Марка 3 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І зноў увайшоў у сынагогу. І быў там чалавек, які меў сухую руку.
 
І ён увайшоў ізноз у бажніцу, і быў там чалавек, які меў сухую руку.

І сачылі за Ім, ці не аздаровіць яго ў суботу, каб абвінаваціць Яго.
 
І наглядалі за ім, ці будзе аздараўляць у суботу, каб абвінаваціць яго.

І Ён кажа сухарукаму чалавеку: «Стань на сярэдзіне!»
 
І сказаў чалавеку, маючаму сухую руку: Стань пасярэдзіне.

І кажа ім: «Ці належыць у суботу рабіць добрае, ці рабіць благое? Душу выратаваць ці загубіць?» Але яны маўчалі.
 
І сказаў ім: Ці дазволена ў суботу рабіць дабро, ці зло? Жыцьцё ратаваць, ці загубіць? А яны маўчалі.

І, глянуўшы на іх з гневам, смуткуючы дзеля скамяненьня сэрца іхняга, кажа чалавеку гэтаму: «Выцягні руку тваю!» І ён выцягнуў, і зрабілася рука яго здаровая, як і другая.
 
І спаглянуўшы на іх з гневам, засмуціўшыся дзеля сьлепаты іхнага сэрца, сказаў чалавеку: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і была вернена рука яму.

Фарысэі ж, выйшаўшы, зрабілі адразу нараду з ірадыянамі супраць Яго, каб Яго загубіць.
 
А фарызэі, выйшаўшы, зараз зрабілі нараду з гэрадыянамі проціў яго, як-бы яго загубіць.

І Ісус разам з вучнямі Сваімі адыйшоў да мора, і вялікае мноства пайшло за Ім з Галілеі, і з Юдэі,
 
Езус-жа з сваімі вучнямі адыйшоў да мора і пайшла за ім вялікая грамада з Галілеі і Юдэі,

і з Ерусаліму, і з Ідумеі, і з-за Ярдану, і з ваколіцаў Тыру і Сідону, вялікае мноства, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.
 
і з Ерузаліму, і з Ідумэі, і з-за Ярдану, і тыя што каля Тыру і Сыдону, вялікае мноства, пачуўшы, што чыніў, прыйшлі да яго.

І сказаў вучням Сваім, каб быў падрыхтаваны для Яго човен дзеля натоўпу, каб ня ціснулі Яго.
 
І сказаў вучням сваім, каб для яго была прыгатавана лодка, дзеля грамады, каб ня ціснулі яго.

Бо многіх Ён аздаравіў, таму пхаліся да Яго ўсе, што мелі немачы, каб дакрануцца да Яго.
 
Бо многіх аздаравіў, так што напіралі на яго, хто-толькі меў хваробу, каб дакрануцца да яго.

І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі, кажучы: «Ты — Сын Божы!»
 
І духі нячыстыя, бачачы яго, падалі перад ім і крычалі, кажучы:

Але Ён строга забараняў ім, каб не выяўлялі Яго.
 
Ты ёсьць Сын Божы. І многа ім гразіў, каб не выяўлялі яго.

І ўзыходзіць на гару, і кліча тых, якіх Сам хацеў, і прыйшлі да Яго.
 
І ўзыйшоўшы на гару, паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў і прыйшлі да яго.

І вызначыў Дванаццаць, каб былі з Ім і каб пасылаць іх абвяшчаць,
 
І пастанавіў, каб дванаццацёх былі з ім і каб паслаць іх на навучаньне.

і каб мелі ўладу аздараўляць хваробы і выганяць дэманаў:
 
І даў ім уладу аздараўляць немачы і выганяць д’яблаў.

Сымона, і даў яму імя Пётар,
 
І даў Сымону імя Пётр;

і Якуба Заўдыявага, і Яна, брата Якуба, і даў ім імя Боанэргес, што значыць “Сыны грому”,
 
і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якуба, і даў ім імёны Боанэргэз, што значыць: Сыны грому;

і Андрэя, і Філіпа, і Барталамея, і Мацьвея, і Тамаша, і Якуба Алфеявага, і Тадэвуша, і Сымона Кананіта,
 
і Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матэуша, і Тамаша, і Якуба Альфэявага, і Тадэуша, і Сымона Канаанца,

і Юду Іскарыёта, які выдаў Яго.
 
