Марка 3 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад В. Гадлеўскага
І прыйшоў зноў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў усо́хлую руку́.
І ён увайшоў ізноз у бажніцу, і быў там чалавек, які меў сухую руку.
І сачы́лі за Ім, ці не ацалíць яго ў суботу, каб абвінава́ціць Яго.
І наглядалі за ім, ці будзе аздараўляць у суботу, каб абвінаваціць яго.
І кажа Ён чалавеку, што меў усо́хлую руку́: стань пасярэ́дзіне.
І сказаў чалавеку, маючаму сухую руку: Стань пасярэдзіне.
А ім кажа: ці дазволена ў суботу дабро рабіць, альбо зло рабіць? душу́ ўратаваць альбо загубíць? Яны ж маўчалі.
І сказаў ім: Ці дазволена ў суботу рабіць дабро, ці зло? Жыцьцё ратаваць, ці загубіць? А яны маўчалі.
І, паглядзеўшы на іх з гневам, засму́чаны жорсткасцю сэрцаў іх, кажа чалавеку: працягні руку́ тваю. І працягнуў ён, і стала рука яго здаровай, як другая.
І спаглянуўшы на іх з гневам, засмуціўшыся дзеля сьлепаты іхнага сэрца, сказаў чалавеку: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і была вернена рука яму.
І, вы́йшаўшы, фарысеі адразу ўчынíлі з ірадыянамі змову су́праць Яго, як Яго загубíць.
А фарызэі, выйшаўшы, зараз зрабілі нараду з гэрадыянамі проціў яго, як-бы яго загубіць.
Іісус жа з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і мноства народу з Галіле́і пайшло за Ім, і з Іудзеі,
Езус-жа з сваімі вучнямі адыйшоў да мора і пайшла за ім вялікая грамада з Галілеі і Юдэі,
і з Іерусаліма, і з Ідуме́і, і з-за Іардана. І з навако́лляў Ты́ра і Сідо́на мноства вялікае, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.
і з Ерузаліму, і з Ідумэі, і з-за Ярдану, і тыя што каля Тыру і Сыдону, вялікае мноства, пачуўшы, што чыніў, прыйшлі да яго.
І сказаў вучням Сваім, каб лодка была́ для Яго напагато́ве, каб натоўп не цясніў Яго.
І сказаў вучням сваім, каб для яго была прыгатавана лодка, дзеля грамады, каб ня ціснулі яго.
Бо многіх Ён ацаліў, так што нядужныя кíдаліся да Яго, каб да Яго дакрану́цца.
Бо многіх аздаравіў, так што напіралі на яго, хто-толькі меў хваробу, каб дакрануцца да яго.
І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, па́далі перад Ім і крычалі, ка́жучы: Ты — Сын Божы.
І духі нячыстыя, бачачы яго, падалі перад ім і крычалі, кажучы:
І Ён строга забараня́ў ім абвяшча́ць пра Яго.
Ты ёсьць Сын Божы. І многа ім гразіў, каб не выяўлялі яго.
І ўзышоў на гару, і паклíкаў, каго Сам хацеў; і прыйшлі да Яго.
І ўзыйшоўшы на гару, паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў і прыйшлі да яго.
І паставіў дванаццаць, каб былí з Ім і каб пасыла́ць іх прапаве́даваць,
І пастанавіў, каб дванаццацёх былі з ім і каб паслаць іх на навучаньне.
і каб яны ме́лі ўладу ацаля́ць не́мачы і выганя́ць дэманаў.
І даў ім уладу аздараўляць немачы і выганяць д’яблаў.
Паставіў Сíмана, даўшы яму імя́ Пётр,
І даў Сымону імя Пётр;
і Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата Іакава, да́ўшы ім імёны Ваане́ргес, што азначае «сыны́ громавы»;
і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якуба, і даў ім імёны Боанэргэз, што значыць: Сыны грому;
і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламе́я, і Матфея, і Фаму́, і Іакава Алфе́евага, і Фадзе́я, і Сíмана Кананíта,
і Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матэуша, і Тамаша, і Якуба Альфэявага, і Тадэуша, і Сымона Канаанца,
і Іуду Іскарыёта, які і вы́даў Яго.
