Ераміі 8 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
У той час, кажа ГОСПАД, выкідаючы, выкінуць з магілаў іхніх косткі валадароў Юды, косткі князёў іхніх, косткі сьвятароў, косткі прарокаў, косткі жыхароў Ерусаліму.
«У той час, — кажа Госпад, — выкінуць з магіл іх косці цароў юдэйскіх ды косці князёў іх, косці святароў, косці прарокаў, косці жыхароў Ерузаліма;
І выкінуць іх перад сонцам, і перад месяцам, і перад усім войскам нябесным, якія яны любілі, і якім служылі, і за якімі хадзілі, і якіх шукалі, і якім пакланяліся.
і раскладуць іх для сонца, месяца ды ўсяго войска нябеснага, якіх яны любілі ды якім служылі, за якімі хадзілі, якіх шукалі і якім пакланяліся.
І будзе выбіраць лепш сьмерць, чым жыцьцё, уся рэшта, якая застанецца з роду гэтага ліхога ў-ва ўсіх месцах, у якія Я выганю іх, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
І будуць выбіраць лепш смерць, чым жыццё, усе, хто застанецца з гэтага племені ліхога па ўсіх месцах, у якія Я выганю іх, — кажа Госпад Магуццяў.
І ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД. Хіба падаюць, і не ўстаюць? Хіба той, які адступіў, ня вернецца [назад]?
І ты скажаш ім: гэта кажа Госпад: “Ці ж не падымецца той, хто падае? Або ці не вернецца той, хто адвярнуўся?
Чаму адступіў гэты народ Ерусаліму і ўсьцяж у адступніцтве [трывае]? Яны ўхапіліся за падман, і ня хочуць навярнуцца”.
Чаму тады адвярнуўся гэты народ, Ерузалім, у адступніцтве трывалым? Ухапіліся за падман і не хочуць навярнуцца”.
Я зважаў і слухаў. Ніхто не прамаўляе [праўдзіва], няма нікога, хто каецца з прычыны ліхоты сваёй, кажучы: “Што ж я нарабіў?” Кожны бяжыць у бегу сваім, як конь, які нясецца ў бітве.
Я зважаў і слухаў. Ніхто не гаворыць тое, што добрае, няма нікога, хто б раскайваўся дзеля ліхоты сваёй, кажучы: “Што ж я зрабіў?” Усе паварочваюць у сваім напрамку, як конь, які шпарка нясецца ў бітве.
Нават бусел у небе ведае пару сваю, туркаўка, ластаўка і жораў захоўваюць час прылёту свайго, а народ Мой ня ведае суду ГОСПАДА.
Нават бусел у небе ведае свой час, туркаўка, ластаўка і журавель пільнуюць час свайго прылёту, а народ Мой не ведае прысуду Госпадава.
Як вы можаце казаць: “Мы — мудрыя, з намі Закон ГОСПАДА”? Сапраўды, хлуслівае пяро пісараў зрабіла яго хлусьнёю.
Як жа вы кажаце: “Мы — мудрыя, і закон Госпада — з намі”? Сапраўды, падманнае пяро пісараў зрабіла яго хлуснёю.
Мудрыя будуць асаромлены, спалоханы і злоўлены. Вось, яны адкінулі слова ГОСПАДА, навошта ім мудрасьць?
Мудрыя асаромлены, спалоханы і схоплены, бо адкінулі яны слова Госпада і няма ў іх ніякай мудрасці.
Дзеля таго жонак іхніх Я аддам іншым, палі іхнія — [іншым] уласьнікам, бо ад найменшага да найбольшага яны хцівыя да зыску. Ад прарока да сьвятара ўсе робяць хлусьню.
Дзеля таго жонак іх Я аддам чужаземцам, палі іх — заваёўнікам, бо ад найменшага да найбольшага ўсе яны дбаюць пра карысць; ад прарока да святара ўсе дапускаюцца падману.
І лечаць раны дачкі народу Майго легкадумна, кажучы: “Мір, мір”, а міру няма.
