Ераміі 1 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Словы Ярэміі, сына Хэлькіі, са сьвятароў, якія [былі] ў Анатоце ў зямлі Бэн’яміна.
 
Словы Ярэміі, сына Хэлькіі, з ліку святароў, якія былі ў Анатоце, у зямлі Бэньяміна.

Да яго было слова ГОСПАДА ў дні Ёсіі, сына Амона, валадара Юды, у трынаццатым годзе валадараньня ягонага,
 
Да яго скіраваў Госпад слова ў дні Осіі, сына Амона, цара Юдэйскага, у трынаццатым годзе яго царавання,

і ў дні Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, аж да канца адзінаццатага году Сэдэкіі, сына Ёсіі, валадара Юды, аж да няволі Ерусаліму ў пятым месяцы.
 
і было ў дні Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, аж да канца адзінаццатага года Сэдэцыі, сына Осіі, цара Юдэйскага, аж да перасялення Ерузаліма ў пятым месяцы.

І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
 
Госпад скіраваў да мяне слова, кажучы:

«Перш, чым Я ўфармаваў цябе ва ўлоньні [маці], Я ведаў цябе; перш, чым ты выйшаў з чэрава, Я пасьвяціў цябе, прарокам для народаў Я паставіў цябе».
 
«Перш, чым Я ўфармаваў цябе ва ўлонні, Я ведаў цябе, і перш, чым выйшаў ты з нутра, Я пасвяціў цябе і паставіў цябе прарокам для народаў».

А я сказаў: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ! Вось, я ня ўмею гаварыць, бо я яшчэ юнак!»
 
І сказаў я: «О Госпадзе, Божа! Дык жа я не ўмею гаварыць, бо я яшчэ юнак!»

І сказаў ГОСПАД мне: «Не кажы: “Я юнак”, бо да ўсіх, да каго Я цябе пашлю, ты пойдзеш, і ўсё, што Я табе загадаю, будзеш казаць.
 
І сказаў мне Госпад: «Не кажы: “Я юнак”, бо ты пойдзеш да ўсіх, да каго Я цябе пашлю, і будзеш казаць усё, што Я табе даручу.

Ня бойся абліччаў іхніх, бо Я з табою, каб цябе захоўваць, кажа ГОСПАД».
 
Не бойся іх, бо Я з табою, каб цябе ратаваць», — кажа Госпад.

І выцягнуў ГОСПАД руку Сваю, і дакрануўся да вуснаў маіх, і сказаў ГОСПАД мне: «Вось, Я кладу слова Маё ў вусны твае.
 
І працягнуў Госпад руку Сваю, і дакрануўся да вуснаў маіх, і сказаў мне: «Вось, перадаў Я словы Мае вуснамі тваімі;

Глядзі, Я стаўлю цябе сёньня над народамі і валадарствамі, каб вырываў і разбураў, каб нішчыў і руйнаваў, каб садзіў і будаваў».
 
зірні: даю табе сёння ўладу над валадарствамі, каб вырываў і разбураў, каб нішчыў і руйнаваў, каб садзіў і будаваў».

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: «Што ты бачыш, Ярэмія?» І я сказаў: «Бачу галінку дрэва мігдалёвага».
 
І скіраваў Госпад да мяне наступнае слова: «Што ты бачыш, Ярэмія?» І адказаў я: «Бачу я галінку міндальнага дрэва Таго, Хто чувае».

І сказаў ГОСПАД мне: «Добра бачыш, бо Я пільную слова Маё, каб споўніць яго».
 
Госпад жа сказаў мне: «Добра бачыш, бо Я чуваю над словам Маім, каб споўніць яго».

І было слова ГОСПАДА да мяне другі раз, кажучы: «Што ты бачыш?» Я адказаў: «Бачу кацёл, які кіпіць, і аблічча ягонае [нахілена] з паўночнага боку».
 
Другі раз скіраваў Госпад слова Сваё да мяне: «Што ты бачыш?» І сказаў я: «Бачу я кацёл, што кіпіць, і яго месціва з паўночнага боку».

І сказаў мне ГОСПАД: «З поўначы прыйдзе загуба на ўсіх жыхароў зямлі.
 
І сказаў мне Госпад: «Ад поўначы распрастрэцца ліха на ўсіх жыхароў зямлі,

Бо вось, Я паклічу плямёны валадарстваў поўначы, кажа ГОСПАД, і яны прыйдуць, і паставяць кожны пасад свой каля ўваходу ў брамы Ерусаліму і супраць усіх муроў ягоных навокал, і супраць усіх гарадоў Юды.
 
бо вось, Я склічу ўсе валадарствы поўначы, — кажа Госпад, — і прыйдуць яны, і паставяць кожны свой пасад ля ўваходу ў брамы Ерузаліма, і супраць усіх муроў яго навокал, і супраць усіх гарадоў юдэйскіх.

І Я выдам прысуд на іх за ўсю ліхоту іхнюю, што пакінулі Мяне, і кадзілі багам чужым, і пакланяліся творам рук сваіх.
 
І выдам прысуды Мае на іх за ўсю іх ліхоту, што пакінулі Мяне, і палілі кадзіла чужым багам, ды пакланяліся творам рук сваіх.

А ты падперажы сьцёгны твае і ўстань, і прамоў да іх усё, што Я табе загадаю. Ня бойся абліччаў іхніх, каб Я не напоўніў цябе страхам перад абліччам іхнім.
 
Ты, вось, перапаяшы сцёгны свае, устань і гавары ім усё, што Я табе загадваю. Не бойся іх, каб Я часам не напоўніў цябе страхам перад імі.

І вось, сёньня Я раблю цябе горадам умацаваным, слупом жалезным і мурам мядзяным супраць усёй зямлі гэтай, супраць валадароў Юды, супраць князёў іхніх, супраць сьвятароў іхніх і супраць народу зямлі гэтай.
 
Вось, сёння Я раблю цябе мураванай цвярдыняй, жалезным слупам і медным мурам супраць усёй зямлі, для цароў юдэйскіх, для кіраўнікоў іх і святароў, і для народа зямлі.

І яны будуць ваяваць супраць цябе, але не перамогуць цябе, бо Я з табою, кажа ГОСПАД, каб ратаваць цябе».
 
І будуць яны ваяваць супраць цябе, але не змогуць цябе перамагчы, бо Я з табою, — кажа Госпад, — каб ратаваць цябе».