Марка 13 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад В. Гадлеўскага
І калі выходзіў Ён са Сьвятыні кажа Яму адзін з вучняў Ягоных: Настаўнік! паглядзі, якія камянí і якія будынкі!
І калі выходзілі з сьвятыні, сказаў яму адзін з ягоных вучняў: Вучыцель, паглядзі, якія каменьні і якія будынкі!
А Ісус адказаўшы сказаў яму: бачыш гэтыя аграмадныя будынкі? ня застанецца тут каменя на камені, які ня будзе збураны.
І адказваючы Езус сказаў яму: Бачыш усе гэтыя вялікія будынкі? Не астанецца камень на камені, які-б ня быў збураны.
І калі сядзеў Ён на гары Аліваў насупраць Сьвятыні, пыталіся ў Яго насамо́це Пётра і Якуб і Яан і Андрэй.
І калі сядзеў на гарэ Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў яго асобна Пётр і Якуб, і Ян, і Андрэй:
Скажы нам, калі гэтае будзе, і які знак, калі ўсё гэтае мае стацца?
Скажы нам, калі гэтае станецца, і які знак будзе, калі гэтае ўсё пачне спаўняцца?
І адказаўшы ім Ісус пачаў гаварыць: сьцеражыцеся, каб ніхто вас ня абмануў.
І адказваючы Езус пачаў ім гаварыць: Глядзеце, каб вас хто ня зьвёў.
Бо многія прыйдуць пад Імем Маім кажучы: Я ёсьць, і многіх абма́нуць.
Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы: «Што гэта я ёсьць», і многіх зьвядуць.
Калі ж пачуеце пра войны і чуткі пра войны, ня жаха́йцеся, бо гэтаму належыць стацца, але гэта яшчэ ня канец.
Калі-ж пачуеце аб войнах і ваенных вестках, ня бойцеся, бо трэба, каб гэтае сталася, але яшчэ не канец.
Бо паўстане народ на народ і каралеўства на каралеўства, і будуць мейсцамі трасеньні зямлі, і будуць галады і смуты: гэта пачатак злыбедаў.
Бо паўстане народ проціў народу і каралеўства на каралеўства; і будуць мясцамі зямлетрасеньні і галады. Гэта пачатак болю.
Сьцеражыцеся ж і вы самі: бо будуць аддаваць вас на судзíлішчы і ў сынагогах будзеце зьбіваемы, і перад уладнікамі і каралямі пастаўлены будзеце за Мяне на сьведчаньне ім.
А вы глядзеце самі сябе. Бо будуць вас аддаваць у суды, і біць па бажніцах, і будзеце станавіцца перад начальнікамі і каралямі дзеля мяне, на пасьведчаньне ім.
Але перш належыць абвясьціць Эвангельле ўсім народам.
І трэба, каб перш была абвяшчаная эванэлія усім народам.
Калі ж павядуць вас, каб выдаць, ня турбуйцеся загадзя, што сказаць і ня абдумывайце; але што будзе дадзена вам у тую гадзіну, тое і гаварыце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.
І калі вас будуць вадзіць выдаючы, ня думайце наперад, што маеце гаварыць; але што будзе вам дадзена ў гэную часіну, тое гаварэце. Бо ня вы тыя, што гаворыце, але Дух сьвяты.
І прадасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзіця; і паўста́нуць дзеці на бацькоў і заб’юць іх;
А выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў і сьмерць ім зробяць.
і будзеце зьнянавіджаныя ўсімі за Імя Маё. А хто вытрывае да канца — той будзе збаўлены.
І будзеце ў ненавісьці ў усіх дзеля імені майго. Хто-ж вытрывае да канца, той будзе збаўлены.
Калі ж убачыце агіду спусташэньня, пра якую сказана праз Прарока Данілу, паўстаўшую, дзе ня сьлед, — хто чытае, хай разумее, — у той час тыя, хто ў Юдэі хай уцякаюць у го́ры.
А калі ўгледзіце агіду спусташэньня, стаячую там, дзе не павінна — хто чытае, няхай разумее — тады каторыя ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;
А хто на даху, хай ня сыхо́дзіць у дом і ня ўваходзіць узяць што-небудзь з дому свайго.
а каторы на даху, няхай ня зыходзіць у дом і няхай не ўваходзіць, каб узяць што з дому свайго;
І хто ў полі, хай ня вяртаецца назад узяць вопратку сваю.
