1 да Карынфянаў 7 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

А аб чым вы пісалі да мяне́, дык добра чалаве́ку не дакранацца да жанчыны,
 
Адносна таго, што вы пісалі, дык добра чалавеку не дакранацца да жанчыны.

але, з увагі на блуд, кожны няхай мае сваю жонку, і кожная няхай мае свайго мужа.
 
Але з увагі на распусту кожны хай мае сваю жонку, і жонка кожная хай мае свайго мужа.

Муж няхай аказвае жонцы нале́жную любасьць; падобна-ж і жонка мужу.
 
Хай муж аддае належнае жонцы, падобна і жонка мужу.

Жонка ня ўладная над сваім це́лам, але муж; гэтак сама й муж ня ўладны над сваім це́лам, але жонка.
 
Жонка не мае ўлады над сваім целам, але муж. Але падобна і муж не мае ўлады над сваім целам, але жонка.

Ня ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба па згодзе, на час, каб быць у пасьце́ і малітве, а потым ізноў будзьце разам, каб не спакушаў вас шатан праз няўстрыманасьць вашу.
 
Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба толькі з узаемнай згоды, да часу, каб прысвяціць сябе [посту і] малітве, і потым зноў будзьце разам, каб шатан не спакушаў вас праз няўстрыманасць вашу.

Кажу-ж гэтае, як дазвол, а не як загад.
 
Кажу гэта як параду, а не як загад.

Бо хачу, каб усе́ людзі былі, як і я, але кожны ма́е свой дар ад Бога, адзін так, другі гэтак.
 
Хацеў бы, каб усе людзі былі, як я, але кожны мае свой уласны дар ад Бога: адзін так, адзін інакш.

Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра ім, калі астапуцца, як я;
 
Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра ім заставацца так, як я.

але, калі ня ўзьдзе́ржацца, няхай жэняцца: бо лепей ажаніцца, чым распаляцца.
 
Калі ж не змогуць устрымлівацца, хай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым распаляцца [жарсцямі].

Тым жа, што пажаніліся, ня я запаве́дываю, але Госпад: жонцы — не разлучацца з мужам,
 
Тым жа, што жывуць у шлюбе, загадваю не я, але Госпад, каб жонка не разлучалася з мужам.

калі-ж разлучыцца, то няхай астае́цца бяз мужа, ці пагодзіцца з мужам сваім; і мужу — не пакідаць жонкі.
 
Калі ж, аднак, разлучыцца, хай застаецца незамужняй або хай пагодзіцца з мужам. Таксама і муж хай не пакідае жонкі.

Рэшце-ж кажу я, а ня Госпад: калі каторы брат ма́е жонку няве́руючую, і яна згаджаецца жыць з ім, то няхай ён не пакідаець яе́;
 
Іншым жа кажу я, а не Госпад: калі хто з братоў мае жонку бязверную і яна згаджаецца жыць з ім, дык хай не пакідае яе.

і жонка, што ма́е няве́руючага мужа, і ён згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідаець яго;
 
Таксама і жонка, калі мае бязвернага мужа і калі ён згаджаецца жыць з ёю, хай не пакідае мужа.

бо няве́руючы муж асьвянчаецца ў жонцы, і жонка няве́руючая асьвянчаецца ў мужу; інакш дзе́ці вашыя былі-б нячыстыя, а цяпе́р яны сьвятыя.
 
Бо бязверны муж асвячаецца ў жонцы, а бязверная жонка асвячаецца ў мужу. Інакш вашы дзеці былі б нячыстымі, а цяпер — святыя.

Калі-ж няве́руючы хоча разлучыцца, няхай разлучаецца; брат ці сястра ў гэтакіх выпадках не прыняволіваецца, бо да згоды паклікаў нас Госпад.
 
А калі бязверны хоча адысці, хай адыходзіць. Брат або сястра ў гэткіх выпадках не прынявольваюцца. Да згоды паклікаў нас Госпад.

Чаму-ж бо ты ве́даеш, жонка, ці ня збавіш мужа? Або ты, муж, чаму ве́даеш, ці ня збавіш жонку?
 
Адкуль, дарэчы, можаш ведаць, жонка, ці не збавіш свайго мужа? Або адкуль ведаеш, муж, ці не збавіш сваю жонку?

Толькі кожны няхай паступае так, як Бог яму празначыў, кожны, як Госпад паклікаў; і гэтак я загадваю па ўсіх цэрквах.
 
Няхай бы кожны жыў так, як Госпад яму прызначыў ды да чаго паклікаў; і гэтак я вучу ва ўсіх цэрквах.

Пакліканы хто абрэзаным? Няхай не хаваецца. Пакліканы хто неабрэзаным? Не абрэзывайся.
 
Пакліканы хтосьці як абрэзаны? Хай не хавае абразання! Пакліканы хтосьці як неабрэзаны? Хай не абразаецца.

Абрэзаньне нішто і неабрэзаньне нішто, але выпаўне́ньне запаведзяў Божых.
 
Абразанне ёсць нішто, і неабразанне ёсць нішто, але важна выкананне прыказанняў Божых.

Кожны няхай астае́цца ў тым прызваньні, у якім пакліканы.
 
Дык хай кожны, у якім пакліканні быў пакліканы, у такім і застаецца.

Рабом ты пакліканы? Не клапоцься. Але, калі можаш стацца вольным, скарыстай з ле́пшага.
 
Быў ты пакліканы як нявольнік? Не турбуйся! Але калі можаш стацца вольным, лепш скарыстайся!

