Марка 7 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад В. Гадлеўскага
І сабра́ліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Іерусаліма;
І зыйшліся да яго фарызэі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Ерузаліму.
і, бачыўшы некаторых з вучняў Яго, як яны елі хлеб нячыстымі, гэта значыць непамы́тымі, рукамі, дакара́лі.
І калі ўгледзелі, што некатрыя з ягоных вучняў ядзяць хлеб звычайнымі, гэта значыць, нямытымі рукамі, зганілі.
Бо фарысеі і ўсе Іудзеі не яду́ць, пакуль не памыюць дбайна рук, трымаючыся пада́ння ста́рцаў;
Бо фарызэі і ўсе жыды, калі часта не памыюць рук, не ядзяць, трымаючыся ўстановы старшых.
і пасля рынку, пакуль не амы́юцца, не яду́ць. Ёсць і многае іншае, чаго яны прынялí трымацца: абмыва́ння чашаў, і кубкаў, і катлоў, і ла́ваў.
І з рынку, калі не памыюцца, не ядзяць; і шмат чаго іншага ёсьць, што ім перададзена, каб трымацца: абмываньне кубкаў, і збанкоў, і мядзянай пасуды, і ложкаў.
Потым пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: чаму вучні Твае не жывуць згодна з пада́ннем ста́рцаў, а непамы́тымі рукамі яду́ць хлеб?
І пыталіся ў яго фарызэі і кніжнікі: Чаму вучні твае не паступаюць паводле ўстановы старшых, але звычайнымі рукамі ядзяць хлеб?
А Ён у адказ гаворыць ім: добра прарочыў Іса́ія пра вас, крываду́шных, як напíсана: «людзі гэтыя ву́снамі ўшаноўваюць Мяне, а сэ́рца іх знахо́дзіцца далёка ад Мяне;
А ён, адказваючы, сказаў ім: Добра прарочыў аб вас, крывадушных, Ізаій (Із. 29:13), як напісана ёсьць: «Гэты народ паважае мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад мяне;
але ма́рна шануюць Мяне, навучаючы вучэнням, устанаўле́нням чалавечым».
але дарма яны пакланяюцца мне, вучачы навук і прыказаньняў чалавечых».
Бо, пакінуўшы за́паведзь Божую, трыма́ецеся вы пада́ння чалавечага, абмыва́ння кубкаў і чашаў ды многае іншае, падобнае да таго, робіце.
Бо вы, пакідаючы прыказаньне Божае, трымаецеся ўстановы чалавечай, абмываньня збанкоў і кубкаў, і робіце шмат чаго іншага, падобнага да гэтага.
І казаў ім: хо́раша вы абыхо́дзіце за́паведзь Божую, каб сваё пада́нне захава́ць!
І казаў ім: Добра вы касуеце прыказаньне Божае, каб захаваць вашую ўстанову!
Бо Маісей сказаў: «шануй бацьку твайго і маці тваю», і хто зласло́віць на бацьку альбо маці, няхай смерцю памрэ.
Бо Майсей сказаў: «Паважай бацьку твайго і матку тваю» і «Хто-б наругаўся бацьку або матцы, няхай сьмерцяй памрэ».
А вы гаворыце: калі скажа чалавек бацьку альбо маці: «тое, што ты ад мяне скарыстаў бы, гэта карва́н, што значыць дар Богу»,
А вы кажаце: Калі-б чалавек сказаў бацьку або матцы: «Корбан (гэта значыць ахвяра) ёсьць тое, што табе ад мяне належыцца» —
тады ўжо дазваля́еце яму нічога не рабіць для бацькі альбо для маці сваёй,
і ўжо не дапускаеце таму што-колечы рабіць для свайго бацькі або маткі,
паруша́ючы слова Божае пада́ннем вашым, якое вы перадаяце́; і многае падобнае да таго робіце.
касуючы слова Божае праз вашую ўстанову, якую вы ўстанавілі. І шмат падобнага да гэтага вы робіце.
І, паклíкаўшы ўсіх людзей, казаў ім: паслухайце Мяне ўсе і зразуме́йце.
І паклікаўшы ізноў грамаду, казаў ім: Паслухайце мяне ўсе і зразумейце.
Няма нічога, што, увахо́дзячы ў чалавека зво́нку, магло б апага́ніць яго; але што выходзіць з яго, тое апага́ньвае чалавека.
Няма нічога звонку чалавека, што-б уваходзячы ў яго, магло яго зрабіць нячыстым; але тое, што з чалавека выходзіць, гэта ёсьць, што робіць чалавека нячыстым.
Калі хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.
І калі ад людзей Ён увайшоў у дом, спыталіся ў Яго вучні Яго аб прытчы.
І калі ад грамады ўвайшоў у дом, пыталіся ў яго вучні ягоны аб прыповесьці.
І сказаў ім: няўжо і вы такія неразумныя? Хіба́ не разумееце, што ўсё тое, што зво́нку ўваходзіць у чалавека, не можа апага́ніць яго?
