3 царстваў 1 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
І валадар Давід састарэўся, і меў шмат гадоў, і накрывалі яго коўдрамі, а ён ніяк ня мог сагрэцца.
І цар Давід састарэўся і меў вельмі шмат гадоў; і не мог ён сагрэцца, хоць накрывалі яго коўдрамі.
І сказалі яму слугі ягоныя: «Няхай пашукаюць гаспадару нашаму, валадару, маладую дзяўчыну. Яна будзе служыць перад абліччам валадара, і апекавацца ім, і будзе спаць на ўлоньні ягоным, і грэць гаспадара нашага, валадара».
І сказалі паслугачы яго: «Трэба знайсці гаспадару нашаму, цару, маладую дзяўчыну, і хай яна стане перад царом, і клапоціцца аб ім, і хай спіць на яго грудзях, і грэе гаспадара нашага, цара».
І шукалі прыгожую маладую дзяўчыну ў-ва ўсіх межах Ізраіля, і знайшлі Абішаг Шунамянку, і прывялі яе да валадара.
І шукалі прыгожую маладую дзяўчыну па ўсёй зямлі Ізраэльскай, і знайшлі Абісаг, сунаміцянку, і прывялі яе да цара.
Дзяўчына была вельмі прыгожая; яна апекавалася валадаром і паслугавала яму, але валадар не пазнаў яе.
Дзяўчына ж была вельмі прыгожая; і яна апекавалася над царом і паслугавала яму, але цар не дакрануўся да яе.
А Адонія, сын Хагіты, узганарыўся і сказаў: «Я буду валадарыць!» І ён зрабіў сабе калясьніцу, коньнікаў і пяцьдзясят чалавек, што беглі перад абліччам ягоным.
А Адонія, сын Хагіт, узганарыўся і казаў: «Я буду цараваць!» І займеў ён сабе калясніцу, і коннікаў, і пяцьдзесят чалавек, што беглі перад ім.
А бацька ягоны ніколі на яго не сварыўся, кажучы: «Навошта гэта робіш?» А быў ён вельмі прыгожы, яго нарадзіла [маці] пасьля Абсалома.
І бацька яго ніколі з ім не сварыўся, кажучы: «Нашто ты гэта зрабіў?» А быў ён і сам вельмі прыгожы, другі сын па Абсаломе.
Ён дамовіўся з Ёавам, сынам Цэруі, і з Абіятарам сьвятаром, і яны дапамагалі Адонію.
Ён дамовіўся з Ёабам, сынам Сэруі, і з Абіятарам, святаром, якія дапамагалі Адоніі.
Але Цадок сьвятар, і Бэная, сын Егаяды, і Натан прарок, і Шымэй, і Рэй, і волаты Давіда не былі на баку Адоніі.
Але Садок, святар, і Баная, сын Ёяды, і Натан, прарок, і Сямэй, і Рэй, і моцнае войска Давіда не былі на баку Адоніі.
І склаў у ахвяру Адонія авечак, валоў і кормных цялят каля Эвэн-Газахэлет, што каля Эн-Рагеля, і паклікаў усіх братоў сваіх, сыноў валадара, і ўсіх людзей Юды, слугаў валадара.
Так, Адонія, забіўшы авечак, і цялят, і тлустую жывёлу каля каменя Загэлет, які быў блізка каля крыніцы Рагель, запрасіў усіх братоў сваіх, сыноў цара, і ўсіх людзей юдэйскіх, паслугачоў цара;
Але прарока Натана і Бэнаю, і волатаў, і брата свайго Салямона не паклікаў.
а прарока Натана, і Банаю, і ўсіх ваяроў, і свайго брата Саламона не запрасіў.
І сказаў Натан Батшэве, маці Салямона, кажучы: «Ці ты ня чула, што валадарыць Адонія, сын Хагіты, а гаспадар наш Давід [пра гэта] ня ведае?
Дык сказаў Натан Бэтсэбе, маці Саламона: «Ці ты не чула, што царуе Адонія, сын Хагіт, і што гаспадар наш Давід гэтага не ведае?
І цяпер дазволь даць раду табе, каб ты захавала душу тваю і душу сына твайго Салямона.
Дык хачу табе параіць, каб захавала ты жыццё сваё і сына свайго Саламона.
Ідзі і ўвайдзі да валадара Давіда, і скажы яму: “Гаспадару мой, валадар, ці не запрысяг ты мне, служцы тваёй, кажучы: "Салямон, сын твой, будзе пасьля мяне валадаром, і ён будзе сядзець на пасадзе"? Дык чаму валадарыць Адонія?”
І ідзі, і ўвайдзі да цара Давіда, і скажы яму: “Гаспадару мой, царь, ці не прысягнуў ты мне, паслугачцы тваёй, кажучы: “Саламон, сын твой, будзе па мне цараваць, і ён будзе сядзець на маім пасадзе?” Дык чаму царуе Адонія?”
