Марка 5 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага
І прыйшлі на другі бок мора ў край Гадарэнскі.
І прыбылі на другі бок мора ў краіну Гэразэнаў.
І калі выйшаў Ён з чаўна, адразу пераняў Яго чалавек з магілаў, [апанаваны] нячыстым духам,
І калі ён выходзіў з лодкі, зараз-жа яго пераняў чалавек з грабоў, каторы меў нячыстага духа.
які меў жытло ў магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі.
Ён меў памешканьне у грабох і ўжо ані ланцугамі ніхто ня мог яго зьвязаць,
Бо шмат разоў зьвязвалі яго кайданамі і ланцугамі, і ён рваў ланцугі і разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог утаймаваць яго.
бо часта будучы зьвязаны путамі і ланцугамі, рваў ланцугі і разьбіваў путы і ніхто ня мог супакоіць яго.
І ён заўсёды днём і ноччу ў магілах і ў гарах крычаў і біў сябе камянямі.
І заўсёды ўдзень і ўначы быў у грабох і горах, крычачы і б’ючы сябе каменьнямі.
І, здалёк убачыўшы Ісуса, прыбег, і пакланіўся Яму,
Угледзеўшы-ж Езуса здалёк, прыбег, пакланіўся яму,
і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Заклінаю Цябе Богам, ня мучай мяне».
і крычачы вялікім голасам, сказаў: Што да табе да мяне Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Запрысягаю цябе Богам, каб ты мяне ня мучыў.
Бо [Ісус] сказаў яму: «Выйдзі, духу нячысты, з гэтага чалавека».
Бо ён яму казаў: Выйдзі, духу нячысты, з чалавека.
І спытаўся ў яго: «Якое імя тваё?» А ён адказаў, кажучы: «Маё імя — легіён, бо нас многа».
І пытаўся ў яго: Як тваё імя? І сказаў яму: Маё імя Легіён, бо нас многа.
І вельмі прасіў Яго, каб не выганяў іх прэч з гэтага краю.
І вельмі прасіў, каб іх не выганяў з краіны.
А там каля гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў.
А была там каля гары пасучыся вялікая стада сьвіней.
І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы: «Пашлі нас у сьвіньняў, каб мы ў іх увайшлі».
І прасілі таго духі, кажучы: Пусьці нас у сьвіньні, каб мы ў іх ўвайшлі.
І Ісус адразу дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў сьвіньняў, і рынуўся гурт са стромы ў мора, а было іх каля дзьвюх тысячаў, і патанулі ў моры.
І Езус зараз-жа дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя духі ўвайшлі у сьвіньні і стада з вялікім разгонам кінулася з круцізны ў мора, каля дзьвюх тысяч, і патанулі ў моры.
А тыя, што пасьвілі сьвіньняў, уцяклі і абвясьцілі ў горадзе і вёсках, і [людзі] выйшлі паглядзець, што сталася.
А тыя, што пасьвілі іх, уцяклі і далі знаць у горад і па палёх. І выйшлі, каб паглядзець, што сталася.
І прыходзяць да Ісуса, і бачаць, што апанаваны дэманамі, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры здаровым розуме, і спалохаліся.
І прыйшлі да Езуса і ўбачылі гэнага, што быў апанаваны д’яблам, сядзячага, адзетага і пры здаровым розуме — і спалохаліся.
І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з апанаваным дэманам, і пра сьвіньняў.
А тыя, што бачылі, расказалі ім, як сталася з тым, што меў д’ябэльства, і аб сьвіньнях.
І пачалі прасіць Яго, каб адыйшоў ад межаў іхніх.
І пачалі прасіць яго, каб адыйшоў з іх граніц.
І калі Ён увайшоў у човен, той, што быў апанаваны дэманам, прасіў Яго, каб быць з Ім.
Калі-ж уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны д’яблам, каб быць пры ім.
Ісус жа не дазволіў яму, але гаворыць: «Ідзі ў дом твой да сваіх, і раскажы ім, што Госпад учыніў табе і зьлітаваўся над табою».
І не дапусьціў яго, але сказаў яму: Ідзі ў свой дом, да сваіх і паведамі іх, якія вялікія рэчы табе ўчыніў Пан і зжаліўся над табою.
І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся.
І пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкаполі, якія вялікія рэчы ўчыніў яму Езус — і ўсе дзівіліся.
І калі Ісус зноў пераправіўся ў чаўне на другі бок, зыйшлося да Яго мноства людзей, і Ён быў каля мора.
А калі Езус пераплыў на лодцы ізноў на другі бераг, зыйшлася да яго вялікая грамада; і быў ён каля мора.
І вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на імя Яір, і, убачыўшы Яго, падае да ног Ягоных,
І прыйшоў адзін з старшых над бажніцай, на імя Яір і, убачыўшы яго, упаў да ягоных ног,
і вельмі просіць Яго, кажучы: «Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі рукі на яе, каб была выратаваная і жыла».