І сказаў ім: Так і вы неарзумныя? Ці-ж не разумееце, што ўсё ўваходзячае ў чалавека звонку, ня можа яго зрабіць нячыстым?
Бо не ў сэ́рца яго ўваходзіць, а ў чэ́рава, і выходзіць прэч, таму ўсякая ежа чыстая.
Бо не ўваходзіць у ягонае сэрца, але ідзе ў жывот і выходзіць вон, ачышчаючы ўсякую ежу.
І казаў: тое, што выходзіць з чалавека, апага́ньвае чалавека;
І казаў, што тое, што з чалавека выходзіць, тое робіць чалавека нячыстым.
Бо знутры́, з сэ́рца чалавечага по́мыслы ліхíя выходзяць, пралюбадзе́йствы, блуд, забойствы,
Бо з нутра, з чалавечага сэрцы выходзяць благія думкі, чужалоствы, распуста, забойствы,
крадзяжы́, ліхвя́рства, злоба, кава́рства, распу́снасць, вока зайздроснае, блюзне́рства, ганарлíвасць, шале́нства;
зладзействы, прагавітасьці, злосьці, здрада, бязстыднасьці, злое ока, блюзьнерства, гордасьць, дурнота.
усё гэтае зло знутры́ выхо́дзіць і апага́ньвае чалавека.
Усё гэтае благое з нутра выходзіць і робіць чалавека нячыстым.
І, ру́шыўшы адтуль, пайшоў у землі Ты́рскія і Сідо́нскія; і, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся; але не змог утаíцца.
І ўстаўшы, пайшоў адтуль у граніцы Тыру і Сыдону. І ўвайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто ня ведаў, ды ня мог утаіцца.
Бо пачула пра Яго жанчына, дачка́ якой ме́ла ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упа́ла да ног Яго;
Бо зараз-жа жанчына, якое дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб ім, прыйшла і ўпала да ягоных ног,
а жанчына тая была́ язычніца, Сірафінікія́нка родам; і прасіла Яго, каб вы́гнаў дэмана з яе дачкí.
бо была яна жанчына паганская, радам Сырафэнікіянка, і прасіла яго, каб выгнаў д’ябла з дачкі яе.
Але Іісус сказаў ёй: дай перш насы́ціцца дзе́цям, бо нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачаня́там.
Ён сказаў ей: Дай перш наесьціся дзецям, бо ня добра браць хлеб дзяцей і кідаць сабакам.
Яна ж у адказ гаворыць Яму: так, Госпадзі! але і сабачаня́ты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
А яна адказала і сказала яму: Так, Пане, але-ж і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей.
І сказаў ёй: за гэтыя словы ідзі, выйшаў дэман з дачкí тваёй.
І сказаў ей: Дзеля гэтых слоў ідзі, выйшаў д’ябал з тваей дачкі.
І, прыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка́ ляжы́ць на пасцелі.
І калі яна прыйшла ў свой дом, знайшла дзяўчыну ляжачую на ложку і што д’ябал выйшаў.
І зноў, выйшаўшы з межаў Ты́рскіх і Сідо́нскіх, прыйшоў Іісус да мора Галіле́йскага ў землі Дзесяцігаро́ддзя.
І выйшаўшы ізноў з граніц Тыру, прыйшоў праз Сыдон да Галілейскага мора пасярод граніцаў Дэкапольскіх.
І прыво́дзяць да Яго глухога коснаязы́кага і просяць, каб Ён усклаў руку́ на яго.
І прывялі да яго глухога і нямога, і прасілі яго, каб узлажыў на яго руку.
І, адвёўшы яго ад народу ўбок, улажы́ў пальцы Свае ў ву́шы яго і, плюнуўшы, дакрану́ўся да языка яго;
І ўзяўшы яго на бок ад грамады, узлажыў пальцы свае ў ягоныя вусны і, плюнуўшы, дакрануўся да языка яго,
і, узвёўшы вочы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «эффафа́», што значыць: «адкры́йся».
і ўзглянуўшы ў неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффэта, што значыць: адчыніся.
І адразу адкры́ліся вушы яго і развяза́ліся пу́ты яго языка́, і пачаў гаварыць выра́зна.
І зараз-жа адчыніліся вушы ягоны, і разьвязалася вязь языка ягонага і гаварыў добра.
І загада́ў ім, каб не казалі нікому. Але чым больш Ён зага́дваў ім, тым больш абвяшчалі.
І загадаў ім, каб нікому не казалі. Але чым болей ён ім загадываў, тым болей славілі
І надзвычай здзіўляліся, ка́жучы: добра ўсё зрабіў: і глухім дае чуць, і нямы́м гаварыць.
і тым болей дзівіліся, кажучы: Добра ўсё зрабіў: і глухіхі зрабіў, што чуюць, і нямых, што гавораць.