а каторы будзе на полі, няхай не варочаецца назад узяць адзежу сваю.
Гора ж цяжарным і тым, хто кормяць грудзьмі ў тыя дні!
Гора-ж цяжарным і кормячым у гэтыя дні!
Маліцеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою.
Малецеся-ж, каб ня сталася зімою.
Бо будзе ў тыя дні такі ўціск, якога ня было ад пачатку стварэньня, што стварыў Бог ажно дагэтуль ды ня будзе.
Бо тыя дні будуць такім уцісьненьнем, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.
І калі б Госпад ня скараціў дзён гэных, то ня сталася б уратаваным ніводнае цела; але дзеля выбраных, якіх (Ён) выбраў, скараціў (Ён) гэныя дні.
І калі-б Пан не скараціў дзён, ня збавілася-б ніводнае цела; але дзеля выбраных, каторых выбраў, скараціў дні.
І тады калі хто вам скажа: вось тут Хрыстос, альбо вунь там — ня верце.
І тады калі-б вам хто сказаў: Вось тут ёсьць Хрыстус, вось там — ня верце.
Бо будуць пастаўлены ілжэхрысты ды ілжэпрарокі і ўчыняць знакі і цуды, каб абману́ць, калі магчыма, і выбраных.
Бо паўстануць фальшывыя хрыстусы і фальшывыя прарокі, і будуць паказваць знакі і дзівы, каб зьвясьці, калі магчыма, нават выбраных.
А вы сьцеражыцеся: вось Я папярэдзіў вас аб усім.
Вы-ж глядзеце, вось я сказаў вам наперад усё.
Але ў тыя дні, пасьля ўціску таго, сонца будзе зацемрана, і месяц ня дасьць сьвятла свайго.
Але ў тыя дні пасьля гэнага ўцісьненьня зацьміцца сонца, і месяц ня дасьць сваей яснасьці,
І зоркі зь неба будуць падаць, і сілы, што на нябёсах, будуць пахіста́ны.
і зоры нябесныя будуць падаць, і сілы, каторыя ёсьць на небе, зрушацца.
І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках з сілаю вялікаю і славаю.
І тады ўгледзяць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаках, з сілай вялікай і славай.
І тады пашле (Ён) Ангелаў Сваіх, і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
І тады пашле анёлаў сваіх і зьбярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі аж да краю неба.
Ад смакоўніцы ўразумейце падобнасьць: калі гальлё яе стала мяккім і пускае лісьцё, ведаеце, што блізка лета.
А ад фіговага дрэва вучэцеся падабенства: калі ўжо галіна яго зробіцца мяккай і пускае лісьце, вы ведаеце, што блізка лета.
Такім чынам і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што блізка — каля дзьвярэй.
Так і вы, калі ўгледзеце, што гэта дзеіцца, ведайце, што блізка ёсьць, у дзьвярах.
Праўду кажу вам, што ня міне род гэты, пакуль усё гэтае станецца.
Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё гэтае станецца.
Неба і зямля счэзнуць, а Словы Мае ня згубяць сілу.
Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.
А пра дзень той і гадзíну ніхто ня ведае, ні Ангелы на Небе, ні Сын, толькі Ба́цька.
Аб дні-ж тым або гадзіне ніхто ня ведае, ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.
Глядзеце, чувайце і малецеся: бо ня ведаеце, калі ёсьць (гэтая) гадзіна.
Глядзеце, чуйце і малецеся, бо ня ведаеце, калі час будзе.
(Гэта) падобна да чалавека, які ад’яжджаючы ў далёкую краіну аставіў дом свой і даў рабам сваім уладу і кожнаму сваю працу і брамніку загадаў чуваць.
Як чалавек, што ад’яжджаючы, аставіў свой дом і даў слугам сваім уладу ў кожнай справе і загадаў прыдзьверніку, каб быў чуткім.
Дык чувайце, бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары ці апо́ўначы, ці пры пеўнях, ці нараніцы, —
Дык чуйце, што ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: увечары, ці серад ночы, ці як пеўні запяюць, ці нараніцы:
(каб) прыйшоўшы зьнянацку ня знайшоў вас сплючы.
каб прыйшоўшы раптам, не застаў вас сплючых.
А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце.
А што вам кажу, усім кажу: Чуйце.