Марка 2 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І праз [некалькі] дзён Ён зноў увайшоў у Капэрнаум, і пачулі, што Ён у доме.
І па некалькіх днях зноў Ён наведаў Кафарнаўм, і людзі пачулі, што Ён у доме,
І адразу сабралася мноства, што нават пры дзьвярах не маглі зьмясьціцца, і Ён гаварыў ім слова.
і адразу сышлося такое мноства, што нават пры дзвярах не маглі памясціцца, і гаварыў ім слова.
І прыходзяць да Яго са спараліжаваным, якога несьлі чацьвёра.
І прыйшлі да Яго насільшчыкі са спаралізаваным, якога неслі ўчатырох.
І, ня здолеўшы прайсьці да Яго дзеля натоўпу, раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложак, на якім ляжаў спараліжаваны.
І калі з-за натоўпу не маглі яго паднесці да Ісуса, дык раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусцілі пасцель, на якой ляжаў спаралізаваны.
І Ісус, убачыўшы веру іхнюю, кажа спараліжаванаму: «Дзіця, адпускаюцца грахі твае».
А калі Ісус убачыў іх веру, кажа спаралізаванаму: «Дзіця, даруюцца грахі твае».
Былі ж там некаторыя кніжнікі, якія сядзелі і разважалі ў сэрцах сваіх:
Былі ж там некаторыя кніжнікі, што сядзелі і думалі ў сэрцы сваім:
«Што гэта Ён кажа блюзьнерства? Хто можа адпускаць грахі, калі ня Сам Бог?»
«Што Ён кажа? Блюзніць! Хто можа дараваць грахі, калі не Сам Бог?»
А Ісус, адразу пазнаўшы духам Сваім, што яны гэтак думаюць, кажа ім: «Што вы гэтак разважаеце ў сэрцах вашых?
А Ісус, адразу пазнаўшы Сваім Духам, што яны так думалі ў сабе, кажа ім: «Што думаеце ў сэрцах вашых?
Што лягчэй, сказаць спараліжаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі ложак твой і хадзі”?
Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: “Даруюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі пасцель сваю і хадзі”.
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — кажа спараліжаванаму:
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, — гаворыць спаралізаванаму:
«Табе кажу: “Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой”».
“Табе кажу: устань, вазьмі пасцель тваю і вяртайся ў дом твой”».
І той адразу ўстаў і, узяўшы ложак, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Мы такога ніколі ня бачылі».
Дык ён адразу ўстаў і, узяўшы пасцель, пайшоў перад усімі, тк што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Мы такога ніколі не бачылі».
І зноў выйшаў [Ісус] да мора, і ўвесь натоўп пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.
І Ісус зноў адышоў да мора, а ўвесь натоўп людзей ішоў да Яго, і Ён навучаў іх.
І, праходзячы, убачыў Ён Левія Алфеявага, які сядзеў на мытні, і кажа яму: «Ідзі за Мною!» І той, устаўшы, пайшоў за Ім.
І, калі праходзіў міма, убачыў Леві Алфеева, што сядзеў на мытні, і гаворыць яму: «Ідзі за Мной!» І ён, падняўшыся, пайшоў за Ім.
І сталася, калі Ён узьлягаў у доме ягоным, узьлягала разам з Ісусам і вучнямі Ягонымі шмат мытнікаў і грэшнікаў, бо было многа іх, і яны ішлі за Ім.
І здарылася, калі ўзлягаў пры стале ў доме яго, узлягала разам з Ісусам і Яго вучнямі шмат мытнікаў і грэшнікаў. Было бо многа іх, і яны хадзілі за Ім.
А кніжнікі і фарысэі, бачачы, што [Ісус] есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Ягоным: «Чаму Ён есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?»
І кніжнікі, і фарысеі, бачачы, што Ісус есць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: «Чаму Ён есць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?»
І, пачуўшы гэта, Ісус кажа ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. Я прыйшоў клікаць ня праведнікаў, але грэшнікаў да навяртаньня».
Пачуўшы гэта, Ісус кажа ім: «Не здаровым патрэбны лекар, але тым, што хварэюць. Я прыйшоў клікаць не справядлівых, але грэшнікаў да пакаяння».
І посьцілі вучні Янавы і фарысэйскія. Дык прыходзяць і кажуць Яму: «Чаму вучні Янавы і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?»
Вучні Янавы і фарысеі посцілі. Дык прыходзяць да Яго ды кажуць: «Чаму, вось, вучні Янавы і фарысейскія посцяць, а Твае вучні не посцяць?»
І сказаў ім Ісус: «Ці ж могуць посьціць сыны вясельля, калі малады з імі? Пакуль маюць жаніха ў сябе, ня могуць посьціць.
Адказаў ім Ісус: «Ці ж могуць посціць вясельнікі, пакуль малады з імі? Дакуль маюць жаніха ў сябе, не могуць посціць.
А надыйдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць посьціць у тыя дні.
А надыдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць посціць у тыя дні.
Ніхто не прышывае латкі з новай тканіны да старога адзеньня, бо новая латка разьдзярэ старое, і дзіра зробіцца большая.
Ніхто не прышывае латы з новага сукна да старога адзення, бо новая лата раздзярэ старое адзенне, і дзіра зробіцца большая.
І ніхто не ўлівае новага віна ў старыя мяхі, бо новае віно прарве мяхі, і віно выцячэ, і мяхі прападуць; але новае віно трэба ўліваць у новыя мяхі».
Ніхто таксама не ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо віно разарве мяхі — і віно выцячэ, і мяхі прападуць; таму маладое віно ўліваць трэба ў мяхі новыя».
І сталася Яму ў суботу праходзіць праз палеткі, і вучні Ягоныя пачалі дарогаю зрываць каласы.
Прыйшлося аднойчы Яму ў суботу праходзіць праз палеткі, засеяныя збожжам. Вучні ж Яго пачалі зрываць каласы.
І фарысэі гаварылі Яму: «Глядзі, чаму яны робяць у суботу, што ня сьлед!»
Дык фарысеі казалі Яму: «Вось што робяць у суботу, гэта ж не след рабіць!»
А Ён сказаў ім: «Ці ж вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны сам і тыя, што з ім?
Ісус жа кажа ім: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны, ды тыя, што з ім былі?
Як увайшоў ён у Дом Божы ў [дні] Абіятара першасьвятара і еў хлябы пакладныя, якія нельга яму было есьці, а толькі сьвятарам, і даў таксама тым, што з ім былі?»
Як увайшоў у дом Божы за Абіятарам першасвятаром ды еў хлябы пакладныя, якіх нельга яму было есці, а толькі святарам, і поруч даў тым, што з ім разам былі?»
І казаў ім: «Субота для чалавека, а не чалавек для суботы.
Ды казаў ім: «Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы.
Таму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».
Значыць, Сын Чалавечы ёсць Гаспадар суботы».