і Юдаша Іскарыёта, каторы і выдаў яго.

І прыходзяць у дом; і зноў зыходзіцца натоўп, так што не маглі яны нават хлеба паесьці.
 
І прыйшлі ў дом. І зыйшлася ізноў грамада, так што не маглі ані хлеба паесьці.

І, пачуўшы [гэта], сваякі Ягоныя пайшлі ўзяць Яго, бо казалі, што Ён зьдзівачэў.
 
А калі пачулі сваякі, выйшлі, каб узяць яго, бо казалі, што ашалеў.

А кніжнікі, што прыйшлі з Ерусаліму, гаварылі, што мае Бэльзэбула і што моцай князя дэманаў выганяе дэманаў.
 
А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузаліму, казалі, што мае Бэльзэбуба і што ўладай д’ябэльскага князя выганяе д’яблаў.

І, паклікаўшы іх, гаварыў да іх [Ісус] у прыповесьцях: «Як можа шатан выганяць шатана?
 
І паклікаўшы іх, гаварыў да іх у прыповесьцях: Як-жа можа д’ябал д’ябла выганяць?

І калі валадарства разьдзеліцца ў сабе, ня можа ўтрымацца валадарства тое.
 
І калі каралеўства само ў сабе разьдзеліцца, ня можа ўстаяць тое каралеўства.

І калі дом разьдзеліцца ў сабе, ня можа ўтрымацца дом той.
 
І калі дом проціў сябе разьдзеліцца, ня можа ўстаяць гэны дом.

І калі шатан паўстаў на сябе самога і разьдзяліўся, ня можа ўтрымацца, але канец яму.
 
А калі д’ябал паўстане сам проціў сябе, ён ёсьць разьдзяліўшыся, і ня зможа ўстаяць, але канец яму.

Ніхто, увайшоўшы ў дом асілка, ня можа захапіць маёмасьць ягоную, калі перш ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом ягоны.
 
Ніхто ня можа, увайшоўшы ў дом дужага, разграбіць рэчы дужага, калі перш ня зьвяжа дужага і тады разграбіць ягоны дом.

Сапраўды кажу вам, што будуць адпушчаны сынам чалавечым усе грахі і блюзьнерствы, якімі б яны ні блюзьнілі,
 
Сапраўды кажу вам, што ўсе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым, і блюзьнерствы, якімі-б яны блюзьнілі,

але хто будзе блюзьніць на Духа Сьвятога, ня будзе яму адпушчана ў вякі, але падлягае асуджэньню вечнаму».
 
але хто-б блюзьніў проціў Духа Сьвятога, ня будзе мець адпушчэньня на векі, але будзе падлеглы вечнаму граху.

Бо яны гаварылі: «Мае духа нячыстага».
 
Затым што казалі: Ён мае нячыстага духа.

І прыходзяць браты Ягоныя і маці Ягоная, і, стоячы вонкі, паслалі да Яго клікаць Яго.
 
І прыйшлі матка ягона і браты, і стоячы на дварэ, паслалі да яго паклікаць яго.

І сядзеў кругом Яго натоўп, і сказалі Яму: «Вось, маці Твая і браты Твае вонкі, яны шукаюць Цябе».
 
А грамада сядзела каля яго. І сказалі яму: Вось матка твая і браты твае на дварэ шукаюць цябе.

І, адказваючы ім, гаворыць: «Хто маці Мая і браты Мае?»
 
І адказваючы ім, сказаў: Хто-ж мая матка і браты мае?

І, агледзеўшы наўкола тых, што каля Яго сядзелі, кажа: «Вось маці Мая і браты Мае!
 
І спаглянуўшы на тых, што навакол яго сядзелі, сказаў: Вось матка мая і браты мае.

Бо хто выконвае волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці».
 
Бо хто-б чыніў волю Божую, той брат мой, і сястра мая, і матка мая.