і Юдаша Іскарыёта, каторы і выдаў яго.
І прыйшлі ў дом, і сабраўся зноў народ, так што яны не маглі нават хле́ба паесці.
І прыйшлі ў дом. І зыйшлася ізноў грамада, так што не маглі ані хлеба паесьці.
І, дачу́ўшыся, блізкія Яго вы́йшлі забраць Яго; бо казалі, што Ён не ў Сабе.
А калі пачулі сваякі, выйшлі, каб узяць яго, бо казалі, што ашалеў.
А кніжнікі, якія прыйшлі з Іерусаліма, казалі, што Ён ма́е ў Сабе веельзеву́ла і што сілай князя дэманскага выганя́е дэманаў.
А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузаліму, казалі, што мае Бэльзэбуба і што ўладай д’ябэльскага князя выганяе д’яблаў.
І, паклíкаўшы іх, прытчамі казаў ім: як можа сатана сатану выганя́ць?
І паклікаўшы іх, гаварыў да іх у прыповесьцях: Як-жа можа д’ябал д’ябла выганяць?
І калі царства раздзе́ліцца самое ў сабе, не можа ўстая́ць царства тое;
І калі каралеўства само ў сабе разьдзеліцца, ня можа ўстаяць тое каралеўства.
і калі дом раздзе́ліцца сам у сабе, не можа ўстая́ць дом той;
І калі дом проціў сябе разьдзеліцца, ня можа ўстаяць гэны дом.
і калі сатана паўстаў сам на сябе і раздзялíўся, не можа ўстая́ць, але прыйшоў канец яму.
А калі д’ябал паўстане сам проціў сябе, ён ёсьць разьдзяліўшыся, і ня зможа ўстаяць, але канец яму.
Ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага, нарабава́ць дабра яго, калі перш не звя́жа дужага, і тады абрабу́е дом яго.
Ніхто ня можа, увайшоўшы ў дом дужага, разграбіць рэчы дужага, калі перш ня зьвяжа дужага і тады разграбіць ягоны дом.
Праўду кажу вам: адпу́шчаны будуць сына́м чалавечым усе грахі і блюзне́рствы, якімі б ні блюзне́рылі,
Сапраўды кажу вам, што ўсе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым, і блюзьнерствы, якімі-б яны блюзьнілі,
але хто будзе блюзне́рыць на Духа Святога, не будзе мець адпушчэ́ння даве́ку, а падляга́е вечнаму асуджэ́нню.
але хто-б блюзьніў проціў Духа Сьвятога, ня будзе мець адпушчэньня на векі, але будзе падлеглы вечнаму граху.
Так казаў Ён, бо гаварылі: Ён духа нячыстага ма́е ў Сабе.
Затым што казалі: Ён мае нячыстага духа.
І прыйшлі Маці Яго і браты Яго і, сто́ячы на дварэ, паслалі да Яго паклíкаць Яго.
І прыйшлі матка ягона і браты, і стоячы на дварэ, паслалі да яго паклікаць яго.
І сядзеў народ вакол Яго. і сказалі Яму: вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на дварэ, шукаюць Цябе.
А грамада сядзела каля яго. І сказалі яму: Вось матка твая і браты твае на дварэ шукаюць цябе.
І адказаў ім, гаворачы: хто Маці Мая́ і браты Мае́?
І адказваючы ім, сказаў: Хто-ж мая матка і браты мае?
І агле́дзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая́ і браты Мае́;
І спаглянуўшы на тых, што навакол яго сядзелі, сказаў: Вось матка мая і браты мае.
бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці.
Бо хто-б чыніў волю Божую, той брат мой, і сястра мая, і матка мая.