Марка 2 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага
І праз [некалькі] дзён Ён зноў увайшоў у Капэрнаум, і пачулі, што Ён у доме.
І па днях ён ізноў увайшоў у Капарнаум, і пачулі, што ён ёсьць у доме.
І адразу сабралася мноства, што нават пры дзьвярах не маглі зьмясьціцца, і Ён гаварыў ім слова.
І зыйшлося многа, так што не хватала месца нават каля дзьвярэй, і ён гаварыў да іх слова.
І прыходзяць да Яго са спараліжаваным, якога несьлі чацьвёра.
І прыйшлі да яго, нясучы спаралізаванага, якога нясьлі чатырох.
І, ня здолеўшы прайсьці да Яго дзеля натоўпу, раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложак, на якім ляжаў спараліжаваны.
І ня могучы яго палажыць перад ім дзеля грамады, разабралі дах, дзе ён быў і зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложа, на каторым ляжаў спаралізаваны.
І Ісус, убачыўшы веру іхнюю, кажа спараліжаванаму: «Дзіця, адпускаюцца грахі твае».
Калі-ж Езус убачыў іх веру, сказаў спаралізаванаму: Сыне, адпушчаюцца табе грахі твае.
Былі ж там некаторыя кніжнікі, якія сядзелі і разважалі ў сэрцах сваіх:
Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў, седзячы і думаючы ў сэрцах сваіх:
«Што гэта Ён кажа блюзьнерства? Хто можа адпускаць грахі, калі ня Сам Бог?»
Што гэта ён гаворыць? Ён блюзьніць. Хто можа адпусьціць грахі, апрача аднаго Бога?
А Ісус, адразу пазнаўшы духам Сваім, што яны гэтак думаюць, кажа ім: «Што вы гэтак разважаеце ў сэрцах вашых?
Езус, зараз пазнаўшы гэтае духам сваім, што яны гэтак у сабе, сказаў ім: Нашто вы гэта думаеце ў сэрцах вашых?
Што лягчэй, сказаць спараліжаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі ложак твой і хадзі”?
Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: «Адпушчаюцца табе грахі», ці сказаць: «Устань, вазьмі ложа тваё і хадзі».
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — кажа спараліжаванаму:
Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі — сказаў спаралізаванаму:
«Табе кажу: “Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой”».
Табе кажу: Устань, вазьмі ложа тваё і ідзі ў дом твой.
І той адразу ўстаў і, узяўшы ложак, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Мы такога ніколі ня бачылі».
І той зараз-жа ўстаў, і падняўшы ложа, пайшоў перад усімі, так што дзівіліся ўсе і славілі Бога, кажучы: Што ніколі мы гэтак ня бачылі.
І зноў выйшаў [Ісус] да мора, і ўвесь натоўп пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.
І выйшаў ізноў да мора, а ўся грамада прыходзіла да яго і ён вучыў іх.
І, праходзячы, убачыў Ён Левія Алфеявага, які сядзеў на мытні, і кажа яму: «Ідзі за Мною!» І той, устаўшы, пайшоў за Ім.
І праходзячы, угледзеў Левія Альфэявага, сядзячага пры мытніцы і сказаў яму: Ідзі за мною. І ён устаўшы, пайшоў за ім.
І сталася, калі Ён узьлягаў у доме ягоным, узьлягала разам з Ісусам і вучнямі Ягонымі шмат мытнікаў і грэшнікаў, бо было многа іх, і яны ішлі за Ім.
І сталася, калі сядзеў за сталом у ягоным доме, многа мытнікаў і грэшнікаў сядзела разам з Езусам і вучнямі яго, бо іх многа было, што ішлі за ім.
А кніжнікі і фарысэі, бачачы, што [Ісус] есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Ягоным: «Чаму Ён есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?»
А кніжнікі і фарызэі, бачачы, што ён еў з мытнікамі і грэшнікамі, казалі ягоным вучням: Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есьць і п’е ваш вучыцель?
І, пачуўшы гэта, Ісус кажа ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. Я прыйшоў клікаць ня праведнікаў, але грэшнікаў да навяртаньня».
Езус, пачуўшы гэтае, сказаў ім: Здаровым ня трэба лекара, але хворым, бо я ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных.
І посьцілі вучні Янавы і фарысэйскія. Дык прыходзяць і кажуць Яму: «Чаму вучні Янавы і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?»
А вучні Яна і фарызэі пасьцілі. І прыйшлі і сказалі яму: Чаму вучні Янавы і фарызэявы посьцяць, а твае вучні ня посьцяць?
І сказаў ім Ісус: «Ці ж могуць посьціць сыны вясельля, калі малады з імі? Пакуль маюць жаніха ў сябе, ня могуць посьціць.
І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць вясельныя госьці пасьціць, пакуль з імі ёсьць малады? Пакуль яны маюць з сабою маладога, ня могуць пасьціць.
А надыйдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць посьціць у тыя дні.
Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога і тады будуць пасьціць у гэныя дні.
Ніхто не прышывае латкі з новай тканіны да старога адзеньня, бо новая латка разьдзярэ старое, і дзіра зробіцца большая.
Ніхто не прышывае латы з сырога сукна да старое адзежы, бо інакш новая лата адрывае ад старога і робіцца большая дзіра.
І ніхто не ўлівае новага віна ў старыя мяхі, бо новае віно прарве мяхі, і віно выцячэ, і мяхі прападуць; але новае віно трэба ўліваць у новыя мяхі».
І ніхто ня лье новага віна ў старыя мяхі, бо інакш віно разарве мяхі, і віно разальецца, і мяхі прападуць. Але новае віно трэба ліць у новыя мяхі.
І сталася Яму ў суботу праходзіць праз палеткі, і вучні Ягоныя пачалі дарогаю зрываць каласы.
І ізноў сталася, калі Пан праходзіў у суботу праз збожа і вучні ягоны пачалі ісьці і рваць каласы.
І фарысэі гаварылі Яму: «Глядзі, чаму яны робяць у суботу, што ня сьлед!»
А фарызэі казалі яму: Вось што яны робяць у суботу, чаго ня можна.
А Ён сказаў ім: «Ці ж вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны сам і тыя, што з ім?
І сказаў ім: Ці-ж вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і захацеў есьці сам і тыя, што з ім былі?
Як увайшоў ён у Дом Божы ў [дні] Абіятара першасьвятара і еў хлябы пакладныя, якія нельга яму было есьці, а толькі сьвятарам, і даў таксама тым, што з ім былі?»
Як ён увайшоў у дом Божы за Абіятара, архісьвятара і еў ахвярныя хлябы, якіх ня можна было есьці, як толькі сьвятарам, і даў тым, што з ім былі?
І казаў ім: «Субота для чалавека, а не чалавек для суботы.
І сказаў ім: Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы.
Таму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».
І так Сын чалавечы ёсьць панам так-жа і суботы.