Вось, калі ты яшчэ будзеш размаўляць з валадаром, пасьля цябе прыйду я і падтрымаю словы твае».
І калі ты яшчэ будзеш размаўляць там з царом, за табою прыйду я і падтрымаю словы твае».
І Батшэва ўвайшла да валадара ў спальню, а валадар быў вельмі стары, і Абішаг Шунамянка паслугавала валадару.
Тады Бэтсэба ўвайшла да цара ў спальню; цар жа быў надта стары, і сунаміцянка Абісаг паслугавала яму.
І ўкленчыла Батшэва, і пакланілася валадару. І сказаў валадар «Што табе [трэба]?»
І ўкленчыла Бэтсэба, і пакланілася цару; а цар звярнуўся да яе: «Чаго ты хочаш сабе?»
І яна сказала яму: «Гаспадару мой, ты прысягаў на ГОСПАДА, Бога твайго, служцы тваёй: “Салямон, сын твой, будзе валдарыць пасьля мяне, і ён будзе сядзець на пасадзе маім”.
Яна адказала яму: «Гаспадару мой, ты прысягнуў Госпадам, Богам тваім, паслугачцы тваёй: “Саламон, сын твой, будзе цараваць пасля мяне і ён будзе сядзець на пасадзе маім”,
А вось цяпер Адонія стаў валадаром, а ты, гаспадару мой, валадар, ня ведаеш [пра гэта].
а вось цяпер Адонія царуе, калі ты, гаспадар мой, цар, не ведаеш пра гэта.
І ён склаў у ахвяру мноства валоў, кормных цялят і авечак, і паклікаў усіх сыноў валадара, і Абіятара сьвятара, і Ёава, начальніка войска. А Салямона, слугу твайго, не паклікаў.
Забіў ён валоў, і ўсю тлустую жывёлу, і мноства авечак, і запрасіў усіх сыноў цара, таксама Абіятара, святара, і Ёаба, кіраўніка войска; а Саламона, паслугача твайго, не паклікаў.
Але ты, гаспадару мой, — валадар, і на цябе [зьвернуты] вочы ўсяго Ізраіля, каб ты паведаміў, хто пасьля цябе, гаспадару мой, валадар, будзе сядзець на пасадзе!
Але ты, гаспадару мой, — цар, на цябе звернуты вочы ўсяго Ізраэля, каб ты яму аб’явіў, хто па табе, гаспадар мой, цар, павінен сядзець на тваім пасадзе!
Іначай, калі ты, гаспадару мой, валадар, засьнеш з бацькамі сваімі, я і сын мой Салямон будуць [абвешчаны] грэшнікамі».
Інакш, калі ты, гаспадар мой, цар, заснеш з бацькамі сваімі, на мяне і на сына майго Саламона спадзе абвінавачванне».
І вось, яна яшчэ гаварыла з валадаром, і прыйшоў Натан прарок.
Калі яна яшчэ гаварыла з царом, прыйшоў і прарок Натан.
І паведамілі валадару, кажучы: «Вось, Натан прарок». І ён прыйшоў перад аблічча валадара, і пакланіўся валадару абліччам да зямлі.
І паведамілі аб гэтым цару, кажучы: «Вось, Натан, прарок». І калі ўвайшоў ён перад аблічча цара, і пакланіўся яму нізка да зямлі,
І сказаў Натан: «Гаспадару мой, валадар, ці ты сказаў: “Адонія будзе валадарыць пасьля мяне, і ён будзе сядзець на пасадзе маім”?
сказаў Натан: «Гаспадару мой, цар, ці ты сказаў: “Адонія хай царуе пасля мяне, і хай ён сядзе на пасад мой?”
Бо сёньня ён пайшоў і склаў у ахвяру валоў, кормных цялят і мноства авечак, і паклікаў усіх сыноў валадарскіх, і начальнікаў войска, і сьвятара Абіятара, і вось, яны перад абліччам ягоным ядуць і п’юць, і кажуць: “Няхай жыве валадар Адонія!”
Таму што сёння ён пайшоў і забіў у ахвяру валоў, і тлустую жывёлу, і мноства авечак, і запрасіў усіх сыноў царскіх, і начальнікаў войска, і святара Абіятара, і яны разам з ім ядуць, і п’юць, і гамоняць: “Хай жыве цар Адонія!”
А мяне, слугу твайго, і сьвятара Цадока, і Бэнаю, сына Егаяды, і Салямона, слугу твайго, ён не паклікаў.
А мяне, твайго паслугача, і святара Садока, і Банаю, сына Ёяды, і Саламона, паслугача твайго, ён не запрасіў.
