Марка 5 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад В. Гадлеўскага
І прыбылí на той бок мора, у старану Гадарынскую.
І прыбылі на другі бок мора ў краіну Гэразэнаў.
І, калі выйшаў Ён з чаўна, адразу сустрэў Яго чалавек з могілкаў апанаваны нячыстым духам,
І калі ён выходзіў з лодкі, зараз-жа яго пераняў чалавек з грабоў, каторы меў нячыстага духа.
які меў жытло ў магільных скляпах, і ніхто ня мог яго зьвязаць нават ланцугамі,
Ён меў памешканьне у грабох і ўжо ані ланцугамі ніхто ня мог яго зьвязаць,
бо яго часта скоўвалі кайданамі і ланцугамі, але ён ланцугі разрываў а кайданы ламаў, і ніхто ня меў сілы ўтаймаваць яго.
бо часта будучы зьвязаны путамі і ланцугамі, рваў ланцугі і разьбіваў путы і ніхто ня мог супакоіць яго.
І заўсёды ўно́чы і ўдзень, у горах і магільных скляпах ён крычаў і біў сябе каменьмі.
І заўсёды ўдзень і ўначы быў у грабох і горах, крычачы і б’ючы сябе каменьнямі.
І ўбачыўшы Ісуса здалёк, (ён) прыбег і пакланіўся Яму,
Угледзеўшы-ж Езуса здалёк, прыбег, пакланіўся яму,
і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Ўсявышняга? Заклінаю Цябе Богам, ня му́чы мяне!
і крычачы вялікім голасам, сказаў: Што да табе да мяне Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Запрысягаю цябе Богам, каб ты мяне ня мучыў.
Бо загадаў яму: выйдзі дух нячысты з гэтага чалавека.
Бо ён яму казаў: Выйдзі, духу нячысты, з чалавека.
І спытаў яго: як імя тваё? І адказаў, кажучы: легіён імя маё, бо нас многа.
І пытаўся ў яго: Як тваё імя? І сказаў яму: Маё імя Легіён, бо нас многа.
І вельмі прасіў Яго, каб ня высылаў іх прэч са стараны той.
І вельмі прасіў, каб іх не выганяў з краіны.
А там ля гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў;
А была там каля гары пасучыся вялікая стада сьвіней.
і ўсе дэманы ўпрасілі Яго кажучы: пашлі нас у сьвіньняў, каб (нам) увайсьці ў іх.
І прасілі таго духі, кажучы: Пусьці нас у сьвіньні, каб мы ў іх ўвайшлі.
І Ісус адразу дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя духі ўвайшлі ў сьвіньняў, і кінуўся гурт з абрыву ў мора; а было іх каля дзьвёх тысячаў; і патанулі ў моры.
І Езус зараз-жа дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя духі ўвайшлі у сьвіньні і стада з вялікім разгонам кінулася з круцізны ў мора, каля дзьвюх тысяч, і патанулі ў моры.
А сьвінапасы ўцяклі і абвясьцілі ў месту ды па вёсках; і (жыхары) выйшлі паглядзець, што сталася.
А тыя, што пасьвілі іх, уцяклі і далі знаць у горад і па палёх. І выйшлі, каб паглядзець, што сталася.
І прыходзяць да Ісуса і бачаць (да таго) быўшага апанаванага дэманамі, у якім быў легіён, што сядзіць і апрануты і ў здаровым розуме, дык спалохаліся.
І прыйшлі да Езуса і ўбачылі гэнага, што быў апанаваны д’яблам, сядзячага, адзетага і пры здаровым розуме — і спалохаліся.
А тыя, што бачылі, расказалі ім як (гэта) здарылася з апанаваным дэманамі і пра сьвіньняў.
А тыя, што бачылі, расказалі ім, як сталася з тым, што меў д’ябэльства, і аб сьвіньнях.
І пача́лі прасіць Яго адыйсьці ад межаў іхніх.
І пачалі прасіць яго, каб адыйшоў з іх граніц.
І калі Ён увайшоў у човен былы апанаваны дэманамі прасіў Яго каб быць зь Ім.
Калі-ж уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны д’яблам, каб быць пры ім.
Але Ісус ня дазволіў яму але кажа яму: ідзі дамоў да сваіх і раскажы ім, што зрабіў табе Госпад і як зьлітаваўся над табою.
І не дапусьціў яго, але сказаў яму: Ідзі ў свой дом, да сваіх і паведамі іх, якія вялікія рэчы табе ўчыніў Пан і зжаліўся над табою.
І (ён) пайшоў і пачаў абвяшчаць у Дзесяціместу як многа зрабіў яму Ісус; і ўсе дзівіліся.
І пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкаполі, якія вялікія рэчы ўчыніў яму Езус — і ўсе дзівіліся.
А калі Ісус ізноў пераправіўся ў чаўне на другі бераг, было сабрана да Яго мноства людзей. А Ён быў каля мора.
А калі Езус пераплыў на лодцы ізноў на другі бераг, зыйшлася да яго вялікая грамада; і быў ён каля мора.
І вось, прыходзіць адзін начальнік сынагогі на імя Яір і, убачыўшы Яго, падае да Ног Ягоных.
