучы: «Я Бог Аўраа́ма, і Бог Ісаа́ка, і Бог Іа́кава»?
Ён Бог не мёртвых, а жывых; вы вельмі памыляецеся.
Ён не ёсць Бог мёртвых, але Бог жывы́х. Таму вы вельмі памыля́ецеся.
І, падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, як яны спрачаюцца, і бачачы, што добра Ён адказаў ім, спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх?
І, падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, як яны спрача́юцца, і, ведаючы, што Іісус добра адказаў ім, спытаў у Яго: якая першая з усіх за́паведзяў?
Ісус адказаў: Першая [з усіх запаведзяў]: «Слухай, Ізраіле! Госпад, наш Бог, — Госпад адзіны;
Іісус адказаў яму: першая з усіх за́паведзяў: «слухай, Ізра́ілю! Гасподзь Бог наш ёсць Гасподзь адзіны;
і любі Госпада, твайго Бога, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім тваім розумам, і ўсёю тваёю сілай», [— вось першая запаведзь].
і ўзлюбí Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім, і ўсёй сілаю тваёю»; гэта першая за́паведзь.
Другая гэта31: «Любі твайго блізкага, як самога сябе». Няма іншай запаведзі большай за гэтыя.
І другая падобная да яе: «узлюбí бліжняга твайго, як само́га сябе». Большай за гэтыя іншай за́паведзі няма.
І кніжнік сказаў Яму: Добра, Настаўніку! Па праўдзе сказаў Ты, што ёсць Ён32 адзін і няма іншага, акрамя Яго;
І сказаў Яму кніжнік: добра, Настаўнік! па праўдзе сказаў Ты, што адзіны ёсць Бог, і няма іншага, акрамя Яго;
і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім разуменнем, і ўсёю сілаю, і любіць блізкага, як самога сябе, гэта больш за ўсе ўсёспаленні і ахвяры.
і любíць Яго ўсім сэ́рцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю сілаю, і любíць бліжняга, як самога сябе, — гэта больш за ўсе ўсеспале́нні і ахвя́ры.
І Ісус, убачыўшы, што ён разумна адказаў, сказаў яму: Недалёка ты ад Царства Божага. — І ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.
Іісус жа, убачыўшы, што той разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Царства Божага. І ніхто не адважваўся болей пытацца ў Яго.
І, азваўшыся, Ісус казаў, навучаючы ў святыні: Як гэта кажуць кніжнікі, што Хрыстос — Давідаў сын?
І, праця́гваючы вучы́ць у храме, Іісус казаў: я́к гэта кажуць кніжнікі, што Хрыстос — сын Давідаў?
Сам Давід сказаў у Святым Духу: «Сказаў Госпад майму Госпаду: Сядзі праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў пад Твае ногі»33.
Бо сам Давід сказаў Духам Святым: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзí правару́ч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх.»
Сам Давід называе Яго Госпадам: дык як жа Ён яго сын? — І вялікі натоўп з асалодаю слухаў Яго.
Сам Давід называе Яго Госпадам: я́к жа Ён сын яму? І мноства народу слухала Яго з прыемнасцю.
І ў Сваёй навуцы Ён казаў: Сцеражыцеся кніжнікаў, што любяць праходжвацца ў доўгіх шатах і каб віталі іх на рыначных плошчах,
І казаў ім у вучэнні Сваім: сцеражы́цеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх убо́рах і каб віталі іх на плошчах,
і любяць першыя лавы ў сінагогах і першыя месцы на банкетах,
і напе́радзе сядзе́ць у сінагогах і ўзляжа́ць напе́радзе на гасцíнах.
што праядаюць удовіны дамы і напаказ доўга моляцца; гэтыя атрымаюць большы прысуд.
Тыя, што паяда́юць дамы́ ўдоў і напака́з доўга моляцца, пры́муць бо́льшае асуджэ́нне.
І, сеўшы насупроць скарбніцы, Ён глядзеў, як натоўп кладзе грошы ў скарбніцу. І многія багацеі шмат клалі.
І сеў Іісус насу́праць ска́рбніцы, і глядзеў, як народ кладзе́ грошы ў ска́рбніцу, і многія багацеі кла́лі шмат.
І прыйшла адна ўбогая і паклала дзве лепты, гэта значыць кадрант.
І, прыйшоўшы, адна бедная ўдава́ пакла́ла дзве ле́пты, гэта значыць кадра́нт.
І, паклікаўшы Сваіх вучняў, Ён сказаў ім: Сапраўды кажу вам: гэтая ўбогая ўдава паклала больш за ўсіх, што клалі ў скарбніцу;
І, паклíкаўшы вучняў сваіх, Іісус гаворыць ім: праўду кажу вам, удава́ гэтая бедная пакла́ла больш за ўсіх, хто клаў у ска́рбніцу:
бо ўсе ад сваіх лішкаў клалі, яна ж ад сваёй нястачы, усё, што мела, паклала, увесь свой пражытак.
бо ўсе кла́лі ад дастатку свайго, а яна з няста́чы сваёй пакла́ла ўсё, што мела, увесь пражы́так свой.