Ці ня сталася гэта з волі гаспадара майго, валадара, і чаму ты ня выявіў мне, слузе твайму, хто будзе сядзець на пасадзе гаспадара майго, валадара, пасьля яго?»
Ці не сталася гэта па волі гаспадара майго, цара, і чаму ты не аб’явіў мне, слузе твайму, хто будзе сядзець на пасадзе гаспадара майго, цара, пасля яго?»
І адказаў валадар Давід, і сказаў: «Паклічце да мяне Батшэву». І ўвайшла яна перад аблічча валадара, і стала перад абліччам валадара.
І ў адказ сказаў цар Давід: «Паклічце да мяне Бэтсэбу». Калі ўвайшла яна да цара і стала перад ім,
І прысягнуў валадар, і сказаў: «Як жывы ГОСПАД, Які выратаваў душу маю з усялякай бяды!
пакляўся цар і сказаў: «Жыве Госпад, Які выратаваў душу маю з усялякае бяды, бо,
Як я прысягнуў табе ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля, кажучы, што Салямон, сын твой, будзе валадаром пасьля мяне, і ён будзе сядзець на пасадзе маім замест мяне, так сёньня і зраблю».
як я пакляўся табе Госпадам, Богам Ізраэля, кажучы: “Саламон, сын твой, будзе цараваць пасля мяне, і ён сядзе на мой пасад замест мяне”, — так сёння і зраблю».
І Батшэва схіліла аблічча сваё да зямлі, і пакланілася валадару, і сказала: «Няхай жыве гаспадар мой, валадар Давід, на вякі!»
І Бэтсэба, упаўшы тварам на зямлю, пакланілася цару і сказала: «Няхай жыве, гаспадар мой, цар Давід, вечна!»
І сказаў валадар Давід: «Паклічце да мяне Цадока сьвятара, і Натана прарока, і Бэнаю, сына Егаяды». І яны прыйшлі перад аблічча валадара,
І загадаў цар Давід: «Паклічце да мяне Садока, святара, і Натана, прарока, і Банаю, сына Ёяды». Калі яны з’явіліся перад царом,
І сказаў ім валадар: «Вазьміце з сабою слугаў гаспадара вашага, і пасадзіце Салямона, сына майго, на мула майго, і вядзіце яго ў Гіхон,
сказаў ён ім: «Вазьміце з сабою паслугачоў гаспадара вашага і пасадзіце Саламона, сына майго, на мула майго, і вядзіце яго ў Гіхон,
і няхай там сьвятар Цадок і прарок Натан памажуць яго на валадара Ізраіля, і затрубіце ў рог, і кажыце: “Няхай жыве валадар Салямон!”
і хай там святар Садок і прарок Натан намасцяць яго на цара Ізраэля, і затрубіце ў рог, і абвясціце: “Хай жыве цар Саламон!”
І пойдзеце за ім, і прыйдзе ён, і сядзе на пасадзе маім, і будзе валадарыць пасьля мяне, бо я загадаў паставіць яго правадыром Ізраіля і Юды».
І пойдзеце за ім, і прыйдзе ён, і сядзе на пасад мой, і будзе цараваць замест мяне; і я загадаю яму, каб быў ён валадаром над Ізраэлем і над Юдэяй».
І адказаў Бэная, сын Егаяды, валадару, і сказаў: «Амэн, няхай скажа гэтак ГОСПАД, Бог гаспадара майго, валадара!
І ў адказ Баная, сын Ёяды, сказаў цару: «Амін, хай скажа гэтак Госпад, Бог гаспадара майго, цара!
Як быў ГОСПАД з гаспадаром маім, валадаром, так няхай будзе Ён з Салямонам і няхай узвялічыць пасад ягоны больш за пасад гаспадара майго, валадара Давіда!»
Як быў Госпад з гаспадаром маім царом, так няхай будзе Ён з Саламонам і хай узвялічыць пасад яго больш за пасад гаспадара майго, цара Давіда!»
І пайшоў Цадок сьвятар, і Натан прарок, і Бэная, сын Егаяды, і Керэты, і Пэлеты, і пасадзілі Салямона на мула валадара Давіда, і завялі яго ў Гіхон.
І пайшоў Садок, святар, і Натан, прарок, і Баная, сын Ёяды, і херэты, і фелеты, і пасадзілі Саламона на мула цара Давіда і прывязлі яго ў Гіхон.
І сьвятар Цадок узяў рог алею з Сялібы, і памазаў Салямона, і затрубіў у рог, і закрычаў увесь народ: «Няхай жыве валадар Салямон!»
Там святар Садок узяў рог алею са скініі, і памазаў Саламона; і затрубіў у рог, і закрычаў увесь народ: «Хай жыве цар Саламон!»
І ўвесь народ ішоў за [Салямонам], і граў народ на флейтах, і цешыўся радасьцю вялікай, і зямля гучэла ад гоману іхняга.