І прыйшоў адзін з старшых над бажніцай, на імя Яір і, убачыўшы яго, упаў да ягоных ног,
І ўмольна прасіў Яго, кажучы: дачушка мая канае; (прашу Цябе) каб (Ты) прыйшоўшы ўсклаў на яе ру́кі, каб яна ачуняла і застала́ся жыць.
і вельмі прасіў яго, кажучы: што дачка мая канае, прыйдзі, узлажы руку на яе, каб аздаравела і жыла.
І (Ён) пайшоў зь ім. І за Ім сьледам ішло шмат народу і туліліся да Яго.
І пайшоў з ім. І ішла за ім вялікая грамада і ціснулі яго.
І нейкая жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў,
А жанчына, каторая дванаццаць гадоў мела цеч крыві
шмат нацярпелася ад многіх лекараў і патраціла сваё ўсё але ня атрымала дапамогі, толькі больш пагоршала,
і шмат перацярпела ад многіх дахтароў і ўсё сваё выдала і нічога её не памагло, але мелася яшчэ горай,
пачуўшы пра Ісуса, падыйшоўшы ў натоўпе ззаду дакранулася да вопраткі Ягонай,
калі пачула аб Езусе, падыйшла ў грамадзе ззаду і дакранулася да адзежы ягонай;
бо думала: калі хаця бы вопраткі Ягонай дакрануся, буду аздароўлена.
бо казала: што калі толькі да адзежы ягонай дакрануся, буду здарова.
І адразу перастала ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што ачуняла ад хваробы.
І зараз-жа высахла ў яе жарало крыві і пачула на целе, што аздаравела ад хваробы.
І той жа час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што выйшла зь Яго сіла, (і) абярнуўшыся ў натоўпе сказаў: хто дакрануўся да Маёй вопраткі?
І зараз-жа Езус, пазнаўшы ў сабе моц, якая з яго выйшла, зьвярнуўшыся да народу, сказаў: Хто дакрануўся да маей адзежы?
І Ягоныя вучні казалі Яму: бачыш, што народ туліцца да Цябе, а гаворыш: хто дакрануўся да Мяне?
І казалі яму ягоныя вучні: Відзіш грамаду, якая цісьне цябе і кажаш: «Хто да мяне дакрануўся?»
Але Ён аглядаўся наўкола, каб убачыць тую, што зрабіла гэта.
І паглядзеў навакол, каб пабачыць тую, што гэта зрабіла.
А жанчына спалохаўшыся і дрыжучы, і ўразумеўшы, што сталася зь ёю, падыйшла і ўпала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
Жанчына-ж, спалохаўшыся і дрыжачы, ведаючы, што з ею сталася, прыйшла і ўпала перад ім і сказала ўсю праўду.
А Ён сказаў ёй: дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі ў міры і будзь здаровая ад хваробы тваёй.
Ён-жа сказаў ей: Дачка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакоі і будзь здарова ад хваробы тваей.
Калі Ён яшчэ гаварыў, прыходзяць ад начальніка сынагогі кажучы: дачка твая памерла; чаго яшчэ турбуеш Настаўніка?
Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад старшага над бажніцай, кажучы: Што дачка твая памярла, нашто яшчэ турбуеш Вучыцеля?
Але Ісус, адразу пачуўшы слова ска́занае, гаворыць начальніку сынагогі: ня бойся, толькі вер!
Езус-жа, пачуўшы слова, якое было сказана, прамовіў да старшага над бажніцай: Ня бойся, толькі вер.
І ня дазволіў нікому ісьці ўсьлед за Сабою, акрамя Пятра і Якуба і Яана, брата Якубавага.
І не дапусьціў нікога ісьці з сабою, апроч Пятра, Якуба і Яна, Якубавага брата.
І прыходзіць у дом начальніка сынагогі і бачыць глыбокую і спачувальную разгубленасьць тых, што плачуць і лямантуюць моцна.
І прыйшлі ў дом старшага над бажніцай. І ўбачыў трывогу, і плачучых і галосячых моцна.
І ўвайшоўшы, кажа ім: чаго вы (так) растрывожаны і лямантуеце? дзіця ня памерла, але сьпіць.
І ўвайшоўшы, сказаў ім: Чаго трывожыцеся і плачаце? Дзяўчына не ўмярла, але сьпіць.
І сьмяяліся зь Яго. Алё Ён, выслаўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку дзіцяці і матку, і быўшых зь Ім, і ўваходзіць туды, дзе дзіця ляжала.
І насьмяхаліся з яго. Ён-жа, выправіўшы ўсіх, узяў бацьку і матку дзяўчыны, і тых, што з ім былі, і ўвайшоў, дзе ляжала дзяўчына.
І узяўшы дзяўчынку за руку́, кажа да яе: Таліта́, ку́мі! што перакладаецца: дзяўчынка, табе кажу, устань!
І ўзяўшы руку дзяўчыны, сказаў ей: Таліта кумі, што значыць: Дзяўчына — табе кажу — устань.
І дзяўчынка адразу ўстала і пачала́ хадзіць, бо было ёй гадоў дванаццаць. І вялікаму дзіву далíся.
І зараз-жа дзяўчына ўстала і хадзіла, а было ей дванаццаць гадоў. І астаўпянелі з вялікага дзіва.
І загадаў ім цьвёрда, каб ніхто ня даведаўся пра гэта; і сказаў даць ёй есьці.
І загадаў ім моцна, каб ніхто ня ведаў аб гэтым; і сказаў даць ёй есьці.