1 да Цімафея 1 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Павал, апостал Ісуса Хрыста паводле загаду Бога, Збаўцы нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, надзеі нашае, —
 
Паўла, апостал Ісуса Хрыста, па загадзе Бога, Збаўцы нашага, і Ісуса Хрыста, нашай надзеі,

Цімафею, шчыраму дзіцяці ў веры: ласка, літасьць, супакой ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
 
Цімафею, улюбёнаму сыну ў веры: ласка, міласэрнасць ісупакой ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.

Ідучы ў Македонію, я прасіў цябе быць у Эфэсе і загадаць некаторым, каб яны не навучалі іншага
 
Я, ідучы ў Мацэдонію, прасіў цябе застацца ў Эфесе, каб загадаў некаторым не крывіць навукі,

і не зважалі на байкі і радаводы бясконцыя, якія выклікаюць больш спрэчак, чым Божага збудаваньня ў веры.
 
а таксама не займацца байкамі і радаводамі бясконца, якія выклікаюць больш спрэчак, чым настаўлення Божага ў веры.

Канец жа загаду ёсьць любоў з чыстага сэрца, і добрага сумленьня, і веры некрывадушнай,
 
Мэтай жа прыказання ёсць любоў з чыстага сэрца, і добрага сумлення, і няўяўнай веры,

ад чаго адхіліўшыся, некаторыя збочылі да пустаслоўя,
 
адвярнуўшыся ад чаго, некаторыя звярнуліся да пустаслоўя,

хочучы быць законавучыцялямі, не разумеючы ані таго, што кажуць, ані таго, пра што сьцьвярджаюць.
 
хочучы быць настаўнікамі закону, хоць не разумеюць, што гавораць і што сцвярджаюць.

А мы ведаем, што Закон добры, калі хто законна карыстаецца ім,
 
Ведаем, што закон добры, калі ім хто законна карыстаецца,

ведаючы тое, што Закон не пастаўлены для праведніка, але для беззаконьнікаў і непакорлівых, бязбожных і грэшнікаў, нячыстых і паганых, бацьказабойцаў і мацізабойцаў, чалавеказабойцаў,
 
ведаючы, што закон устаноўлены не для справядлівага, але для несправядлівых і непаслухмяных, бязбожных і грэшнікаў, разбэшчаных і паганых, бацьказабойцаў і мацізабойцаў, чалавеказабойцаў,

распусьнікаў, мужаложнікаў, людакрадаў, хлусьлівых, крывапрысяжнікаў і для іншых, што супрацівяцца здароваму вучэньню,
 
для распуснікаў, мужаложнікаў, людакрадаў, брахуноў, крывапрысяжнікаў і супраць усяго іншага, што пярэчыць здаровай навуцы,

паводле Эвангельля славы шчаснага Бога, якое мне даверана.
 
паводле Евангелля славы дабраславёнага Бога, якое мне даручана.

І я дзякую Хрысту Ісусу, Госпаду нашаму, Які ўмацаваў мяне, што Ён палічыў мяне верным, паставіўшы на служэньне,
 
Дзякую Таму, Хто мяне ўзмацняе, Хрысту Ісусу, Госпаду нашаму, бо Ён палічыў мяне верным, ставячы на служэнне,

[мяне], які раней блюзьніў, і перасьледаваў, і крыўдзіў, але памілаваны, бо рабіў гэта, ня ведаючы, у недаверстве.
 
мяне, які раней блюзніў, пераследаваў і ачарняў, але атрымаў міласэрнасць, бо дзейнічаў па несвядомасці і з нявер’я.

І ласка Госпада нашага памножылася разам з вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.
 
Ласка ж Госпада нашага вылілася шчодра з вераю і любоўю, якая ў Ісусе Хрысце.

Вернае слова і ўсякага прыняцьця вартае, што Хрыстос Ісус прыйшоў у сьвет збавіць грэшнікаў, з якіх я — першы.
 
Вернае слова і вартае ўсякага прыняцця: Хрыстос Ісус прыйшоў на свет, каб збавіць грэшнікаў, з якіх я — першы,

Але дзеля таго я памілаваны, каб Ісус Хрыстос у-ва мне першым зьявіў усю доўгацярплівасьць на прыклад тым, якія маюць верыць у Яго дзеля жыцьця вечнага.
 
але атрымаў міласэрнасць дзеля таго, каб ува мне першым выявіў Хрыстос Ісус усю доўгацярплівасць на паказ тым, што павераць Яму на жыццё вечнае.

Валадару ж вякоў, незьнішчальнаму, нябачнаму, адзінаму мудраму Богу пашана і слава на вякі вякоў. Амэн.
 
Валадару ж бессмяротнаму вякоў, нябачнаму, адзінаму [, мудраму] Богу ўшанаванне і слава на векі вечныя. Амін.

Гэткі загад даю табе, дзіця [маё] Цімафей, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты змагаўся згодна з імі добрым змаганьнем,
 
Гэты загад даю табе, сыне Цімафею, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты вёў разам з імі добрае змаганне,

маючы веру і добрае сумленьне, адкінуўшы якое, некаторыя разьбіліся ў веры;
 
маючы веру і чыстае сумленне, якое страціўшы, некаторыя адступіліся ад веры,

з якіх Гімэнэй і Аляксандар, якіх я аддаў шатану, каб яны навучыліся ня блюзьніць.
 
з якіх Гіменэй і Аляксандра, якіх я аддаў шатану, каб навучыліся не блюзніць.