і вельмі прасіў яго, кажучы: што дачка мая канае, прыйдзі, узлажы руку на яе, каб аздаравела і жыла.
І Ён пайшоў з ім. І ішоў за Ім вялізарны натоўп, і ціснулі Яго.
І пайшоў з ім. І ішла за ім вялікая грамада і ціснулі яго.
І нейкая жанчына, якая [была] хворая на цячэньне крыві дванаццаць гадоў,
А жанчына, каторая дванаццаць гадоў мела цеч крыві
і шмат нацярпелася ад шматлікіх лекараў, і выдаткавала ўсё, што мела, і не атрымала аніякай карысьці, але яшчэ горш пачувалася,
і шмат перацярпела ад многіх дахтароў і ўсё сваё выдала і нічога её не памагло, але мелася яшчэ горай,
пачуўшы пра Ісуса, падыйшла ў натоўпе ззаду і дакранулася да шаты Ягонае,
калі пачула аб Езусе, падыйшла ў грамадзе ззаду і дакранулася да адзежы ягонай;
бо казала: «Калі толькі дакрануся шаты Ягонае, буду выратаваная».
бо казала: што калі толькі да адзежы ягонай дакрануся, буду здарова.
І адразу высахла ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што паздаравела ад немачы.
І зараз-жа высахла ў яе жарало крыві і пачула на целе, што аздаравела ад хваробы.
І адразу Ісус, адчуўшы ў Сабе, што моц выйшла з Яго, павярнуўся да натоўпу і сказаў: «Хто дакрануўся шаты Маёй?»
І зараз-жа Езус, пазнаўшы ў сабе моц, якая з яго выйшла, зьвярнуўшыся да народу, сказаў: Хто дакрануўся да маей адзежы?
І сказалі Яму вучні Ягоныя: «Бачыш натоўп, які цісьне Цябе, і кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”»
І казалі яму ягоныя вучні: Відзіш грамаду, якая цісьне цябе і кажаш: «Хто да мяне дакрануўся?»
Але Ён паглядзеў кругом, каб убачыць тую, што зрабіла гэта.
І паглядзеў навакол, каб пабачыць тую, што гэта зрабіла.
А жанчына, спалохаўшыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду.
Жанчына-ж, спалохаўшыся і дрыжачы, ведаючы, што з ею сталася, прыйшла і ўпала перад ім і сказала ўсю праўду.
Ён жа сказаў ёй: «Дачка! Вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі і будзь здаровая ад немачы тваёй».
Ён-жа сказаў ей: Дачка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакоі і будзь здарова ад хваробы тваей.
Яшчэ Ён гаварыў, прыходзяць ад начальніка сынагогі людзі і кажуць: «Дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Настаўніка?»
Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад старшага над бажніцай, кажучы: Што дачка твая памярла, нашто яшчэ турбуеш Вучыцеля?
Ісус жа, пачуўшы сказанае слова, кажа да начальніка сынагогі: «Ня бойся, толькі вер».
Езус-жа, пачуўшы слова, якое было сказана, прамовіў да старшага над бажніцай: Ня бойся, толькі вер.
І не дазволіў нікому ісьці за Ім, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба.
І не дапусьціў нікога ісьці з сабою, апроч Пятра, Якуба і Яна, Якубавага брата.
І прыходзіць у дом начальніка сынагогі, і бачыць замяшаньне, плач і лямант вялікі.
І прыйшлі ў дом старшага над бажніцай. І ўбачыў трывогу, і плачучых і галосячых моцна.
І, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаму вы ўзрушаныя і плачаце? Дзіцятка не памерла, але сьпіць».
І ўвайшоўшы, сказаў ім: Чаго трывожыцеся і плачаце? Дзяўчына не ўмярла, але сьпіць.
І сьмяяліся з Яго. Ісус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзіцяці ды тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзіцятка.
І насьмяхаліся з яго. Ён-жа, выправіўшы ўсіх, узяў бацьку і матку дзяўчыны, і тых, што з ім былі, і ўвайшоў, дзе ляжала дзяўчына.
І, узяўшы руку дзіцяці, гаворыць ёй: «Таліта кумі», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!»
І ўзяўшы руку дзяўчыны, сказаў ей: Таліта кумі, што значыць: Дзяўчына — табе кажу — устань.
І адразу ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а мела яна дванаццаць гадоў. І [ўсе] дзівіліся з захапленьнем вялікім.
І зараз-жа дзяўчына ўстала і хадзіла, а было ей дванаццаць гадоў. І астаўпянелі з вялікага дзіва.
І перасьцерагаў іх, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб далі ёй есьці.
І загадаў ім моцна, каб ніхто ня ведаў аб гэтым; і сказаў даць ёй есьці.