І увесь народ праводзіў Саламона, і граў народ на флейтах, і радаваўся вялікай радасцю, і зямля шумела ад іх гомана.
І пачуў [гэта] Адонія і ўсе запрошаныя ім, а ўжо яны скончылі есьці. І Ёаў пачуў гук рогу, і сказаў: «Што гэта за гоман узрушанага гораду?»
І пачуў Адонія і ўсе запрошаныя ім; і ўжо застолле было скончана. Але і Ёаб, пачуўшы гук трубы, сказаў: «Што гэта за гоман узрушанага горада?»
Ён яшчэ гаварыў, і вось, прыйшоў Ёнатан, сын Абіятара сьвятара. І сказаў яму Адонія: «Увайдзі, бо ты — чалавек шчыры і добрае абвесьціш».
Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Ёнатан, сын Абіятара, святара; сказаў яму Адонія: «Увайдзі, бо ты чалавек дастойны і добрае нам абвяшчаеш».
І адказаў Ёнатан, і сказаў Адоніі: «Зусім не! Гаспадар наш, валадар Давід, зрабіў валадаром Салямона,
І Ёнатан сказаў Адоніі: «Зусім не! Бо гаспадар наш, цар Давід, абвясціў царом Саламона,
і паслаў з ім Цадока сьвятара, і Натана прарока, і Бэнаю, сына Егаяды, і Керэтаў, і Пэлетаў. І яны пасадзілі Салямона на мула валадара,
і паслаў з ім Садока, святара, і Натана, прарока, і Банаю, сына Ёяды, і херэтаў, і фелетаў; і яны пасадзілі Саламона на мула цара,
а памазаў яго сьвятар Цадок і прарок Натан на валадара ў Гіхоне. І адтуль выйшлі яны з радасьцю, і горад загаманіў. І гэта той гоман, які вы чуеце.
і святар Садок і прарок Натан намасцілі яго на цара ў Гіхоне. І адтуль выйшлі яны з радасцю, і горад загаманіў; гэта той гоман, які вы чуеце.
А Салямон сеў на пасадзе валадарскім.
Але і Саламон сядзеў на пасадзе царскім,
І слугі валадарскія прыйшлі таксама дабраславіць гаспадара нашага, валадара Давіда, кажучы: “Няхай Бог дасьць дабрабыт для імя Салямона па-над імя тваё, і ўзьвялічыць пасад ягоны па-над пасад твой”. І валадар пакланіўся на ложку сваім.
і царскія паслугачы папрыходзілі дабраславіць гаспадара нашага, цара Давіда, кажучы: “Хай Бог праславіць імя Саламона па-над тваім імем, і ўзвялічыць пасад яго па-над тваім пасадам”. І цар пакланіўся на ложку сваім.
І сказаў валадар так: “Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які даў сёньня вачам маім бачыць таго, які сядзіць на пасадзе маім, і вочы мае бачылі [гэта]”».
І, апроч таго, сказаў ён так: “Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, Які даў сёння вачам маім бачыць таго, хто сядзіць на пасадзе маім”».
І спалохаліся, і паўскоквалі ўсе, запрошаныя Адоніем, і кожны з іх пайшоў дарогаю сваёй.
Такім чынам, спалохаліся і паўскаквалі ўсе, запрошаныя Адоніем, і кожны з іх пайшоў сваёй дарогаю.
А Адонія, баючыся [стаць] перад абліччам Салямона, устаў, і пайшоў, і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
А Адонія, баючыся Саламона, устаў і пайшоў, і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
І паведамілі Салямону, кажучы: «Вось, Адонія баіцца валадара Салямона, і вось, ён ухапіўся за рогі ахвярніка, кажучы: “Няхай сёньня прысягне мне валадар Салямон, што не заб’е слугі свайго мячом”».
І паведамілі пра гэта Саламону, кажучы: «Вось, Адонія, баючыся цара Саламона, ухапіўся за рогі ахвярніка, кажучы: “Хай сёння прысягне мне цар Саламон, што не заб’е паслугача свайго мечам”».
І сказаў Салямон: «Калі ён будзе чалавекам шчырым, не спадзе на зямлю ніводны волас ягоны, але калі выявіцца ў ім ліхоцьце, памрэ».
І Саламон сказаў: «Калі ён будзе чалавекам добрым, не ўпадзе на зямлю ніводны волас яго; але калі выявіцца ў ім ліха, то памрэ».
І паслаў валадар Салямон, і адвялі яго ад ахвярніка, і ён прыйшоў, і пакланіўся валадару Салямону, а Салямон сказаў яму: «Ідзі ў дом твой».
І паслаў за ім Саламон, і адвялі яго ад ахвярніка, і ён увайшоў і пакланіўся цару Саламону; і Саламон сказаў яму: «Ідзі дамоў».