Да Рымлянаў 12 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу як выраз вашага разумнага служэння.
 
Дык прашу вас, браты, праз міласэрнасць Божую, аддавайце целы вашы ў ахвяру жывую, святую, мілую Богу на разумнае служэнне ваша.

І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае.
 
І не ўпадабняйцеся гэтаму веку, але перамяняйцеся праз аднаўленне розуму, каб пазналі, якая ёсць воля Божая, што добрае і прыемнае ды дасканалае.

Дзякуючы дадзенай мне ласцы, я кажу кожнаму, хто ёсць сярод вас, каб не думалі пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвалі сябе цвяроза, паводле веры, удзеленай кожнаму Богам.
 
Дадзенаю мне ласкаю кажу кожнаму з вас, каб не думалі аб сабе вышэй, чым належыць, але каб думалі цвяроза, паводле той меры веры, якую вызначыў Бог.

Бо як у адным целе маем шмат членаў, і не ўсе яны выконваюць тыя самыя функцыі,
 
Бо як у адным целе маем многа членаў, а ўсе члены не тую самую работу маюць,

так і мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены.
 
так і мы многія ёсць адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены.

Паводле дадзенай ласкі мы маем розныя дары. Калі дар прароцтва, павінны прарочыць згодна з вераю.
 
А паводле дадзенай нам ласкі маем розныя дары: калі дар прароцтва — то згодна з верай,

Калі служэнне — служыць; калі настаўніцтва — навучаць;
 
калі служэнне — то для служэння, калі хто навучае — для навучання,

калі заахвочванне — заахвочваць; калі размеркаванне — раздаваць у прастаце; калі кіраванне — кіраваць старанна; калі міласэрнасць, то павінны чыніць гэта з радасцю.
 
калі хто заахвочвае — для заахвочвання; калі хто раздае — у прастаце сэрца, калі хто старшынствуе — дык рупліва, калі хто мілуе — дык з ахвотаю.

Любоў няхай будзе некрывадушнай. Майце агіду да зла, гарніцеся да дабра;
 
Любоў [хай будзе] без крывадушнасці. Адварочвайцеся ад ліха, прыгартайцеся да дабра;

любіце адзін аднаго братняю любоўю, апярэджвайце адзін аднаго ў ветлівасці,
 
шчыра любіце адзін аднаго братняю любоўю, у пашане адзін аднаго апераджаючы;

у руплівасці будзьце нястомныя, духам палымнейце, служыце Пану.
 
у рупнасці не слабейце, духам палаючы, Госпаду служачы,

Цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве — трывалыя;
 
у надзеі будзьце радасныя, у горы цярплівыя, у малітве сталыя,

падтрымлівайце святых; дбайце пра гасціннасць.
 
бярыце ўдзел у патрэбах святых, не забывайцеся пра гасціннасць.

Благаслаўляйце тых, хто пераследуе вас, благаслаўляйце, а не праклінайце!
 
Дабраслаўляйце пераследавальнікаў сваіх; дабраслаўляйце, а не кляніце!

Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача.
 
Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача.

Будзьце аднамысныя паміж сабою; не мудруйце празмерна, але наследуйце пакорных. Не лічыце сябе мудрымі.
 
Будзьце між сабой аднадумцамі, не сягайце думкамі высока, але ідзіце ўслед за пакорлівымі. Не будзьце мудрымі самі з сабой.

Нікому не адплачвайце злом за зло, але дбайце аб добрым перад усімі людзьмі.
 
Не аддавайце злом за зло. Дбайце пра добрае перад усімі людзьмі.

Са свайго боку, калі магчыма, жывіце ў спакоі з усімі людзьмі.
 
Наколькі магчыма ды наколькі ад вас залежыць, жывіце з усімі людзьмі ў згодзе.

Не помсціце за сябе, умілаваныя, але дайце месца Божаму гневу, бо напісана: «Мне помста, Я аддам», — кажа Пан.
 
Не помсціце, умілаваныя, самі за сябе, але дайце месца гневу, як напісана: «Мне помста, Я аддам», — кажа Госпад.

Але, калі вораг твой галодны, накармі Яго; калі прагне, напаі яго, бо так робячы, збярэш яму на галаву гарачае вуголле.
 
Але калі будзе галодны вораг твой, накармі яго; калі будзе сасмаглы, дай яму піць. Так вось робячы, вуголле гарачае насыпаеш яму на галаву.

Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.
 
Не дайся, каб цябе перамагло зло, але перамагай зло дабром.