І лечаць раны дачкі народа Майго легкадумна, кажучы: “Супакой, супакой”, хаця супакою няма.
Яны павінны саромецца, бо брыдоту рабілі. Але сорамам яны не саромяцца і чырванець ня ўмеюць. Дзеля таго ўпадуць яны паміж тых, якія падаюць, і ў час, калі Я наведваю іх, яны спатыкнуцца, кажа ГОСПАД.
Сорам ім, бо дапусціліся брыдоты, ды нават у сораме яны не саромеюцца і чырванець не ўмеюць, таму ўпадуць яны паміж заняпалых, прападуць у час наведання іх, — кажа Госпад. —
Зьбіраючы, зьбяру іх, кажа ГОСПАД, ня будзе ані гронак на вінаградзе, ані фігаў на дрэве фігавым, і лістота зьвяне.
Учыню Я збор і буду збіраць іх, — кажа Госпад, — ды няма ні гронкі на галінках, ані фігаў на дрэве фігавым, і лістота звяла».
“Чаму ж мы сядзім? Зьбірайцеся і пойдзем у гарады ўмацаваныя, і там загінем, бо ГОСПАД, Бог наш, аддаў нас на загубу, і поіць нас вадой атрутнай, бо мы саграшылі супраць ГОСПАДА.
«Чаму ж мы сядзім? Збірайцеся і пойдзем у гарады ўмацаваныя, каб там загінуць, бо Госпад, Бог наш, аддаў нас на загубу, і на піццё даў нам атручаную ваду, бо зграшылі мы перад Госпадам.
Мы чакаем міру, але няма нічога добрага, [чакаем] часу аздараўленьня, а вось, трывога!”
Чакаем супакою, але няма добрага, часу аздараўлення, ды вось — жах!»!
Ад Дана чуваць хрыпеньне коней іхніх, ад голасу іржаньня жарабцоў іхніх дрыжыць уся зямля. І прыйдуць яны, і зжаруць усю зямлю і поўню яе, горад і жыхароў ягоных у ім.
«Ад Дана чуецца хрыпенне коней іх, на голас іржання баявых жарабцоў іх дрыжыць уся зямля. І прыйдуць яны, і паглынуць зямлю ды тое, што поўніць яе, горад і жахароў яго.
Вось, Я пасылаю супраць вас зьмеяў атрутных, ад якіх няма замовы, і яны будуць кусаць вас, кажа ГОСПАД.
Бо, вось, пашлю Я супраць вас васіліскаў, супраць якіх няма замовы, і яны будуць вас кусаць, — кажа Госпад, — і не зможаце лячыцца».
Вясёласьць мая [перамянілася] ў смутак, і сэрца маё млее ў-ва мне.
Весялосць мая зрабілася ўва мне болем, сэрца маё смуткуе.
Вось, голас ляманту дачкі народу Майго з зямлі далёкай: “Няўжо няма ГОСПАДА на Сыёне? Няўжо няма ў ім валадара Ягонага?” Навошта яны зьневажалі Мяне ідаламі сваімі, марнымі [багамі] чужымі?
Вось жа голас ляманту дачкі народа Майго з далёкай зямлі: «Ці ж няма Госпада на Сіёне? Ці ж няма на ім цара Яго?» — «Дык чаму яны абудзілі Мяне да гневу сваімі ідаламі ды марнасцямі чужымі?»
Прайшло жніво, скончылася лета, а мы ня збаўленыя!
«Прайшло жніво, скончылася лета, а мы не збаўлены!»
Дзеля няшчасьця дачкі народу майго я зламаны і сумны; жах ахапіў мяне.
Заламаны і сумны я дзеля заламання дачкі народа майго; жах ахапіў мяне.
Няўжо няма бальзаму ў Гілеадзе? Няўжо няма таго, хто лечыць? Дык чаму няма аздараўленьня для дачкі народу майго?
Ці няма бальзаму ў Галаадзе, ці няма там лекара? Дык чаму не зацягнулася рана дачкі народа майго?