Бо раб, пакліканы ў Госпадзе, ёсьць вольны Госпада; гэтак сама і пакліканы вольным ёсьць раб Хрыстоў.
 
Бо, хто пакліканы ў Госпадзе як нявольнік, ёсць вызваленцам Госпадавым. Падобна і той, хто пакліканы як вольны, той нявольнік Хрыстоў!

Вы куплены (дарагою) цаною: не рабе́цеся рабамі людзе́й.
 
Вялікаю цаною вы здабыты! Дык не будзьце нявольнікамі людзей.

У якім прызваньні хто пакліканы, браты, у тым кожны хай астае́цца перад Богам.
 
Браты, хай кожны трывае перад Богам у тым, у чым быў пакліканы.

Аб дзе́вах я ня маю загаду ад Госпада, але даю раду, як той, што атрымаў ад Госпада ласку быць яму ве́рным.
 
Што да дзявоцтва, загаду Госпада не маю, але даю параду як той, хто атрымаў ласку ад Бога быць дастойным веры.

Дык лічу за добрае дзеля цяпе́рашняе патрэбы, што добра чалаве́ку гэтак быць.
 
Дзеля надыходзячых патрэб за лепшае лічу, што добра так застацца жыць чалавеку.

Ты злучаны з жонкаю? Ня шукай разлукі. Ты вольны ад жаны? Ня шукай жонкі.
 
Ты жанаты? Не шукай разводу! Ты без жонкі? Не шукай жонкі.

Калі-ж бы й ажаніўся, не саграшыў; і калі-б дзяўчына пайшла замуж, не саграшыла. Гэткія будуць ме́ць гора для це́ла; я-ж вас шкадую.
 
Калі ж ажэнішся, не зграшыш. Падобна і дзяўчына, калі ідзе замуж, не грашыць. Такія, аднак, будуць мець клопаты паводле цела, а я вас шкадую.

Але кажу вам тое, браты, што час ужо малы: каб і тыя, што маюць жанок, былі, як ня маюць;
 
Кажу, браты, што час кароткі! Дык трэба, каб тыя, што маюць жонак, жылі, як быццам не маюць;

і што плачуць, як ня плачучыя; і што радуюцца, як ня радыя; і што купляюць, як ня набываючыя;
 
і тыя, што плачуць, як быццам не плачуць, і тыя, што цешацца, як бы не цешацца, і тыя, што набываюць, быццам не набываюць,

і карыстаючыяся гэтым сьве́там, як не карыстаючыяся; бо праходзіць абраз гэтага сьве́ту.
 
і тыя, што карыстаюцца гэтым светам, як бы не карыстаюцца. Бо праходзіць вобраз гэтага свету.

А я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Не́жанаты клапоціцца аб Гасподняе, як дагадзіць Госпаду,
 
Хачу, каб вы былі без клопату. Чалавек нежанаты рупіцца пра Госпада, як падабацца Госпаду.

а жанаты клапоціцца аб сьве́цкае, як дагадзіць жонцы.
 
А хто жанаты, рупіцца пра [справы] свету, як падабацца жонцы,

Ёсьць розьніца між замужняй і незамужняй дзяўчынай: незамужняя клапоціцца аб Гасподняе, як дагадзіць Госпаду, каб быць сьвятою і це́лам і духам; замужняя клапоціцца аб сьве́цкае, як дагадзіць мужу.
 
і таму разгублены. І жанчына незамужняя і дзяўчына рупіцца пра Госпада, каб быць святой і целам, і духам; а якая замужам, рупіцца пра свецкія [справы], як падабацца мужу.

кажу гэтае для вашай жа карысьці, ня з тым, каб накінуць на вас путы, але каб вы прыстойна і няспынна служылі Госпаду, не азіраючыся.
 
Кажу гэта на вашу карысць, не каб паставіць вам пастку, але каб вы дастойна і бесперапынна былі пры Госпадзе.

Калі-ж хто ўважае за няпрыстойнае для свае́ дзяўчыны, каб яна, перацьвіўшы так і асталася, — дык няхай робіць, як хоча: не саграшыць; няхай ідуць замуж.
 
Калі хто, аднак, лічыць ганебным адносна дзяўчыны сваёй, што яна перацвіла, ды ён перакананы, што павінен так зрабіць, хай робіць, як хоча; гэтым не грашыць, хай выходзяць замуж.

Але, хто непарушна цьвёрды ў сэрцы сваім, і ня маючы над воляй свае́й, пастанавіў гэтак у сэрцы сваім, каб захаваць свае́ дзявоцтва, — той жа добра робіць.
 
А калі хто-небудзь, цвёрды ў сэрцы сваім, не маючы неабходнасці, мае, тым не менш, уладу над воляй сваёй, так пастановіць і вырашыць у сэрцы сваім захаваць дзяўчыну сваю, — добра робіць.

Дзеля гэтага, хто аддае́ замуж, добра робіць; а хто не́ аддае́, робіць ле́пей.
 
Дык хто аддае замуж сваю дзяўчыну, добра робіць; а хто не аддае замуж, яшчэ лепш робіць.

Жонка зьвязана законам, дакуль жыве́ яе́ муж; калі-ж муж яе́ памрэ, вольна выйсьці, за каго хоча, толькі ў Госпадзе.
 
Жонка звязана, пакуль яе муж жыве, а як муж яе памрэ, можа выйсці за каго захоча, толькі ў Госпадзе.

Але яна шчасьліве́йша, калі астане́цца так, як я раджу; а я думаю, што і я ма́ю Духа Божага.
 
Шчаснейшая, аднак, будзе, калі застанецца так, паводле маёй парады. А думаю, што я таксама маю Духа Божага.